Было гэта даўно. Стагоддзі мінулі з тых часоў, шмат што ў свеце змянілася, і гісторыя гэтая забылася б, але мне яе нашаптаў цёплы паўднёвы ветрык, а я запісала аповед у свой чароўны нататнік пад бліскучай вокладкай. Не здзіўляйцеся, проста казачніца чуе ў подыху ветру не толькі шум, але і словы. Вось што ён распавёў мне…
Праз адно княства, якое ў старажытныя часы існавала непадалёк адсюль, ехаў кароль з далёкай краіны. Казалі, той кароль быў казачна багаты, але няшчасны, бо нешта ў яго здарылася, таму шукаў ён штосьці ў сваіх вандроўках, ды ніяк не мог знайсці. Кароль ехаў у залатой карэце, а за ім бясконцай чарадой цягнуліся вазы, у якіх слугі везлі розныя рэчы ды куфары з золатам і каштоўнасцямі. Вось у тым княстве, пра якое ўжо згадвалася, і спыніўся заможны вандроўнік. Кароль толькі месца паказаў, і кінуліся слугі гаспадару жытло рыхтаваць. За адзін дзень на маляўнічым лузе каля ракі, непадалёк ад горада палац-шацёр сабралі з таго, што ў вазах з сабою прывезлі. Дываны мяккія паслалі, мэблю паставілі, вячэру згатавалі. Адпачыў кароль, а раніцай у горад пайшоў. Ходзіць па кірмашовай плошчы, прыглядаецца, а гандляры адзін перад адным багатаму пакупніку свае тавары нахвальваюць. Ды толькі той адмоўна хістае галавой, бо ў яго ўсё ёсць.
— Ну з такім пакупніком анічога не заробіш! — махнуў рукой каваль, які прапаноўваў свае дыхтоўныя вырабы.
— Чаму ж не заробіш? — усміхнуўся кароль. — Кожны з вас можа атрымаць залатую манету ці нават больш.
Усе сцішыліся, прыслухоўваюцца, як золата можна зарабіць.
— Прапаную любому юнаку прыйсці ў мой палац ля ракі і згуляць у цікавую гульню. Хто прайграе — адну манету атрымае і сыходзіць, а хто выйграе — возьме дзве і зноў паспрабуе згуляць. Дзесяці хлапцам — тым, хто згуляюць лепш за астатніх, я прапаную атрымаць вялікую каштоўнасць. Каму яна дастанецца — будзе багаты і шчаслівы.
Ці трэба казаць, што да каралеўскага палаца-шатра сышліся ўсе маладыя хлопцы таго горада. Ну і каваль выправіўся паглядзець, што за гульня такая ў караля-вандроўніка. Прыйшоў ён апошнім, стаў з краю, назірае, як сотням гульцоў, ахвочых да золата, кароль умовы гульні тлумачыць. Загадаў хлопцам сесці па двое. Уладкаваліся прама на траве, уздоўж рэчкі. Слугі кожнай пары гульцоў прынеслі скрыні, раскрылі іх і паклалі чорна-белымі клеткамі ўверх. На дошкі роўнымі радамі паставілі драўляныя фігуры. Пра шахматы ў гэтым горадзе ведалі, нехта нават гуляць спрабаваў. Вось і каваль умеў, ды толькі не збіраўся абяцаныя каралём манеты вось так атрымаць. Быў з маленства прывучаны працай грошы здабываць, а не гульнёй.
— Сядай, каваль, зарабіць зможаш! — запрасіў кароль.
— Я кавальскай працаю зарабляць звык. Дзякую, Ваша Вялікасць! — адказаў юнак.
Кароль плячыма паціснуў і пачаў тлумачыць правілы гульні тым, хто іх не ведаў. Вельмі хутка палова гульцоў атрымалі па залатой манеце і былі адпраўлены ў горад. Пераможцы паклалі ў кішэні па пары манет, зноў селі па двое і распачалі новую партыю. Праз колькі часу частка менш удалых шахматыстаў атрымалі яшчэ па манеце і развіталіся. У пераможцаў у кішэнях прыемна дзынькала золата, яны апантана распачыналі гульню наноў. Каваль бы ўжо і пайшоў, ды сябра яго над шахматнай дошкай каторую гадзіну сядзеў. Цікава было, ці пройдзе далей. І вось пасля адной з партый засталося дзевятнаццаць гульцоў.
— Гуляем яшчэ адзін раз! — абвясціў кароль. — У апошніх дзесяці пераможцаў будзе магчымасць атрымаць галоўную каштоўнасць, астатнія возьмуць па дваццаць манет і пойдуць. Ды толькі не хапае нам аднаго чалавека…
Юнакі сталі каваля ўгаворваць:
— Браце, згуляй раз!
Кавалю і самому цікава, бо любіў у шахматы гуляць, а тут яшчэ хлопцы так просяць. Пагадзіўся, але адразу папярэдзіў, што золата не возьме. Самай доўгай была гэта партыя. Дзесяць тых, хто прайгралі, узялі абяцаныя манеты і пайшлі. Астатнія дзесяць мелі шанец на галоўную ўзнагароду. Сярод іх быў і каваль.
— Я ўжо багаты! — дзынькаў золатам у кішэні яго сябар. — А вось каб яшчэ вялікую каштоўнасць у дадатак прыхапіць!
— Няхай табе пашанцуе! — усміхнуўся каваль і сабраўся вяртацца ў горад.
— Чакай, хлопча! — прыпыніў яго кароль. — Раз сеў за дошку і стаў пераможцам, то і каштоўнасць атрымаць паспрабуй.
— Я сваю каштоўнасць сам здабуду, — спакойна і ўпэўнена адказаў каваль.
— Калі ты яе зможаш разгледзець, то шчасце знойдзеш! — загадкава прашаптаў кароль.
— Эх, ну цікава ж! Паглядзім, што там за загадка! — усё ж не ўтрымаўся каваль.
— Зараз я запрашу вас у свой палац, — звярнуўся кароль да юнакоў. — Там вы пабачыце некалькі фігур шахматнай каралевы, але толькі адна сярод іх незвычайная. У кожнага з вас будзе магчымасць з першай спробы выбраць менавіта тую, самую-самую. Хто здолее адгадаць, якая з каралеў найкаштоўная, — знойдзе сваё шчасце. Той, хто не адгадае, — атрымае абраную дарагую фігурку на памяць.
— Хто першы будзе выбіраць? — устрывожыліся юнакі. — У таго ж шанцаў болей!
Каваль адразу сказаў, што будзе апошнім, астатнія вызначыліся лёсаваннем. Кароль увайшоў у пакой і загадаў заходзіць па чарзе. І вось першы юнак схаваўся за цяжкай аксамітавай фіранкай, якая закрывала ўваход.
— Ну! Выбірай сваю каралеву! — пачуўся голас караля.
Некалькі хвілін было ціха, потым юнак выйшаў.
— Дыямантавая! Яна мая! — яго вочы зіхацелі хваравітым агнём. — Кароль сказаў, не тая… Ну хай сабе і не тая, але самая дарагая! Я багаты! Багаты!
І ён паспяшаўся ў горад, каб усім паказаць сваё шчасце.
Другі юнак, сябар каваля, выбег з рубінавай шахматнай каралевай:
— Дасканаласць! Яна зроблена з вялікага рубіна! Філігранная праца ювеліра!
У трэцяга была сапфіравая фігурка шахматнай каралевы, у чацвёртага — смарагдавая, у пятага — александрытавая, у шостага — турмалінавая, у сёмага — тапазавая, у восьмага — жадэітавая, у дзявятага — жамчужная…
Каваль з трывогай назіраў, якія прагныя станавіліся вочы ў юнакоў. Ім падабалася валодаць багаццем. І вось надышла яго чарга. Юнак нетаропка падышоў да аксамітавай фіранкі, адхінуў яе і зрабіў колькі крокаў.
Паходні напаўнялі пакой цёплым святлом. Кароль сядзеў у высокім мяккім фатэлі, перад ім стаяў залаты каваны стол, які адразу прыцягнуў увагу хлапца. Круглая ажурная паверхня, па краі аздобленая каштоўнымі камянямі, трымалася на адпаліраванай да зіхацення мармуровай шахматнай фігуры. Яна была асляпляльна-белага колеру і так незвычайна прыгожа пералівалася пяшчотным блакітным зіхаценнем, што каваль загледзеўся.
— Словамі не апісаць гэта хараство… — прашаптаў юнак.
Кароль уважліва ўглядаўся ў хлопца:
— Што ж, твая чарга выбраць сабе шахматную каралеву!
Гаспадар палаца адкінуў вечка залатога куфра, які стаяў на стале, — і з-пад яго заззяла казачнае полымя, мяккім святлом заліло пакой. Гэта былі шахматныя каралевы, вырабленыя з розных каштоўных камянёў. Фігуркі прамяніліся каляровымі агеньчыкамі, вабілі да сябе.
— Ну, якую каралеву выбіраеш? — запытаўся кароль.
— Вось гэту! — усхвалявана адказаў каваль.
Юнак не мог адвесці ад яе вачэй. Ён зрабіў крок, потым яшчэ адзін, укленчыў і працягнуў руку да белай мармуровай фігуры шахматнай каралевы, якая займала самае пачэснае месца за сталом.
— Чаму не ўзяў каралеву з дыямента, ці смарагда, альбо сапфіра? — голас караля дрыжаў.
— Я іх і не заўважыў, — прашаптаў юнак. — Вось сапраўдная каралева! У яе блакітным зіхаценні таямніца, якую я павінен разгадаць. Ваша Вялікасць, аддайце мне яе!
— Шчаслівы дзень надышоў! — прашаптаў кароль і гучна дадаў: — Аддаю табе тую каралеву, якую ты выбраў… Сапраўдную!
У той жа момант у палацы-шатры бліснула асляпляльная маланка і гром грымнуў так аглушальна, што не вытрымала белая мармуровая фігура і рассыпалася на мільёны аскепкаў, а залатая ажурная паверхня стала расплавілася і заструменілася павольным вадаспадам, губляючы бліскучыя камяні-каштоўнасці, якімі была аздоблена.
Перад агаломшаным кавалём не было больш мармуровай белай каралевы, перад ім з каменных аскепкаў узнікла дзівосна прыгожая дзяўчына. Юнак не мог вачэй адвесці ад красуні, якая стаяла побач з ім, сціпла апусціўшы вочы. Кавалю здавалася, раней ён ужо бачыў яе, але дзе? У снах? У марах? Тонкая белая скура, залатыя валасы, светлая сукенка, расшытая каштоўнымі камянямі. Прыгажуня падняла доўгія цёмныя вейкі, і юнак убачыў пяшчотны позірк яе вачэй. Вось яна, таямніца блакітнага зіхацення, якую так прагнуў адкрыць каваль…
— Дачушка мая! Знайшоўся твой суджаны! Чары зніклі! — сказаў кароль і злучыў рукі юнака і дзяўчыны.
Тым вечарам справілі заручыны — меўся каваль Яўхім стаць зяцем каралю. Вось за святочнай вячэрай і расказаў кароль, што за цуды з громам і маланкай адбываліся ў палацы-шатры.
…Тры гады таму прыехаў да караля заможны князь, уладар суседніх земляў. Ведаў кароль, што князь той вядзьмак! Справы з ім мець не хацеў аніякай, але ж запрасіць няпрошанага візіцёра ў палац абавязвала гасціннасць. Сустрэў гаспадар госця, раскошную вячэру зладзіў, у шахматы пагуляць запрасіў. Пакуль партыю вялі, сказаў князь, што хоча ажаніцца з дачкой караля. Як пачула гэта юная каралеўна Аладэя, то ледзь прытомнасць не страціла. Усхваляваўся і бацька, бо, зразумела, не хацеў аддаваць за такога жаніха сваю дачушку. Адмовіў! Параіў з іншых прынцэс-прыгажунь выбраць. Раззлаваўся вядзьмак, схапіў з шахматнай дошкі фігурку каралевы і наслаў страшны праклён:
— Была б твая дачка сапраўднай каралевай, каб за мяне замуж пайшла, але раз адпрэчылі, то няхай нікому не дастанецца! Стане яна каралевай, толькі… шахматнай!
