28.03.2023
28.03.2023

Адэля і «Грынпіс» (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Мы з авечкай Адэляй заселі пісаць ліст у «Грынпіс». Адэля відавочна хвалявалася, таму тэкст давялося ўкладаць мне. Вядома, не абыйшлося без спрэчак.

— Спадарыня Наталля! Вы ўжо напісалі, што я вельмі выхаваная асоба?

— Адэля, нельга так наўпрост засяроджваць увагу на сваіх станоўчых якасцях. Гэта павінна вынікаць з самога тэксту, з формы ліста.

— Што вы выдумляеце! Форма ліста самая звычайная — сухі нецікавы простакутнік. Каб вы згадзіліся пісаць на выразаным з каляровай паперы сэрцайку, было б адразу зразумела, што ліст ад чуллівай, тонкай натуры, здольнай ацаніць хараство, дасціпнай, з асаблівым шармам…

Хваліць сябе Адэля можа бясконца, таму я яе перапыніла:

— Давай лепш напішам, што цябе трывожыць стан навакольнага асяроддзя.

— Добра,— згадзілася авечка,— але нагадайце, што мне рупіць не толькі нейкае далёкае асяроддзе, але і якасць траўкі на маім выпасе, смак вады ў рэчцы, з якой я п’ю.

— Пра гэта — абавязкова, — запэўніваю я і працягваю пісаць.

Праз хвіліну-другую Адэля зноў спяшаецца да мяне з парадамі:

— Вы не забыліся адзначыць, што я — не проста шараговая авечка? Дайце глянуць. — Адэля зазірнула праз маё плячо ў ліст. — Я так і ведала: ні слоўца пра маю незвычайную воўначку, прыгожы разрэз вочак, пра чуйны далікатны носік.

Пісьмо

— Адэля! Мы куды ліст пішам? У «Грынпіс» нікога не цікавіць твая краса.

— Як гэта не цікавіць? Па-вашаму, ім усё адно, з кім мець справу — з красуняй ці пачварай? Не смяшыце мяне!

— Перачытай яшчэ раз газету! Там нідзе не згадваецца пра знешні выгляд удзельнікаў руху за чысціню планеты. Увага надаецца іх ідэям і праектам. Ты таксама павінна падаць свой праект.

— З вамі немагчыма дамовіцца! Ну, пішыце, што наважыліся. Зрэшты, ваш ліст выйдзе занадта сухім і нудным.

— Можа, ты сама лепш пішы?

— Мы дамовіліся, што тэкст ліста і асноўную ідэю сфармулюеце вы, а я толькі перапішу. Так?

— Так, — пацвердзіла я.

— Ну дык і пішыце.

Я ўздыхнула. Так, я абяцала Адэлі напісаць гэты ліст.

— Тады не замінай мне.

— Як я магу замінаць, — пачала спрачацца авечка.— Я разумныя думкі падказваю, натхняю, а вам усё не дагодзіш.

— Проста памаўчы колькі хвілінак. Вось табе кнігі. Цікавыя і вельмі карысныя, — я дарэчы ўспомніла пра «Псіхалогію сяброўства» і «Правілы этыкету», якія да гэтага часу ляжалі ў маёй сумцы.

— З малюнкамі? — зацікавілася Адэля.

— З прыгожымі здымкамі, — запэўніла я і вярнулася да пісьмовага стала, усцешаная, што Адэля сцішылася з кніжкамі на канапе.

Праз некалькі хвілін чарнавік ліста быў гатовы.

— Ну, Адэлька, ідзі перапісвай, — паклікала я.

Адэля ўмомант падскочыла да мяне, схапіла ліст і прабегла па ім вачыма.

— Я так і думала! Ніякай фантазіі, а яшчэ пісьменніца!

