Даўно гэта было. Можа гадоў сто ці болей, ніхто дакладна не ведае. Пасярод лесу, на ладнай паляне, стаяла невялікая хаціна. Жыла ў ёй маладая дзяўчына. Звалі яе Васілінкай. Якое імя з калыскі далі бацькі, такое ў сінявокай дзяўчыны і засталося. Бо і цяпер вялікія блакітныя вочы яе заўсёды выпраменьвалі дабро і святло.
Звыклася са сваім лёсам і нішто яе не вабіла перабірацца бліжэй да людзей. Нічога яна не баялася: ні вятроў-буранаў, ні бліскавіц, ні злых і галодных ваўкоў. Вясковыя жанчыны бывала наведвалі яе, калі былі побач за ягадамі. Яна ветліва іх прымала, бо ведала ўсіх вясковых, як і яны яе.
Некалі вясковая дзяўчына была заманена Лесавіком, так і засталася ў яго абшарах. І была шчаслівая. Дзень пры дні яна хадзіла ў лес: збірала розныя зёлкі, грыбы ды ягады. І гэтых запасаў у яе было бадай не на адну нават самую лютую зіму. А ўвечары з яе хаціны лілася чароўная песня.
Калі Васілінка пачынала спяваць, вецер і дождж сціхалі. Зімой не толькі сцюжа, ваўкі замаўкалі. І здалёк абыходзілі хаціну на паляне.
У той час, калі Васілінка з’явілася ў лесе, у казачнай хаціне з’явілася чароўная Фея і абляцеўшы яе тройчы пачапіла на шыю незвычайны амулет-абярэг. І падарыла дзяўчыне смеласць і адвагу, а яшчэ асаблівую, здавалася б, непрыкметную чароўнасць.
Усе жыхары лесу вельмі любілі Васілінку. Некаторыя пабойваліся, што было ёй толькі на карысць.
Неяк адзін вясковы хлопчык вырашыў парадаваць сваіх бацькоў сваёй кемлівасцю.Сабраўся і адзін па грыбы адправіўся.
Раптам па лесе пранеслася чутка, што з-за мора далёкага, з-за гушчару непралазнага сюды ляціць злая Баба Яга.
Васілінка яшчэ з ранку чула, як гаспадыня заклапочана папярэджвала свайго хлопчыка не заходзіць далёка ў лес. І зараз яна адчувала, што Янка ўсё ж патрапіў у злыя кіпцюры Бабы Ягі. Але тут Васілінка пачула, што няпрошаную госцю дубасіць Лесавік. Няхай сабе лесавікі ў большасці дрэнна ставяцца да людзей. Не любяць іх за тое, што некаторыя людзі не проста адпачываюць, а чыняць шкоду лесу. Высякаюць і паляць яго жытло, знішчаюць лясных насельнікаў.
Заступіўся за хлопчыка стары Лесавік таму, што той пакуль нічога кепскага не зрабіў. А яшчэ таму, што малы абяцаў паведаміць аб спагадлівым Лесавіку ўсяму класу, і нават усёй школе, дзе ён вучыцца. І каб ніколі не заходзілі далёка ў лес ды не чынілі шкоду лесу, наадварот – аберагалі як кожнае дрэўца, асабліва маладое, так і лясных насельнікаў.
Як Баба Яга ні супрацілася аддаць хлопчыка, раз’юшаны Лесавік раптам змяніў свой рост, зрабіўшыся вышэй за дрэвы ў пушчы, выхапіў перапуджанага Янку, дапамог яму набраць поўны кош грыбоў ды данёс да самай вёскі.
Заазіраўшыся, Баба Яга ўбачыла, што хлопчык бадзёра ужо крочыць дахаты, ад злосці так разгневалася, што слёзы бобам каціліся па яе ўпалых у барознах шчоках, ўзмахнула кастляваю і скрылася за лесам. Раптам навокал такая завіруха з лістоты і шылак узнялася, што, здаецца, усё скрозьдонне праваліцца. Лётаюць птушкі, бегаюць звяры і ўсе крычаць, хто гэта злую Бабу Ягу перамог.
Васілінка ўсё гэта бачыла скрозь дрэвы і радавалася ўчынку свайго знаёмага Лесавіка. І казачны лес таксама пагаджаўся з ёю. Дабрыню як і спагаду не купіш і не ўкрадзеш. Яны даюцца за добрыя справы. Вось і ты, мой юны дружа, успомні, ці зрабіў сёння што добрае. Можа дапамог маці памыць посуд?
