02.05.2023
02.05.2023

Прыгоды Адэлі. Візіт Малімонкі і Даліктусі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Я чакала на госці Адэлю разам з яе знаёмымі козачкамі. Крыху нервавалася, бо звычайна сама гасцей запрашаю, а не прымаю тых, каго мне навязалі. Успомніўшы мультфільм пра котчын дом, у якім казёл аб’ядае пакаёвыя кветкі, прыбрала з падаконня гаршчок з юранкай.

Госці з’явіліся пад вечар. Козачкі доўга тупалі каля парога, выціраючы капыткі аб дыванок, а Адэля адразу шуснула ў крэсла і раскінулася ў ім,  паказваючы, што яна жаданы госць у гэтым доме.

Я запрасіла козачак у пакой, і адна з іх нясмела падала мне вялікі букет лясных кветак і зазначыла:

— Я Малімонка.

А другая, падаўшы слоік сунічак, назвалася:

— А я Даліктуся.

— Будзем знаёмыя, — ветла адгукнулася я.

— Пані Наталля, — загаварылі разам абедзве козачкі, — прабачце, што турбуем! Нас Адэля запрасіла, бо вы пішаце кнігу пра яе і збіраеце новы матэрыял.

Што ж, першае ўражанне ад маіх новых знаёмых было цалкам станоўчае. Пах кветак і суніц надаваў утульнасці сустрэчы. Я парупілася ўладкаваць гасцей вакол стала, каб піць духмяную гарбату з цукеркамі. Козачкі трымаліся пачціва, разглядалі мой пакойчык і з цікавасцю паглядалі на камп’ютар.

Гарбаа з цукеркамі

Малімонка, якая была крыху больш адважная, хвалюючыся, пачала:

— Спадарыня Наталля! Адэля нас папярэдзіла: калі мы раскажам штось цікавае пра сябе, вы абавязкова згадаеце пра гэта ў кнізе. Мы разумеем, у вас мала вольнага часу, таму прапануем адразу прыступіць да справы.

— Што ж,— я ўзяла ў рукі нататнік і скасавурылася на Адэлю. Тая рабіла выгляд, што наша размова яе зусім не цікавіць, і гартала кніжку пра этыкет. (Адмыслова для Адэлі я заўсёды трымала яе навідавоку.) – Я вас слухаю.

— Разумееце, наша жыццё не такое разнастайнае і багатае на падзеі. Таму мы надумаліся спачатку расказаць легенду, як козы пасябравалі з чалавекам.

— Добра, расказвайце.

Малімонка, набраўшы як мага больш паветра, пачала:

— Жыў на свеце вельмі бедны чалавек. Нічога ў яго не было. Пайшоў ён вандраваць, шукаючы лепшай долі. Ішоў-ішоў і набрыў у лесе на палянку, на якой стаяла хатка, зробленая з бліноў.

— Прабач, а ў гэтай хатцы печ была з тварагу, а комін з масла?

— Так, так, — згодна заківалі козачкі. – Адкуль вы ведаеце?

— Я чытала гэтую казку.

— Легенду! — паправіла Даліктуся. – Тады паслухайце пра выпадак з нашай прапрапрапрапрапрабабкай. Яе хатка стаяла ў вялікім лесе. І было ў яе сямёра казлянятак. Аднойчы каза пайшла па справах, а воўк напаў на казлянятак і з’еў усіх! – Козачкі аж скалануліся. — Праўда, прапрапрапрапрапрабабка была хітрая і разумная, яна вызваліла сваіх дзетак. Але ў нас ад тае пары страх перад ваўком перадаецца на генетычным узроўні.

— І гэтую гісторыю я ведаю, — устаючы сказала я.

— Не можа быць! Пэўна што Адэля пераказала.

— Дзе там! — я дастала з паліцы кнігу казак пра жывёл і падала козачкам. – Пагартайце. У кніжцы шмат казак пра вашых родзічаў.

Козачкі схапілі кніжку і пачалі гартаць. Пабачыўшы малюнкі з выявамі козаў, яны прыйшлі ў захапленне.

— Спадарыня Наталля! Калі ласка, пачытайце нам гэтыя гісторыі.

— Добра, — згадзілася я і пачала чытаць.

Козачкі з цікавасцю слухалі і цешыліся кожнай казцы, у якой козы былі галоўнымі героямі ці хоць удзельнікамі якіх-колечы прыгод. Адэля таксама навастрыла вушкі, але штохвіліны хмурнела.

Калі я, ахрыплая ад чытання, нарэшце загарнула кніжку, козачкі пачалі дзякаваць.

