Прызнайцеся шчыра, ці была спакуса запосціць мілае фота свайго дзіцяці ў сацсетках? А ці заўсёды вы пры гэтым пыталіся ў яго пра тое, ці хацеў ён з'яўляцца ў публічнай прасторы ў такім выглядзе або ракурсе? Гэтае пытанне задаюць сабе не ўсе.
Між тым, паводле звестак Белстата, у Беларусі 84% дзяцей 6-10 гадоў і 98,1% падлеткаў 11-15 гадоў з'яўляюцца карыстальнікамі інтэрнэту. «Паводзь сябе ў сацсетках так, каб тваім дзецям не было сорамна зайсці на тваю старонку». Так можна было б назваць новую лічбавую запаведзь для бацькоў.
Чаго ж не варта рабіць, размаўляючы з дзецьмі ў віртуальнай прасторы? Пра гэта распавяла Ілляна Мацвіенка, псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, спецыяліст па працы з дзецьмі і падлеткамі, аўтар і вядучая адукацыйнай праграмы «Навыкі для жыцця» ў «Акадэміі крэатыўных тэхналогій для дзяўчат».
Парады бацькам падлетка
Сучасныя бацькі падлеткаў – шмат у чым першапраходцы. Бо ўпершыню дарослыя і дзеці з адной сям'і так актыўна маюць стасункі і сочаць за жыццём адзін аднаго не толькі ў рэальнасці, але і ў інтэрнэце. Аднак для гэтай лічбавай камунікацыі таксама павінны быць устаноўленыя правілы.
Чаго нельга рабіць бацькам падлетка ў інтэрнэце?
- Гуляць у шпіёнскія гульні.
Вядома, ведаючы пра ўсю небяспеку сучаснага свету, бацькам складана не турбавацца. Так і падмывае ўпотай зайсці ў акаўнт дзіцяці і пачытаць яго асабістыя паведамленні: раптам штосьці падазронае там ёсць, а ён не сказаў.
- Праводзіць татальны кантроль.
Гэта ўстаноўка на тое, што кожнае паведамленне павінна праходзіць праз рукі бацькоў. «Не мае значэння, што ты думаеш. Альбо па-мойму, або ніяк».
- Запалохваць «жахлівым жахам».
Як у рэальным свеце, так і ў інтэрнэце: адны бачаць прыгажосць, новыя веды і магчымасці. Іншыя – жудасныя вычварэнствы, падман і бруд. Вядома, распавесці дзіцяці пра тое, што ў сеціве яго могуць чакаць ашуканцы, варта. Аднак акцэнтаваць увагу толькі на страшных сітуацыях – не.
- Устанаўліваць правілы толькі для дзяцей.
Сітуацыя падобная на тую, калі тата з цыгарэтай альбо бутэлькай гарэлкі ў руцэ вучыць дзіця, што піць і паліць нельга. Калі вы абвяшчаеце дзіцяці пэўныя правілы, іх давядзецца прытрымлівацца і вам.
- Называць не вартым увагі тое, што робіць дзіця ў сеціве.
Абясцэньванне пачуццяў падлетка не наблізіць вас да даверлівых стасункаў. Наадварот, прывядзе да яшчэ большага дыстанцыявання. Самыя неразумныя відэа на YouTube і падлеткавыя чэленджы зараз могуць быць для яго цікавымі, хаця вам здаюцца пустым марнаваннем часу. Патрэба ў захапленні чымсьці вельмі моцная ў юным узросце. Замест таго, каб крытыкаваць і кпіць, паспрабуйце крыху даведацца, што менавіта прыцягвае дзіця.
- Займацца выхаваннем анлайн.
Убачылі жудасны фотаздымак ці пост на старонцы дзіцяці і кінуліся пісаць гнеўныя каментары? Не трэба так! Калі вы зацікаўленыя ў цёплых адносінах, лепей супакоіцца і пагаварыць сам-насам.
- Сварыцца на бацькоўскі чат.
Усе мы ведаем гэтыя цудоўныя чаты для бацькоў, якія часам проста пазбаўляюць розуму. І хаця дзяцей у гэтых абмеркаваннях няма, яны могуць пачуць пра тое, як бацькі кажуць пра іншых дарослых, пагутарыўшы з імі ў сеціве. І зноў двайныя стандарты: ветлівыя размовы пра надзённае з бацькамі, а потым неміласэрная іх крытыка «за вочы».
- Запошчваць фотаздымкі дзіцяці без дазволу.
«Ну ты ж тут проста лапачка!» Так лічаць мамы і таты і выкарыстоўваюць асабістыя фотаздымкі дзіцяці без усялякіх дазволаў. Тут таксама падымаецца пытанне пра асабістыя межы і павагу. Паспрабуйце прымерыць сітуацыю на сябе. Вам самім спадабалася б, калі б сапраўды гэтак жа абыходзіліся з вашай персанальнай інфармацыяй?
Што рабіць бацькам падлетка ў інтэрнэце?
- кантралюйце свой кантэнт;
- не нагнятайце і не палохайце. Але пры гэтым дзяліцеся ведамі пра тое, як мець стасункі і атрымліваць інфармацыю ў інтэрнэце бяспечна і што павінна насцярожыць;
- сумняваецеся – спытайцеся (перш чым пачынаць абвінавачванні і разбор палётаў);
- абмяркуйце фармат і колькасць стасункаў (напрыклад, колькі разоў вы патэлефануеце падлетку, пакуль ён знаходзіцца на дні нараджэння ў сябра);
- праяўляйце цікавасць да гэтай часткі жыцця падлетка (не справаздача!). Гэта павінны быць не пытанні пра тое, колькі часу ты сёння сядзіш за камп'ютарам, а дыялог пра тое, што сапраўды цікавага сёння было ў сеціве;
- падумайце, перш чым публікаваць фота дзіцяці.
Чаму трэба навучыць дзіця ў інтэрнэце?
Важны «скіл» падлетка ў сеціве – крытычнае мысленне. Менавіта таму важна размаўляць:
- абмяркоўваць, чым канкрэтна жыве дзіця ў сеціве, чым захапляецца;
- аналізаваць разам, што атрымліваецца і што не;
- браць пад сумненне розныя крыніцы інфармацыі, сітуацыі, прадумваць варыянты іх вырашэння разам.
Карысныя рэсурсы, якія дапамогуць у выпадку цяжкасцяў у інтэрнэце:
- 8-801-100-16-11 – дзіцячая тэлефонная лінія (кругласутачна, бясплатна, ананімна);
- www.kids.pomogut.by – інфармацыйны рэсурс для дзяцей, бацькоў, педагогаў з магчымасцю атрымаць дапамогу анлайн;
- www.unicef.by
Інтэрнэт-стасункі, у тым ліку і з уласнымі дзецьмі, – важная частка нашага жыцця. Для таго, каб не ператварыцца толькі ў намінальных бацькоў, якія дакладна і не ведаюць, чым жыве іх дзіця, неабходна выконваць правілы: паважаць асабістую прастору і межы падлетка, выбудоўваць паважлівае стаўленне ў віртуальнай прасторы, пазбягаць двайных стандартаў, сачыць за кантэнтам і развіваць крытычнае мысленне ў сеціве.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by