Вядзьмак так моцна сціснуў у далоні шахматную фігурку, што яна ператварылася ў аскепкі, а потым ён павярнуўся да каралеўны і садзьмуў іх на яе. На вачах агаломшанага бацькі Аладэя застыла белай мармуровай фігурай, залатыя валасы дзяўчыны падняліся ўверх і звіліся па крузе, каштоўныя каменьчыкі з яе ўбору ляглі па краі. Яшчэ адзін умольны погляд блакітных вачэй глянуў з мармуровай фігуры на бацьку — і замест дачкі перад ім ужо стаяла белая каменная шахматная каралева з блакітным водбліскам і прычоскай, што заплялася над каронай ажурным золатам.
Кінулася варта, каб схапіць князя, але ён спыніў іх адным рухам рукі — моцных волатаў нябачная сіла адштурхнула і да сцяны прыціснула. І на караля абсалютнае здранцвенне найшло.
— Хацеў іншага жаніха сваёй дачцэ? Нікому яна цяпер не патрэбная! — агідна рассмяяўся вядзьмак.
Кароль крычаць хоча, а голас прапаў — ні гука не вымавіць, толькі вуснамі варушыць.
— Не чую! Аб літасці просіш? — здзекаваўся вядзьмак. — То добра! Шукай сваёй дачцэ жаніха сярод тых, хто ў шахматы выдатна гуляе. Зладзь турнір, а потым хоць сабе і дзясятку пераможцаў пакажы сваю шахматную каралеўну, але побач з ёю пастаў фігуркі дыяментавых, сапфіравых, рубінавых каралеў. Ты ж мне прапанаваў з іншых прыгажунь выбраць! І вось, калі знойдзецца той, хто сярод такіх каштоўных разгледзіць і абярэ мармуровую, сапраўдную, закляцце знікне — і дачка твая зноў дзяўчынаю стане. Я нават абяцаю ніколі больш вас не турбаваць!
І, перакінуўшыся ў вялізнага крумкача, князь вылецеў праз акно.
Неадкладна загадаў кароль ювелірам рабіць фігуркі шахматных каралеў з дыяментаў, сапфіраў, рубінаў і паехаў па свеце з надзеяй знайсці таго, хто зможа разгледзець закаваную ў мармур сапраўдную каралеву сярод каштоўных шахматных фігур. Шмат турніраў зладзіў, але ўсе пераможцы, што падыходзілі да стала, бачылі толькі куфэрак з каштоўнасцямі, на сапраўдную каралеву ніхто і позірк не кінуў.
— Як здолеў ты, каваль, заўважыць яе? — напрыканцы свайго аповеду запытаўся кароль.
— І ў халодным бляску белага мармуру я ўбачыў таямнічы погляд дзівосных блакітных вачэй, — прашаптаў юнак.
Так паядналіся лёсы прыўкраснай каралеўны Аладэі і шчырага сэрцам каваля Яўхіма. Закаханыя ажаніліся, а кароль нарэшце суцешыўся, перадаў маладым каралеўства і паехаў па свеце, бо вельмі палюбілася яму вандраваць.
У старым закінутым садзе пасяліліся Жабы. Спачатку была іх ўсяго пара, а праз некаторы час з’явілася цэлая армія гэтых земнаводных. Яны вольна разгульвалі па ўсёй тэрыторыі сада і спраўна сталаваліся натуральнай кухняй. У іх меню ўваходзілі трава, мухі, розныя жукі, кузуркі, камары штовечар мак таўкуць і павучкі, калі ўсе гэтыя кузуркі занятыя сваімі клопатамі Жабы тым часам падкрадваюцца і – “смялей-смялей, сябры на вячэру акурат” – унушаюць сваім ахвярам.
Мусовае і непрыемнае, але безвыходнае, бо дужэйшы і спрытнейшы ніколі нашча не застаецца. А калі, бывае, нават толькі рот адкрываюць, выцягнуўшы свой ліпучы язык і – усё, што лётае ў паветры, поўзае і жыве ў зямлі так і прыцягваецца-прыліпае да яго, нібы да магніта. Асабліва ўпадабалі слізняў ва ўласным саку. Яны заўсёды такія тлустыя і смачныя, што Жабы з задавальненнем смакавалі іх, старанна перажоўваючы і нават не запівалі срэбнай расою. За іх полуднем з цікавасцю, а яшчэ з большай зайздрасцю назіралі ўчарашнія апалонікі. Як толькі каторая з Жаб адскоквала ад стала, маланяты адзін перад адным падпаўзалі, цікуючыся ўхапіць лепшы кусок.
Дык вось. Надвячоркам Гаспадыня пайшла на агарод, што быў непадалёку ад ціхай, хутчэй падобнай да ручая рачулкі, дзе на роўных, як па шнурку, градах раслі агуркі і памідоры, перцы ды радыска. Багата яшчэ якой гародніны. Спатрэбіўся раптам кроп для маладой бульбы. Жанчына ўсяго толькі адзін крок і зрабіла, як пад ногі патрапіла вялікая бурая ды пляскатая Жаба. Яна вылупіла на жанчыну залацістыя вочы, міргае, і здаецца, яе бародаўкі так і шавеляцца. Быццам гатовыя адлучыцца ад цела яе ўладальніцы і паскакаць куды ім захочацца, маўляў, дагані, калі такая ўпраўная, мы тут гаспадарыць будзем. Раптам чуецца:
— Вось хто мае суніцы ўсе павысмоктваў, а цяпер і за клубніцы ўзяўся! - усклікнула незадаволеная жанчына сустрэчай з няпршанай госцяй. І пачала хадзіць па градах, быццам штосьці шукаючы. Пад кожны кусцік ці каліва заглядвае і нешта сама сабе бармоча. — Я вам давярала, а вы …
Пачула гэта адна Жаба, што не паспела пераскочыць сцежку перад градамі.
— Што вы, Гаспадыня? Мы – Жабы сталуемся слізнямі і шматлікімі насякомымі, прычым тымі, што маюць непрыемны пах, і якіх пазбягаюць нават птушкі, - тлумачыла старая Жаба. – Вунь, зірніце бліскучых палосак колькі! Гэта іх, слізняў, дарожкі, што засталіся пасля падарожжа на вашыя грады. Так што прабачце: мы ля градаў вашых часта бываем, аберагаем іх ад розных вусеняў-букашак, саранчы, провалачніка ды мядзьведак, калі чарвяка якога ўпалюем, але нават не дакранаемся ні да вашых суніц, ні клубніц, ква-ква. Некаторыя агароднікі толькі радыя такому суседству, бо мы прыносім карысць, а вы чамусьці нас зневажаеце.
Толькі гэтыя апраўданні Жабы ніколечкі не супакоілі рассерджанай жанчыны.
Раптам зусім побач пранёсся нейкі звярок. У прыцемках толькі буры хвосцік мільгануў. Новага госця жанчына заўважыла і нават здагадалася, што гэта была Ласка. Неаднойчы зімоваю парою бачыла, як гэтая хітруха на карове яе гойсала па хлеве. Усселася між рагоў і як сапраўдны вершнік ганяе карову Малінку па загарадцы. А як тая стамілася, ледзь на ўколенькі не становіцца, пара з яе так і валіць. А нахабная вершніца ў белым кажушку нахінулася і смокча каровін пот між рагоў. А карова схуднела ад такіх скачак, як дошка негабляваная стала. І малако ўраз прапала. Можа, і на градах гэтая з бурым хвосцікам нашкодзіла? Але сваімі сумнівамі ні з адной, ні з другой не падзялілася.
— Паверу на слова, але калі што не так, - працягвала Гаспадыня, - а тым больш хаця б адну, нават самую малую заўважу за гэтым зладзейскім заняткам – пойдзеце за прыманку жыўца ў шатро. Ракі надта вас любяць. У лепшым выпадку – унук у свой тэрарыум пасадзіць. А тую з бурым хвосцікам – на ланцуг. Вось тады ўся воля для вас скончыцца.
Папярэдзіла памагатых, а сама, ўсміхаючыся, успомніла сябе малую. Калі яшчэ толькі вучылася жыццёвай мудрасці, не толькі цягнулася да прыроды, але да ўсяго цікаўнай была.
— Бабуля наша жыла ў вёсцы і мы з братам штолета адпачывалі ў яе. Брат асабліва любіў розных жукоў, павукоў. Жабы таксама былі сярод яго сяброў. І калі бацькі ў чарговы раз нагадвалі пра “дурны занятак”, мы так і не маглі зразумець, чаму ў іх многа розных забарон і тайнаў. І чаму дарослыя не любяць жаб? “Паглядзіце, - казаў ён, — яны ціхія, бяскрыўдныя, не кусаюцца, ядуць розных мошак, матылёў ды чарвякоў. Жабкі разумныя і нават мілыя ды чароўныя! Вось змайструю свой тэрарыум – пабачыце!
Так і зрабіў. Назаўтра прынёс Жабу ў хату, пасадзіў у скрынку з-пад абутку. Сказаў ёй, “каб сядзела ціха, бо калі заўважаць бацькі – вышвырнуць нас удвух на раз-два. Я хутка вярнуся, толькі мух табе налаўлю, мая царэўна.”
Мы з бабуляй былі ў той час на кухні, абед для сям’і рыхтавалі. Я чула, як хтосьці шкрэбся ў лепшай хаце, але маўчала, хаця і была наструнена. Бабуля, занятая справай, не заўважыла як жаба ўжо сядзела ля яе ног.
Брат налавіў поўную жменю мух і заходзіў у хату. Раптам чуе крык: “Ратуйце!” Ад нечаканасці ён расціснуў кулак. Перапалохаўся, падумаў, што я пайшла на кухню ды кіпятком ашпарылася. І з усіх ног кінуўся на голас.
Бачыць – вялікая каструля з кісялём стаіць на падлозе. А ў кісялі, які ён так любіць, яго любая жабка плавае.
— Кісель гарачы? – пытаецца.
Бабуля з перапуду здзіўлена глядзіць на яго. Я ж наадварот – ледзь стрымліваю смех.
— Я думала, што ўнучак мяне супакоіць і прабачэння папросіць, - прамовіла яшчэ больш расчырванелая бабуля, — а ён пра сваю царэўну клапоціцца. – Глядзіце вы, не спяклася!
Жабка вольна плавала ў кісялі і, здзекуючыся з бабулі, лёгка вяславала, а як падплывала да эмаліраванага беражка новага басейна, нырца давала. Затым - і на спіне з перакуленым да столі брушкам, а лапкамі ледзьве варушыла, прыгрэўшыся адпачывала. Быццам яна не ў кісялі, а ў рэчцы ці стаўку якім на спаборніцтвах па спрыту ў плаванні. Бабуля наша зноў крычыць: “Ратуйце!” А каго ратаваць? Брат глядзіць на Жабку. Затым бярэ яе на рукі і прыціскае да сябе.
— Маленькая, перапужалася. Яны заманілі цябе ў каструльку, - кажа брат. – Ты выпадкова не апяклася? Табе, мабыць, кісель спадабаўся, так? Не хвалюйся, цяпер яго смакаваць будзем разам. Жаба паглядала на свайго выхавальніка і як разумная істота здзекліва кідала погляд на бабулю: ну, чаго крычыш! З’ямо мы ваш кісель. І – скок на стол. Бабуля з перапуду выпускае таўкачык, якім таўкла бульбяную кашу да акуркоў, тут падае з шкапчыка шкатулка, а сама, бы тая піянерка, ускоквае на табурэтку.