Адэля і пісьмо

— Вось што, — уперлася я, — у лісце выкладзены твой пагляд на экалагічную сітуацыю ў свеце і патлумачана, чаму ты хочаш уступіць у арганізацыю «Грынпіс». А яшчэ прыведзены прыклад твайго ўнёску ў змаганне за чысціню навакольнага асяроддзя. Гэта, па сутнасці, і ёсць твой асабісты праект. Так што досыць спрачацца.

— Добра, не будзем тлуміць людзям галавы маімі надзвычай цудоўнымі якасцямі, — раптам здалася Адэля і, сціпла апусціўшы вочкі, прысела да стала.

Я здзіўлена глянула на яе: няўжо чытанне кнігі па псіхалогіі за 10-15 хвілін ужо прыносіць свой плён?

— Спадарыня Наталля, будзьце так ласкавы, запарце рамонкавай гарбаты, пакуль я буду працаваць, — папрасіла Адэля.

Я згодна кіўнула і пайшла на кухню. А вярнуўшыся ў пакой з гарбатай і печывам, пабачыла, што Адэля справілася з задачай і нават канверт ўжо запячатала.

— Паслухай, Адэля, я хацела праверыць ліст, каб у ім не было граматычных памылак…

— Няўжо вы пішаце з памылкамі, пані Наталля! — жахнулася авечачка.

— Праверыць ніколі не зашкодзіць. Ты перапісала вельмі хутка, варта  было б паглядзець, як у цябе атрымалася.

— Мяне абражае ваш недавер., — заявіла Адэля, хаваючы канверт за спіну, —  Думаеце, вы самая разумная, самая вытанчаная асоба? А вакол адны невукі бязглуздыя?

— Адэля! — абурылася я, — што ты вярзеш? Проста табе рэдка даводзіцца пісаць.

— Гэта яшчэ нічога не значыць. Таленавітыя асобы таленавітыя ўва ўсім!

— Вельмі радая за цябе, Адэлю, — суха адказала я. Відаць, аднаго маленькага ўрока па псіхалогіі і этыкеце замала для маёй знаёмай.

— І наогул, пані Наталля, — падазрона зірнула на мяне авечка, — ад  тае пары, як я стала «зоркай», вы пачалі мне зайздросціць.

Ад нечаканасці я ажно прысела на канапку:

— І з чаго такія высновы?

— А з чаго вы адмовіліся пісаць пра маю красу і дасціпнасць?

— Мы ж ліст не на конкурс «Міс Свету» пісалі, а ў арганізацыю, якая займаецца аховай прыроды!

Вось хто мяне за язык цягнуў? Як толькі Адэля пачула пра «Міс Свету», яна забылася пра ўсё на свеце.

— Ой, спадарыня Наталля! Якая светлая ў вас галава! Але чаму вы раней не прапанавалі мне даслаць ліст на такі конкурс?

«Вас здымае схаваная фотакамера»

Авечка Адэля 3

Колькі дзён мы ваявалі «за» і «супраць» Адэлінага ўдзелу ў конкурсах прыгажосці. Спачатку яна ўгаварыла мяне даведацца, якія конкурсы найпрэстыжнейшыя, бо на шараговыя тутэйшыя не хацела марнаваць сілы. Потым даведалася, што сёлетні міжнародны конкурс ужо скончыўся, а заяўкі на наступны будуць прымацца месяцы праз тры-чатыры. Для Адэлі гэта быў задоўгі тэрмін. Але яна запэўніла, што нізавошта не прапусціць мажлівасці  стаць пераможцай конкурсу прыгажосці. А пакуль што мы чакалі адказу з «Грынпіс».

Я прапанавала Адэлі расставіць на яе лужку шыльдачкі з заклікам не пакідаць пасля сябе смецця. Яна з радасцю пагадзілася, бо пабойвалася, каб не паўтарылася гісторыя з прышчэпкамі ад шаленства. Тры вечары запар мы з прыяцелькай выразалі шыльдачкі з невялікіх дошак, пісалі тэкст алейнымі фарбамі, каб яго не размыла дажджом. А пасля занеслі іх на лужок і  вызначылі месцы, дзе трэба ўкапаць шыльдачкі. А хто капаў? Вядома ж, не Адэля. У яе быў зусім неадпаведны настрой. Таму мне давялося шчыраваць адной. Раз-пораз авечка падбягала да мяне і незадаволена бляяла:

— Што вы так доўга корпаецеся? Няўжо нельга хоць крышку паспяшацца.

