Site icon Слушна

Абязводжванне: як распазнаць сімптомы і як ратавацца

Абязводжваннем называюць паталагічны стан арганізма, які ўзнікае ў выніку змяншэння колькасці вады ў арганізме ніжэй фізіялагічнай нормы. Суправаджаецца рознымі парушэннямі метабалізму. Ад парушэння воднага балансу ўсяго на 1 % чалавеку можа стаць дрэнна, страта ж 20 % вады можа прывесці да смяротнага зыходу.

Як пазбегнуць абязводжвання і што рабіць, калі некаму з-за недахопу вадкасці стала дрэнна, расказала кіраўнік гарадскога Цэнтра здароўя Мінскага гарадскога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сняжана Каўрыга.

Сімптомы абязводжвання

Сімптомы абязводжвання

Калі сігнал аб недахопе вадкасці паступае ў цэнтр галаўнога мозгу, то чалавек адчувае смагу. І чым большы недахоп, тым мацнейшы сігнал. Яго нельга ігнараваць: калі водны баланс не аднавіць, абязводжванне стане цяжэйшым.

Паменшыцца потааддзяленне, арганізм пачне перамяшчаць ваду з клетак у крывацёк, каб захаваць неабходны аб'ём крыві і артэрыяльны ціск.

Акрамя смагі, сімптомамі абязводжвання з’яўляюцца:

  • змяншэнне патлівасці;
  • паніжаная пругкасць скуры;
  • слабая выпрацоўка мачы;
  • сухасць у роце.

Пры цяжкім абязводжванні адчуванне смагі можа стаць слабым, панізіцца артэрыяльны ціск (асабліва стоячы), што прывядзе да галавакружэння і страты прытомнасці. Калі не пачаць піць ваду, то разаўюцца шок і цяжкая параза ўнутраных органаў: нырак, печані і галаўнога мозгу. Клеткі галаўнога мозгу асабліва адчувальныя да цяжкіх формаў абязводжвання.

Адзін з самых паказальных індыкатараў цяжкай формы абязводжвання — зблытанасць свядомасці.

Прычыны абязводжвання:

  • харчовыя атручванні;
  • злоўжыванне алкаголем, кавай;
  • пачашчаны вадкі стул;
  • ваніты;
  • фізічныя перагрузкі;
  • праца на спякоце;
  • стрэс;
  • заняткі спортам, якія ўзмацняюць працэс потааддзялення;
  • цяжарнасць, перыяд груднога кармлення, менструальны цыкл у жанчын;
  • беднае харчаванне, няправільныя дыеты, галаданне;
  • пахмелле;
  • цеплавы ўдар;
  • змена клімату;
  • некаторыя лекі;
  • апёкі;
  • багатае і частае мачавыпусканне.

Першая дапамога пры абязводжванні

Пацярпелага неабходна перамясціць у цяністае і прахалоднае месца.

Сачыце за тым, каб чалавек ляжаў ці сядзеў, а яго дыхальныя шляхі былі адкрытыя.

Як мага хутчэй пачніце яго паіць, пажадана даваць падсалоджаныя напоі.

Калі пацярпелы не прыходзіць у сябе альбо ўзнікла нейкая экстраная сітуацыя, неадкладна тэлефануйце па нумары 103 і выклікайце хуткую дапамогу.

Як не дапусціць абязводжвання?

Каб пазбегнуць абязводжвання, трэба рэгулярна піць. Улетку мы губляем значна больш вады ў параўнанні з іншымі сезонамі. У спякоту ўжывайце вадкасці як мінімум на 1 л больш звычайнага: помніце, што вадкасць выходзіць праз поры скуры з потам.

Пры навакольнай тэмпературы вышэй за 20 °С рэкамендуецца выпіваць прыкладна 100-200 мл вадкасці ў гадзіну. Выключэнне складаюць людзі з праблемамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, атлусценнем, гіпертаніяй, а таксама тыя, у каго ёсць праблемы з ныркамі — ім трэба піць менш гэтага аб’ёму.

Аднак запатрабаванне ў вадзе залежыць не толькі ад знешняй тэмпературы. У выпадку цяжкай фізічнай працы на адкрытым паветры неабходна ўжываць 6-6,5 л пітной вады за суткі.

Правільны пітны рэжым у спякотнае надвор'е дапаможа:

  • вывесці шкодныя рэчывы з арганізма,
  • захаваць скуру ад перасыхання,
  • выключыць верагоднасць абязводжвання і цеплавога ўдару.

Як правільна піць ваду?

Вядома, спякота правакуе жаданне піць ваду і напоі халаднейшымі, але рабіць гэтага не варта. Так, тэмпература ў страўнікава-кішачным гасцінцы чалавека 36 °С і вышэй. Ледзяная вада астудзіць слізістую абалонку і затармозіць працэсы стрававання і ўсмоктвання. Такім чынам, напой тэмпературай ніжэй за 20 °С не спатоліць смагу.

Каб прытрымлівацца правільнага пітнога рэжыму, неабходна выконваць некалькі простых правіл:

1. Пачынайце сваю раніцу са шклянкі вады.

2. Не піце падчас прыёму ежы, бо гэта прыводзіць да развядзення страўнікавага соку, што парушае працэс стрававання і расцягвае страўнік. Адгэтуль адчуванне цяжару і ўздуцця жывата.

3. Ужывайце больш вадкасці, знаходзячыся пад адкрытым сонцам, у душных памяшканнях або выконваючы фізічную працу.

4. У гарачае надвор'е адмоўцеся ад кавы, бо яна спрыяе страце вільгаці і сушыць арганізм. Калі выпіваць больш за тры кубкі кавы ў дзень, павышаецца рызыка ўзнікнення спазму сасудаў і гіпертанічнага крызу.

5. Усталюйце мабільную праграму, якая будзе напамінаць вам выпіць вады і сачыць за колькасцю вадкасці ў арганізме.

⚡️ Што яшчэ карысна ведаць:

Карысць і шкода мінеральнай вады для арганізма

Неверагодна смачная ягада. Кавун — карысны ці шкодны насамрэч?

Небяспечныя градусы. Не спяшайцеся радавацца цеплыні

Exit mobile version