24.01.2021
24.01.2021

5 памылковых думак пра шчытападобную залозу

logo
Здароўе дарослых
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Шчытападобная залоза – орган эндакрыннай сістэмы, які адказвае за гарманальны баланс у нашым арганізме. Іх яна і прадукуе сама ў неабходнай колькасці. Калі шчытавідка здаровая, дык працуе яна без перапынку, але як толькі пачынае «барахліць» – гэта адчуваецца ва ўсім арганізме адразу. З-за гэтага са шчытападобнай залозай звязаная вялікая колькасць памылковых думак і здагадак. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сабрала самыя папулярныя міфы пра шчытавідку.

Шчытападобная залоза. Міфы і рэальнасць.

Стомленасць, дрымотнасць, павелічэнне масы цела, выпадзенне валасоў, ломкасць пазногцяў заўсёды сведчаць пра тое, што шчытападобная залоза «захварэла».

І так, і не. Справа ў тым, што сімптомы захворванняў шчытападобнай залозы, звязаныя з парушэннем яе функцыі, даволі неспецыфічныя. Часам на некаторыя паталогіі могуць паказваць каля 30 скаргаў. Таму лічыцца, што калі ёсць тры і больш скаргаў з усяго комплексу сімптомаў, верагоднасць паталогіі шчытападобнай залозы вялікая, і гэта падстава яе абследаваць. Разам з тым, спісваць стомленасць альбо бяссонніцу толькі на збой у працы шчытападобнай залозы будзе няправільным. Напрыклад, пачуццё стомленасці і адсутнасці сіл можа паказваць на цукровы дыябет, наяўнасць сардэчнай недастатковасці, арытміі, хваробы печані і анемію.

Пры падазрэнні на захворванні шчытападобнай залозы неабходна здаць аналізы на ўсе гармоны.

Насамрэч не. Для таго, каб высветліць, ці ёсць парушэнні ў працы шчытавідкі, досыць здаць аналізы на тырэатропны гармон (ТТГ), які з'яўляецца самым дакладным паказчыкам функцыі шчытападобнай залозы. Калі вынікі аналізу ў норме, гэта сведчыць пра тое, што шчытападобная залоза працуе ідэальна.

Шчытападобная залоза. Аналіз на ТТГ.

Калі ёсць вузлы на шчытападобнай залозе, іх неабходна абавязкова выдаліць, інакш яны могуць перарасці ў злаякасную пухліну.

Вузлавыя ўтварэнні маюць 75% насельніцтва пасля 40 гадоў. Прычым у жанчын пасля 50 гадоў гэта даволі распаўсюджаная сітуацыя. У некаторых папуляцыях вузлавыя ўтварэнні шчытападобнай залозы маюць да 80% насельніцтва, і толькі 5% выпадкаў з іх з'яўляюцца злаякаснымі.

Калі вузлы не выклікаюць падазрэнні ў доктара, як правіла, за імі назіраюць (раз на год неабходна наведваць урача і рабіць УГД шчытавідкі). Пры неабходнасці ўрач прызначыць біяпсію.

Для здароўя шчытападобнай залозы трэба дадаткова прымаць прэпараты, якія ўтрымліваюць ёд.

Гэта падманнае меркаванне. Такія прэпараты варта прымаць толькі ў тым выпадку, калі іх прызначыў урач. Як правіла, захворванні шчытападобнай залозы часцей дыягнастуюцца ў жанчын пасля 40 гадоў. А ў гэтым узросце ўзрастае рызыка развіцця аўтаімунных захворванняў шчытападобнай залозы. Прыём прэпаратаў, якія ўтрымліваюць ёд, можа справакаваць гэты працэс. Таму самастойна прызначаць сабе ці сваім блізкім прэпараты ёду не варта.

Шчытападобная залоза. Не прызначаем ёд самастойна.

Наша краіна адносіцца да краінаў з адэкватным спажываннем ёду, гэта значыць, што мы атрымліваем дастатковую колькасць гэтага мікраэлемента з прадуктамі харчавання. Бо ў пераважнай большасці выпадкаў яны ўтрымліваюць ёдаваную соль.

Дарэчы, для нармальнай працы шчытападобнай залозы неабходныя таксама такія мікраэлементы, як медзь, селен, кобальт (яны ўдзельнічаюць у працэсах сінтэзу гармонаў) і бялок.

Камяк у горле – прыкмета захворвання шчытападобнай залозы.

Нярэдкія сітуацыі, калі пры глытанні чалавек адчувае камяк у горле. Многія адразу ж пачынаюць падазраваць у сябе сур'ёзныя паталогіі з боку эндакрыннай сістэмы. Аднак гэта далёка не заўсёды так. Часцяком праблема хаваецца ў банальным хваляванні, з-за якога мышцы схопліваюцца спазмам. Прычынай могуць быць і іншыя захворванні.

Шчытападобная залоза. Не заўсёды хворая яна, калі камяк у горле.

Разам з тым, пазбягаць наведвання доктара (урача агульнай практыкі альбо эндакрынолага) не варта. І абавязкова трэба звярнуцца па кансультацыю, калі акрамя адчування камяка ў горле ў вобласці шчытавідкі вызначаецца хваравітасць, візуальна можна разгледзець якія-небудзь змены (напрыклад, прыпухласць альбо павелічэнне шчытападобнай залозы ў памерах).

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"