— Пані Наталля! Мы нават не ведалі, што паходзім з такога знакамітага і славутага роду! Гэта ж трэба, колькі ўсяго цікавага напісана пра козаў. Дзякуем за цудоўны вечар! – і козачкі пачалі збірацца.

— Малімонка! Даліктуся! А як жа вашы асабістыя гісторыі? – прыпыніла я іх.

Козачкі пераглянуліся:

— Ну, з намі нічога незвычайнага не адбываецца. Дык што ж выдумляць? Даволі, што пра наш род гэтулькі напісана, — цвёрда сказала Даліктуся.

Авечка Адэля

 

А Малімонка дадала:

— Я абавязкова перадам вам праз Адэлю свайго малачка. Яно вельмі карыснае.

— А я – масла. Калі дадасцё яго ў малако, падагрэеце і вып’еце цёплым, то ўміг знікне хрыпатасць.

Я падзякавала козачкам і развіталася з імі. Адэля таксама пайшла, буркнуўшы на развітанне: «Дабранач». І якая муха яе ўкусіла?

Псіхалогія «зоркі»

Вядома, я не прамінула пахваліць Адэлі паводзіны і манеры Малімонкі і Даліктусі. Авечка толькі фыркнула:

— Дзіва што! Я ім усю дарогу тлумачыла правілы этыкету.

— Ты? – я здзівілася.

— А хто б навучыў іх капыткі выціраць перш чым прайсці ў пакой? Хто нараіў сабраць кветак і суніц? Хто папярэдзіў, каб дарэмна не марнавалі гаспадарскага часу і прыстойна паводзіліся?

— Прабач, Адэлька, за заўвагу, але ты сама не заўсёды пільнуешся гэтых правіл.

— Мне можна, — упэўнена заявіла Адэля.

Я ад нечаканасці ажно папярхнулася.

— Чаму гэта?

— Таму, — ухілілася Адэля ад тлумачэння.

— Правілы этыкету абавязковыя для ўсіх.

— А вось і не. «Зоркі» выдатна абыходзяцца без іх.

— «Зоркі» павінны быць прыкладам для ўсіх менавіта таму, што яны заўсёды навідавоку.

— Вы нічога не разумееце ў жыцці, — запэўніла Адэля. — Правілы – для такіх, як Малімонка з Даліктусяй. Гэта ж трэба: нават нічога прыдумаць пра сябе не змаглі! Задаволіліся тым, што нехта некалі пра козаў напісаў! Зусім без славалюбства.

Авечка Адэля

— А мне твае сяброўкі спадабаліся.

— Ат, якія яны мне сяброўкі, — скрывіла носік Адэля. — Бывае, пасвімся разам. Але яны мне яшчэ спатрэбяцца. Як толькі выйдзе кніга, вазьму іх у сваю світу.

— А світа табе навошта?

— Якая вы недасведчаная! У «зоркі» абавязкова павінна быць світа, каб выконваць кожнае яе жаданне, дамаўляцца пра інтэрв’ю, задорваць падарункамі, прамаўляць кампліменты…

— Адэля, досыць! Калі мы ўпершыню загаварылі пра кнігу, у цябе яшчэ быў шанец стаць сапраўды цікавай асобай, з арыгінальнымі памкненнямі. А цяпер ты занеслася так, што проста нечувана!

— Не пра гэта гаворка. Спадарыня Наталля, у мяне да вас ёсць прэтэнзіі.

Маеш табе, навіна!

— Што за прэтэнзіі?

—Учора, пакуль вы дзеля козачак горла дзерлі, я пачытала  рукапіс. І ведаеце, я вельмі незадаволеная.

— Чым, Адэля?

— Мы дамаўляліся, што вы будзеце пісаць пра мяне толькі праўду. А цяпер бачу, што вы чарніце мяне ў вачах чытачоў, паклёп узводзіце…

— Дзе? – здзівілася я, падышоўшы да стала.

— А во, — тыцнула Адэля капытком у радкі. – Цытую: «Адэля ад хвалявання ўскочыла на канапу, нават не выцершы капытцаў аб дыванок» – вы ж ведаеце, якая я чысцёха! Проста вельмі хвалявалася і не зважала на ўсялякія цырымоніі. Або яшчэ: «Адэля крычала, вырачыўшы вочы» – я была ўстрывожаная. Дый яшчэ сустракаюцца непрыемныя радкі. То я нецярплівая, то нястрыманая, то яшчэ немаведама якая. Але ж гэта тэмперамент. Наогул я вельмі выхаваная і рахманая. Яшчэ вы шмат увагі надалі візіту Малімонкі з Даліктусяй. Ведаеце, вам трэба багата чаго перапісаць.

