Крыкі «Наперад!», “Го-о-о-о-о-л!», «Эйс!» і пачашчаны пульс… Эмоцыі – праз край і ціск павышаецца… І ўсё ж гэта – не хвароба. Дакладней – не тая хвароба, ад якой трэба ратавацца. Гэта мора станоўчага, што пераважае адмоўнае, дае магчымасць разгрузіцца і парадавацца на поўную моц. У тым выпадку, калі вы – спартыўны заўзятар (балельшчык).
«Я так знерваваўся, калі наша хакейная зборная прайграла! – эмацыянальна скардзіцца мне знаёмы. – Ажно ціск падскочыў і сэрца забалела». – «Ды каму трэба такія твае перажыванні?!» – не менш эмацыянальна заўважаю я. – «Э-э-э-э, не, нічога ты не разумееш», – пераконвае знаёмы. Ну, так. Яго хлебам, як кажуць, не кармі – дай пахварэць. Спартыўны заўзятар са стажам.
На здзіўленне, гэта мне таксама знаёма. Хаця не па футболу ці хакею. І нават не па біятлону. У свой час прыахвоцілася хварэць за нашых тэнісістаў. Магу нават сказаць, з якога часу. Гэта быў 2004 год, калі мужчынская зборная з легендарнымі Максімам Мірным і Уладзімірам Валчковым выйшла ў паўфінал Сусветнай групы ў Кубку Дэвіса.
Што гэта былі за гульні! Мы гадзінамі праседжвалі перад тэлевізарам. З правіламі разбіраліся па ходу, на практыцы. І, падавалася, разабраліся няблага. А ўжо калі розыгрышы заканваліся перамогай нашых… Во дзе пакрычалі на ўсю кватэру! І якім жа цудоўным быў настрой на працягу многіх дзён пасля… І хто сказаў, што спартыўнае заўзятарства – гэта дрэнна?! А якую еднасць адчуваюць людзі на стадыёне! Вось дзе сапраўды – усе браты і сёстры!
Гэтым разам нагодай задумацца над карысцю такога баўлення вольнага часу і паляпшэннем тым самым свайго стану сталася… Ну што б вы думалі?! Так, перамога нашай жаночай тэніснай зборнай у Германіі і выхад у паўфінал Сусветнай групы Кубка Федэрацыі. Гэта было штосьці фантастычнае і нерэальнае! Дзяўчаты ўжо даўно мне падабаліся, а цяпер Арына Сабалеўская і Аляксандра Сасновіч скарылі маё сэрца гэтак жа моцна, як у свой час Максім Мірны і Уладзімір Валчкоў!
А што датычыцца карысці ад самога працэсу, дык вучоныя сцвярджаюць, што быць заўзятарам, у першую чаргу, карысна для псіхікі. Так, калі каманда прайграе, мы засмучаемся. Але ж гэта таксама эмоцыі. Прычым яны ўсе навідавоку. Мы не трымаем іх у сабе, а выплёхваем вонкі. І добрыя, і дрэнныя. Асабліва, працягваюць даследчыкі заўзятарства, гэта карысна для мужчын. Бо яны зазвычай усё трымаюць у сабе. Бо мужчыны – так ужо склалася – не павінны паказваць свае эмоцыі, а тым больш – плакаць. А на стадыёне, як што, гэта абсалютна нікога не дзівіць.
Калі мы радуемся за любімую каманду альбо асобных ігракоў, дык адчуваем гонар за іх, за сваю краіну. І здаецца нават, што ты таксама маеш да гэтага невялікае дачыненне. Самае цікавае, што па меркаванні тых жа вучоных заўзятарства і фанацтва дапамагае змагацца з дэпрэсіяй, з’яўляецца сродкам для яе прафілактыкі, а таксама іншых захворванняў, звязаных з хранічным стрэсам. Дзесьці ў замежных гарадах бальніцы нават дапамагаюць арганізоўваць футбольныя матчы для моладзі. Вось яна – не толькі сіла спорту, але і сіла заўзятарства!
А яшчэ спартыўныя заўзятары радзей адчуваюць сябе адзінокімі. І не толькі на стадыёне, але нават перад экранам тэлевізара. Бо ўсё роўна падаецца, што ты там, на трыбунах, разам з усімі… І што гульня вас аб’ядноўвае.
Так і атрымліваецца, што ў заўзятарстве столькі плюсаў! Толькі калі, зразумела ж, штораз не на канапе перад тэлевізарам і не з півам з рыбкай! Бо тут пойдуць ужо і вядомыя мінусы для здароўя.
…А вы ХВАРЭЕЦЕ?! За нашых?!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by