Я бачу, што забавы брата перайшлі дазволены жарт, схапіла мокры ручнік і замахнулася на Жабу. А тая – скок на падваконне і здзекліва мовіць: “Вы гэта дарэмна зрабілі. Глядзіце, каб потым не шкадавалі! А ты, хлопча - да брата, - зрынуты важак! Гэта ж трэба: каго-каго - мяне, амаль царэўну ды – у цесную скрыню! І не шукай мяне, ашуканец! – абуралася. – Калі спатрэбішся – сама знайду!”
Саскочыла прама на лапкі, лізнуўшы падлогі, ажно храшчыкі вушэй яе зашавяліліся настолькі, што ўвесь гнеўны твар ажно перасмыкнуўся. Агледзілася па баках, і далей ад хаты паскакала.
Брат жа напачатку хваляваўся пасля таго здарэння, а неяк надвячоркам і кажа: “Прабачце нас! І не журыцеся: хутка вы будзеце мець, што душа ваша захоча”.
— З тае пары, - расказвала Гаспадыня, — яшчэ раз надарылася бачыць тую Жабку. На гэты раз за больш незвычайным, хутчэй – таемным заняткам.
— Выходжу сярод начы на панадворак і чую голас, нібыта мяне кліча. Смела іду на яго. Ажно бачу на ржаным полі, што прылягае да майго ўчастка, свет узнімаецца ў неба і выяўна бачна, што ўнізе таго пражэктара знаёмая Жаба вісіць. А свет - усё вышай і вышай, ажно пакуль не ператварыўся ў зорку. Раніцою падняла ўсіх сваіх і – на тое месца. На ржаным палетку былі чатыры рознага дыяметра акуратныя кругі шчыльна ўкладзенай збажыны. Іх цэнтры былі размеркаваны ў выглядзе ўяўнага роўнастаронняга трохкутніка. Была там і неглыбокая цыліндрычная адтуліна, зямля з яе адсутнічала. Побач стаялі Жабіны чаравічкі. А вось зерне ў каласках адсутнічала, хаця ніводная сцяблінка не была зламанай.
Знаёмства тое пачалося, калі Жаба забаўлялася ў сакавіцкай гаючай вадзіцы. Яна брухам да неба ляжала ў зацішнай затоцы ляснога азярка. У самай цёплай і чыстай ды пад ласкавымі сонечнымі праменьчыкамі. Дзе Сонца сутыкалася з Месяцам за пачэсны абавязак свяціць гэтаму дзіўнаму боскаму стварэнню заўсёды і што найярчэй. І Сонца перамагало ў той спрэчцы, бо тыя працэдуры, што зараз прымала бухмаценькая і прыцягальная з залацістымі вочкамі ды ў квяцістым капялюшыку з шырокімі палямі, былі дужа да спадобы. Яе душа радавалася таму супакою і цешылася замілаванасцю і лагодай, а сэрца, якое толькі раніцою трапяталася, як у перапалоханага Верабейкі ад зыркага вока згаладаўшага каршуна, зараз працавала так спакойна і размерана, нібыта гаспадыня яго спіць сабе. Каб так! А яна робіць усё, каб даць сваёй душы парадавацца. А гэта нялёгкі клопат пасля зімовай спячкі: натрапіць на такое прывабнае і спакойнае месцейка, дзе ані каршун цябе падсцеражэ ці качка са шчупаком ды на паўсмерці напужаюць.
І раптам чуецца: “Хто тут дужа моцна квакае?”
Жабка Залацістыя вочы не стрымалася.
— Няўжо смелы такі знайшоўся, каб мне замінаць прымаць сакавіцкія гаючыя ванны? – азвалася ўладная Жаба.
—Ты так моцна квакала, што мне падалося як просьба аб дапамозе! - дружалюбна прамовіў звярок у бурым строі.
— Каб ведала: я не квакаю, а ўсяго падцвярджаю сваю прысутнасць. Каб такія драпежнікі як ты не гойсалі па чужой тэрыторыі і не перашкаджалі развіваць зямную цывілізацыю, — па-філасофску мовіла Жабка. Яна вытарашчыла залатацістыя вочы і часта разяўляла рот. Бедная, ёй, відаць, горача.
— Во як! Крута замахнулася! Зямная цывілізацыя… Я думала, што гэта зялёна-бурая істота толькі і ведае, што купацца ды квакаць без дай прычыны, ажно памылілася. Слухай, а можа ты якая чараўніца?
— Можа і так! Толькі ведай, Ласка, трэба не проста існаваць на гэтым свеце, а Жыць! Жыць і ведаць, што заўтра рабіць будзеш. А не так, як той аднадзённы Матылёк, — старалася патлумачыць Жабка. – Паслухай гэтыя замілаваныя спевы птушак: настрой адразу ўзнімецца. Гэтыя жыццясцвярджальныя мелодыі нададуць свежых сіл і рамантыкі. Запомні: прырода ўмее гаварыць, ствараць настрой і лагоду!
— Як гэта?
— Вельмі проста! Адпачыўшы, я бываю вельмі актыўнай. Магу выратаваць не толькі ўраджай, а і самога Чалавека, яго жыццё, а не толькі птушак.
— Замахнулася, я ды я! – усё болей распальвала ўласны хваласпеў суседкі.
— А так! Чалавека выратоўваю, аберагаючы яго ўраджай ад розных ядавітых шкоднікаў. А птушак і падаўна магу! Любую, самую вялікую птушку выратаваць! Хаця б Арла! Лічынкі каларадскага жука, якія смярдзяць горш за свежы гной, ты з’ела б?
— Якая брыдота, - зморшчылася Ласка. – Я больш за твайго ратую ўсё і ўсіх. Знішчаю мышэй і землярыек палёвак, кратоў і багата чаго яшчэ. А мышэй магу да сотні за дзень спаймаць! А яшчэ я і ўзімку ежу для сябе магу здабыць нават з-пад снегу. Я – вельмі мілае стварэнне! А ты, бачу, ужо паразвешвала на нітках сваю ікру. Галавасцікі хутка з’явяцца. А тое без мяне і ставок не выкапаеш. Сядзіш пад дошкамі за лазняй, і сядзі сабе. І як гэта сюды выбралася! Няўжо шчэ не адагрэлася ад зімовай спячкі?
— З’явяцца, не з’явяцца… Табе які клопат? Ды не хваліся ты сваімі здольнасцямі. А выбралася я сюды таму, што трэба мне паразважаць пра будучыню.
Хацела Ласка сказаць пра тое, што драпежнік яна страшны, які хатнюю жывёлу заганяе да знямогі, і курэй вясковых нахабна крадзе, і галубоў лясных спрытна, і нават яе суродзічаў, жабак, гнеўна знішчае. Вырашыла, што лепш у такім вы́падку змаўчаць.
— Усё ж даслухай, Ласка, прашу цябе! Вось я і кажу табе, што і птушкі лічынкі каларадскага жука не ядуць. Я ж выконваю яшчэ адну карысную функцыю: ратую і вас, спадарыня Ласка, ад немінуемай гібелі, - пераможна закінула ўго́ру галаву Жабка Залацістыя Вочы. — Хаця б падзякаваў каторы, ці што! Вось табе маеш выхаванне…
— Ой! – знайшла чым хваліцца.
— Ану, злазь з дрэва! Я табе зараз пакажу як сакатаць без дай прычыны! – раззлавалася Залацістыя Вочы. — Бач, якая хітрая знайшлася, - разважала пра сябе, — зусім не дружалюбная: то лашчыцца, то шыпіць, як змяя, то па-сарочы чырыкае, то па-мышынаму пішчыць! І хто толькі ЛаСкаю яе назваў? Лепш ужо б ЛаЗкай была. Дасужая надта. Назва і тая хітрая.
Раз’ятраная праворная Ласка ўжо было прыціснулася ніжэй да бярозы і хацела накінуцца на Жабу, але ўбачыла вадзянога пацука. Яшчэ колькі хвілін цікавала з вышыні, цыкала, ашчэрыўшы зубы, распальвала свой азарт і – плюх! Маланкава вухнула ў ваду, што ніводнай пырскі не было, як добры плывец, а найперш – як прафесійны паляўнічы. І тут жа трымала ў вострых зубах вялікага пацука.
— Во як бывае! Прылашчаць цябе, а ты й абманеш. Не трэба мне такая пяшчота. — Хаця, - Жабка Залацістыя Вочы нарэшце адступіла спрачацца і пачала расхвальваць Ласку, — няхай ты маленькая, але смелая, дужая і спрытная. І гібкая, нібы гімнастка.
— Нібы гарнастай, - удакладніла Ласка.
Жаба хацела сказаць пра яе агрэсіўны характар драпежніка і куртаты хвост, нібы адростак які, не тое, што ў вавёркі ці ў куніцы або ў таго ж гарнастая. Стрымалася. Вырашыла, што лепш з ёю сябраваць, чым варагаваць. “А раптам яна ведае пра нашыя сямейныя тайны?” разважала пра сябе.
— Шчыра прызнаюся: мне вельмі падабаецца твой зімовы кажушок. Беленькі, як у сапраўднай нявесты.
— Гэта так. А ты можаш быць уважлівай! - Ласка прыязна ўсміхнулася.
— Яшчэ як! А памятаеш, калі ты мінулым летам карміла сваю араву з дванаццаці малых і наляцеў вялікі, быццам страшны змей які, каршун? Хто вас выратаваў?
— Здаецца, Вадзяны Верабейка!
— Не прыкідвайся, Ласка! І не раздражняй мяне! – пачала нервавацца Залацістыя Вочы. – Хочаш, каб я шчэ раз той стрэс перажыла? Я тваё сямейства выратавала! Маіх галасавых паведамленняў голасам пажарнай сірэны і спрытнымі скачкамі па спіне таго драпежніка з мацнейшымі баксёрскімі ўдарамі па яго гарачай галаве хапіла, каб ён назаўжды забыўся пра наш цудадзейны куточак прыроды.
— Дык гэта ты была? Во як! Скажы, наўкола так гожа і загадкава, - хітрая ўхмылка з’явілася на мордачцы Ласкі. І, як-быццам, нічога не павінна сказаць за выратаваных дзяцей, распачала сваю песню пра адну цікавую ёй гісторыю.
— Кажуць, быў такі вы́падак. Шчупак падслухаў, як адна Жаба клікала малых жабянят клёцкі з мух есці. Пакуль малыя збіраліся, той узяў ды з’еў усе да адной тыя клёцкі. Малыя, калі вярнуліся, дужа разгневаліся на маці. Думалі, што маці кпіны састроіла і перакулілі жытло ўверх дном. Жыхары падводнага царства рады не далі з тым гняздзечкам: не паддаецца адвярнуць на сваё месца. Сабраліся вакол яго. А побач - палена азызлае водарасцямі пакрытае. Гэта быў Шчупак, ён тут жа перакінуўся ў кола. Падплывае чорны і тлусты Сом з доўгімі вусамі і пытае: “Што за праблемы састроілі?” – дый адкуліў тое кола.
— Адкуліў і што? – не стрымалася Залацістыя Вочы.
— А тое, што іх сямейства… Нават не ведаю як гэта выказаць словамі. — Адкуль толькі што ўзялося ў тых жаб! Усё ў іх пайшло ладам: і жытло, і стравы смачныя, і адпачынак па плану. І бацькі і дзеці цешацца.
— Няўжо ўсе, вось так у адно імгненне сталі шчаслівымі?
— Толькі адна самая малая Жабка з імем Мара нешта дужа сумная ды сумная. Ніхто не думаў, што яна даўно закахалася.
Маці Жаба Залацістыя Вочы не хавала сваёй радасці, калі даведалася, што яе самая маленькая дачушка знайшла чарадзейную жамчужынку. Яшчэ б не радавацца!
