15.11.2019
15.11.2019

Гервяты: цуд з цудаў – касцёл…

logo
Думкі ўслых
0 71
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Уласна кажучы, сюды з-за яго ўсе і прыязджаюць. Пабачыць тое дзівоснае велічнае збудаванне, сфатаграфавацца на тэрыторыі, поўнай цікавостак, паглядзець на алтар, які паўтарае форму храма, паслухаць (калі пашанцуе) старадаўні арган… Вёска Гервяты. 

Гервяты. Троіцкі касцёл.

Не сталі выключэннем і мы. Праўда, мой брат з жонкай тут былі ўжо, а вось я і мае пляменніцы бачылі ўсё толькі на фота. І ўсё ж не думалі, што моцна здзівімся.

– Пачакайце, – пасміхаўся Ігар, – вось толькі згледзіце яго ў натуры…

Прыпаркаваліся прама насупраць Троіцкага касцёла. Выйшлі. І згледзелі. АХ!!!! Высокім шпілем – у самае сэрца!

Тэрыторыя яго адразу мне нагадала тэрыторыю касцёла ў Мосары. Вядома ж, яны розныя, вельмі розныя. Але ў той жа час і падобныя – арыгінальнасцю, адметнасцю, дагледжанасцю, прыгажэннымі ландшафтамі з разнастайнымі раслінамі і малымі архітэктурнымі формамі…

Якраз падчас нашага прыезду маладажоны наладзілі тут фотасесію. Доўгую. Практычна ўвесь час, пакуль мы хадзілі па тэрыторыі, даводзілася старацца, каб не трапіць у кадр.

– Можа, яны будуць вянчацца?! – запыталася мая нявестка Лена ў адной з госцяў.

– Не, – адказала тая. – Толькі фотасесія.

– Шкада, – патлумачыла нам Лена. – Тады можна было б паслухаць арган…

Кажуць, што яго спецыяльна стваралі для гэтага касцёла, пад тамтэйшую адмысловую акустыку. А вышыня касцёла ў Гервятах, між іншым, 61 метр! Хтосьці нават сцвярджае, што 64.

Але пакуль мы не робім спробы зайсці ўнутр, а разглядаем адмысловыя кветкі, кусты і дрэвы на тэрыторыі. Якое ж тут хараство!!! Самыя разнастайныя хвойныя самых разнастайных формаў і колераў. Цудоўныя куточкі для адпачынку і адасобленасці. Тут, як мне асабіста – у Чэхіі, Вене, Рыме альбо Парыжы, проста хочацца сядзець ля сценаў, разглядаць будынак і думаць пра штосьці ўзвышанае, душэўнае і духоўнае.

І нічога, што на дварэ – позняя восень. Хвойныя – самыя выгадныя расліны, прыгожыя ў любую пару года. А яшчэ тут цвілі хрызантэмы! Вялікімі кустамі, якія мы са здзіўленнем разглядалі. Так позна – і такая любата!

Гервяты. Тэрыторыя касцёла.

Прыгадваем тое, што чыталі і чулі пра касцёл у Гервятах. Што пабудаваны ён у неагатычным стылі з захаваннем усіх прапорцый і канонаў готыкі. Што гэтае месца намоленае стагоддзямі, бо калісьці тут стаяў драўляны касцёл ажно 1536 года ўзвядзення. Кажуць, з цягам часу ён прыйшоў у поўную непрыдатнасць. Уяўляю сабе, як жа сумна было мясцовым жыхарам глядзець на тое...

Будаваўся касцёл у гонар Святой Тройцы з 1899-га па 1903-і год. Што, улічваючы яго памеры, можна ўспрымаць як фантастыку, праўда?! Бо за мяжою многія будынкі ўзводзіліся, напрыклад, дзесяцігоддзямі і нават пасля гэтага заставаліся недабудаванымі.

Моўчкі пастаялі мы ля магілы ксяндза Леаніда Несцюка, які зрабіў з касцёла і яго тэрыторыі французскія Нотр-Дам і Версаль. Ён зарана пайшоў з жыцця – на 62-м годзе… А каб жыў… Думаю, нам было б вельмі цікава сустрэцца з ім асабіста і пагутарыць. Як пашчасціла колькі гадоў таму ў Мосары сустрэць ксяндза Юозаса Бульку.