—  Каб ты мне дапамагла, даражэнькая, справа пайшла б хутчэй.

— Ат, вы выдатна дасцё рады. А я занятая. Я не магу адначасова і капаць і думаць над важнай праблемай.

— Дык патрымай шыльду, бо самой мне нязручна.

— Не думала я, што вы такая няўмека!

Мне стала крыўдна. Вядома, я вельмі рэдка трымаю ў руках рыдлёўку, таму і капаю марудна. На далонях ад нязвыклай працы паўскоквалі мазалі. Я не вытрывала:

— Адэля! Я тут, між іншым, твае праблемы развязваю!

— От я заўсёды ведала, што вы эгаістка — толькі пра сябе дбаеце! А памагчы прыяцельцы цяжка. Ну добра, патрымаю шыльду, — паблажліва заявіла яна, — бо да вечара будзеце корпацца.

І вядома ж, зусім выпадкова гэта была апошняя шыльда.

Адэля і рыдлёўка

Надзейна ўкапаўшы яе, мы прытапталі зямлю. Асабліва старалася Адэля — тупала ўсімі чатырма ножкамі. А потым, выцершы пот з ілба (цікава, калі гэта яна паспела так стаміцца?) задаволена заявіла:

— Ну й папрацавалі ж мы сёння! Даставайце фотаапарат, спадарыня Наталля. Трэба мяне сфатаграфаваць з абвесткай. Гэта гістарычны момант.

Адэля прыхінулася да шыльдачкі, прыгожа нахіліла галоўку і прыемна ўсміхнулася — ну проста выкапаная фотамадэль. Я некалькі разоў пстрыкнула фотаапаратам і адышлася на колькі крокаў — падзівіцца на сваю працу. На лужку красаваліся рознакаляровыя шыльды з подпісамі: «Авечка Адэля, кандыдатка ў «Грынпіс», звяртаецца да наведнікаў з просьбай захоўваць на лужку чысціню і парадак. Вас здымае схаваная фотакамера! Здымкі парушальнікаў чысціні будуць размяшчацца ў мясцовай газеце». Вядома, ніякай фотакамеры побач не было. Але Адэля запэўніла мяне, што з такім папярэджаннем наша абвестка будзе больш дзейснай, і я, павагаўшыся, пагадзілася.

Адэля ідзе ў «самаволку»

Авечка

Неяк Адэля не прыйшла да мяне ўвечары. Можа, ёй надакучыла ідэя стаць зоркай?

Гэтую думку я зараз жа адкінула. Што ні кажы, Адэля вельмі настойліва ідзе да здзяйснення сваёй мары. Тады я занепакоілася. Звечарэла. На небе засвяцілася зорка. Адна. Вядома ж, у горадзе з-за святла ліхтароў зорак амаль не відаць. А Адэлі няма і няма. Я набрала нумар яе гаспадыні, але ніхто не адгукнуўся. Счакаўшы паўгадзіны, патэлефанавала яшчэ раз, потым яшчэ. І толькі за пятым разам пані Гэлена адгукнулася.

— Слухаю вас.

— Добры вечар. Прабачце, што турбую. Адэля збіралася зайсці сёння. Ужо сцямнее скора, а яе ўсё няма. Можа, здарылася што?

— Ды ўжо ж! Адэля сёння моцна правінілася — самавольна ўцякла з лужка — праведаць у лесе Малімонку, і заблудзіла. Цэлы вечар мы яе шукалі.

— Што з ёю? Ці знайшлася? — расхвалявалася я.