— Вось што, даражэнькая, я нічога перапісваць не буду. Калі хочаш перад чытачамі выглядаць выхаванай, дык паводзься адпаведна. Можа, ты не заўважыла, але свет круціцца не толькі вакол цябе. Як мне падаецца, ты абрала найгоршы бок «зорнай» сутнасці. А я думаю, быць «зоркай» – не значыць станавіцца невыноснай у штодзённым жыцці і звысоку глядзець на ўсіх вакол. Далікатныя і дасціпныя асобы разумеюць, што «зоркі» — носьбіты святла для тых, хто побач, прыклад для пераймання.

Адэля і сяброўкі

Адэля глядзела на мяне, шырока расплюшчыўшы вочы:

— Вы сапраўды так думаеце? Пані Наталля, але чаму вы мне ніколі гэтага не тлумачылі?

— Бо ты ніколі раней не была такой невыноснай і ганарлівай.

— Дзіўна, а мне здаецца, што я раблюся ўсё больш цікавай і змястоўнай асобай. Я гэтулькі часопісаў прачытала! Гэтулькі новага даведалася пра моду і гламур, пра фітнес і дыеты, што магу гаварыць пра гэта гадзінамі. Прынамсі, мяне ніхто не можа назваць нецікавай суразмоўцай! Дзяўчаткі, што на лужок прыходзяць, вельмі любяць паслухаць мае разважанні наконт стужак, бранзалетаў і ланцужкоў. Дарэчы, — спахапілася Адэля, — гаспадар сёння прыносіў прымяраць ланцужкі. Ён патлумачыў, што неўзабаве ўлады пачнуць патрабаваць, каб усе жывёлы пасвіліся, адзеўшы іх на шыю. Я не вельмі зразумела, чаму ланцужок такі дзіўны — замест замочка на канцы калок боўтаецца. Ніколі ў модных часопісах такога не бачыла. Дый цяжкі ён вельмі. Пакрасавацца хвілін 5-10— яно і нічога. Але ж як цэлы дзень з такім ланцужком сярод траўкі скакаць?

— Ой, Адэлька! Здаецца мне, што не дзеля хараства твой гаспадар ланцужкі прыносіў.

— А навошта?

— Разумееш, мая даражэнькая, я не раз бачыла, што ў вёсцы некаторых жывёлін навязваюць на ланцугі.

— Як гэта — навязваюць? — занепакоілася Адэля.

— Зачапляюць адным канцом на шыю жывёліне, а калок убіваюць у зямлю.

Адэля на хвілінку задумалася:

— І навошта гэта патрэбна? Дзеля хараства? Не, непадобна.

— Хутчэй дзеля бяспекі. Гэта дазваляе засцерагчы жывёлін ад неабдуманых учынкаў: каб не заблукалі дзе ў лесе, каб пад машыну не трапілі. Відаць, выпадак з тваёй самаволкай падштурхнуў гаспадара да такой высновы, — тлумачыла я, адчуваючы сябе ўсё больш вінаватай.

Адэля ўрэшце зразумела схаваны сэнс «упрыгожвання».

— Здзек! Гвалт! — абурылася авечачка. — Мяне, вольную істоту — на ланцуг!.. Гэта нечувана! І вы так спакойна пра гэта расказваеце? Што рабіць, дзе справядлівасці шукаць? — замітусілася яна.

— Паслухай, Адэля, хадзем разам да тваіх гаспадароў і запэўнім іх, што ты дастаткова адказная асоба і выдатна абыдзешся без ланцуга.

— Пані Наталля! Вы мая выратавальніца! Хадзем, хадзем зараз жа!

— Хадзем. Але я настойваю, каб ты добра падумала наконт таго, пра што мы з табой гаварылі.

— Вы неймаверна чэрствая асоба! Мне пагражае ланцуг і навязь, а вы прапануеце задумацца над вашымі выдумкамі.

— От заўсёды твая ўдзячнасць кароценькая.

— А вы яшчэ нічога для мяне не зрабілі, каб я была вам удзячная, — заявіла Адэля. — Але калі вызваліце мяне ад пагрозы путаў, абяцаю ўсю нудную кнігу пра этыкет прачытаць.

Адэля і яе сяброўкі 3

Нават не ведаю, ці сапраўды я паверыла ў Адэліна абяцанне, але пабегла разам з ёй на ферму. Што ні кажы, а быць прывязанай да рабочага месца ў літаральным сэнсе слова – не вельмі панадная перспектыва.

