21.04.2019
21.04.2019

«Не я б’ю – вярба б’е...»

logo
Беларускі код
0 75
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Хіра (хвароба) ў лес – здароўе ў косці», «Будзь здароў увесь год, як калядны лёд», «Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба»...  

Чулі такое?! А сёння самы час, каб пасцябаць блізкіх асвечанымі галінкамі вярбы, прыгаворваючы гэтак. Нават калі вы тройчы няверуючы... Бо абрад у чымсьці і народны.

А ў нас сёння – Вербніца! І гэта чарговая цудоўная нагода, каб прыгадаць традыцыі продкаў, штосьці з гэтага выканаць і ўвогуле – задумацца пра вечнае і... пра здароўе.

Як мяркуюць даследчыкі, святкаванне Вербніцы ідзе яшчэ з паганскіх часоў, калі існаваў культ зеляніны. А пасля ўжо да гэтага далучылася хрысціянства.

А ў нас сёння – Вербніца

А вы назапасілі галінкі вярбы?! Наша сямейства падрыхтавала букецік. І я рада, што мы з вамі жывем не ў Гарадзенскай губерні 19 стагоддзя. А ведаеце, чаму? Бо там у некаторых мясцовасцях (вынайдзена фалькларыстамі!) везлі асвячаць вербы ў царкву... цэлымі дрэвамі! З каранямі! Уяўляеце сабе?! І толькі пасля ламалі з іх галіны... Цікава, ці хапала на ўсіх тых дрэў?! Не, мы лепей больш ашчадна паставімся да вярбы, праўда?!

Зразумела, можна было б абысціся і ўвогуле без жывых галінак. Але ж – традыцыі. Дык чаму б і нам не прыслухацца да таго, што перадавалася з пакаленне ў пакаленне?!

Нашы продкі верылі, што злёгку сцябаючы сваіх сямейнікаў асвечанымі галінкамі вярбы з патрэбнымі словамі-замовамі, можна перадаць сілу і жыццёвую моц гэтага дрэва.

А чаму трэба абавязкова асвячаць у царкве?!

Бо (і гэта таксама занатавана даследчыкамі народнай духоўнай спадчыны) лічылася, што пасля Вадохрышча чэрці ўцякаюць з вады... акурат на вярбу! А пасля Вербніцы і асвячэння апошняй – у траву. А адтуль калі выганялі іх?! Правільна, на Купалле!

Ну, чэрці чарцямі, але і ў іншыя магічныя ўласцівасці вярбы нашы продкі дакладна верылі. І, мабыць жа, іх вера падмацоўвалася канкрэтнымі выпадкамі вылячэння альбо выратавання ад стыхіі... Вядома, лепей, каб такія няшчасці не напаткалі ніколі і нікога... Але пры выпадку можна паспрабаваць штосьці з гэтага зрабіць...

вярба - народныя традыцыі

Напрыклад, калі спакутуе зубны боль альбо прыцісне ліхаманка, трэба з’есці 9 пупышак з асвечанай галінкі вярбы. Штосьці накшталт эфекту плацэба?! Магчыма... Але мне вось цікава, якая тая пупышка на смак. Ці сапраўды можна яе з’есці (ды яшчэ столькі) – і без наступстваў для страўніка?!

А вось гэта дык і зусім бяскрыўднае. Каб адагнаць хмару падчас навальніцы, набліжэнне якой адчувалася здалёк, выстаўлялі на акно асвечаную галінку вярбы. Яшчэ ёю выганялі кароў першы раз на Юр’я. А таксама вешалі ў хляве, каб жывёлу не сурочылі.

Не ведаю, што з гэтага канкрэтна спраўджвалася. Затое магу сказаць, што калі трымаю ў руках тыя галінкі... Штосьці ў гэтым ёсць. Штосьці адчуваецца. Дзейнічае – не дзейнічае... Трэба – не трэба... Але ж прывычка. Няхай будзе. Гэтак жа, як вада – на Вадохрышча, свечкі – на Грамніцы, зялёныя галінкі – на Тройцу... І хіба гэта дрэнна – верыць у штосьці?! Нам так зараз гэтага не хапае...

... Адзванілі царкоўныя званы. І як шмат на вуліцах людзей, што вяртаюцца з храмаў дадому з асвечанымі галінкамі. І бы святлей ад іх радасці нават у дажджлівае надвор’е. А ў сонечнае – яшчэ ярчэй і цяплей.

Са святам, сябры! З Вербніцай! Здароўя ўсім моцнага, пабольш прыемных момантаў у жыцці і добрых людзей побач. А таксама не забывайцеся на гэта: «Не я б’ю – вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень!» Чакайма! А прадстаўнікі каталіцкай канфесіі, грэка-католікі і пратэстанты яго ўжо прычакалі і святкуюць сёння. Шчыра віншуем!!! Божае ласкі і любасці ў сэрцы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 75

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".