— Не трывожцеся, ужо ўсё добра. Папраўдзе, я ёй такога прачуханца дала! Мелася нават пазбыць прэміі. Але вы ж ведаеце Адэлю — стала з рахманым выглядам, вочкі апусціла, капыткі ўмольна склала, прабачэння выпрошвала.

— А дзе яна цяпер? Можна паклікаць яе да тэлефона?

— Дзе там! Як толькі мы з гаспадаром адпусціліся і Адэля зразумела, што навальніца над яе галавой мінулася, яна адразу — шусь за парог. Думаю, да вас пабегла. Так што чакайце. Але вельмі прашу — не затрымвайце Адэлю доўга.

— Дамовіліся, пані Гэлена. Усяго найлепшага.

Мне не давялося доўга чакаць. Праз хвілін пяць Адэля настойліва барабаніла ў дзверы. Выгляд яе быў на дзіва бесклапотны, хоць і крышачку неахайны.

— Ах, спадарыня Наталля! Які цудоўны сёння ў мяне дзень. Колькі прыгод, колькі новых эмоцыяў! — Адэля плюхнулася ў крэсла.

— Я ўжо трошкі ведаю пра твае прыгоды. Не чакала, што нарабіўшы гаспадарам гэтулькі турбот, ты будзеш такой задаволенай.

— Усё зразумела — вам гаспадыня нажалілася. Ведаеце, яна хоць і добрая жанчына, але злапомная.

— Адэля, — абурылася я, — як ты можаш так гаварыць пра чалавека, ад якога толькі дабро бачыла? Яна дае табе працу, жытло, дбае пра цябе. А ты яе злапомнай называеш. Нельга так!

Адэля ў самаволцы

— Але я нічога благога не зрабіла. Проста пайшла пагуляць без дазволу. Дык упярод яна проста ўшчувала, а потым нават умовамі кантракта пагражала.

— А што за ўмовы?

— Ну, я не павінна самавольна ў рабочы час пакідаць працоўнае месца...

— Нармальнае патрабаванне.

— Ага, лёгка вам гаварыць! А мне так карцела паглядзець на Малімончына працоўнае месца. Пасвіцца яна цяпер у ляску і, задаецца, умовы ў яе нашмат лепшыя.

— Адэля, думаю, тваім гаспадарам лепш вядома, дзе кожная з вас мусіць пасвіцца.

— От і вы тое самае. Гаспадыня мне цэлую гадзіну гэта даводзіла. І  ўявіце — збіралася мяне за правіну пазбыць прэміі. А я яе цэлы год чакала!

— А якая табе належыць прэмія?

— Найлепшых працаўнікоў пані Гэлена штогод напрыканцы лета возіць на выставу. Каб вы ведалі, як там цікава: мноства ласункаў, атракцыёны, відовішчы, узнагароды! Я летась атрымала ружовую стужку. Вы яе бачылі — вісіць у маім пакойчыку. А сёлета я наважылася пазмагацца за  залатую стужку і стаць найзнакаміцейшай авечкай. І няўжо за адну толькі правіну мяне можна пазбыць такой мажлівасці?

— Ведаеш, Адэлю, гэта няхай твая гаспадыня мяркуе.

— Ат! Усё будзе добра. Я ўжо яе ўгаварыла, а яна гаспадара пераканае. Я і не сумнявалася, што змагу іх аблапошыць.

— Як ты можаш быць такой няўдзячнай?

Адэля састроіла вінаватую міну:

— Ах, прабачце! Што гэта я, сапраўды. Бяру свае словы назад. Насамрэч у мяне найцудоўнейшыя ў свеце гаспадары.

— Во-во. А ты прымушаеш іх турбавацца. Табе яшчэ пашчасціла, што за самаволку толькі ў войску на «губу» садзяць.

Адэля адразу насцярожылася:

— А гэта яшчэ што?

