Выстаўка «Беларускае кіно ў аб'ектыве Міколы Гнісюка. Да 100-годдзя беларускага кіно» адкрылася ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».
Праект прысвечаны творчасці М. Гнісюка, яго ўкладу ў айчыннае кіно. Фотамастак працаваў з беларускімі рэжысёрамі Элемам Клімавым і Віктарам Туравым, а таксама Глебам Панфілавым, Мікітам Міхалковым, Эльдарам Разанавым. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты беларускіх акцёраў і рэжысёраў, кадры са здымкаў фільмаў.
Экспазіцыя арганізавана галерэяй сумесна з жонкай фотамастака, журналістам, сцэнарыстам, рэжысёрам-дакументалістам Надзеяй Майданскай.
— Звярніце ўвагу на партрэт актрысы Святланы Сухавей. Ён быў на вокладцы часопіса «Савецкі экран», які выходзіў тады 10-мільённым тыражом, — расказала Надзея Майданская. — Муж вельмі любіў людзей і з гэтым пачуццём ішоў на здымку. Імкнуўся спачатку пагаварыць, каб суразмоўца раскрыўся. Ён жартаваў, што здымае так, каб з ім віталіся пасля гэтага. Многія пасля станавіліся яго сябрамі.
Усе прадстаўленыя на фотавыстаўцы дакументы перададзены ў дар Беларускаму дзяржаўнаму архіву кінафотафонадакументаў і ўяўляюць сабой фотакалекцыю, якая ўключае фатаграфіі прадстаўнікоў беларускага савецкага кінематографа і тэатра – Стэфаніі Станюты, Уладзіміра Гасцюхіна, Святланы Сухавей, кадры са здымкаў вядомых мастацкіх фільмаў, такіх як «Дыханне навальніцы», здымкі, зробленыя падчас правядзення Усесаюзных кінафестываляў у Мінску ў 1970 і 1985 гадах. Агульная колькасць фотанегатываў і фотаслайдаў, перададзеных у фонды архіва, складае больш за 180 адзінак захоўвання. Фотакалекцыя стане выдатным і найкаштоўнейшым папаўненнем для Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь.
Мікола Гнісюк вядомы таксама і па рабоце з вядомымі прадстаўнікамі сусветнага кінематографа і эстрады, сярод якіх Марчэла Мастраяні, Мілаш Форман, Роберт дэ Ніра, Сафі Ларэн і многія іншыя. Перададзеныя дакументы, якія паступілі ў архіў на дзяржаўнае захоўванне, дазволяць захаваць памяць аб вялікім майстры для будучых пакаленняў.
Фотамастак нарадзіўся 18 снежня 1944 года ў вёсцы Перакарынцы ў Вінніцкай вобласці, у сялянскай сям'і. У 14 гадоў ён патрапіў у ваенна-духавы аркестр, і з вёскі дзе не было ні святла, ні радыё, ён апынуўся ў Рызе (Латвію лічыў сваёй другой радзімай).
У аркестры ён праслужыў пяць гадоў. Скончыў Рыжскае музычнае вучылішча. Іграў на трубе і нават граў з Раймандам Паулсам. Але пасля таго, калі ён падчас ігры страціў прытомнасць, лекары забаранілі яму іграць на трубе. Па аб'яве, ён уладкаваўся на Рыжскую кінастудыю праяўшчыкам кінастужкі, дзе прапрацаваў паўгода. Юнака заўважылі і парэкамендавалі прайсці курсы асістэнтаў кінааператара.
Сам Гнісюк успамінаў, што сур'ёзна фатаграфіяй заняўся, менавіта, працуючы на Рыжскай кінастудыі, і вырашальную ролю адыграў у гэтым знакаміты Гунар Біндзі. Пад яго кіраўніцтвам ён працаваў на здымках фільма «Рукі».
Кіно ўвайшло ў жыццё Гнісюка пасля таго, як ён узяў удзел у конкурсе на замяшчэнне вакантнай пасады фотарэпарцёра ў часопісе «Савецкі экран» і перамог. У часопісе ён прапрацаваў роўна 25 гадоў, пакуль не быў звольнены ў сувязі з рэарганізацыяй. Але сам Мікола Гнісюк быў удзячны часопісу, за тое, што ён зрабіў кіно асноўнай тэмай ягонай творчасці.
Для прыхільнікаў кіно і фатаграфіі гвыстаўка ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» з'яўляецца значнай падзеяй, якая дае магчымасць дакрануцца да граняў творчасці Міколы Гнісюка, убачыць узаемасувязь мастацтва фатаграфіі і кінематографа.
Як фарміравалася беларускае кіно? Топ-10 фільмаў, якія вы не зможаце забыць
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by