— Не, — адказваеш.
— Дапамог прыбрацца ў сваім пакоі?
— Не.
— Алфавіт вывучыў?
— Не ўвесь.
— Колькі радкоў з пяці ў пропісях напісаў?
— Ніводнага.
— Не, не, не, — і ты зараз, хутчэй за ўсё вінавата апусціў галаву.
— Я табе скажу так: «Кепскія твае справы. Няхай сабе толькі на сёння, заўваж. Выпраўляйся! І ты можаш памагчы сабе сам. Пачні з першага і ўсё ў цябе атрымаецца. Ты ўбачыш, як засвецяцца вочы тваёй маці, і з’явіцца прыязная ўсмешка на твары бацькі, калі ты зробіш дабро. Вучыся гэта рабіць».
І Васілінка таксама пайшла на працу. Яна ні хвілінкі не магла жыць без працы. А калі твая праца яшчэ і іншым на карысць, удвая радасна і светла на душы робіцца.
Толькі памкнулася Васілінка да свайго ручайка, які гамоніць срэбнай вадзіцай і ўдзень і ўначы, як пачула дзіцячыя галасы. Прыслухалася.
У лес уваходзілі тры дзяўчынкі. Спыніліся, зрабіўшы колькі крокаў лясной сцежкай.
— Я сюды, направа, у свой неруш, - сказала адна, відаць пазнала ранейшае месца між дзвюх старых ялін і невялікіх бярозак.
Мінула колькі дзён, як яны з татам былі тут у грыбах і акурат у гэтым месцы натрапілі на неруш. Набралі поўныя кошыкі.
— Алеська, можа, і мы сюды? – запыталі іншыя дзяўчынкі.
— А чаго гэта адзін за адным хадзіць? Лес вялікі! – буркнула дзяўчынка і адвярнулася ад сябровак.
Васілінка хацела ўжо спыніць ганарыстую Алеську, але стрымалася. Раптам той ужо і след прастыў.
— Тады мы направа, - паважна, як, відаць, старэйшая сказала Даша. – Толькі ўгавор – не маўчаць на воклічы адно аднаго. Перагукваемся. Ці згодная, Ілонка?
— Так, згодная, - адказала сяброўка.
Ад пачутага Васілінка заўсміхалася. Успомніла даўнюю гісторыю, калі выратоўвала адну сям’ю. Доўга яны блукалі па лесе і, нічога не знайшоўшы яшчэ і заблудзіліся.
Тым часам Алесінай ні згоды, ні чарговага бурчання дзяўчынкі не пачулі, бо яе адразу нібы праглынуў густы малады сасоннік.
— А-у! – першай падала голас Ілонка.
— А-у-у! – гукнула ў адказ Даша, якая трымалася ад сяброўкі не надта далёка. – А я ўжо знайшла баравік…
— Пакажы, - Ілонка падбегла да сяброўкі, каб падзяліць першую радасць.
Алеська ж маўчала. Яна зноў, як і тады з татам, натрапіла на грыбное месца. Ціхенька, нібы каго баючыся, зразала грыб за грыбам і забылася не толькі на сябровак, але і пра ўсё на свеце. Нават на сцежку, якой ўваходзіла ў лес.
Васілінка адчувала, што вось-вось пачнецца адчай і пярэпалах. А грыбоў – процьма! Алеська зрэзала колькі прыгажуноў-чорнагаловікаў і толькі паднялася, каб гукнуць сяброўкам, як пад нагамі ўбачыла вялікую, мо даўжэй за метр, змяю. Раптам тая падняла тулава і яе галава, як не ўпоравень, з Алеськай аказалася.
Васілінка толькі вачамі сваімі наструнілася і сашчапіла рукі, як яе энергія скруціла змяю ў адзін мёртвы камок і шпурнула немаведама куды. А на тым месцы, дзе яна была зямля пачынала цвісці белымі кветкамі. Каля іх паўзе малы смоўжык, а побач сядзіць малады баравічок. І Алеська падразае сцізорыкам крамяную ножку. Ажно рыпіць. “Значыць, здаровы”, - разважае дзяўчынка і азіраецца па баках.
— А дзе ж гадзіна падзелася?
— Ау-у! – чуецца зводдаль.
Алеська маўчыць, бо не ведае што рабіць: адказаць сяброўкам ці ўсё ж працягваць зразаць баравікі. А можа даведацца куды падзелася змяя? А навошна гэта ёй. Знікла, і хай сабе.
Васілінка пільна сочыць за дзяўчынкай і пасылаае каманду адказаць сяброўкам. Але яна поўзае на каленях па імшанай пярыне і ледзьве спраўляецца класці баравікі ў кошык.
— Ау! У-у-у! – ужо далёка крычаць дзяўчынкі.
— У-у-у!.. – паўтарае лес.
Алеська набрала поўныя грудзі паветра, каб адказаць сяброўкам… Але каля паваленай ветрагонам сасонкі заўважыла ўзняты парасонікам мох.
Агледзела новы грыб. Прысела, расхінула мох і вачам сваім не верыць: тры галавы, а нага адна. Толькі пасярод дзвюх баравікоў тырчэла і ўсміхалася галава, крыху меншай памерамі, гадзюкі. Алеська ўскрыкнула, але Васілінка сціснула свой кулачок і змяя ў адно імгненне знікла.
Васілінка чакала, што нарэшце Алеська адхіне сваю сквапнасць і адзавецца сяброўкаў, ці сама першай пакліча іх у грыбное месца. Але тая ўсё падразала і падразала баравікоў, любуючыся новым удачам.
Тады Васілінка зрабіла так, што скрозь, дзе ступала Алеська была голая зямля. А там, дзе былі Даша з Ілонкай – цэлая процьма маладых і крамяных баравых чорнагаловікаў.
Выйшла Алеська на паляну. І толькі зараз сцяміла, што і вечар ужо блізка. Заблукала. Страшнавата стала адной.
“І чаму я дзяўчынкам забараніла побач быць? – шкадавала Алеська. – Хіба не хапіла б на ўсіх грыбоў?”
Стаіць дзяўчынка якую хвіліну, думае, азіраецца па баках: куды ж падацца? Нямая, страшная цішыня не на жарт спалохала дзяўчынку. Зараз успомніла, што наказвалі пра лес і дружбу, але калі пазірала навокал – нешта нядобрае шавялілася ўнутры. А дзе тая вёска, назад паварочвацца ці наперад крочыць?
Пастаяла, сабралася з духам, паставіла кошык з грыбамі, прыставіла далоні да вуснаў і выгукнула нарэшце:
— А-у-у!...
Лес адкукнуўся стомленым, сярдзітым рэхам:
— …у-у-у!..
І яшчэ страшней стала Алесьцы ад гэтага ляснога «у-у-у».
Павярнулася да кошыка, а там толькі палова яго. Перапужалася яшчэ болей. Павярнулася, каб ісці назад, як ёй здавалася, дамоў. Зноў у вачах баравікі. Як бы павыскаквалі дзяўчынцы напярэймы ды дражняцца: Бяры! Не саромейся! Ты ж так хацела ўсё загрэбсьці адна!
Алесьцы ж не да грыбоў.
Васілінка пазірае за дзяўчынкай. Галінкі сцёбаюць па твары, павуцінне чапляецца за нос і вушы, лезе ў вочы. Алеська ўжо не ідзе, а бяжыць ад страху, прадзіраецца да святла, якое пакуль ледзь сочыцца праз густы лес.
Тым часам Васілінка сілай думкі прывяла Дашу з Ілонай на чароўную паляну, дзе тыя назбіралі па цэлым кошыку маладзенькіх баравічкой і ўжа выйшлі да дарогі.
Алеська ж як ні кідаецца з боку ў бок толькі дарогі няма і няма. У лесе цямнее і цямнее. І скрозь такая цішыня, хоць бы птушачка якая азвалася ці зайка прабег.
Спынілася Алеська, гукнула сваё запозненае «Ау!». Лес паўтарыў адно толькі «у» і змоўк.
У галаве – адно: Дзе ж дзяўчынкі? Заблудзіліся? А мо ўжо дома? Зноў гукае.
Адказу няма.Толькі што гэта? Алеська стаіць на сцежцы. Ёй здалося, што гэта тая самая сцежка, па якой яны ўваходзілі ў лес. І яна пачала ступаць смялей.
Прайшла крыху, спынілася і зноў гукнула колькі разоў запар. Рэха ўляглося. Зноў стала ціха і страшна. Васілінка ўжо хацела прымяніць свае чары, каб вывесьці непаслухмяную і ўпартую Алеську на дарогу. Але вырашыла пакуль пачакаць. Няхай крыху пахвалюецца. Гэта толькі ёй жа самой на карысць.