Пасля доўгіх перамоў з Адэлінымі гаспадарамі мы змаглі іх запэўніць, што навязванне Адэлі пагоршыць якасць яе працы і паспрыяе наступленню зацяглай дэпрэсіі. Дамовіліся, што абыдземся без ланцуга. Але гаспадар, які быў суровейшы за гаспадыню, запатрабаваў, каб Адэля пачала насіць спецыяльную кліпсу – гэта дапаможа заўсёды ведаць месцазнаходжанне авечкі і сачыць за яе станам. Давялося згадзіцца.

Пра ліст і «ўціск гламуру»

Наступным вечарам Адэля прыбегла ўзрушаная. Яна трымала ў капытках тонкі прастакутнічак зялёнага колеру і ўрачыста трэсла ім перад маім носам.

— Вось, глядзіце, адказ з Грынпіс прыйшоў! Бачыце, я без вас нават не распячатвала!

— Ну дык паглядзім хутчэй, што там у лісце.

Мы схапілі нож для паперы і хуценька распячаталі канверт. Прачытаць адказ Адэля папрасіла мяне, бо сама нешта расхвалявалася.

Авечка Адэля

Я разгарнула аркуш паперы, прабегла па ім вачыма і адразу прысела на канапу, хапаючы ротам паветра.

— Адэля! Ты не паслухалася мяне!

— Што вы маеце на ўвазе? – нявінна запыталася авечка.

— Ты запэўніла, што перапісала тэкст ліста вельмі ўважліва. Так?

— Так. Але я дадала ад сябе дзве-тры фразачкі. Бо вы недакладна выказвалі мае думкі. А што не так?

— Ты палову ліста выхвалялася сваёй дасканаласцю, ды яшчэ наляпіла кучу памылак. Твой ліст палічылі вельмі пацешным, параілі звярнуць больш увагі на правапіс, але ўрэшце згадзіліся залічыць цябе кандыдатам. Абяцалі неўзабаве даслаць пасведчанне.

— От бачыце, згадзіліся! І я пэўная, ім было прыемна даведацца, якая я прыгожая, – Адэля крутанулася перад люстэркам.

— Але ты запэўнівала, што перапісала без памылак!

— Ай, спадарыня Наталля, што вы турбуецеся! Нават калі там трапілася некалькі памылак, на сутнасць справы гэта не ўплывае. Ну, скора я стану паўнапраўнай «зялёнай» і хай толькі хто сунецца на мой выпас са смеццем! З пасведчаннем Грынпіс я хоць каго змушу захоўваць чысціню на лужку.

Адэля прысела каля мяне на канапу.

— А ведаеце, шыльдачкі, што мы з вамі стаўлялі, ужо робяць сваю справу. Людзі, пачытаўшы, што іх здымае фотакамера, хапаюцца за свае абгорткі, шалупінне, пластыкавыя бутэлькі і прыбіраюцца вакол. А як смешна круцяць галавой, каб зразумець, адкуль іх здымаюць! І так пачціва са мной вітаюцца. І ніхто больш не кідаецца да мяне са шпрыцам і не пагражае вакцынай супраць шаленства. Цяпер я не проста авечачка, якая пасецца на зялёным лужку, а асоба, якая дапамагае ахоўваць навакольны свет!

— Я таксама вельмі здаволеная гэтым, Адэлька.

— Але гэта не ўсе навіны! Паглядзіце на мяне ўважліва.

Я гасцюю ў Адэлі (казка)+аўдыё

Я паглядзела.

— Ну як? – нецярпліва спыталася Адэля.

— Што? Выглядаеш як заўсёды, нічога незвычайнага. Толькі крышку больш задаволенага бляску ў вачах.

— Ах, якая вы няўважлівая! Я ўсё дзіўлюся, як вы маглі стаць пісьменніцай, калі самага важнага ў жыцці не заўважаеце? Бачыце новае ўпрыгожванне: гаспадар урэшце прынёс. — Адэля выставіла вушка, на якім красавалася невялічкая квадратная кліпса. – Толькі крыўдна, што яна адна. Самыя прагрэсіўныя модніцы носяць па некалькі адразу. А мне падаецца, што для сваёй улюбёнай авечачкі маглі і прыгажэйшую выбраць. Я заявіла свой пратэст, дык гаспадыня паабяцала падправіць яе і сёння ж наклеіць стразы. Толькі не магу абраць колер: ружовы пасуе да майго далікатнага носіка, блакітны прыгожа адцяняе маю воўначку, ад зялёнага больш выразнымі выглядаюць вочкі. Што параеце?

— Ведаеш, мне таксама ўсе гэтыя колеры даспадобы.

— Выдатна! Папрашу гаспадыню, каб прыклеіла тры рознакаляровыя стразы. Тады маё хараство заззяе ўсімі колерамі вясёлкі!

— А што з сістэмай вызначэння месцазнаходжання? Помніцца, кліпса задумвалася перадусім не як аздоба, — пацікавілася я.

— Усё выдатна! — Авечка зняла кліпсу і, перавярнуўшы, стала тлумачыць:

— Кнопка месцазнаходжання, кнопка тэрміновай сувязі, хуткага рэагавання і нават SОS. Як думаеце, толькі шчыра, гэта нейкія хітрыкі, каб навязаць мяне?

— Думаю, сістэма мае на мэце тваю бяспеку і кантроль. Мы пра гэта ўжо гаварылі.

— Заўтра пахвалюся перад дзяўчаткамі сваёй абновай. Яны абавязкова  ацэняць упрыгожванне. Не тое, што вы. Яны такія модніцы, такія гламурныя… — Адэля зноў села на свайго ўлюбёнага канька. — І гэта не замінае ім быць вельмі разумнымі, добра вучыцца, займацца ў розных гуртках. Яны – усебакова развітыя асобы.

— А пра што ты з імі гутарыш?

— Я вам ужо казала – ланцужкі, бранзалеты, пярсцёнкі, апошнія тэндэнцыі ў свеце моды. Яны аднойчы нават далі мне прымерыць туфлікі на абцасах. Такія прыгожыя!.. Але мне было вельмі нязручна, ледзь ножку не выкруціла, спрабуючы хадзіць на гэтых хадульках. Вельмі крыўдна. Але дзяўчаткі мяне супакоілі, паабяцаўшы падарыць пляжную торбу.

— Паспрабуй з імі яшчэ пра што пагаварыць. Трэба неяк пашыраць кола ведаў, бо ім хутка надакучыць абмяркоўваць з табой толькі бранзалеты ды строі.

— Ды што вы маеце супраць моды? – ускінулася Адэля. – Я дык цікаўлюся ўсім і магу сама быць экспертам у гэтай галіне. А вы заўсёды астаяцеся на паўкроку!

— Я?

— Вы! – наступала авечачка. – Нос без пірсінгу, у вушах толькі па адной завушнічцы, пазногці намаляваныя ружовым, а не чорным, носіце не больш трох ланцужкоў, на нагах няма бранзалетаў, у валасах ніводнай стужачкі, абцасы менш чым 9 сантыметраў! Куды гэта варта?

— Адчапіся, Адэля! Досыць таго, што ты навыперадкі з модай бегаеш.

— Нічога не досыць. Я вось падумала, а чаму б мне не стаць модным стылістам?

Адэля і яе прыгоды

Я стрымлівала смех, але пакрыўдзіць Адэлю не хацела.

— А дзе ты кліентуру набярэш? Здаецца, Малімонка з Даліктусяй не вельмі навінамі моды цікавяцца.

— Нічога, я іх далучу. А пачаць можна з вас. Адчыняйце шафу! Зараз будзем вам модны гардэроб фармаваць.

Адэля хуценька падскочыла да маёй шафы і пачала выцягваць з яе адзенне: сукенкі, спадніцы, нагавічкі, кофтачкі – на канапе хутка расла рознакаляровая горка маіх рэчаў. Я моўчкі прымасцілася на бераг крэсла і назірала за Адэлькай. Яна корпалася ў адзенні, прыкладала адну рэч да другой, мацала тканіну, параўноўвала колеры.

— Гэта трэба насіць з гэтым, гэта з тым, вунь тое пасуе да таго і таго, — мармытала яна.

Здавалася, прыяцелька нават забылася на маё існаванне.

«У наяўнасці густу не адмовіш,— падумала я,— асабліва што да колеру. Але вельмі ж экстравагантнымі выходзяць яе камплекты. Нізавошта не наважуся апранаць гэтыя рэчы разам». Але я не замінала ёй. Скончыўшы, Адэля заявіла:

— Ну, цяпер трэба рабіць прымерку.

— Зірні на гадзіннік,— запратэставала я. — Ужо вечар. Табе трэба выпраўляцца дамоў.

— І праўда,— зірнула ў сцямнелае акно авечачка. — От заўсёды трымаеце мяне да познага, а я потым недасыпаю. А здаровы сон вельмі важны для хараства. Я пабегла, а вы прымярайцеся.

Адэя і яе жыццё

Адэля паспешліва выскачыла за дзверы. А я не адмовіла сабе ў задавальненні прымерыць колькі найбольш удалых і экстравагантных камплектаў.

Адэля і «Грынпіс» (казка + аўдыё)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская