Сёння, 9 жніўня, адзначаецца сусветны Дзень кнігалюбаў. Выдатная нагода, каб прыгадаць знакавыя для беларусаў кнігі, якія паўплывалі на фарміраванне светапогляду нават тых з нас, хто іх не чытаў (бо абавязкова чыталі нашыя бацькі ці бабулі-дзядулі). Класіка ў большасці сучасных аматараў кніг часта выклікае асацыяцыі хіба са школьнай праграмай і наганяе тугу.
Між тым, сярод створаных нашымі майстрамі слова кніг ёсць адказы на ўсе тыя вострыя і балючыя пытанні, якія мы задаем сабе ў складаных жыццёвых сітуацыях. Трэба толькі выбраць правільную кнігу і ўмець слухаць голас аўтара. Прапануем топ-10 класічных твораў, чытанне якіх дакладна не будзе марнаваннем часу.
-
Францішак Багушэвіч «Дудка Беларуская»
Паэтычны зборнік аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, выдадзены пад псеўданімам Мацей Бурачок у 1891 г., – тое, з чаго трэба пачаць знаёмства не толькі з нашай літаратурай, але з беларусамі як нацыяй у прынцыпе.
Багушэвічу ўдалося ў дастаткова невялічкім зборніку агучыць, бадай, усе вострыя нацыяльныя праблемы.
Разам з тым ён не толькі задаваў пытанні сваім суайчыннікам, але і даваў адказы. Яго знакаміты заклік «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі» прайшоў праз усю беларускую культуру ХХ ст. і адгукаецца па сёння.
-
Янка Купала «Раскіданае гняздо»
Драма Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» (1919 г.), прысвечана трагічнаму лёсу сям’і Зяблікаў, якія страцілі сваю зямлю. Сімвалічная назва адлюстроўвае трагічны лёс беларускага селяніна: жаданне мірна жыць на сваёй зямлі і дбайна працаваць сутыкаецца са сваволлем вышэйшых у сацыяльнай іерархіі, што прыводзіць сям’ю практычна да поўнага знішчэння.
Адзін з галоўных герояў Сымон Зяблік – насуперак уяўленням пра беларускіх сялян як бязвольных і няздольных да змагання за свае правы – аб’яўляе бунт супраць несправядлівасці. Як бы ні балюча было пакідаць сваё разбуранае гняздо, то-бок развітвацца з ілюзіямі, Сымон урэшце выбірае будучыню, хаця і трывожную, а не мінулае, дзе толькі боль страты.
У гэтым вобразе Купала сабраў увесь шматвекавы гнеў, з якім нашы продкі ўвайшлі ў новае стагоддзе.
Як і ў вобразах астатніх прадстаўнікоў сям’і адлюстраваны тыповыя рысы беларускага нацыянальнага характару. Карысна было б пазнаёміцца з імі, каб лепш разумець сябе сённяшніх, ці не так?
-
Якуб Колас «Новая зямля»
«Мой родны кут, як ты мне мілы…» Хто не ведае гэтых радкоў? Сваю зямлю шукалі, мабыць, усе героі беларускіх класічных твораў, увасабляючы там самым спрадвечную беларускую мару: быць сабе гаспадаром на ўласнай зямлі. Самая знакамітая паэма Якуба Коласа «Новая зямля», якая стваралася на працягу 1911–1923 гг., з’яўляецца і самым цытаваным класічным творам. Тэкст паэмы разабраны на цытаты настолькі, што некаторыя ўспрымаюць радкі з паэмы як народныя прымаўкі («дзякуй, дзядзька, за свярдзёлак», «як дзядзька Антось у Вільні», «і так бывала наясіся, што хоць на пупе пакруціся», «паскудства, брат, і не пытайся»).
Вырываў зубы без анэстэзіі. Нечаканыя факты пра Якуба Коласа
Паэму «Новая зямля» называюць энцыклапедыяй беларускага народнага жыцця, аднак пры гэтым часцей за ўсё маюць на ўвазе побыт і апісанні характэрных пейзажаў. Разам з тым «энцыклапедычнасць» твора нашмат шырэшая.
Колас расказаў нам усё, што трэба ведаць пра беларусаў: сямейныя каштоўнасці, адносіны да іншых людзей, нарэшце мары і ідэалы…
Важна, што галоўны герой Міхал марыў пра новую зямлю. Цікава перачытаць паэму і прыкінуць яго шансы на здзяйсненне мары сёння, праўда? Акрамя таго, у творы шмат гумару, прыгажосці і ідэальнай класічнай паэзіі.
-
Максім Багдановіч «Вераніка»
Максім Багдановіч прыкметна вылучаецца на фоне беларускіх класікаў пачатку ХХ стагоддзя. Не толькі тым, што большую частку свайго нядоўгага жыцця ён пражыў не ў Беларусі і беларуская мова дасталася яму не з матчынай калыскі, а з прачытаных кніг, але і тым, што ў яго творах вы знойдзеце не нацыянальна-сацыяльную праблематыку, а «паэзію чыстай красы».
Бадай, вершаванае апавяданне «Вераніка» – адзін з самых пяшчотна-пранікнёных твораў у беларускай літаратуры.
Калі захочацца адпачыць ад аднастайнасці будняў і пасумаваць аб тым, што «няма таго, што раньш было» (так, гэты радок, які ўжо даўно жыве самастойным жыццём прымаўкі, менавіта адсюль), можна паслухаць песню «Вераніка» ў выкананні знакамітых «Песняроў» (музыка І. Лучанка) на словы М. Багдановіча, а пасля перачытаць поўны тэкст верашаванага апавядання.
-
Максім Гарэцкі «Дзве душы»
Любое даследаванне беларускага нацыянальнага характару пачынаецца з канстатацыі факту існавання нацыі на скрыжаванні дзвюх цывілізацый – умоўна заходняй і ўсходняй. Менавіта гэтым абумоўліваюцца галоўныя рысы беларусаў як нацыі, і найбольш яскрава гэта адлюстравана ў аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» (1918–1919).
Час напісання твора быў насычаны падзеямі, якія змянялі адна адну хутчэй, чым навальнічныя хвалі.
Галоўныя героі спрабуюць у гэтай куламесе вызначыцца, хто ж яны на самай справе па веры і па духу, і пошукі адказаў часам расцягваюцца на ўсё жыццё. Пошукі самаідэнтычнасці «здараюцца» з кожным рана ці позна. Можна выкарыставаць аповесць «Дзве душы» ў якасці правадніка па гэтым складаным шляху і адчуць філасофскую падтрымку класіка.
-
Міхась Стральцоў «Сена на асфальце»
Адвечнае беларускае «праклятае пытанне» — пошукі самаідэнтычнасці, узнятае М. Гарэцкім, атрымала асучаснены працяг у больш лакальным сэнсе ў апавяданні М. Стральцова «Сена на асфальце» (1966). Хістанні паміж усходам і захадам ў пачатку ХХ стагоддзя пераўтварыліся для беларуса пасляваеннай рэчаіснасці ў пакутлівы выбар паміж вёскай і горадам.
Першая як увасабленне свету роднага, знаёмага, бацькоўскага, аднак абмежаванага, другі як абяцанне новага, вялікага, цікавага, аднак чужы і бяздушны. «Ні госць ні гаспадар» у Лукаша Калюгі, «ад зямлі адарваўся, а да неба не дастаў» у Максіма Гарэцкага, «Сена на асфальце» ў Міхася Стральцова — гэта, па сутнасці, пра адно і тое ж, толькі ў розныя часы.
Займальна з псіхалагічнага пункту гледжання зверыць свае адчуванні з пачуццямі галоўнага героя аспіранта Віктара — ці настальгуеце па вясковым каларыце і ці здаецца вам гарадское жыццё няўтульным і чужым?
-
Янка Брыль «Муштук і папка»
Янка Брыль — найлепшы стыліст у беларускай літаратуры ўсіх часоў. Хочаш навучыцца размаўляць і пісаць па-беларуску не проста правільна, але ідэальна, прычым на любым стылістычным узроўні ад показак да ўрачыстых прамоў, — чытай Янку Брыля. Гэта датычыцца любога твора пісьменніка,
аднак на аповесць «Муштук і папка» (1990) хочацца звярнуць увагу менавіта таму, што яна рэдка трапляе ў «топы», саступаючы ўключанаму ў школьную праграму раману «Птушкі і гнёзды».
Аўтарскае вызначэнне жанру – маленькая сага–невыпадковае. Трагічна-шчымлівая і разам з тым узнёслая танальнасць, у якой апісана частка сямейнай гісторыі Янкі Брыля, здольная разварушыць эмоцыі нават самых «таўстаскурых». Наша сямейная спадчына, якой бы яна ні была і якім бы болем ні адгукалася нават праз пакаленні, назаўсёды застанецца з намі. Янка Брыль заклікае падумаць пра гэта.
-
Іван Шамякін «Сэрца на далоні»
Легендарны сваёй папулярнасцю ў савецкія часы беларускі пісьменнік Іван Шамякін дакладна ведаў, чым закрануць за жывое нават абыякавых да літаратуры скептыкаў. За яго новымі раманамі выстройваліся чэргі ледзь не на кіламетр ва ўсіх былых савецкіх краінах.
Гэты энтузіязм можна параўнаць хіба з тым, як цяпер чакаюць новых сезонаў серыяла «Гульня тронаў».
Па сутнасці, творы Шамякіна і былі своеасаблівымі серыяламі для тагачасных людзей, бо давалі ўсё, чаго не ставала аматарам экшэну ў шматтыражнай, але аднастайнай па сюжэтах і строга рэгламентаванай па тыпажах літаратуры таго часу.
Любоўныя трохкутнікі, пакуты рэўнасці, здрады, інтрыгі калег, нечаканыя павароты сюжэту… Прычым, у абсалютна пазнавальнай кожнаму савецкаму чалавеку сацыяльнай рэальнасці. Кожны мог паставіць сябе на месца герояў Шамякіна, і ,мабыць, у гэтым быў сакрэт яго папулярнасці. Раман «Сэрца на далоні» (1994), заснаваны на рэальных падзеях і біяграфіях рэальных людзей, злучае перажытае героямі падчас вайны з пасляваенным часам і ставіць складаныя пытанні: як прыняць і дараваць тое, што немагчыма, што назаўсёды застанецца незагоенай ранай, што ніколі не зможа вылечыць нават галоўны герой доктар Савіч? Сцэнарый паводле гэтага рамана мог бы стаць асновай крутога серыяла. Ёсць нагода праверыць.
-
Васіль Быкаў «Знак бяды»
Відаць, самы злавесны твор Васіля Быкава, насычаны такой колькасцю сімвалаў і алегорый, што разгадваць яго можна бясконца. Улюбёная пісьменнікам тэма – выбар чалавека на мяжы немагчымага, паміж жыццём і годнасцю, паміж ганьбай і вечнасцю – пераносіцца з ваенных баёў у невялічкі хутар у хату немаладых ужо вяскоўцаў Сцепаніды і Петрака падчас нямецкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У біяграфіях галоўных герояў, па-чалавечы звычайных і па-мастацку сімвалічных, адлюстроўваны тыповыя лёсы беларусаў. Іх супраціў, які адпачатку не мог мець поспеху, нечаканы і гераічны.
У кожнага свая Галгофа, сцвярджае пісьменнік.
Па творах Васіля Быкава можна звяраць маральныя арыенціры, і зрабіць гэта ніколі не позна.
-
Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім»
Караткевіч – наша ўсё, гэта справядлівы выраз для многіх пакаленняў беларускай моладзі, якія выраслі на яго творах. Гістарычны раман «Каласы пад сярпом тваім» (1968 г.), прысвечаны паўстанню 1863–1864 гг., – самы знакаміты з іх, пры гэтым не ўсе ведаюць, што на самай справе ён не скончаны. Пісьменнік не паспеў скончыць раман, напісанне працягу ўвесь час адкладвалася.
Часам сам Караткевіч апраўдваўся тым, што яму не хочацца «забіваць» галоўных герояў, што непазбежна давялося б зрабіць, следуючы гістарычнай праўдзе.
Гісторыкі часта кажуць, што ў гэтым рамане міфалогіі больш, чым гісторыі, аднак гэта зусім не адмоўная характарыстыка. Хай сабе будзе гістарычная міфалогія, увасобленая з такой мастацкай сілай, што раман застаецца адным з самых папулярных беларускіх твораў на працягу ўжо больш чым 50 гадоў.
Якія казкі пісаў Уладзімір Караткевіч?
Цяжка паверыць, што яшчэ ёсць людзі, якія яго не прачыталі, але калі ў некага рукі не дайшлі, то самы час.
https://bel.24health.by/dzen-knigadarennya-yakiya-asobniki-litaratury-bolsh-za-usyo-zapomnyacca-vashym-blizkim/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by