Алеська стаяла і думала: «А можа, вярнуцца назад, каб выйсці на дарогу?» Яна павярнулася ўжо, як зусім побач разляглося Дашына “Ау!”.
— Ідзі на голас, дурніца! – пра сябе скіровала яе Васілінка.
Алеська кінулася насустач поклічу і адразу апынулася на дарозе.
— Во дзе наша згуба! – дружна грымнулі галасы дзяўчынак. Гэта Дашка з Ілонкай зарадаваліся. Алесьцы хочацца ўсміхнуцца, але нешта замінае. Яна ўся расчырванелася, быццам рак. Нейкі камячок падступіў да горла, не дае слова вымавіць.
Яна прысаджваецца ля сябровак і, не ўзнімаючы на іх вачэй, пачала расказваць як натрапіла на грыбную паляну, як яе суправаджалі змеі і раптам знікалі, як блукала.
Даша з Ілонай уважліва слухалі сяброўку, толькі галоўных слоў з яе вуснаў так і не пачулі.
Вось і казачцы канец. А як ты думаеш, мой юны дружа, якія словы павінна была сказаць сваім сяброўкам Алеська? І ці сапраўднае такое сяброўства?
Кашанка — гэта адна з разнавіднасцяў каўбасы, якая, акрамя мяса, змяшчае ў сабе яшчэ і крупы. У розных рэгіёнах Беларусі яе гатуюць па-рознаму. Часцей за ўсё асновай для фаршу, якім набіваюць кішку, служыць грачаная альбо пярловая каша, кроў і субпрадукты.
Пакрокавы рэцэпт кашанкі прапануе блогер і гаспадыня харчэўні ў Тураве Алена Браніславаўна.
Грэчку прамыць і адварыць у падсоленай вадзе да паўгатоўнасці.
Пячонку прамыць, выразаць пратокі , нарэзаць на невялікія кавалачкі.
Сала падзяліць на дзве часткі. Меньшую парэзаць на дробныя кубікі для абсмажвання, большую як вам зручна.
Цыбулю парэзаць дробна.
Абсмажыць сала з цыбуляй да гатоўнасці.
На мясасечцы з буйным сітам перамалоць пячонку з салам, добра перамяшаць.
Дадаць соль, спецыі, цёплую грэчку і цёплыя шкваркі з цыбуляй ( так будзе лягчэй заправіць кішку).
Дадаць яйка.
Праз трубку набіць кішку фаршам уручную ці на мясасечцы.
Не набівайце кішку фаршам занадта туга, каўбаса павінна быць злёгку прыплюснутая. Пракаліце яе іголкай. Запякайце пры 180 градусах 35-40 хвілін да румянай скарынкі.
Смачна есці!
Настаўнік Арцём Гурдаеў пераехаў з Яраслаўля ў Беларусь. Пра гэта малады чалавек марыў дастаткова доўга, і мову вывучаў спецыяльна, каб была магчымасць разумець бліжэй такую цікавую яму краіну. Адкуль з’явілася такая мара, чым захапіла Беларусь і як адбываўся працэс прывыкання да мясцовага менталітэту, Арцём расказаў карэспандэнту «Слушна».
– Арцём, раней ты жыў у Яраслаўлі, навучаўся на выкладчыка нямецкай і англійскай моў…
– Так, я навучаўся на выкладчыка нямецкай і англійскай моў у Яраслаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя К. Д. Ушынскага з 2018 па 2023 год. З маленства мяне цікавілі замежныя мовы, і калі ў старшых класах паўстала пытанне выбару спецыяльнасці, я з упэўненасцю вызначыў, што паступлю на гэты напрамак.
Нягледзячы на тое, што навучанне ва ўніверсітэце доўжылася 5 гадоў, яно прамінула для мяне вельмі хутка. Мне дужа падабалася вучыцца, наведваць семінарскія і практычныя заняткі, праходзіць практыку ў школьных лагерах і ў школах Яраслаўля. Падчас практык я не меў пэўных цяжкасцяў: мне было даспадобы распрацоўваць для дзяцей незвычайныя заданні, рыхтуючыся да тэмы заняткаў. Вучні бралі чынны ўдзел у маіх занятках, было відаць іх шчырую зацікаўленасць…
– Пасля заканчэння ўніверсітэта ты пераехаў у Беларусь. Чаму?
– Я пераехаў у Беларусь, бо марыў пра гэта з чатырох гадоў. Справа ў тым, што мая прабабуля – беларуска. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны яна разам з сям’ёй імігрыравала ў вёску Карміліцына, што пад Яраслаўлем. Я заспеў бабулю толькі ў сваім раннім дзяцінстве, але ў мяне засталіся ўспаміны пра тое, што яна размаўляла на нейкай прыгожай мове, якая адрознівалася ад рускай.
З тых часоў я меў трывалую прагу засвоіць беларускую мову, каб быць здольным вольна выказваць на ёй свае думкі. З гэтай прычыны ўжо ў малодшых класах школы я пачаў чытаць падручнік па беларускай мове, завучваць словы і выразы. Аднак затым маё знаёмства з мовай давялося прыпыніць, бо я цалкам занурыўся ў школьны навучальны працэс і да беларускай мовы вярнуўся толькі ў старэйшых класах.
Я не скажу, што вывучэнне беларускай мовы было для мяне цяжкім заняткам. Я зрабіў яго завядзёнкай, традыцыяй, вывучаючы штосьці новае кожны дзень. Як толькі надаралася вольная хвіліна, я не абмінаў магчымасці азнаёміцца з новай граматычнай тэмай і пачытаць творы класічнай беларускай літаратуры.
Калі навучанне ва ўніверсітэце набліжалася да заканчэння, у мяне зноў паўстала пытанне пра тое, куды рушыць далей. На той момант я ўжо даволі добра валодаў беларускай мовай. Адразу зразумеў: вось ён – мой шанс ажыццявіць мару і ўрэшце зладзіць пярэбары ў Беларусь. Свой выбар я прыпыніў на Гродна, бо, шчыра кажучы, пабачыў фотаздымкі, і мне спадабалася, як гэты горад выглядае. Ад яго павявала даўніною, веліччу. Нездарма кажуць, што Гародня — каралеўскі горад. Я абмеркаваў свой намер з бацькамі, якія былі толькі радыя майму рашэнню, падрыхтаваў усе патрэбныя для пераезду дакументы, рэчы і… Сеў на цягнік.
З першых хвілін знаходжання ў Беларусі я адчуў розніцу ў менталітэце. Адразу заўважыў памяркоўнасць жыхароў, іх гатоўнасць дапамагчы, падказаць, як зрабіць штосьці найлепшым чынам. Усе былі ў захапленні ад таго, што я размаўляў з імі па-беларуску. Што да культуры Беларусі, мне вельмі спадабаліся традыцыйныя святы: Дажынкі, Багач, Дзяды, Каляды, Вялікдзень, Купалле... Яны своеасаблівыя, іх карані сыходзяць у даўніну і павязваюць традыцыі прашчураў з сучасным пакаленнем беларусаў.
Аднойчы, шпацыруючы па вулках, я раптоўна пабачыў велізарную шыльду, на якой было напісана па-беларуску: «Гродзенская праўда». Чамусь мне “цюкнула”, што хачу працаваць менавіта тут. Я паспяхова прайшоў выпрабавальныя заданні, дзе трэба было адрэдагаваць тэксты на беларускай і рускай мовах, і быў прыняты на пасаду карэктара. Зараз за тыдзень я правяраю ад 16 да 32 палос, у залежнасці ад таго, у якім фармаце выдаюцца раённыя газеты. Праца карэктарам патрабуе, на мой погляд, вялікай адказнасці, дасканалага ведання моў, уважлівасці, структураванасці, умення засяродзіцца нават у самай напружанай сітуацыі.
— Акрамя працы у цябе ёсць свой беларускамоўны гурток…
– Я лічу беларускую мову вельмі лагоднай, ласкавай і напеўнай. Было жаданне стварыць прастору, дзе людзі рознага ўзросту, размаўляючы па-беларуску, маглі б абмяркоўваць розныя цікавыя тэмы, распавядаць пра свае зацікаўленасці, незвычайныя выпадкі з жыцця, дзяліцца досведам. Праз два тыдні знаходжання ў Гродне я выпадкам завітаў у краму-прастору «Шустры Вожык» на майстар-клас па лепцы. Там я пазнаёміўся з гаспадыняй гэтай установы і дамовіўся з ёю і маёй знаёмай, з якой мы ліставаліся ў сацсетках, аб стварэнні размоўнага гуртка. Мы ўтрох знайшлі добрую аўдыторыю для размоў, пачалі ладзіць гутаркі штосераду і зразумелі, што адных гутарковых сустрэч недастаткова, бо трэба ўдасканальваць свае веды ў беларускай мове, каб было лягчэй камунікаваць. З гэтай нагоды па аўторках мы вырашылі праводзіць навучальныя сустрэчы і такім чынам дамагліся гарманічнага існавання клуба «Мова для ўсіх», які спрыяе пашырэнню асветы і атрыманню асалоды ад гутарак.
Зараз удзельнікамі клуба з’яўляюцца 30 чалавек рознага ўзросту: ад 18 да 70 гадоў. Сустрэчы наведаюць ад 7 да 10 чалавек. Часам надараюцца і аншлагі, калі прыходзяць 15–17 чалавек. Такое адбываецца, калі мы ладзім сустрэчы з адметнымі гасцямі: пісьменнікамі, мастакамі ці калекцыянерамі.
– Ты яшчэ і цудоўна малюеш. Вучыўся гэтаму ці карыстаешся праграмамі?
– Колькі сябе памятаю, заўсёды меў натуральны поцяг да малявання. Я не мог не маляваць, таму пры магчымасці адлюстроўваў на паперы сюжэты, што прыходзілі мне да галавы. Я не навучаўся ў мастацкай школе: усе веды я атрымаў ад матулі, якая таксама вельмі любіць маляваць, а таксама з навучальных відэа.
Пры маляванні на графічным планшэце я карыстаюся праграмаю Procreate, але больш за ўсё мне падабаецца маляваць на паперы, бо ў такім выпадку я магу адчуваць матэрыялы, якія выкарыстоўваю для малявання. Часцяком аддаю перавагу графітным і каляровым алоўкам, акварэлі. Асабліва люблю ствараць плаўныя градыенты, каб адзін колер непрыкметна пераходзіў у іншы. Гэта надае малюнку паветранасці і пэўнай чароўнасці.
Часцей за ўсё я малюю магічных істот, якія раптам усплываюць мне на думку, жывёл, гарадскія пейзажы, партрэты людзей. Маляванне для мяне тое ж самае, што і кісларод. Без яго я не магу ўявіць свайго жыцця. Яно дае мне энергію і магчымасць ствараць штосьці новае, непаўторнае.
– Расскажы, як ты пачаў супрацоўнічаць з часопісам «Бярозка»?
– Пабачыў у Інстаграме, што «Бярозка» ладзіць конкурс для мастакоў, у межах якога трэба намаляваць персанажа-маскота, які асацыяваўся б з часопісам. Я адкладаў маляванне персанажа ў доўгую скрыню, а потым уцяміў, што магчымасці адтэрміноўваць больш няма і ў апошні дзень конкурсу даслаў свайго персанажа. Вельмі пераймаўся, што мяне ўжо не дапусцяць да ўдзелу, але мае хваляванні аказаліся марнымі. Склалася так, што менавіта мой персанаж набраў аднолькавую колькасць падабаек разам з іншай карцінкай, таму быў праведзены дадатковы этап, па выніках якога я перамог. Ад таго моманту я пачаў супрацоўнічаць з «Бярозкай» на ўмовах ганарару, малюючы штомесяц па пяць карцінак з выяваю дзяўчынкі-бярозкі. Ад пачатку ліпеня 2024 года, я ў штаце супрацоўнікаў часопіса ў якасці стыль-рэдактара.
Арцём таксама цікавіцца каліграфіяй, вязаннем шыдэлкам, анімацыяй і спевамі. Яго цягне да мастацтва і рамяства. Хлопец лічыць, што зробленае сваімі рукамі – найкаштоўнейшы падарунак для сваякоў і сяброў, якія, як прызнаецца Арцём, заўсёды былі для яго падтрымкаю і апірышчам.
– Калі б ты меў суперздольнасць, якая яна была б?
– Я хацеў бы ўмець чараваць, каб у патрэбны момант з’яўляўся неабходны мне прадмет. Напрыклад, сяджу я ў парку, разумею, што маю жаданне памаляваць, і з’яўляюцца скетчбук, пэндзлі ды алоўкі. Яшчэ мне бракуе здольнасці тэлепартавацца. Я жыву ў імклівым тэмпе, таму часам мне трэба хутка патрапіць з адной лакацыі ў іншую..
Любімая фраза Арцёма: “ты ўсё зможаш”. Калі ён ў прыгнечаным стане, то некалькі разоў паўтарае гэтую фразу, упэўніваючы самога сябе ў тым, што цяжкасці часовыя і маюць уласцівасць заканчвацца. Пасля гэтага хлопец спакваля пачынае рабіць задуманае…
Зоя Літвінава: «Я ніколі не збіралася рабіць з мастацтва драму»