Апошні летні месяц багаты на народныя і царкоўныя святы ды прысвяткі. Толькі ўшанавалі пазаўчора святога Панцеляймона-лекара ды Міколу-капусніка, а сёння сустракаем Івана Калінніка!
Ужо з назвы вынікае, што размова пойдзе найперш пра такую карысную ягаду, як каліна. І больш за тое – фактычна пра ўвесь куст, чыёй прыгажосцю мы звычайна па восені, а то і ўзімку так захапляемся. Бо выкарыстоўваюць у народнай медыцыне і кветкі, і ягады, і кару, і маладыя парасткі.
Што датычыцца кары, дык, як заўсёды, шкада... Ну проста шкада абдзіраць яе нават з тых кустоў, якія, здаецца, нічыйнымі растуць у лесе. Бо жывое ж! А вось калі ягады не збірае хтосьці з куста, што расце на падворку, дык, наадварот, ніякавата тады глядзець па вясне на тое, у што яны ператварыліся. Калі, вядома ж, гаспадары пасля маразоў усё ж ягады не зласуюць. Ці птушкі.
А давайце зазірнём у гэты дзень, перамясціўшыся на ўяўнай машыне часу хаця б на пару стагоддзяў таму. Калі ўсё было іншым: і знешні выгляд людзей, і лад жыцця, і традыцыі, і ўяўленні. Дык вось Іван Каліннік (ці Калінавік) даўней лічыўся днём збору каліны і нават журавінаў. Ну, магчыма, на поўдні Беларусі – так. А вось у нас для журавінаў, здаецца, ранавата яшчэ.
Сёлета толькі брусніцы ў той жа Мінскай вобласці афіцыйна дазволена збіраць акурат з сённяшняга дня, а журавіны – і ўвогуле з 2-га верасня. Дарэчы, добра памятаецца год мінулы, калі па журавіны паехалі ў балота ў самы першы дазвольны дзень. А ягады там… зеленаватыя яшчэ! Так што пра журавіны пакуль размовы не вядзём, згода?! Каліннік дык Каліннік!
Таму далей кіруем у мінулае на машыне часу і даведваемся, што ў гэты дзень сеялі жыта, плялі вянкі і назіралі за надвор’ем. Бо ўжо чакаліся ранішнія туманы (сёлета яны ў Мінскай вобласці «аб’явіліся» раней за Івана Калінніка) і нават замаразкі.
Даўней сяляне прыкмячалі: «На Калінніка смуга – рыхтуй гумно на авёс з ячменем», «На Каліннікаў дзень не будзе ранішнікаў, так і Лупа (5 верасня) не замарозіць». І прасілі: «Пранясі, Госпадзі, Калінніка туманам, а не марозам». Бортнікі нудзіліся, бо калі змрок і туман, лёту пчол не будзе. Казалі: «У туман пчале ходу няма».
Каліну сяляне лічылі сімвалам чыстай прыгажосці. І – лячыліся гэтымі ягадамі. У наш час іх асабліва шануюць гіпертонікі. Прымаюць у розных відах: альбо з’ядаюць жменьку ў дзень (раяць пачынаць са сталовай лыжкі), альбо прымаюць настойку з каліны…
Каліна з мёдам – таксама цудоўны сродак для паніжэння артэрыяльнага ціску. Але! Медыкі раяць, па-першае, не злоўжываць такім дадатковым, так бы мовіць, лячэннем. А па-другое, рэгулярна вымяраць ціск. Бо кожны арганізм можа зрэагаваць на лекавыя ўласцівасці каліны па-свойму. Можа рэзка панізіцца ціск, магчымая нават страта прытомнасці.
Так што парады заўсёдныя: прыслухоўвацца да свайго арганізма, а не адзін у адзін выконваць парады з сеціва. Нават гэтыя!:) А ўвогуле, ягады каліны ачышчаюць сасуды ад атэрасклератычных бляшак, абнаўляюць кроў і павышаюць агульны тонус арганізма.
А смак ягады хаця і можа падасца горкім, але пры далейшым ужыванні павінен спадабацца. Асабліва калі каліна – прымарожая. І не толькі натуральным чынам, бо ў нас па цяперашніх зімах маразоў можна проста не дачакацца. Лядоўня – цудоўнае выйсце.
Але калі ў вас тромбафлебіт, лепей скіраваць сваю ўвагу на іншыя ягады. Бо калінавыя паскараюць згусанне крыві. Асцярожна! Як і пры падагры ды артрыце, пры захворваннях страўнікава-кішэчнага тракту, печані і нырак, асабліва ў перыяд абвастрэння.
А царква ў гэты дзень ушаноўвае памяць пакутніка Калініка Кілікійскага, які жыў у 3-4 стагоддзях і таксама пацярпеў за веру.
…Калі каліна да Івана Калінніка яшчэ грунтоўна не выспела, значыць, сёння проста любуемся на кусты ў чырвоным убранні! Усім – здароўя!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by