— Мама, усю ноч мне снілася та-акое! Быццам я з нейкім файным хлопцам Жабкай заплыла ў адну невядомую за блізкім светам, за вялікімі барамі, за глыбокімі водамі і чужымі землямі раку ў акіяне, якая ніколі не высыхае. Нават калі моцная засуха. Быццам і не разліваецца ў час разводдзя. Цікава, што ж гэта за рака такая? І што яе стрымлівае быць такой паслухмянай?
— Ведаю такую раку! Была там аднойчы, - мовіла матуля. – Берагамі яе і руслам служаць слаі сцюдзёнай вады, між якімі хутка струяцца яе цёплыя сінія воды. Гэта – Гольфстрым, дачушка! Цячэнне такое.
— Ух ты! – здзівілася Мара. – А яшчэ сніліся горы жэмчугу. Быццам я імі так захаплялася, перабірала і цешылася той прыгажосцю. Прымярала кара́лі белага, жоўтага, чорнага колераў. Найбольш спадабаліся белыя. І мне хтосьці начапіў іх, - апавяла Мара. Такія доўгія і прыгожыя-прыгожыя! Паўтысячы жамчужын!
— Гэта азначае, што цябе, дачушка, чакае вялікае і ўзаемнае каханне, - адказвала радасная маці.
Непадалёку ў суседнім стаўку жыла сям’я вельмі заможных жаб. У іх заўсёды было шмат у запасе розных вяленых конікаў і засушанай саранчы. Некаторыя нават звалі іх Жабамі-князямі. Дык вось, сын іх ведаў, што менавіта на яго, як на працяг свайго “князёўнага кораня” адна надзея. І было таму Жабке-князьку маладому з малых год усякае патуранне і балаўство. Але ён даўно вырас і стары князь Жаба пабудаваў яму прыгожае і вялікае жытло. Тут малады Жабка і задумаць знайсці сабе нявесту. Ужо і падарунак для яе падрыхтаваў: сямейныя жамчужныя каралі часоў яго пра-пра-бабулі князёўны. Але хтосьці знайшоў іх і, напэўна, забаўляючыся згубіў адну жамчужынку. Вось ён і апавёў на ўсю акругу, што тая жонкай яго будзе, каторая жамчужыну з гэтых караляў прынясе.
І пайшлі-пацягнуліся да яго цэлыя шэрагі маладых жабак-дзяўчат. І кожная несла нейкую бразготку – розных колераў і памераў. Кожная жабка намагалася запэўніць, што менавіта гэтая жамчужына і ёсць тая самая, што знікла з караляў яго заможнай бабулі Жабы. Маладому князю Жабке надукучыў такі занятак і на другі дзень ён апавёў больш дакладную ўмову: толькі белыя і дакладнага памеру і формы павінны быць жамчужынкі.
Яшчэ і дзень, і два, і тыдзень працягваліся чэргі з нявест-жабак. І вось аднаго дня, надвячоркам, калі малады княжыч Жабка уже дастаў вяленых конікаў, каб павячэраць, тут ў дзверы праціснулася маленькая Жабка Мара. Перапалохаўся малады Жабка ад нечаканасці, а Мара і кажа:
— Зірні, калі ласка, вось на гэтую жамчужынку! – і падала яе ў лапкі княжычу Жабке.
Узрадаваны, а яшчэ больш усхваляваны такой нечаканасцю ён уздзеў на каралі і лагодна ўсміхнуўся:
— Дык гэта ты знайшла маю жамчужынку?
Жабка ў тое ж імгненне засвяцілася ад перапаўняючага яе шчасця. Яны ўзяліся за лапкі, іх вочы сустрэліся, а на шыі маладой Мары зіхацелі-пазвоньвалі жамчужныя каралі.
Наперадзе іх чакала доўгае і шчаслівае жыццё. А найперш - незабыўнае падарожжа да “ракі з цёплым цячэннем”. Так сон малой жабкі ператварыўся ў яву.
Антону Смаленскаму 21 год. Ён нарадзіўся і вырас у горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці. Зараз хлопец працуе літаратурным рэдактарам і кампазітарам да спектакля «Палачанка» (па матывах А. Дударава) у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача.
– Па начах я пішу музыку да спектакля, нешта прадумваю і разумею: тэатр – гэта вялікая прыступка для развіцця майго творчага патэнцыялу і тое месца, куды мне пашчасціла трапіць. Менавіта тут людзі пастаянна знаходзяцца ў творчых пошуках.
Антон скончыў музычную школу па класе баяна і фартэпіяна, займаўся ў харавым ансамблі, але зразумеў, што яму там «цесна». Пасля заканчэння навучальнай установы ён развіваў свае навыкі ў вакальным калектыве роднага горада, займаўся ў нядзельнай школе, дзе спяваў і атрымліваў духоўную падтрымку. Юнак кажа, што яго заўсёды цягнула да музыкі і першыя кампазіцыі ён напісаў, калі яму было 12 гадоў.
– Антон, што вас натхняе і матывуе?
– Гэта можа быць пэўная жыццёвая дробязь, на першы погляд, нязначная, так і нешта больш глабальнае. Напрыклад, творчасць іншага чалавека.
– Пасля якіх жыццёвых момантаў нараджаецца ідэя для напісання песні?
– Пасля таго, што можна змясціць у адно слова – перажыванне, бо ўсе мы сутыкаемся з пакутамі і радасцямі, якія праходзяць праз наш унутраны свет.
–Музыка робіць вас шчаслівым?
– Яна можа прабраць з галавы да пят. Прычым у абсалютна любым выглядзе: вакал, інструмент або нават штучнае гучанне.
Сярод рэчаў, якія робяць хлопца шчаслівым, не толькі музыка, але і складанне вершаў, напісанне прозы, чытанне кніг, якое ён лічыць не вольным часам, а працай. Цікава, што ў літаратуры Антон знайшоў мастацкі вобраз-фаварыт – жанчына, якая шукае сваё месца ў жыцці.
– Яны моцныя і трагічныя, – кажа хлопец.
Увосень 2024-га года Антон разам з блізкай сяброўкай Юкай запусцілі праект «NEDVA». Праект накіраваны на згуртаванне з іншымі маладымі людзьмі, на тое, каб адчуваць і чуць адно аднаго, калі выконваецца трохгалоссе. «NEDVA» – гэта пра супрацоўніцтва і адчуванне беларускай музычнай прасторы.
– У 2024 годзе я паспрабаваў узяць удзел у тэлевізійным праекце Фактар.by. Гэта дало мне вопыт, паказала памылкі і недахопы, якія трэба выправіць. У першую чаргу, буду спраўляцца з хваляваннем, бо яно з’яўляецца адной з галоўных прычын занявольвання чалавека самім сабой.
У падлеткавы перыяд у жыцці хлопца здарыўся пераломны момант, калі ён вырашыў, што больш не будзе займацца музыкай, а звяжа сваё жыццё з журналістыкай.
Прычынамі вучыцца на журфаку юнак называе выкладчыцкі склад і амбіцыйных людзей побач. Антон лічыць, што прафесія журналіста – гэта не нешта вузкаспецыяльнае, бо яна дае магчымасць бачыць шырэй і чытаць глыбей.
– Мае аднагрупнікі да 4 курса не ведалі, што я спяваю і займаюся музыкай. Тое, што сапраўды тваё, ніколі не ўцячэ, а вернецца зноў. Зараз у маіх планах атрымаць вышэйшую музычную адукацыю.
Нароўні з такімі суперздольнасцямі, як лётаць, чытаць думкі іншых людзей і тэлепартавацца, Антон марыць не спаць наогул, каб рабіць у два разы больш! А пра ўласны дэвіз па жыцці хлопец кажа так:
– Вылучыць фразу, якая апісвала б мае жыццёвыя арыенціры, практычна немагчыма. На сённяшні момант любімай стала гэта: «Чалавек вытканы з супярэчнасцяў. Калі спазнаеш абсурднасць тых ці іншых жыццёвых правілаў, не заўсёды варта ад іх адмаўляцца. Гэта нармальна – у бессэнсоўнасці шукаць сэнс».
Спявачка Ірына Вярковіч «Ніколі не ўзнікала думкі — застацца жыць за мяжой»
На поўдні Гродзенскай вобласці размясціўся Слонімскі раён, утвораны ў 1940 годзе. Адміністрацыйны цэнтр знаходзіцца ў Слоніме, горадзе з багатай гісторыяй і ўнікальнымі славутасцямі.
У нашы дні гэты рэгіён з’яўляецца добрым прыкладам таго, як невялікі горад можа быць адным з цэнтраў турыстычнай актыўнасці. Унікальная архітэктура, неверагодный прыгажосці прырода, шмат знакавых месцаў — усе гэтыя фактары спрыяюць развіццю і далейшаму прыцягванню гасцей, а магчыма і нават жыхароў.
З мэтай прадэманстраваць турыстычны патэнцыял Слонімшчыны Нацыянальнае агенства па турызму арганізавала адмысловы семінар для прадстаўнікоў турыстычных арганізацый і сродкаў масавай інфармацый, падчас якога ўдзельнікі змаглі адкрыць для сябе горад с самага цікавага боку.
Слонім называюць горадам трох канфесій — хрысціянскай, мусульманскай і іудзейскай, што абумовіла вялікую разнастайнасць храмаў і архітэктурных помнікаў на яго тэрыторыі. У гістарычным цэнтры Слоніма, на левым беразе ракі Шчары стаяў драўляны замак Льва Сапегі, а потым палац Міхаіла Агінскага. Ад былой велічы захаваўся толькі заезджы дом, пабудаваны ў другой палове 18 стагоддзя.
Што яшчэ цікавага і гістарычна важнага можна сёння паглядзець у прыгожым Слоніме, чытайце далей.
Калі вы прыедзеце ў Слонім, прапануем вам пачаць сваё падарожжа з Альберціна — былога пасёлка, мястэчка, маёнтка, а цяпер наваколляў Слоніма. ХІХ стагоддзя. Да гэтага там была толькі сядзіба. Пуслоўскіх, ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альберцінаў былі закладзены палац, флігель, стайня, парк, а таксама адкрыта некалькі прадпрыемстваў.
Усе войны апошніх двух стагоддзяў не абышлі Альберцін бокам. 19 ліпеня 1812 года праз гэтую тэрыторыю адыходзіла другое рускае войска пад камандаваннем Пятра Баграціёна. Пасля яе адступлення ў палацы Пуслоўскіх размясціўся штаб 12-га аўстрыйскага корпуса генерала Шварцэнберга. Войцэх Пуслоўскі і яго сям'я падтрымалі французскае войска Напалеона Банапарта, які абяцаў аднавіць Вялікае княства Літоўскае.
Праз 18 гадоў Войцэх Пуслоўскі разам са сваімі сынамі і ўнукамі актыўна падтрымае шляхецкае паўстанне на тэрыторыі цяперашніх Беларусі і Літвы ў працяг паўстання ў Польшчы за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Пуслоўскія таксама падтрымалі паўстанне ў 1830–1831 гадах пад кіраўніцтвам Міхала Валовіча. Сын Войцэха Пуслоўскага — Цітус Пуслоўскі — створыць паўстанцкі атрад колькасцю каля 1000 чалавек. У атрад Цітуса ўваходзіла нямала працоўных і тэхнікаў суконнай фабрыкі яго бацькі. У атрадзе Міхала Валовіча былі ў асноўным сяляне. Сродкі паўстанцам падалі Войцэх Пуслоўскі і бацька Міхала Валовіча — Казімір Валовіч.
Назва сядзібы Пуслоўскіх «Альберцін» звязана з трагічнай гісторыяй. Яна названа ў гонар аднаго з сыноў Пуслоўскага — Альберта, які знік пры нявысветленых абставінах. Па адной версіі ён патануў у возеры падчас прагулкі, па іншай — бясследна знік разам з сямейнымі каштоўнасцямі, хаваючыся падчас паўстання. Існуе нават фантастычная версія аб тым, што Альберт Пуслоўскі патрапіў у часовую пятлю, бо пры пошуках не было выяўлена нават намёку на яго след. Паколькі забіты горам бацька заўсёды ставіўся да сына з асаблівым пачуццём, Войцех вырашыў назваць сядзібу яго імем.
Сядзібны комплекс уключаў тры асноўныя аб'екты:
Акрамя галоўных дамоў, на тэрыторыі размяшчаліся жыллё для слуг, стайня, вяндлярня, млын, маслабойня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Побач з сядзібай быў разбіты парк.
Сям'я Пуслоўскіх валодала некалькімі прадпрыемствамі і была даволі забяспечанай, таму маёнтак адпавядаў высокаму статусу гаспадароў. У сядзібе праводзіліся балі і шляхетныя прыёмы, ладзіліся тэатральныя паказы. Унутры захоўваліся багатая бібліятэка, калекцыя італьянскага жывапісу, фамільныя каштоўнасці.
Зараз сядзіба знаходзіцца на рканструкцыі. Толька пасля рамонтных работ будзе вядома, які аб'ект Слоніма там будзе размешчаны. У былых стайнях каля Палаца зараз знаходзіцца вялікі аграсядзібны комплекс, дзе жадаючыя могуць адпачыць і атрымаць асалоду ад самаго факта багатай гісторыі гэтых мясцін.
1 студзеня 1990 года ў Слоніме пачаў працаваць дзяржаўны драматычны тэатр, рэжысёрам і рэжысёрам у адной асобе быў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч.
Будынак тэатра з'явіўся на месцы былога народнага дома, пабудаванага з цэглы ў 1900 годзе ў стылі ўтылітарнай архітэктуры. Ад былога народнага дома захавалася некалькі старых сцен. А новы будынак у спалучэнні са старым стварыў прыгожы будынак тэатра ў цэнтры горада.
Старыя сцены тэатра памятаюць, і калі б яны ўмелі гаварыць, то расказвалі б пра спектаклі вялікіх артыстаў XX стагоддзя, таму што бачылі іх на сваёй сцэне. Гэта Фёдар Шаляпін, Галіна Вішнеўская, Ян Капура, Міхась Забэйда-Суміцкі, Наталля Арсеньева і дзясяткі іншых. У 2015 годзе на будынку тэатра з'явіўся памятны знак, прысвечаны Міхалу Казіміру Агінскаму (аўтар Леанід Богдан) – дзяржаўнаму і вайскоўцу дзеячу Рэчы Паспалітай, пісьменніку, кампазітару, жыццё і дзейнасць якога ў другой палове XVIII стагоддзя былі звязаны са Слонімам.
Сёння тэатр актыўна працуе. У рэпертуары самыя розныя пастаноўкі: ад камедыйных да патрыятычных. Глядзець спектаклі прыязджаюць госці з розных рэгіёнаў нашай краіны.
Ледзь удалечыні ад асноўных славутасцяў Слоніма размешчаны фарны касцёл Святога Андрэя, які мы раім абавязкова ўключыць у спіс месцаў для наведвання падчас паездкі ў раённы цэнтр.
Фарны касцёл Святога Апостала Андрэя ў Слоніме — помнік архітэктуры стылю позняга барока. Да таго як касцёл Святога Андрэя быў узведзены ў камені, на яго месцы стаяў драўляны касцёл, пабудаваны па ўказе Казіміра Ягелончыка ў 1490 годзе. Аднак у ходзе руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў драўляная святыня згарэла. Будаўніцтва вялікага мураванага храма пачалі ў 1770 годзе. Праз 5 гадоў будаўніцтва скончылася, і храм асвяцілі.
Падчас наведвання славутасці звернеце ўвагу на вежы храма: яны стаяць пад вуглом да фасада і такім размяшчэннем акцэнтуюць увагу на яго пластычнасці і вытанчанасці. Інтэр'ер унутры каталіцкага храма аформлены ў стылі ракако. Сцены касцёла ўпрыгожаны роспісам і ляпнінай.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў Слоніме – частка архітэктурнага комплексу кляштара бернардынак, гісторыя якога пачынаецца ў 1645 годзе, калі на ахвяраванне Канстанціна Юдзіцкага пачынаецца яго будаўніцтва. У 1648 годзе бернардынкі перабраліся ў новы драўляны манастыр, пабудаваны спецыяльна для іх.
Крыху пазней, у 1664 годзе, пачынаецца ўзвядзенне касцёла бернардынак, якое завершыцца да 1670 года. У 1696 годзе касцёл асвяціў арцыбіскуп Віленскі Канстанцін Бжастоўскі.
У 1751 годзе пачалася мадэрнізацыя састарэлага храма. Алтары і ўнутранае ўбранне для бернардынскага касцёла ў 1751-1764 гг. выканаў скульптар-дэкаратар Іаган Гедэль па эскізах віленскага архітэктара Іагана Глаўбіца. У 1764 годзе да старога будынка прыбудавалі мураваны манастыр.
Касцёл, у тым выглядзе, у якім ён захаваўся да нашых дзён, адноўлены ў 1793 годзе пасля пажару пад кіраўніцтвам архітэктара І. Авадовіча. Храм спалучае ў сабе рысы барока, ракако, класіцызму.
Ва ўсе часы свайго існавання касцёл ніколі не быў зачынены.
Праабражэнская царква з'явілася ў Слоніме яшчэ ў XVI стагоддзі, але ў 1848 годзе поўнасцю згарэла падчас моцнага пажару. У тыя часы беларускія землі ўжо ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, і было вырашана адрадзіць праваслаўны храм у суседнім каталіцкім.
Да таго як будынак быў перададзены Спаса-Праабражэнскай царкве, тут размяшчаўся касцёл Божага Цела кляштара канонікаў латэранскіх. Манахаў гэтага ордэна запрасіў сюды маршалак літоўскі Ян Станіслаў Сапега ў 1650 годзе.
Пасля скасавання каталіцкага манастыра ў 1845 годзе і перадачы касцёла праваслаўнай канфесіі святыня захавала сваю ранейшую структуру, «упрыгожыўшыся» мінімумам псеўдарускага дэкору. Але для большай пераканаўчасці перад храмам узвялі трох'ярусную званіцу.
У 1963-м храм, ужо дастаткова моцна разбураны падчас вайны, узарвалі, і ён зноў знік з карты Слоніма. Нягледзячы на гэта, гісторыя сабора працягваецца. У 1994 годзе пачалося будаўніцтва новай царквы, якая па формах нагадвае ранейшую. Цяпер велічная праваслаўная святыня нараўне з храмамі іншых канфесій упрыгожвае цэнтр горада.
Скульптура ўпрыгожвае гістарычны цэнтр горада. Вышыня бронзавай статуі разам з гранітным пастаментам вышэй за 4 метры. Аўтары помніка скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін.
Леў Сапега — значная гістарычная фігура для горада. Некалі выдавец Статута Вялікага княства Літоўскага быў старастам старажытнага горада, пры ім Слонім актыўна развіваўся. За час кіравання Льва Сапегі Слонім стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Былі пабудаваны ратуша, гандлёвыя рады, цэхі рамеснікаў, склаўся гістарычны цэнтр горада з брукаванымі вуліцамі, плошчамі і мастамі. Па яго хадайніцтве ў 1591 годзе гораду было прысвоена Магдэбургскае права, падараваны герб, на якім намаляваны леў, які трымае залатую стралу.
У цэнтры горада над Шчарай захаваўся найстарэйшы помнік Слоніма — Галоўная сінагога, пабудаваная ў 1642 годзе. Квадратнае цаглянае збудаванне пад высокім дахам з'яўлялася галоўным архітэктурным аб'ектам старога гандлёвага пляца. Акрамя таго, сінагога стала адным з важных вузлоў у сістэме абарончых збудаванняў горада.
У Слоніме дзейнічалі адразу некалькі малельных дамоў, аднак духоўным цэнтрам жыцця іудзейскай абшчыны заўсёды заставалася Галоўная сінагога.
Пасля вайны будынак сінагогі быў прыстасаваны для розных гаспадарчых патрэб. Апошнім, што было ва ўнікальным помніку архітэктуры і гісторыі, быў склад мэблевай крамы. З сярэдзіны 90-х гадоў XX стагоддзя сінагога пуставала, паступова прыходзячы ў заняпад. Храм шмат разоў спрабавалі прадаць, аднак жадаючых набыць ва ўласнасць аб'ект, які мае гістарычны статус, было няшмат. У канцы 2020 года будынак купіла пісьменніца з Мінска, але праз некаторы час будынак вярнуўся ў дзяржаўную ўласнасць. Новым гаспадаром будынка былой слонімскай сінагогі стаў расіянін, які набыў яго за 42 рублі. Ва ўладальніка ёсць некалькі гадоў, каб увесці будынак у эксплуатацыю і захаваць яго ўнікальнасць.
Музей пад адкрытым небам. Якія месцы ў Полацку вы дакладна не забудзеце?
У галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі адкрылі выстаўку Ксеніі Місан-Быстровай «Міленіум», у якой сабраны работы мастачкі за апошнія сем гадоў.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 яркіх жывапісных і графічных работ, напоўненых мноствам дэталяў і сімвалаў. Мастачка ўмее працаваць у разнастайных тэхніках — батык, роспіс, барэльеф, дэкупаж, кераміка, жывапіс, графіка. І дасягае выразнасці менавіта змешваннем розных стыляў і тэхнічных сродкаў. Экзатычныя і міфалагічныя карціны выстаўкі быццам зацягваюць гледача ў фантастычнае падарожжа па галактыцы і арбітах аўтарскага ўяўлення.
Мастацтва як эмоцыя. Асаблівасці выстаўкі Ксеніі Місан-Быстровай і Ірыны Гаспадарскай
Напоўненыя мноствам дэталяў і сімвалаў работы адметныя дэкаратыўнасцю. Выразнасці аўтар дасягае змешваннем стыляў і тэхнічных сродкаў, абапіраючыся шмат у чым на эмоцыі ды інтуіцыю.
Маляўнічыя выявы жывапісна блішчаць і ззяюць, развіваючы ў форме і каларыце вытанчанасць, гатычнасць, экзатычнасць і міфалагічнасць адметных ідэй. «Міленіум» – мноства знакавых вобразаў, безліч глыбокіх
сэнсаў, тысячагоддзе ведаў, мяжа эпох, значная веха ў жыцці аўтара, увасобленае фантастычнае падарожжа па галактыцы і арбітах аўтарскага ўяўлення.
Сімвалізм Ксеніі Місан-Быстровай. Выстаўку мастачкі адкрылі ў галерэі «Універсітэт кльтуры»
Адкрываючы выстаўку, загадчык секцыі «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Уродніч адзначыў, што кожны чалавек, незалежна ад датычнасці да мастацтва, шукае сваё дакрананне да прыгожага, сакральнага, таго, што здольна аб'ядноўваць людзей у агульным імкненні, падыходзе.
— Я віншую гаспадыню вернісажа за смеласць, за выхад на аўдыторыю, — падкрэсліў на адкрыцці Уладзімір Уродніч. — Мы, людзі творчыя, спяваем песню пра Радзіму, і яна гучыць рознымі галасамі. І мне так здаецца, што галасавая інтанацыя Ксеніі Місан-Быстравай у ёй гучыць як водгук у сэрцах людзей.
Мастачка падкрэсліла, што адкрыццё дадзеннай выстаўкі — значная падзея ў яе жыцці, таксама аўтар адзначыла і прэстыж пляцоўкі, дзе экспануецца праект: «Спадзяюся, «Міленіўм» будзе паднімаць настрой наведвальнікам, бо праходзіць выстаўка напярэдадні Новага года. Тут прапанаваны работы розных перыядаў, але яны ўдала аб'ядналіся ў адно цэлае. Назва, лічу, сімвалічная, і яна звязана з многімі падзеямі ў маім жыцці, якое і натхняе на творчасць, прыносіць ідэі. Мне здаецца, у іх я нават знаходжу адказы на пытанні, якія сама сабе задаю. Была б радая, калі б людзі ў іх таксама ўбачылі нешта свае, новыя сэнсы».
«Міленіум» — мноства знакавых вобразаў, мноства глыбокіх сэнсаў, тысячагоддзе ведаў, мяжа эпох, значная вяха ў жыцці аўтара, увасобленае фантастычнае падарожжа па галактыцы і арбітам аўтарскага ўяўлення.
Творчы пачатак мастачкі выявіўся даволі рана. Калі Ксенія вучылася ў другім класе фізіка-матэматычнай школы, дзяцей тэсціравалі на здольнасці да малявання. З 42 вучняў класа адабралі некалькі чалавек, у тым ліку Ксенію. Так вызначыўся яе жыццёвы шлях.
Ксенія Місан-Быстрава скончыла факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Пры яе ўдзеле выдадзены шэраг хрэстаматый і навучальных дапаможнікаў для школьнікаў. Ксенія працавала мастаком-мультыплікатарам кінастудыі «Беларусьфільм», выкладчыкам дэкаратыўнага мастацтва ў Цэнтры дзяцей і моладзі.
Падарожжа па глактыкам. Космас у жывапісе беларускіх мастакоў
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна запрашае сваіх гасцей і чытачоў наведаць персанальную мастацкую выстаўку «Іншымі вачыма» беларускай мастачкі, дэкаратара, дызайнера і ілюстратара Ганны Сямілетавай.
Жывапіс, прадстаўлены на выстаўцы, апісваецца аўтарам як своеасаблівы партал у іншае вымярэнне — свет фантазіі, яркіх фарбаў і мудрагелістых вобразаў. У гэтым намаляваным свеце магчыма ўсё, што заўгодна, трактоўка кожнай карціны абмежавана толькі палётам фантазіі канкрэтнага гледача. Адначасова з гэтым, кожная карціна Ганны Сямілетавай нясе ў сабе адбітак асабістага, амаль інтымнага маналогу на адвечныя тэмы нашага жыцця — кахання, пошуку шчасця, узаемаадносіны людзей, сувязь з прыродай і многае іншае.
Жывапісу Ганна Сямілетава навучалася ў Мінскім каледжы мастацтваў, пазней скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. На працягу пятнаццаці гадоў мастачка піша карціны маслам на палатне, ладзіць майстар-класы і займаецца стварэннем мастацкіх работ пад індывідуальныя інтэр'еры заказчыка.
Персанальная выстаўка «Іншымі вачыма» дазваляе кожнаму яе гледачу на час адкласці імгненныя клопаты і справы і перанесціся ў вымярэнне фантазіі і ўяўленняў. Мудрагелістыя і нечаканыя выявы, напісаныя мастачкай, нясуць у сабе мноства сэнсаў і адсылак на культурныя і гістарычныя феномены, знаёмыя ўсім і кожнаму.
На карцінах Ганны Сямілетавай усё не тое, чым здаецца на першы погляд, але варта прыгледзецца больш уважліва, і можна заўважыць падабенства хатняга ката з старажытнаегіпецкай скульптурай Сфінкса, тое, як самотная фігура пад начным ліхтаром быццам узнімаецца ў неба, падхопленая «промнем» іншапланетнага кораба , а сярод звыклых панэльных высотак размясцілася «пернікавая хатка» наўпрост з казак братоў Грым. Кожная з работ, прадстаўленых на выстаўцы, мае мноства трактовак і тлумачэнняў – у залежнасці ад таго, наколькі вы гатовы даць волю сваёй фантазіі, даверыцца аўтару і паглядзець на навакольны свет вачыма мастака.
Творчасць мастачкі ў большасці сваёй заснавана на яркіх успамінах з дзяцінства, юнацкасці і ўжо дарослага жыцця.
На сваіх карцінах Ганна Сямілетава адлюстроўвае вобразы рэальных месцаў, падзей, людзей, ператвараючы іх у нечаканыя і арыгінальныя мастацкія метафары, якія з'яўляюцца адлюстраваннем унікальнага погляду мастачкі на ўсё, што яе акружае.
На адкрыццё выстаўкі ў Мінскай абласной бібліятэцы прыйшлі блізкія і сябры мастачкі, знаёмыя і былыя вучаніцы аўтара. Для сваіх гасцей гаспадыня вечара падрыхтавала аповед пра творчасць, у якой пазнаёміла з канцэпцыяй выстаўкі і сваім светаадчуванні як мастачкі. Поглядам з боку на творчасць Ганны падзяліўся і яе муж, беларускі жывапісец Іван Сямілетаў.
Госці праекта ўбачылі Ганну Сямілетаву як мастачку, якая нясе ў жыццё радасць і дабро. Яе кранальная ўсмешка, так як і яскравыя сонечныя работы, выклікаюць жаданне быць шмачлівымі і шчырымі. Яркія колеры і пазітыўнае мысленне — менавіта з гэтымі складнікамі асацыіруецца асоба аўтара.
Асабліва прыемна зайсці на выстаўку гэтымі шэрымі лістападаўскімі днямі, тут вы зможаце вынырнуць са сваёй штодзённай рэальнасці і паглыбіцца ў свет фантазій і яркіх падзей, атрымаеце неверагодны зарад добрага настрою.
Жыццё — яно зараз. Праект Кацярыны Жучэнка як магчымасць зразумець сябе
У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбылося адкрыццё выстаўкі «Viva Kola Art. Абранае». Тут госці могуць убачыць работы пераможцаў конкурсу «Viva Kola Art 2023», а таксама лепшае мастацтва з унікальнай калекцыі Веласіпеднага клуба «Мінск».
Viva Kola Art — гэта адначасова і выстаўка, і рэспубліканскі мастацкі конкурс. Праект быў запушчаны ў 2023 годзе і маментальна здабыў папулярнасць. Такога гарманічнага сінтэзу спорту і мастацтва ніхто яшчэ не бачыў.
— Першы сезон праекта атрымаўся, таму мы вырашылі яго прадставіць у такім выбраным варыянце, — падкрэсліў на адкрыцці генеральны дырэктар велаклуба «Мінск» Аляксей Іваноў. — Вялікі дзякуй аўтарам, якія падтрымалі нас, якія ў нас вераць.
Першапачаткова ўсе работы, прадстаўленыя на Viva Kola Art, былі прысвечаны толькі веласпорту, аднак конкурс стаў развівацца шырэй, далучыўшы да сябе і хакей, і біятлон, і гімнастыку, і лыжныя гонкі, і тэніс. Ініцыятыву падтрымаў і Нацыянальны алімпійскі камітэт, які станоўча паставіўся да ідэі адраджэння алімпійскага партрэта.
У межах галерэі размясцілі разнастайныя арт-аб'екты і прадметы мастацтва, так ці інакш звязаныя з коламі, роварамі і адпаведным відамі спорту.
Жанравая разнастайнасць, прызнацца, прыемна здзіўляе. Тут можна бачыць практычна ўсе класічныя віды мастацтва: пачынаючы ад жывапісу і заканчваючы мудрагелістымі скульптурамі. Не дзіва, што на адкрыццё выстаўкі сюды прыйшло даволі шмат людзей.
Сама выстаўка звязана з 10-гадовым юбілеем сталічнага велаклуба «Мінск».
Галоўнае злучнае звяно спорту і мастацтва — чалавек. Як шмат людзей хварэе за пэўную футбольную каманду? Колькі людзей глядзіць спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы? Як часта залы тэатраў запаўняюцца да апошняга месца? Як шмат людзей у дзень праходзіць міма адной і той жа карціны ў галерэі? Мастацтва і спорт развіваюцца з разлікам на гледача: у кінатэатрах паказваюць фільмы, каб іх глядзелі людзі, спартыўныя спаборніцтвы праводзяцца дзеля таго, каб людзі ўбачылі, наколькі прыгожым можа быць спорт.
У спорце і мастацтве мы любім вачамі.
Мы часта злучаем прыгажосць з гармоніяй. Займаючыся любым відам спорту або проста фітнесам, мы ў выніку імкнемся дамагчыся гарманічнага цела, прыйсці да таго самага ідэалу, які мы сабе ўяўляем. Чытаючы літаратурны твор, мы часта гаворым аб гарманічным сюжэце, гледзячы на карціну думаем аб гарманічным спалучэнні фарбаў. Усё гэта мы лічым прыгожым, прыемным для нас. І зноў мы знаходзім яшчэ адну кропку скрыжавання пад назвай «гармонія».
Атрымліваецца, што спорт сапраўды мае шмат агульнага з мастацтвам. Нельга казаць аб тым, што спорт — гэта мастацтва ад пачатку і да канца. Лепш сказаць, што спорт — гэта адна з формаў мастацтва. Важна адзначыць той факт, што спорт і мастацтва ў агульным сэнсе часта перасякаюцца і дапаўняюць адзін адно, увасабляючы ў жыццё неверагодныя вобразы, якія вартыя нашай пастаяннай увагі. Менавіта пра гэта і кажа нам праект « Viva Kola Art», які гэтым разам прадстаўлены ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў выбраным, але не меньш цікавым ад гэтага фармаце.
Баланс паміж мастацтвам і спортам. Чым выстаўка «Viva Kola Art» уражвае гледачоў?
Доўгі час савецкія мастацтвазнаўцы не вельмі сур'ёзна ставіліся да веераў, хаця іх вялікія калекцыі ёсць у Эрмітажы, Гістарычным і Астанкінскім музеях Расіі. Але з гадамі цікавасць да іх станавілася усё большая: пачаліся выставы веераў, з'явіліся калекцыянеры, вееры трапляюцца ў грамадскім транспарце летам.
Зараз у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылі выстаўку «Свет веера» з калекцыі Музея «Замкавы комплекс “Мір"», якая адкрывае нам дзверы ў цікавую гісторыю вытанчанага аксэсуара.
Экспазіцыя прадстаўлена калекцыяй з 26 веераў сярэдзіны ХVІІІ - пачатку ХХ стагоддзя. Характэрна, што экспануюцца яны ў будынку былой гарадской сядзібы, дзе ў мінулыя стагоддзі праходзілі свецкія вечары і прыёмы, а абавязковым аксэсуарам жаночага гардэроба выступаў веер.
Самым старажытным сярод веераў еўрапейскай, рускай і ўсходняй вытворчасці з'яўляецца французскі веер 1760-х гадоў, дэкарыраваны ручным роспісам, разьбой і пазалотай. XVIII стагоддзе — гэта эпоха росквіту мастацтва веера, калі ён заняў трывалае месца ў жыцці еўрапейскай арыстакратыі. Зменлівасць моды на працягу XIX стагоддзя адлюстроўваецца ў дэкоры, канструкцыі, матэрыялах і тыпах веераў, прадстаўленых на выстаўцы.
Калекцыя адлюстроўвае ўсю разнастайнасць матэрыялаў, з якіх вырабляліся вееры: папера, кардон, шоўк, карункі, метал, дрэва, слановая косць, рог, пёры страўса, панцыр чарапахі, перламутр, срэбра, разьба, гравіроўка, інкрустацыя, фініфць.
Асноўнымі тыпамі канструкцыі веераў лічыліся брызэ і пліе. І калі першы від складаўся толькі з пласцін, то другі ўяўляў сабой суцэльны экран. Не заўсёды з карункі і шоўку, але таксама з дрэва ці шчыльнай тканіны, каб аксэсуар стаў абаронай ад спякотнага каміна, скажам, каб дама не пачырванела, і румяны не паплылі ў непрыдатны момант.
Напрыклад, адзін з самых эфектных відаў веера — пліянт з Расіі, які датуецца 1880-м годам. Яго экран фарміруюць беласнежныя пёры страўса.
Экспазіцыя знаёміць не толькі з гісторыяй веера, але і з яго асноўнымі функцыямі. Так, акрамя практычнага апахала, які стварае струмені паветра, веер таксама з'яўляўся прадметам раскошы, які падкрэслівае высокае становішча ў грамадстве і багацце сваёй уладальніцы.
Акрамя таго, у XVIII стагоддзі веер выкарыстоўваўся як сігнальная прылада, з дапамогай якой адбывалася перадача паведамленняў мужчынам. Пазнаёміцца з гісторыяй веера, згуляць у папулярныя бальныя гульні вы зможаце ў прасторы выстаўкі. Фотазона праекта таксама падорыць яркія ўспаміны аб наведванні экспазіцыі.
Чараўніцтва беларускай народнай лялькі. Ад чаго выратуе і чым дапаможа?
У лістападзе галерэя мастацтваў «DK» прэзентавала выставачны праект сучасных беларускіх мастачак Ганны Лаўровай, Яўгеніі Новік, Лізаветы Янкавай і Васілісы Васілеўскай «Humanum».
Як падказвае назва, у цэнтры даследавання аўтараў стаіць чалавек — яго ўзаемадзеянне з соцыумам, унутраная напружанасць, барацьба з самім сабой, якая можа стаць разбурэннем, а можа прывесці да здабыцця стойкасці. Эксперыментуючы рознымі з матэрыяламі і тэхнікамі, дзяўчаты імкнуцца паказаць увесь спектр чалавечых эмоцый, а самае галоўнае спазнаць сябе. Маляўнічыя, графічныя, а таксама выкананыя ў змешанай тэхніцы работы аб'ядноўваюць у сабе традыцыі класічнай беларускай школы і прыёмы сучаснага мастацтва.
Лізавета Янкава у сваёй творчасці даследуе навакольны свет. Усё гэта яна перакладаю на графічную і жывапісную мову адчуванняў. Аўтара цікавіць чалавек узаемазвязаны з прыродай, і рэальнасць, у якой яна знаходзіцца.
Яўгенія Новік кажа, што яе работы адлюстраванне яе самой і таго, што аб'ядноўвае ўсіх нас значна больш, чым цялесная абалонка — душы і пачуццяў. Аўтар знаходзіцца ў творчым пошуку і, усё, што яна стварае — гэта эксперымент, а мастацтва для яе спосаб спазнання свету і сябе.
Ганна Лаўрова у сваёй творчасці факусіруецца на малюнку меланхалічных сцэн. Даследуе тэмы адзіноты і светлага суму, імкнучыся перадаць настроі праз свае работы. Аўтар выкарыстоўвае традыцыйныя тэхнікі жывапісу і спалучае іх з сучаснымі падыходамі і ценем.
Васіліса Васілеўская лічыць, што яе мастацтва — гэта спроба праз форму і колер, праз узаемадзеянне з рознымі жывапіснымі матэрыяламі выказаць зараджанасць і напружанне ўнутры чалавечай асобы як ажыццяўленне яе быцця.
Выявы цела зачароўваюць або бянтэжаць, могуць выклікаць захапленне ці агіду. Цела, такое знаёмае і такое невядомае, стала тэмай выстаўкі, якая прадстаўляе формы рэпрэзентацыі цялеснасці і выявы цела ў сучасным мастацтве.
Мэта праекта — прадставіць вобраз цела ў развіцці, каноны яго выявы мяняюцца з часам, як і ўяўленні аб прыгажосці, табу здымаюцца, мужчынскае цела як аб'ект ураўноўваецца ў правах з жаночым, ступень дапушчальнай аголенасці вар'іруецца.
Кожная з мастачак — прапануе вам паразважаць, зазірнуць у сябе і зразумець стаўленне да свайго цела. Калі вы адуваеце, што вам штосьці ў ім не падабаецца, то успомніце, што кожны з нас унікальны, і гэта не проста думкі альбо заўвага, гэта закон, па якім жыццё прымае нас менавіта тады, калі мы пачынаем прымаць тое, што яно дало нам.
Убачыць свет іншым. Выстаўку мастакоў з парушэннямі псіхікі адкрылі ў галерэі «DK»
Як часта ў мітусні дзён мы можам прааналізаваць нашы дзеянні альбо учынкі? Напэўна многія рэчы робім на «аўтамаце», і, бывае, у выніку не разумеем, чаму іх зрабілі і навошта гэта нам.
У лістападзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прайшла выстаўка мастачкі Кацярыны Жучэнка «Вузельчыкі на памяць», якая дапамагла наведальнікам паглыбіцца ў працэс асэнсавання свайго жыцця, выйсці за межы мімалётнасці, інэрцыі і адчуць разнабаковасць і глыбіню сваіх думак, пачуццяў, дзеянняў.
Мастачка робіць фатаграфіі таго, што прыцягнула яе ўвагу, і праводзіць аналіз іх значнасці. Кожны здымак становіцца для яе пасланнем, якое выказвае важныя станы і думкі тут і цяпер. Робячы хуткі эцюд,
аўтар захоўвае галоўнае і фіксуе падказкі ад свету на палатне, завязваючы тым самым «вузельчыкі на памяць».
— З прадстаўленым праектам я працавала год. Гэта не проста праект, гэта даследаванне. Сэнс яго заключаецца ў тым, каб даследаваць маментальнае ўспрыманне свету навокал. Я стала заўважаць, што некаторыя людзі ідуць, потым спыняюцца, фатаграфуюць пейзажы ці прадметы і пасля ідуць далей па сваіх справах, — тлумачыць Кацярына Жучэнка. — Такія ж фатаграфіі ёсць і ў мяне ў тэлефоне. Калі іх пераглядаеш пазней, актуальнасць губляецца. У выніку, робячы фота, я пачала аналізаваць навошта яго раблю, што мне цікава ў гэты момант, якая дэталь зачапіла. Сітуатыўны фокус увагі перамяшчаецца на тое, што важна тут і цяпер, ва ўсвядомленае ўспрыманне.
Каб зрабіць для сябе такія вузельчыкі на памяць, аўтар стала маляваць эцюды маслам па сваіх фатаграфіях. Прычым цікава, што некаторыя фота яе «даганялі» праз месяц. І калі яна іх усведамляла, адразу ж пачынала пісаць. Некаторыя эцюды ствараліся маментальна.
Такая аналітычная прапрацоўка дазволіла мастачцы вылучыць тыя праблемы, якія паўтараюцца ўвесь час, яна выявіла страхі і выхады з гэтых страхаў. Адкрыла для сябе адну з найважнейшых тэм — страту дзіцячай наіўнасці.
— Я памятаю тыя станы, калі я стварала кожны эцюд, — тлумачыць аўтар. — Таму для іх я пісала гісторыі.
Спачатку была фатаграфія, потым аўтар пісала з яе эцюд, на выстаўку Кацярына вярнула менавіта фармат фатаграфіі. У здымках ужо зробленых эцюдаў са зваротнага боку яна змясціла свае гісторыі і ўсведамленне.
— Гледачам я прапаноўвала пагуляць: знайсці свой эцюд, які адгукаецца больш за ўсё, пагрузіцца ў яго па інструкцыі ці па ўнутраных адчуваннях, знайсці свае думкі, пачуцці, — падкрэсліла Кацярына. — Асноўнае пытанне паглыблення, пра што гэта для мяне зараз. Праект дапамог усвядоміць, што жыццё — гэта простыя моманты, жыццё яно цяпер, такая вось псіхалагічная гульня.
Чырвоная нітка — гэта нітка жыцця, менавіта чырвоную нітку завязваюць як абярэг. Таму Кацярына прыдумала, што можна на сваёй руцэ завязаць яе як вузельчык на памяць. На выстаўцы можна было знайсці прыгожы клубочак і адрэзаць свой талісман. Таксама яшчэ адзін варыянт прачытання ніткі — гэта варыянт захаваць сабе гэты стан і падзею на памяць.
Прадстаўлены праект ужо быў прэзентаваны вясной у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, але там была ўсяго толькі яго невялікая частка. У Тэатры беларускай драматургіі прадставілі поўны праект, дзе аўтар прэзентавала 42 эцюды. Цяпер можна спадзяецца на пашырэнне выстаўкі і на магчымасць убачыць яе на іншых выставачных пляцоўках краіны.
Знаёмства з канцэптуальным мастацтвам. Асаблівасці выстаўкі Ігара Нікалаенкі
У арт-гасцёўні «Высокае месца» ў Верхнім горадзе адкрылі персанальную выстаўку акварэлі і жывапісу Наталлі Шапавалавай «Тонкі свет».
У экспазіцыю ўвайшло больш за 60 твораў. Асноўная тэма мастачкі — час. Мінулае і будучыня. З аднаго боку, Наталля Шапавалава прапануе нам, гледачам, пранесціся па хвалях памяці, вярнуцца ў мінулае, а з другога — акунуцца ў свае фантазіі на казачных ладдзі ды караблі.
Тонкі свет – адзін з аспектаў жыцця, які існуе за межамі таго, што чалавек можа бачыць, чуць і адчуваць. Гэта царства энергій, якія прысутнічаюць паўсюль і ўплываюць на чалавечы вопыт і ўспрыманне жыцця. Гэтыя энергіі ўключаюць эмоцыі, думкі, ідэі і іншыя нефізічныя з’явы. У сваіх творах Наталля Шапавалава з уласцівай ёй далікатнасцю і глыбінёй дэманструе, якія дзіўныя сусветы ствараюць гэтыя энергіі, злучаючыся з творчым пераасэнсаваннем мастака, даючы гледачу магчымасць убачыць і адчуць схаваныя вымярэнні рэальнасці.
У творах шмат пачуццёвасці і бязважкасці. Мастачка па-майстэрску ўлоўлівае пераходныя станы прыроды — і вось перад намі ажываюць дрэвы, закаваныя ў ледзяныя лапы, астравок, які патанае ў смузе, і лес, які сустракае світанак.
Акварэльныя работы выкананы ў халоднай каляровай гаме. Далікатныя, лёгкія адценні шэрага і блакітнага пераліваюцца і гуляюць на фоне глыбокіх, цямнейшых. У гэтым узаемадзеянні кветак і хупавых ліній хаваецца прыгажосць работ Наталлі Шапавалавай.
Таксама асаблівасцю твораў мастачкі з’яўляюцца фантастычныя спалучэнні вобразаў, якія выклікаюць адначасова і захапленне, і здзіўленне. Нябачаныя рыбы, птушкі, хамелеоны сплецены з прыроднымі ландшафтамі, раслінамі і нават людзьмі. Неверагодным чынам адно зліваецца з іншым, утвараючы новую форму і нечаканы сэнс, межы сна і явы знікаюць, а розум становіцца кампаньёнам у падарожжы па таямнічых гульнях падсвядомасці.
У «Тонкім свеце» Наталлі Шапавалавай у поўнай меры выяўляецца імкненне зазірнуць за эфемерную мяжу рэальнасці. Апісаць убачанае з дапамогай уласнай сімволікі і метафар – складаная задача, аднак майстэрства мастака, у дадзеным выпадку, дазволіла зрабіць гэта дакладна і вытанчана, ператварыўшы нешта невызначальнае ў канкрэтныя візуальныя вобразы.
Сапраўднае мастацтва – гэта акно ў свет, які не падуладны законам фізікі і логікі. Гэты свет раствараецца ў тумане ўяўлення і фантазіі, знаходзячы формы і адценні, якія толькі вызначаюць контуры чалавечых перажыванняў...
Выстаўка ў галерэі працуе да 8 снежня.
Тэлепорт у дзяцінства. Чым чапляе новы арт-праект Наталлі Шапавалавай?
Гісторыкі мяркуюць, што карэнныя народы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі шырока ўжывалі тытунь ужо на пачатку нашай эры, гэта значыць дзве тысячы гадоў таму. Яго палілі, жавалі, нюхалі, выраблялі з яго настоянку і нават рабілі клізмы. Тытунь быў важнай часткай шаманскіх рытуалаў ды іншых цырымоній, а таксама выкарыстоўваўся як абязбольвальнае.
Пахкае лісце дарылі адзін аднаму, а таксама прыносілі ў ахвяру багам. Важную ролю ў сацыяльным жыцці індзейскіх плямёнаў адыгрывала так званая «трубка міру», якую раскурвалі, каб змацаваць дамову ці клятву.
З'яўленне тытуню ў Еўропе звязваюць з Хрыстафорам Калумбам. Сапраўды, у яго дзённіку ад 15 лістапада 1492 года ёсць запіс пра тое, што тубыльцы згортваюць у трубачку лісце нейкай невядомай расліны, падпальваюць з аднаго канца і ўдыхаюць дым. Аднак сам Калумб лаўраў сапраўднага першаадкрывальніка гэтага зелля не заслугоўвае. Пасля таго, як індзейцы падарылі яму звязку сушанага лісця тытуню, Калумб не зразумеў іх прызначэння і выкінуў за борт. Але некаторыя з яго матросаў прызвычаіліся да палення і ў канцы 15 стагоддзя прывезлі зелле ў Еўропу. Тытунь адразу вызначыўся сваімі наркатычнымі якасцямі, і яго сталі называць святой боскай травой ад усіх немачаў.
Нюханне тытуню стала папулярным, ён лічыўся ці не панацэяй. Для лячэння ад самых розных хвароб яго не толькі нюхалі, але таксама жавалі і палілі. Дарэчы, радавое навуковае імя тытуню Nicotiania было дадзена ў гонар Жана Ніка. Таго самага паважанага дзяржаўнага дзеяча Францыі, які ў 1561 годзе быў паслом у Лісабоне і паслаў адтуль тытунь сваёй каралеве Кацярыне Медычы ў якасці выдатных лекаў ад мігрэні. Ён раіў каралеве класці ў нос здробненае лісце тытуню, і лічыў, што чханне вызваліць каралеўскую галаву “ад кепскага”.
Так з другой паловы 16 стагоддзя тытунь стаў вельмі папулярным у якасці лекаў. У 1571 г. у Іспаніі доктар Нікалас Мандарэс у сваім трактаце паведамляў, што тытунь можа вылечваць чалавека ад трыццаці шасці розных захворванняў, у прыватнасці, ад мігрэні, зубнога болю, прастуд, язвы, скурных і інфекцыйных захворванняў.
Праз стагоддзе пасля адкрыцця Амерыкі тытунь ужо вырошчвалі ў Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Швейцарыі і Англіі. У канцы 16 стагоддзя брытанскі арыстакрат, заўзяты курэц, марак і паэт, сэр Вальтар Рэйлі стварыў некалькі тытунёвых плантацый, у тым ліку і на амерыканскіх тэрыторыях. Адну з іх ён назваў Вірджыніяй, што пасля дало назву аднаму з самых распаўсюджаных гатункаў тытуню.
Тытунь стаў вельмі модным лекавым сродкам. Арыстакратыя пераважна нюхала тытунь, а ніжэйшыя саслоўі палілі, жавалі і закладвалі тытунь за губу. Не дзіўна, што вытворчасць тытуню з пачатку 17 стагоддзя была пастаўлена на шырокую нагу.
6 падманлівых міфаў пра курэнне
Тым не менш, да канца 17 стагоддзя ў Еўропе актывізаваўся анты-тытунёвы рух, асабліва актыўна прыхільнікаў тытуню крытыкавала царква, а навукоўцы пачалі даследаваць наступствы палення для здароўя. Так, напрыклад, прыдворны медык Людовіка XIV, урач Фагон, назваў паленне «скрыняй Пандоры», якая тоіць у сабе невядомыя хваробы. На гэта кароль адказваў, што ён не можа забараніць паленне, бо ў гэтым выпадку дзяржава страціць значныя даходы, якія яна атрымлівае ад тытунёвай манаполіі. Любая спроба тагачасных еўрапейскіх манархаў абмежаваць увоз ці культываванне тытуню прыводзіла да росквіту кантрабанды.
Першая тытунёвая фабрыка з’явілася ў 1620 годзе на поўдні Іспаніі ў горадзе Севіллі. Потым такія ж фабрыкі будавалі і ў іншых краінах. Пад канец 19 стагоддзя папулярнасць набылі цыгарэты, пасля таго як амерыканскі інжынер Джэймс Бонсак стварыў машыну, якая аўтаматызавала іх вытворчасць. Гэта значна паспрыяла павелічэнню вытворчасці і вялізнага росту тытунёвай прамысловасці да канца 20 стагоддзя.
На землі Вялікага Княства Літоўскага тытунь патрапіў у 17 стагоддзі з тэрыторыі Украіны, куды яго, у сваю чаргу, завезлі з Турцыі. Пра тое, што тытунь быў шырока вядомы на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, сведчыць вялізная колькасць курыльных прыстасаванняў 17 стагоддзя, якія захаваліся да нашых дзён. Гэта ў асноўным люлькі, зробленыя з так званай «чырвонай» гліны – «чырвонаглянцавыя». Выраблялі іх масава на тэрыторыі сённяшняй Малдовы, Валахіі. Дакладней, на тых тэрыторыях, якія належалі Турцыі. Мода на паленне перайшла ад шляхты і магнатаў да мяшчан, затым яе падхапілі і сяляне. У другой палове 17 стагоддзя ў Беларусі пачалася масавая вытворчасць люлек.
Цікава, што сярод багатай шляхты і магнатаў былі распаўсюджаны ў асноўным галандскія “белагліняныя” люлюкі. Вырабленыя ў Галандыі, яны мелі свае клеймы. Сяляне, мяшчане, жабракі і тыя, у каго не было магчымасці набыць керамічную люльку, палілі драўляныя. У Мінску падчас археалагічных раскопак знойдзена шмат драўляных люлек, зробленых з абсмоленых пянькоў сасны. У шляхецкім ужытку высокамастацкія ўзоры люлек часта атаясамліваліся са знакавай прэстыжнасцю іх гаспадароў. З канца 19 стагоддзя паленне тытуню сталі лічыць адной з рысаў паводзінаў дарослага мужчыны.
А вось багатыя жанчыны тых часоў не палілі люлькі, а нюхалі тытунь і з асалодаю чхалі. Гэта было для іх своеасаблівымі лекамі ад прастуды. Лічылі, што пасля таго, як панюхаеш тытунь і потым прачхаешся, абавязкова паправішся. Тытунь часам нават жавалі, як жуйку. Такі тытунь захоўвалі ў спецыяльных вытанчанай працы скрыначках – табакерках. Яны дарэчы патрапілі на нашы землі з нямецкім словам табак, якое з часам ператварылася ў мясцовае слова “табака”. Табакеркі рабілі рознай формы і ўпрыгожвалі разьбой, каштоўнымі камянямі.
У 1862 годзе, па іншых дадзеных, у 1859 годзе, акцыянерная кампанія Янкеля Шарашоўскага ды інш. адкрыла тытунёвую фабрыку ў Гродна. Тут выраблялі тытунь, цыгарэры і папіросы. У 1885 годзе на фабрыцы працавала 823 рабочых, а ў 1914 годзе – ужо 1 400! Сыравіну прывозілі з Расіі, Украіны і Амерыкі. Склады гатовай прадукцыі меліся ў Варшаве, Вільні, Любліне, Лодзі, Дзвінску, Ломжы і Сімферопалі. У 1882 годзе на выставе ў Маскве вырабы гродзенскай фабрыкі былі адзначаны сярэбраным медалём. Фабрыка працуе і ў наш час.
Спачатку грамадства да палення тытуню ставілася збольшага адмоўна. Лічылі, што гэта непрыгожа, што гэта д’ябальская справа, але вельмі хутка ў 18 стагоддзі, падчас жахлівых войнаў, паленне стала традыцыяй. У гэты час супраць палення не выступае афіцыйна ні царква, ні касцёл. Больш за тое, у Расіі Пётр Першы сваім загадам уводзіць паленне як абавязковы занятак для любога расійскага двараніна, як, напрыклад, выпіць кавы. Праз 10–15 гадоў былі закладзены першыя плантацыі на поўдні Расіі па вырошчванні тытуню, і вельмі хутка тытунь стаў айчынным прадуктам у Расійскай імперыі. Калі Беларусь увайшла ў яе склад, то тытунь у нас спажывалі ўжо расійскі. Потым у Беларусі яго пачалі масава вырошчваць на Палессі, і вырошчвалі амаль да канца 20 стагоддзя. Асабліва падчас Другой сусветнай вайны, калі тытунь практычна не было магчымасці набыць. Маецца на ўвазе махорка, якую беларускія сяляне спецыяльна вырошчвалі для партызанаў, круцілі з газеты так званыя “казіныя ножкі”.
У народнай медыцыне беларусаў тытунь таксама выкарыстоўваўся ў якасці лекаў, у прыватнасці ад малярыі. Яго змешвалі з мачой, кіпяцілі і давалі выпіць хвораму. Тытунем прысыпалі раны, дымам ад яго акурвалі месцы на целе, дзе ўджаліла змяя. У народнай медыцыне лісце тытуню выкарыстоўвалі як супрацьзапаленчы, абязбольвальны, супрацьгліставы і мачагонны сродак. Яго ўжывалі пры марской хваробе, галавакружэнні, вострых болях у суставах і шуме ў вушах.
Беларуская праваслаўная царква заўсёды адмоўна ставілася да палення, абвяшчала яго грахом. Верагодна, пад гэтым уплывам у беларускай міфалогіі нарадзіліся шматлікія легенды пра паходжанне тытуню ад чорта — вечнага антаганіста Бога.
Па легендзе, калі Бог угневаўся на чарцей і скінуўіх з неба, адзін чортзваліўсяна вяршыню сухога дуба.Чортвісеўна дрэве, пакульне пачаўгніць. З яго на зямлю сыпалася гнілая пацяруха, і з гэтай пацярухі вырас тытунь.Людзі сталі яго паліцьі нюхаць, а потым і саджаць у сябе на агародах.
Паводле іншай легенды, чэрці надумалі ўвесці ў грэх манаха. Як не спрабавалі яго выцягнуць з келлі, нічога не атрымлівалася. Манах не звяртаў на іх увагі і маліўся. Тады чэрці падпалілі расчэплены дуб каля келлі і думалі, што манах кінецца гасіць яго. Але манах закляў сам дуб і аднаго з чарцей, які сядзеў у рашчэліне. Рашчэліна імгненна зачынілася, і расціснула чорта. Яго кроў змяшалася з дубовым лісцем і вырас тытунь.
Па яшчэ адным паданні, святар са служкамі спаліў цела чорта, але замест попелу ад чорта засталася купка невядомага насення. Адзін чалавек з цікаўнасці ўзяў жменьку гэтага насення і пасеяў у сябе на агародзе. Так вырас тытунь. Некаторыя верылі, быццам чэрці завабліваюць у лес чалавека, які ішоў у царкву, і вучаць яго паліць люльку.
Ёсць легенды пра паходжанне тытуню з цела жанчыны, што грашыла з сабакам, альбо з цела дачкі цара Ірада, якая за свой танец запатрабавала ад бацькі галаву Яна Хрысціцеля. Пасля смерці і той, і другой на іх магілах вырас тытунь. Таксама верылі, што тытунь вырас на месцы, дзе павесіўся Юда, на магіле чараўніка, які прадаў душу чорту, і г.д.
«Хлопчык, які паліць, можа не турбавацца пра сваю будучыню, у яго няма будучыні» — гэта першы антытытунёвы лозунг, які з’явіўся ў 1915 годзе. Сучасны свет хоча быць здаровым…
Штогод курэнне забірае жыцці ў больш чым 7 млн чалавек у свеце
One fine body…