Гервяты. Пахаванне ксяндза Леаніда Несцюка.

Гэта пасля вяртання з Гервятаў я прачытала, што Леанід Нясцюк, аказваецца, менавіта да Булькі і звяртаўся па парады наконт добраўпарадкавання тэрыторыі! Значыць, мае высновы правільныя.

А яшчэ ксёндз Леанід запомніўся ўсім надзвычай добрым і справядлівым чалавекам. Чытаў пропаведзі і малітвы на трох мовах – польскай, літоўскай і беларускай. І пры ім касцёл не зачыняўся на замок да позняй ночы.

– А можна зайсці ўнутр, касцёл адчынены? – нясмела запыталіся мы ў мужчыны, які зграбаў на тэрыторыі непадалёк ад уваходу апалае лісце.

– Так, заходзьце! – прыветна адказаў той.

І зноў замінаючы фотасесіі маладажонаў, мы адзін за адным заходзім. Унутры – ніводнага чалавека, святло практычна не гарыць, маўчыць і старажытны арган. Але тыя пачуцці, якія ахопліваюць душу, словамі не перадаць.

Гервяты. Алтар Троіцкага касцёла.

Мы адны, але ўсё роўна перамаўляемся толькі шэптам. Глядзім на алтар, чые абрысы паўтараюць касцёл, на той самы арган, марачы ўсё ж пачуць яго гучанне – хоць калі, хоць з якой нагоды…

І хаця мы спяшаемся ехаць далей…

– Я пасяджу хоць тры хвіліны, – звяртаюся да сваіх.

І пераходжу на ўнутраны маналог. Як жа хораша і ўзрушліва пачуваешся, ажно да слёз! Аа-а-а-а-а-а, пакіньце мяне тут!!!!!!

...Выйшаўшы з касцёла, не магу ўтрымацца і фатаграфую яго яшчэ і з гэтага боку, праз дарогу.

Гервяты. Троіцкі касцёл.

Ну, і набыць магніцікі на памяць – справа абавязковая! 🙂 Мае пляменніцы згледзелі вельмі цікавы – з драўлянай асновай, рассоўны, бы тая батлейка. Вядома, замаўляю такі ж і я. Што асабліва парадавала дома, дык тое, што сам магніт аказаўся моцным. Учапіўся за халадзільнік трывала – не адарваць. У адрозненне ад… Раскажу наступным разам.

Гервяты. Магніцік на памяць.

Тым часам у маёй няўрымслівай пляменніцы Юлі засталася яшчэ адна нявыкананая справа, пра якую я ўжо згадвала. Пакаштаваць знакаміты смаргонскі пламбір з выявай мішкі!

Ну і што з таго, што Гервяты – гэта ўжо вёска Астравецкага, а не Смаргонскага раёна. Вобласць усё адно Гродзенская. Пабегла наша Юля ў бліжэйшую краму, месцазнаходжанне якой выхапіла спрактыкаваным вокам… І – вось фірмовы пачастунак, у руках кожнага! Праўда, выява мішкі тут не на самой накрыўцы, а збоку.

Фірмовы смаргонскі пламбір

У руках яго грэць і давялося! 🙂 Бо хаця пасля туману і вызірнула сонца, было халаднавата. Смачны пламбір! Усе, апрача вадзіцеля, елі па дарозе ўжо. Вадзіцель з’еў дома на наступную раніцу! 🙂

…Яшчэ пасля выхаду з касцёла мы спусціліся да месца, дзе ў 19 стагоддзі стаяў вадзяны млын. Задумліва паназіралі за вадаспадзікам пад мостам.

Усё цячэ, усё змяняецца… Але няхай гервяцкі касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы вытрымае выпрабаванне стагоддзямі і нават тысячагоддзямі! Бо нездарма ж у свой час з-за таго, што размываўся яго падмурак, будаўнікі… змянілі рэчышча Лошы! Ён варты гэтага. Гонар і слава!

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 71

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама