25.05.2020
25.05.2020

7 правілаў эфектыўнай падрыхтоўкі да выпускных экзаменаў у школе

logo
Адукацыя і выхаванне
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Такім чынам, застаўся ўсяго тыдзень да заканчэння навучальнага года. Самага няпростага ў найноўшай гісторыі нацыянальнай адукацыі. Апошняя чвэрць пайшла не па звыклым сцэнары: дыстанцыйнае навучанне набыло масавы характар, а школьныя ўрокі наведваюць менш за палову вучняў. Але як бы там ні было, вучняў 9-х і 11-х класаў чакаюць абавязковыя выпускныя экзамены.

Як правільна і эфектыўна рыхтавацца да іспытаў, знаходзячыся на самаізаляцыі? Як размеркаваць час і рэсурсы на самастойную падрыхтоўку? Якімі крыніцамі карыстацца для праверкі і замацавання ведаў? Якую дапамогу выпускніку могуць аказаць бацькі? Таццяна Скачынская, сябра Беларускага таварыства псіхолагаў, псіхолаг у сферы пазітыўнай і кагнітыўна-паводніцкай псіхатэрапіі, дапамагла вызначыць 7 крокаў на шляху да паспяховай здачы школьных экзаменаў.

7 крокаў да паспяховага экзамену

1. Правільная арганізацыя працоўнага месца

Для таго, каб правільна арганізаваць самастойную падрыхтоўку да школьных іспытаў, важна правільна абуладкаваць працоўнае месца школьніка. Аптымальна, калі ў дзіцяці ёсць магчымасць займацца ў асобным пакоі, там яму будзе лягчэй засяродзіцца на вучобе. Пажадана, каб стол быў ля акна, добра асвятляўся, а пад рукой мелася ўсё неабходнае для заняткаў: навучальныя дапаможнікі і канцылярскія прыналежнасці. А вось гаджаты лепей наогул прыбраць з вачэй, калі ў іх няма вострай неабходнасці, напрыклад, каб карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі для самападрыхтоўкі. Эксперыментальна даказана, што засваяльнасць навучальнага матэрыялу, запамінальнасць і выніковасць работы ў цэлым павышаецца ў разы, калі смартфон вучня знаходзіцца не пад рукой, а ў суседнім памяшканні.

Прынцыпова важна, лічыць эксперт, выконваць вучэбныя заданні менавіта за сталом, нягледзячы на тое, што хатняя абстаноўка дазваляе рабіць гэта на канапе ці нават у ложку. Вольнасці не спрыяюць працоўнаму настрою і зніжаюць эфектыўнасць навучання. Таму неабходна выразна размяжоўваць хатнюю прастору на месцы для вучобы, для адпачынку і сну.

Школьныя экзамены. 2020 год. Пандэмія каранавіруса.

2. Захаванне рэжыму вучобы і адпачынку

Нягледзячы на тое, што часу да экзаменаў засталося зусім няшмат, не варта зубрыць з раніцы да вечара. Ператамленне, нервовае напружанне, празмернасць інфармацыі прынясуць зваротны эфект: сіл на сам экзамен можа і не застацца. Таму прасачыце, каб ваш школьнік прытрымліваўся рэжыму вучобы і адпачынку.

Заняткі лепей планаваць на першую палову дня. Вучонымі ўстаноўлена, што пік працаздольнасці прыпадае на прамежак з 6 да 15 гадзін. Не варта будзіць школьніка на світанні. Але і дазваляць валяцца ў ложку да апоўдня – таксама не варыянт.

Разумна запланаваць вучэбны час, арыентуючыся на школьны расклад. У тым ліку з захаваннем перапынкаў на адпачынак. 45 хвілін узмоцненага мазгавога штурму – 10-15 хвілін адпачынку. Але не з гаджатамі, гэта важна!

Навуковыя даследаванні паказваюць, што нават пасля кароткага «завісання» ў гаджатах мозгу дзіцяці неабходна каля 25 хвілін, каб уключыцца ў працу. Выкарыстоўваючы смартфоны і планшэты «для адпачынку», можна ў прамым сэнсе аказаць сабе мядзведжую паслугу: знізіць мазгавую дзейнасць і выбіцца з графіка.

Школьныя экзамены. Самастойная падрыхтоўка. Без мабільнікаў.

Лепей падчас перапынку выканаць гімнастыку для вачэй або проста паляжаць, вызваліўшы галаву ад любых думак.

Каб максімальна захаваць зону камфорту для вучня, не прымушайце яго займацца ў выхадныя дні. На тое яны і выхадныя.

3. Паўтарэнне, уяўленне, замацаванне

Ёсць розныя меркаванні спецыялістаў адносна таго, з якой тэмы пачынаць падрыхтоўку да іспыту. Адны за складаную, маўляў, на свежую галаву лягчэй зразумець і засвоіць цяжкі матэрыял. Іншыя – за простую, каб разгайдаць працаздольнасць і настроіцца на сур'ёзны мазгавы штурм.

Як бы там ні было, не цісніце на школьніка. Дайце яму магчымасць выбраць той варыянт, які яму бліжэй. Будзьце прынцыповымі ў іншым: не дазваляйце адкладаць самыя важныя і цяжкія тэмы на апошні дзень. Больш непрадуктыўнага спосабу падрыхтавацца да экзаменаў не прыдумаеш. У лепшым выпадку веды застануцца ў галаве роўна да моманту заканчэння іспыту. У горшым – у галаве будзе поўная «каша», якая пазбавіць шанцаў на паспяховы вынік.

Не кантралюйце школьніка без лішняй патрэбы, не пазбаўляйце яго самастойнасці. У той жа час заўсёды будзьце гатовыя адгукнуцца на яго просьбу аб дапамозе. Новая ці складаная інфармацыя лепей за ўсё засвойваецца, калі праходзіць праз тры сістэмы ўспрымання: візуальную, аўдыяльную і маторна-адчувальную.

Школьныя экзамены. Самастойная падрыхтоўка. Настройваем дзіця на поспех.

Складана даецца тэма? Прагаварыце яе з дзіцем, дапамажыце падабраць вобразы, якія будуць спрыяць лепшаму запамінанню; запішыце на паперы асноўныя тэзісы, такім чынам зафіксаваўшы іх у памяці.

І, вядома, не забывайцеся, што паўтарэнне – маці вучэння. Прачытаўшы матэрыял, чалавек запамінае 70% інфармацыі, праз некалькі гадзін у памяці застаецца толькі 50%, а на наступны дзень без намаганняў можна ўзгадаць толькі 20% з прачытанага напярэдадні. Таму пэўны час трэба адвесці на тое, каб штодня паўтараць асноўныя правілы па кожным экзаменацыйным прадмеце.

4. Рэпетыцыя экзамену

Гэта вельмі важны момант, каб паспяхова здаць любы экзамен.

«Рэпеціруйце» дыктоўкі і пераказы. Тэкст можа быць любы, але абавязкова потым трэба разам зрабіць разбор дапушчаных памылак. Памятаеце: аўдыяльнае і візуальнае ўспрыманне паляпшаюць запамінанне? Дык вось гэта той самы выпадак, калі на памылках вучацца.

Рэпетыцыя вуснага экзамену таксама можа быць. Тут важна, каб на пытанні школьнік адказваў, як «каля дошкі», а не разваліўшыся ў мяккім крэсле. Зусім хутка вы заўважыце, наколькі больш упэўнена будзе адказваць і адчуваць сябе дзіця. А ўпэўнены на экзамене школьнік – ужо палова поспеху. Прапануйце сыну або дачцэ рэпеціраваць вусныя адказы і без вашага ўдзелу, напрыклад, стоячы ля люстэрка.

5. Правільнае харчаванне і сон

Школьныя экзамены. Самстойная падрыхтоўка. 5-разовае харчаванне.

5-разовае харчаванне і паўнавартасны начны сон (працягласцю не меней за 7 гадзін) – абавязковы складнік эфектыўнай падрыхтоўкі да школьных іспытаў.

Рацыён школьніка ў перыяд павышаных разумовых і эмацыянальных нагрузак павінен быць разнастайным, збалансаваным і паўнавартасным. Сачыце, каб штодзённае меню дзіцяці ўключала зерневыя кашы, гародніну, садавіну, малочныя і мясныя прадукты, багатыя на вітаміны і пажыўныя рэчывы.

Паўнавартасны сон дапамагае аднавіць сілы, а мозгу – «перазагрузіцца». Таму як бы ні зацягнулася вучоба, сачыце, каб яна заканчвалася да 22 гадзін.

6. Мінімізацыя стрэсаў

Добры настрой – гэта істотная дапамога перад іспытам. Паспрабуйце засцерагчы школьніка ад лішніх стрэсаў, яму дастаткова тых, што звязаныя з маючым адбыцца выпрабаваннем. Для падтрымання стабільнага псіхаэмацыянальнага стану не забараняйце яму стасункі з аднагодкамі, нават калі вам здаецца, што вучоба цяпер важнейшая. Сацыяльная ізаляцыя павышае градус стрэсу, зніжае настрой і, адпаведна, памяншае выніковасць у вучобе.

Перад іспытам дапамажыце дзіцяці настроіцца на перамогу, а не паражэнне. Пры гэтым дайце зразумець, што бал, атрыманы на экзамене, – гэта не адзнака асобы дзіцяці або яго перспектыў на дарослае жыццё. Нават калі вынік будзе горшым за чаканы, гэта ніяк не будзе характарызаваць яго як няўдачніка.

7. Карысныя рэсурсы

Не апошняя справа ў правільнай падрыхтоўцы да школьных іспытаў – правільныя інтэрнэт-рэсурсы, дзе сабраная і сістэматызаваная інфармацыя па ўсёй вучэбнай праграме за 9 і 11 класы, ёсць спасылкі на практычныя і дадатковыя матэрыялы. Сярод карысных крыніц будучым выпускнікам дакладна спатрэбіцца Нацыянальны адукацыйны партал, дзе размешчаныя нарматыўныя прававыя дакументы, экзаменацыйныя білеты, дадатковыя матэрыялы для падрыхтоўкі і правядзення выпускных школьных экзаменаў, а таксама ўступных іспытаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Правілы і тэрміны правядзення выпускных экзаменаў

Нагадаем: нягледзячы на пандэмію каранавіруса, беларускія школы і гімназіі працуюць у штатным рэжыме. Разам з тым, бацькі мае права вырашаць, адпраўляць дзіця на ўрокі або пакінуць дома для самастойнага вывучэння вучэбнай праграмы. Што тычыцца пераліку і правілаў правядзення выпускных экзаменаў, дык зменаў пакуль што няма.

Па словах начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыі Ілюшчэні, падрыхтоўка і правядзенне школьных экзаменаў зараз рэгламентуюцца двума асноўнымі дакументамі: пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 10.07.2019 года №105 аб пераліку прадметаў, па якіх праводзяцца выпускныя іспыты ў 2019/2020 навучальным годзе, і лістом Міністэрства адукацыі аб завяршэнні 2019/2020 навучальнага года і тэрмінах правядзення выпускных экзаменаў.

Школьныя экзамены. 2020 год. Пандэмія каранавіруса.

Паводле дакументаў, выпускнікам 9-х класаў трэба здаць 3 экзамены:

  • беларуская мова (дыктоўка);
  • руская мова (дыктоўка);
  • матэматыка (кантрольная работа).

Выпрабаванні пройдуць у пісьмовай форме 2, 4 і 9 чэрвеня адпаведна.

Для выпускнікоў 11-х класаў вызначаныя наступныя прадметы, па якіх будуць здавацца экзамены:

  • беларуская або руская мова па выбары вучня (пераказ);
  • матэматыка (кантрольная работа);
  • замежная мова (вусна);
  • гісторыя Беларусі (вусна).

Даты пісьмовых экзаменаў вызначаныя на 1, 3 і 5 чэрвеня.

Марыя Ілюшчэня, начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама:

– На сёння змяненняў у парадку і датах правядзення экзаменаў няма. Аднак, будуць прад'яўляцца дадатковыя патрабаванні да пытанняў бяспекі, у прыватнасці, арганізацыя правядзення экзаменаў у вялікіх аўдыторыях (рэкрэацыях, холах, актавых залах), каб захаваць бяспечную дыстанцыю паміж вучнямі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"