05.06.2019
05.06.2019

А вы прыводзіце ў парадак сваю планету?!

logo
Думкі ўслых
0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Памятаеце?! У Антуана дэ Сент-Экзюперы ў казцы «Маленькі прынц»?! «Ёсць такое цвёрдае правіла: устаў раніцай, памыўся, прывёў сябе ў парадак – і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету». Слушная думка, праўда? Асабліва, калі не браць сусветны маштаб. Маўляў, як я магу глабальна паўплываць на забруджванне навакольнага асяроддзя… А сапраўды зрабіць штосьці самім. Няхай невялічкае, але рэальнае. Прыбраць ля ўласнага двара, за сабою ў лесе, ля рэчкі… А то і за кімсьці… І з гэтага невялічкага паціху збярэцца важкае.

Так ужо склалася, што пра важнае мы не задумваемся штодня, а толькі з якой-небудзь нагоды. Вось і сёння, 5 чэрвеня,  яна ёсць: Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, альбо Дзень аховы навакольнага асяроддзя ў Беларусі.

Да яго прымеркаваныя разнастайныя мерапрыемствы, акцыі, тэарэтычныя і практычныя… Веды, безумоўна, рэч неабходная. Але самае дзейснае – гэта калі чалавек свядома не шкодзіць, а дзесьці нават выпраўляе шкоду за іншымі.

А па прыклад і хадзіць далёка не трэба. Толькі сёння прачытала на сайце пра чарговы пажар, які здарыўся ў нядзелю на тэрыторыі нашага Чэрвеньскага лясгаса. Яго ўбачыў вадзіцель МАЗа гэтай арганізацыі, паведаміў ляснічаму. Атрымалася аператыўна ліквідаваць. Але, зразумела, участак лесу пацярпеў. Як і навакольнае асяроддзе. А прычына, хутчэй за ўсё, банальная: неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Вось як ні заклікай нашых грамадзян, як ні зачыняй лясы для наведвання падчас пажаранебяспечнага перыяду, усё роўна знойдзецца нехта, хто кіне на сухі мох недакурак, не патушыць за сабою вогнішча… І гараць нашы лясы, якія і так апошнім часам дужа церпяць ад стыхіі. Ледзь не штогод – шмат гектараў быццам «выкошваецца» бязлітасным ураганам. А пакуль яшчэ вырастуць наноў пасаджаныя дрэўцы – ад некалькіх сантыметраў да дзясяткаў метраў…

Меней лясоў – менш чыстае паветра будзе вакол. А гэта ўжо не бяда, а катастрофа! І карысці з таго, што экалогія Чэрвеньшчыны практычна не забруджваецца ніякімі шкоднымі выкідамі прадпрыемстваў. Бо прадпрыемстваў тых у нас… фактычна няма. Прадукты гарэння, што выдзяляюцца ў паветра, – вось сапраўдная бяда. Прычым, атрымліваецца, ва ўсе поры года!

Узімку ўвечары вокны не расчыніць на праветрыванне: стойкі пах брыкету. Непадалёк шматкватэрны дом, які абмінулі прыродным газам. І жыхары паляць печкі-катлы… Увесну пачынаецца сезон спальвання мінулагодняга лісця, травы, галін ды іншых парэшткаў. Спальваюць і жыхары, і арганізацыі, і дачнікі… Пах яшчэ той!

Улетку часцяком гарыць балота. Яно знаходзіцца ад нашага дома, між іншым, за некалькі кіламетраў. Але ўстойлівы пах гарэлага торфу далятае ў поўным аб’ёме, асабліва ўранку… А ўвосень дачнікі-агароднікі паляць бульбоўнік і зноўку лісце. Вось табе і зялёная зона, вось табе і свежае паветра…

А менавіта гэтая тэма – забруджванне паветра – абраная сёлета ў Сусветны дзень навакольнага асяроддзя галоўнай. Краінай жа, якая прымае адзначэнне гэтага дня, стаў Кітай. Але ў кожнай краіне, у кожнай мясцовасці, як бачым, свае праблемы… І калі дзесьці прадпрыемства са шкоднымі выкідамі не спыніш, бо яно вырабляе штосьці патрэбнае для людзей, дык не паліць на сваім участку тое ж восеньска-вясновае лісце, а складваць яго ў кампоставую яму можа кожны. Ці не так?! Было б жаданне не нашкодзіць. І разуменне (паўтаруся!), што вялікае складаецца з малога…

Проста не смеціць. Ну вось непрыемна, калі збіраеш у лесе ў сезон ягады-грыбы і натрапляеш на кучы бытавога смецця пад кустамі. Ну самі ж яны там не выраслі! Іх туды вывезлі! А што за праблема – замовіць трактар у камунгасе, заплаціць – і смецце трапіць на палігон?!

Усе памятаюць, як мінулым летам-восенню дачнікі ды ўладальнікі прыватных сядзібаў проста не ведалі, куды падзець яблыкі?! А летнія гатункі так імкліва падалі ды гнілі… Ля нашага дачнага таварыства на калгасным полі паступова вырасталі іх горы. Самае цікавае, што калі паставілі там таблічку з папярэджаннем, каб гэтага не рабілі, бо будзе штраф… Менавіта каля таблічкі чарговая гара гнілля і вырасла. Ну не сама ж па сабе?! Эх, людзі…

А нашы планеты так чакаюць клопату і беражлівага стаўлення! Вялікая планета Зямля і маленькія асабістыя «планеты» ў кожнага. Пра якія так слушна сказаў Антуан дэ Сент-Экзюперы вуснамі Маленькага прынца…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 61

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".