— «Губа» — скарочана ад «гауптвахта». Туды адпраўляюць тых, хто правінаваціўся. Калі салдат служыць у войску, яму, бывае, даюць выхадны, а калі ён спазняецца вярнуцца ў казарму, або збягае з казармы самавольна, гэта значыць «ідзе ў самаволку” ці яшчэ як правініцца, яго чакае пакаранне. Часам лёгкае, скажам, пляц месці. А часам і вельмі суровае. Могуць адправіць «у нарад» — цэлы дзень абіраць бульбу на кухні. Ці наогул бяруць пад арышт і адпраўляюць на гауптвахту на некалькі дзён, нават тыдняў. Там вельмі строгая дысцыпліна. Гэта і называецца «пасадзіць на губу».

— Які жах,— скаланулася Адэля. — Вы дакладна ведаеце, што такое пакаранне прымяняюць толькі ў войску? Ну, дык і няма чаго мяне палохаць нанач гледзячы. Не думала, што вы такая зануда, пані Наталля. Чым  дапякаць мяне, лепш паслухайце пра мае прыгоды. І, калі ласка, прычашыце маю воўначку, бо, здаецца, на яе дзядоўніку паначаплялася.

Я ўзяла ў рукі масажную шчотку і прысела каля Адэлі.

— Ну, расказвай, дзеля чаго ты ўцякла са свайго лужка?

— Памятаеце, на нашай ферме козачка Малімонка працуе? Я ўсё яе за перабору мела, дзівілася, што ёй травіца на маім лужку недаспадобы. Дык вось, яна сваімі заўсёднымі скаргамі змусіла гаспадароў перавесці яе ў лясны філіял. А мне конча трэба было паглядзець, што там за ўмовы. Ах, як прыемна было апынуцца ў ляску. Ён зусім недалёчка, і мне нічога не пагражала. Дарэмна гаспадары так хваляваліся. У лесе столькі зеляніны, такія пахі неверагодныя, што ў мяне і цяпер круціцца галава. А якія сакавітыя сунічкі растуць на палянках! А малінкі якія салодкія! Малімонка казала, праз дзень-другі чарніцы паспеюць. Не дзіва, што яе малако такое смачнае і карыснае — гэтулькі вітамінаў за дзень ужывае. А яшчэ да яе штодзень прыбягае сяброўка. Яна жыве ў вёсцы непадалёк, а пасвіцца зусім побач з Малімонкай. Імя ў яе таксама адпаведна характару — Даліктуся. Ну, скажу я вам, і асоба! Ганарліўка і задавака! І ўявіце — яны цэлымі днямі спрачаюцца, чыё малако смачнейшае і карыснейшае. А яшчэ адна адной рэцэпты пераказваюць для паляпшэння смаку і якасці малака – нудота. Але я іх раскатурхала! Такую беганіну са скокамі арганізавала – увесь лясок гудзеў!

Я слухала і расчэсвала футрачка, выбіраючы з яго былінкі і дзядоўнік. Воўначка была прыемная навобмацак і смачна пахла ляснымі травамі. Адэля нават расказваючы не змагла ўседзець спакойна і крутанулася ў крэсле. Ад неспадзёўкі я моцна тарганула за пасмачку.

— Ой! Скубяце, быццам кудзелю! Няўжо нельга далікатней! – адразу залямантавала Адэля.

— Прабач, даражэнькая. Я незнарок. Сядзі ціхенька і не скачы. Трэба трошкі патрываць.

— Не магу, — трагічным голасам абвясціла авечачка. – Досыць з мяне двойчы на год у цырульні здзек трываць. І нікуды не падзенешся – умовы кантракта.

— Дарэчы, ты ўжо каторы раз пра цырульню гаворыш з такой незадаволенасцю. У чым там рэч?

— Толькі не сёння, — умольна закаціла вочкі Адэля. – Не хачу сённяшні дзень псаваць непрыемнымі ўспамінамі. Але некалі я вам абавязкова раскажу. І досыць мяне перапыняць. Бо забудуся, на чым спынілася.

— Ты расказвала пра Даліктусю і Малімонку, — нагадала я.

— Ну, так, — зноў ажывілася авечка. – Я ім паабяцала, што калі яны прыйдуць заўтра да вас і раскажуць пра сябе нешта цікавае, дык вы іх у кніжцы таксама ўспомніце.

Я аціхла. Хто ведае, што там за козачкі. Калі даваць веры Адэлі — не такія ўжо яны прыемныя асобы.

— Ты ўжо паабяцала? Адэля, перш трэба было параіцца са мной! Чаму ты ніколі не думаеш, перш чым рабіць што?

Адэля фыркнула:

— Паслухайце, я якраз усё выдатна прадумала. З’яўленне ў кнізе такіх асоб як Малімонка і Даліктуся яшчэ выгодней адцяніць маю дасціпнасць і розум. Вы мне дзякаваць мусіце, што я эпізадычных персанажаў падбіраю.

— Дык вось, я патрабую, каб ты больш нікому ні слоўца не казала пра кнігу, пакуль не перамовішся са мной. І толькі з майго дазволу можаш кагосьці запрашаць.

— Добра. Дамовіліся, — лёгка згадзілася Адэля, — але слухайце, што было далей. Наскакаўшыся з козачкамі, я падумала, што дарэчы было б арганізаваць у іх падвячорак. Падсілкавалася, адвіталася з Малімонкай і Даліктусяй і выправілася ў дарогу. А яны, нядбаліцы, нават не падумалі мяне праводзіць. От я і заблудзіла.

— Спужалася?

— Ды не вельмі. Я ж пакінула гаспадыні пісульку. Так што яны, калі што якое, ведалі, дзе мяне шукаць.

— Ну, а ваўкоў не баялася?

— Ой, спадарыня Наталля, не смяшыце мяне. Якія ваўкі ў маленечкім лясочку пад самым горадам!?

— І праўда. І ці доўга ты блудзіла?

— Можа, гадзінку-другую. Але я не сумавала – вакол было гэтулькі цікавага! Калі пачула, што мяне клічуць, за кустом сцішылася – пэўная перасцярога не бывае лішняй. Аж бачу, гаспадар праз падлесак ломіцца. Усхваляваны, расчырванелы. Гэта яны знайшлі маю пісульку і пачалі мяне шукаць. І вось тут, — Адэля падняла ўгору капыток, — тут такая забава пачалася! Яны па кустах шастаюць, гукаюць, а я паціху адбеглася на колькі метраў убок і стаілася.

— Навошта? – не зразумела я.

— Як гэта навошта? Дзеля смеху! Гаспадар з гаспадыняй мітусяцца, клічуць мяне, а я адгукнуся, а сама бегма ў другі бок. Ледзь жывот не надарвала, стрымваючыся ад смеху. А калі нацешылася ўволю, выйшла ім насустрач і ўдала, што вельмі напалоханая. Дарэчы, вы помніце, што майго гаспадара завуць пан Пастарнак? Калі мне бывае сумна, я дражню яго вось гэтай песенкай:

Танцавала рыба з ракам,

а пятрушка з пастарнакам,

а цыбуля дзівавала,

што пятрушка танцавала.

Пан Пастарнак так смешна крыўдзіцца!

Тут ужо я не вытрывала:

— Адэля! Твае паводзіны проста абуральныя! Усё, годзе. Больш не хачу слухаць. Хуценька збірайся, правяду цябе да фермы. Нестае яшчэ, каб ты зноў які жарт выкінула!

Усю дарогу дадому Адэля незадаволена бубнела, што яна і сама можа дабрацца дамоў без прыгод, але я не слухала. Прывяла да самых дзвярэй загончыка, суха адвіталася і пайшла дамоў.

https://bel.24health.by/ya-gascyuyu-u-adeli-kazka/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская