30.01.2023
30.01.2023

Лазенкі ў Відзах-Лаўчынскіх. Асаблівасці гістарычнага месца

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

На захадзе Віцебскай вобласці, каля самай мяжы, з даўніх часоў месціцца невялікая вёсачка пад назвай Відзы-Лаўчынскія. Вядомай яна стала дзякуючы адной шляхецкай сядзібе, якая належала некалі знакамітаму роду Ваўжэцкіх, а яшчэ водалячэбніцы, абсталяванай тут у XIX стагоддзі.

Сёння ад тых часоў захаваўся толькі сядзібны дом з парай гаспадарчых пабудоў ды парк з легендарным каменем, які з гадамі ператварыўся ў амаль непраходны лес. А ад былой водалячэбніцы не засталося і следу.

Маёнтак у Відзах Лаўчынскіх 1916 г.

У паўднёва-заходняй частцы Браслаўскага раёна знаходзіцца гарадок Відзы, а за 3 км на захад ад яго вёска Відзы-Лаўчынскія з насельніцтвам больш за 200 жыхароў. Паводле гістарычных дакументаў, паселішча вядомае з XVI стагоддзя пад назвай Ловішча. Назва паходзіць ад таго, што  гэта месца належала літоўскаму лоўчаму Нарушэвічу. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў тут ужо існаваў маёнтак, які належаў Тамашу Ваўжэцкаму, паплечніку Тадэвуша Касцюшкі. Тамаш нарадзіўся ў сям'і Тадэвуша Ваўжэцкага і Барбары Тызенгаўз у Мэйштах у 1753 годзе. Вучыўся ў відзаўскай езуіцкай школе. Калі пабраўся шлюбам з Юзэфай Пац, жыў у жончыным маёнтку каля Коўна. Абіраўся дэпутатам на Сойм Рэчы Паспалітай ад шляхты Браслаўскага павета. У 1792 годзе ўдзельнічаў у руска-польскай вайне. Як генерал па Браслаўскаму павету браў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, дзе за свае грошы абмундзіраваў і ўзброіў паўстанцаў колькасцю 300 чалавек.

Калі Касцюшка трапіў у палон (1794 год), Тамаш вырашыў узначаліць паўстанне, аднак яно пацярпела паразу. Ваўжэцкага ў ліку многіх паўстанцаў зняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбурзе, дзе ён адбыў два гады, пакуль на расійскі пасад не заступіў новы імператар Павел I. Будучы нязгодным з ліквідацыяй Рэчы Паспалітай, ён распарадзіўся адпусціць вязняў. Здабыўшы свабоду, Тамаш Ваўжэцкі паспяшаўся на сваю радзіму ў мястэчка Відзы, дзе на ўсходняй ускраіне вёскі Відзы-Лаўчынскія, на паўночным беразе возера Дворнае пабудаваў дом і сядзібу. Землі гэтыя ім былі набыты яшчэ раней у Нарушэвічаў, якія валодалі імі з XVI стагоддзя. Сваім сялянам Ваўжэцкі дараваў вольную задоўга да 1861 года. Тыя выплачвалі яму толькі невялікі падатак за зямлю.

Сядзібны дом Ваўжэцкіх, дзе месціўся дзіцячы садок і школа

У маёнтку Ваўжэцкага неаднаразова гасцяваў паэт Адам Міцкевіч (1798 – 1855). У Відзах пражываў ягоны дзядзька. За сваё жыццё Тамаш Ваўжэцкі здолеў зрабіць паспяховую кар'еру, даслужыўся да міністра юстыцыі Каралеўства Польскага, якое ўваходзіла тады ў склад Расійскай імперыі. Пахаваны ў Відзах.

Выгляд на возера з руін сядзібы

Потым маёнткам валодалі Мінейкі. У сярэдзіне XIX стагоддзя дачка маршалка браслаўскага Міхала Ваўжэцкага і Канстанцыі з Лапацінскіх – Эмілія выйшла замуж за Тамаша Мінейку, маршалка шляхты губерні Віленскай. Апошні, хто валодаў Відзамі-Лаўчынскімі, а гэта 1939 год, – унук Тамаша і Эміліі Уладзіслаў Мінейка. Двухпавярховы палац з галерэямі, парк, бровар і гаспадарчыя пабудовы захаваліся да нашых дзён. Пэўны час у сядзібным доме месціўся дзіцячы садок, потым – школа.

Сёння, на жаль, сядзіба няўхільна разбураецца.

Сядзібны дом Ваўжэцкіх, дзе месціўся дзіцячы садок і школа 2

Каля Відзаў-Лаўчынскіх ёсць чатыры возеры: Дворнае, Чорнае, Белае і Смердзіс. Апошняе завецца так ад таго, што каля яго бруяць серавадародныя крыніцы, і возера што ўлетку, што ўзімку дужа смярдзіць. Менавіта на аснове гэтых крыніц у 1860 годзе Мінейкі арганізавалі тут лячэбны курорт з санаторыем, названым у гонар знакамітай рэзідэнцыі Лазенкі. Абсталяванне і методыка лячэння ў ім былі на ўзор найлепшых заходнееўрапейскіх курортаў. Тут былі ўсталяваныя 60 ванн і працаваў медыцынскі персанал. Вада ў ванны падавалася па трубах. Для лячэння выкарыстоўвалі мясцовую ваду і сапрапелі. Лячылі радыкуліт, рэўматызм, экзэмы, язвы, дэрматыт, нервы, страўнік, суставы, органы дыхання ды інш. Ехалі сюды лячыцца нават з аддаленых месцаў Расіі і Заходняй Еўропы.

парк Відзы-Лаўчынскія

Пасля перамогі Расіі ў Каўказскай вайне заможныя пацыенты пераарыентаваліся на паўднёвыя курорты, а беларуская лякарня прыйшла ў заняпад. Да таго ж у канцы XIX стагоддзя тут адбыўся пажар. Засталіся толькі паўразбураны падмурак і абгарэлы зруб калодзежа, у якім вада была белага колеру і з моцным пахам серы. Паблізу калодзежа знаходзілася вялізная яма з сярністай вадой. Непадалёк з-пад каранёў дрэў выбівалася крыніца празрыстай вады з серным пахам. Хаця санаторый перастаў функцыянаваць, аднак яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя сюды ўлетку ехалі хворыя, наймалі кватэры ў суседніх вёсках і нават вазілі ваду для ваннаў. У час Першай Сусветнай вайны тут месціўся нямецкі вайсковы шпіталь.

Сядзібны дом Ваўжэцкіх у наш час

Сёння ад санаторыя засталіся толькі самі крыніцы, якія працягваюць «тхнуць», а мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў лесе яшчэ можна знайсці рэшткі ваннаў. У наш час месца вакол крыніц добраўпарадкавана, сцежкі выкладзены дошкамі, зроблены лавачкі. Крынічная вада не замярзае ўзімку. У вёсцы працуе аграсядзіба. А возера Смердзіс цяпер ужо пачалі называць Лазенкі, як і крыніцы, якія яго сілкуюць. Мясцовыя жыхары называюць гэтае месца прыроднай лякарняй. Пасля акунання, гавораць, нават радыкуліт адпускае.

У 2011 годзе крыніцы Лазенкі абвешчаны гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.

Сярністыя воды лічацца самымі карыснымі сярод 12 тыпаў мінеральных вод Беларусі. Навукоўцы ўпэўненыя, сёння паблізу гэтых крыніц можна стварыць шматпрофільны санаторый, якому не будзе роўных па наборы лячэбных бальнеятэрапеўтычных сродкаў ва ўсёй Беларусі і нават у Еўропе. На глыбіні каля 220 метраў тут выявілі мінеральныя воды, багатыя натрыем, каліем, магніем, сульфатамі – узровень мінералізацыі 7,4 грама на літр адпавядае ўсім нормам. Карыснае пітво пры хваробах кішэчніка, печані, падстраўнікавай залозы. Глыбей, на ўзроўні 370 метраў пад зямлёй, выявілі бромныя расолы з высокай мінералізацыяй: канцэнтрацыя солі амаль у два разы вышэйшая, чым у моры, – 50,87 грама на літр. Бромныя ванны прызначаюць для заспакаення нерваў і ўмацавання костак. Добрыя яны і для гіпертонікаў. Яшчэ адзін сюрпрыз-адкрыццё падарыў навукоўцам глей возера Лазенкі. Ягонымі сапрапелямі таксама можна лячыцца. У 100 грамах донных адкладаў утрымліваецца 60-80 міліграмаў серавадароду. Працэдуры на аснове мясцовых сапрапеляў могуць прызначаць аслабленым хворым, асобам паважанага ўзросту і дзецям. Вядомым аналагам гэтым адкладам можа лічыць сульфідны сапрапель курорта Марцыянскія Воды ў Карэліі.

Сядзіба Ваўжэцкі сёння

А яшчэ мясцовыя жыхары распавядаюць пра легендарны камень, які здаўна ляжыць у парку каля маёнтка. Паданне пра яго сцвярджае, што тутэйшы пан вельмі любіў коней і асабліва кабылу Еву. Прагулкі ў брычцы, запрэжанай Евай, ён здзяйсняў кожны дзень. За кабылай прызвычаілася бегаць сабачка Заза. Яна, як распавядае паданне, страціла некалі сваіх шчанюкоў і прыбілася да панскай стайні. На той час там уначы памерла кабыла, што нарадзіла жарабя. Маленькае жарабя было вельмі слабым і не магло падняцца на ногі. Заза кінулася да жарабя і пачала таго вылізваць, як свайго шчанюка.

У хуткім часе кволае жарабя ператварылася ў прыгожую кабылу Еву. А Заза заўсёды знаходзілася каля яе і ахоўвала дарослую кабылу як сваё дзіця. Так яны працягвалі трымацца разам. Але нечакана здарылася бяда – Ева зламала нагу. Пан доўга лячыў яе, але безвынікова. Каб Ева не пакутавала, ён загадаў застрэліць яе і пахаваць у самым прыгожым куточку парка, каля галоўнай дарожкі, у зацені грэцкіх арэхаў. Заза не адыходзіла ад магілы сваёй сяброўкі некалькі дзён, нікога не падпускала да яе і не брала ні ад каго ежы. Так і сканала, ахоўваючы спакой няшчаснай кабылы. Пахавалі сабачку побач. Пазней на тым месцы з’явіўся невялікі камень з выбітымі надпісамі Ewa і Zaza.

Нібыта жывыя размаўляюць. Чароўныя ўласцівасці крыніц у Крынічках

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама