30.04.2023
30.04.2023

Адрозніваюцца самабытнасцю. У чым унікальнасць беларускіх народных танцаў?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларускія танцы адрозніваюцца сваёй сфарміраванасцю і самабытнасцю. Гістарычныя ўмовы развіцця беларускага народа, пастаяннае змаганне за захаванне сваіх нацыянальных рыс, прывялі да таго, што ў беларускім фальклоры і танцы захаваліся старажытныя, архаічныя рысы.

Гэта робіць беларускую харэаграфію значнай для разумення вытокаў беларускай культуры. Беларускі народны танец, як і ўся беларуская культура, фаміраваўся пачынаючы з XIV стагоддзя. А вытокамі народных танцаў былі яшчэ больш старажытныя ўсходнеславянскія абрады. З сярэдзіны XIX стагоддзя пачалося зліццё традыцыйнага фальклору з танцавальнымі формамі кадрылі і полькі, якія прыйшлі з Заходняй Еўропы. Беларускія танцы дзеляць на тры групы: ілюстрацыйна-выяўленчыя, гульнявыя і арнаментальныя.

Экскурс у гісторыю

Экскурс у гісторыю беларускага танца

Поры года таксама паўплывалі на з'яўленне новых танцаў. Беларускія народныя танцы суаднесены з самымі яркімі святкаваннямі сезона. Гэта звязана з характарам заняткаў старажытных беларусаў, а менавіта з земляробствам. Напрыклад, такія святы, як зажынкі і дажынкі, былі прычынамі гулянняў восенню. Узімку галоўнымі нагодамі патанчыць былі Каляды і святы вечар. На Масленіцу беларусы не толькі пяклі бліны, але і танцавалі ўсёй вёскай. А летам беларускі народны танец ушаноўваўся ледзь не кожны дзень, бо маладыя хлопцы і дзяўчаты былі не супраць паскакаць і без нагоды. А галоўным святам лета лічыўся Купала.

Адзіночных танцаў у Беларусі вельмі мала. Іх асноўная колькасць — парныя, масавыя. Танчылі беларусы пад любыя інструменты, якія толькі былі пад рукой.

Паколькі наш народ вельмі таленавіты, такіх інструментаў было шмат: ад скрыпкі да бубна, ад цымбал да гармоніка і гэтак далей. Ну як жа тут абысціся без песні? Спяваць больш за ўсё любілі прыпеўкі. Гэта надавала яшчэ больш гуллівасці танцам, і яны ператвараліся ў невялікія гумарныя спаборніцтвы.

Беларускія народныя танцы шмат гадоў існавалі выключна ў сельскай мясцовасці. Іх лічылі мужыцкімі і нявартымі вышэйшых пластоў грамадства. І толькі на пачатку ХІХ стагоддзя адбылася папулярызацыя беларускіх танцаў. Галоўную ролю ў гэтым адыграў Ігнат Буйніцкі. Ён сабраў сваю трупу і раз'язджаў з ёю па ўсёй краіне. Гэтыя людзі паказалі, наколькі народны танец беларусаў можа быць эмацыйным і тэмпераментным. Папулярнасць гэтага тэатра толькі расла, што дало ім магчымасць быць запрошанымі ў Польшчу і Санкт-Пецярбург і ўжо там прадстаўляць  самабытнасць свайго народа. Але Буйніцкі не спыняўся на дасягнутым, і ў 1907 годзе ён стаў заснавальнікам беларускага народнага тэатра. Роля рэжысёра і акцёра належала ў ім і самому Буйніцкаму. Ён здолеў перадаць усе фарбы народнага танца, пры гэтым паказаўшы яго прыгажосць і характэрныя рысы народа.

Аўтэнтычныя беларускія народныя танцы

Беларускія народныя танцы

Да беларускіх народных танцаў адносяцца лепшыя творы народа — масавыя народныя танцы, якія нясуць у сабе багацце традыцый і вылучаюцца яркім нацыянальным каларытам. Вось некаторыя з іх: «Лявоніха», «Крыжачок», «Кола», «Галубец», «Шастак», «Талакуха», «Балабас», «Закаблука», «Падушачка», «Гусарыкі» і многія іншыя.

Гэтыя танцы можна назваць арнаментальнымі, бо яны маюць багаты прасторавы малюнак, у якім адлюстроўваецца маляўнічы беларускі арнамент. Вось апісанні некаторых з названых танцаў.

Лявоніха

Лявоніха

З традыцыйных народных танцаў — самы папулярны і любімы ў Беларусі. У ім яскрава выяўлены душа беларускага народа, яго нацыянальныя рысы.

«Лявоніха» — танец парна-масавы. Яго музычнае суправаджэнне — мелодыя аднайменнай песні. Танец жыццярадасны, дынамічны, забіяцкі, выконваецца любой колькасцю пар; кампазіцыйна будуецца на свабодных, імклівых, але не складаных рухах.

Асноўны напеў «Лявоніхі», як і напеў яе даччыных варыянтаў, верагодна, узыходзіць да далёкіх часоў скамарошага мастацтва.

Крыжачок

Гэты танец належыць да найбольш папулярных беларускіх народных танцаў. Аб паходжанні яго назвы існуе тлумачэнне, якое падкрэслівае яго сувязь з народнай назвай дзікага качара — «крыжак», сам жа танец адносяць да групы танцаў, якія пераймаюць рухам птушак. Назва «Крыжачок» таксама паходзіць ад слова «крыж», бо для гэтага танца характэрныя пабудовы ў форме крыжа, пераходы крыж-накрыж.

Існуе і танец, які паўтарае рухі дзікага качара, але гэта мясцовы варыянт «Крыжачка», які сустракаецца ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Танец «Крыжачок» меў і іншыя назвы: «Крыжык», «Паўлючок», «Антошка», у залежнасці ад назваў прыпевак да яго.

Крыжачок — танец арнаментальны, парна-масавы, выконваецца любой колькасцю пар у хуткім тэмпе. Прасторавы малюнак танца мудрагелісты і складаны. У развіцці гэтага танца значную ролю адыграў харэограф К. А. Алексютовіч. Ён узбагаціў яго новымі элементамі руху, унёс разнастайнасць у малюнак, увёў сольнае выкананне, змяніў тэмп, пасля эмацыйнай завязкі ідзе павольная лірычная сольная частка, якую выконваюць адна ці дзве пары. Астатнія танцуючыя служаць фонам, яны як бы акампануюць салістам. Заключная частка носіць вясёлы, забіяцкі характар.

Кола

Беларускія народныя танцы

 

У летняе свята Купалы народ на ўлонні прыроды ажыццяўляў імпрэзы з гульнямі, танцамі, займальнымі кругавымі карагодамі, з якіх «Кола» выконваўся найболей часта. У купальскую ноч Купалка — найболей прыгожая дзяўчына, раскошна прыбраная кветкамі і фарбаванымі пёрамі, урачыста ішла да вогнішча, раскладзенага ля вады, і высока несла на тычцы падпаленае кола — знак сонца. Сама назва танца — «Кола» — кажа аб характары яго пабудовы.

Кола ў вераваннях старажытных славян сімвалізавала вялікае свяціла, якое дорыць людзям святло і цяпло.

Гэта кругавы танец, у якім выкарыстаны агульны замкнёны круг, які своеасабліва перабудоўваецца ў малюнак «кола». Далей малюнак імкліва разгортваецца ў лінію, у калонку або растулены круг. Для танца «Кола» характэрны кружэнні, змена напрамку руху танцуючых, пастраенне ў пары. Танец выконваецца ў хуткім тэмпе, весела, імкліва. Асноўныя рухі яго -—полька, звычайны бег, кручэнне, пераменны крок і інш.

Галубец

«Галубец» — хуткі, жывы танец. Выкананне яго ўяўляе вызначаныя тэхнічныя цяжкасці: шмат абцасковых падбіванняў, энергічных рухаў. У аснове танца ляжыць элемент руху «галубец», які і даў, відавочна, назву танцу.

Падушачка

Танец "Падушачка"

Беларускі народны танец, які прылічваецца ў адных крыніцах XIX ст. да гульнявых карагодаў, а ў іншых — да гульняў. З цягам часу «Падушачка» канчаткова замацавалася як танец. Танцавальныя элементы арганічна ўвайшлі ў танец-карагод і разам з рысамі ігравога характару склалі адзінае цэлае. У гэтым народным танцы галоўным выканаўцам з'яўляецца саліруючая пара (юнак і дзяўчына), якая дэманструе сваё танцавальнае майстэрства.

Між тым, М. Доўнар-Запольскі ў сваіх даследаваннях  адзначаў, што «Падушачка» выконваецца толькі дзяўчатамі, але сам танец у яго апісанні мае больш складаную харэаграфічную канструкцыю, іншы тэмп танца: павольныя, плыўныя рухі выканаўцаў часам змяняюцца імклівымі, тэмпераментнымі. Складаецца круг з дзяўчын, адна ўваходзіць у яго і спявае.

Балабас

Танец бытаваў у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні. Гэты танец выконваецца жыва. Уяўляе цікавасць кампазіцыя танца, якая ўключае вялікую колькасць танцуючых. Для танца бяруць хустку, звязваюць канцы з канцом накшталт абруча, за які возьмуцца правай рукой асоб каля 10, а часам па 30 абодвух і спяваюць пад музыку.

Гусарыкі, або Гусары

Гусарыкі альбо гусары

Тэкст песні «Гусары» (пастухі гусей) запісаны А. Р. Раманавым у м. Манастыршчына Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні. У сваім самабытным выглядзе танец «Гусарыкі» і цяпер жыве ў в. Добры Магілёўскага раёна, адкуль у 1967 г. ён быў прывезены ў Мінск на Рэспубліканскі фестываль мастацкай самадзейнасці. Мяркуючы па апублікаваных матэрыялах, гэты танец бытаваў і зараз вядомы толькі на Магілёўшчыне.

Цярэшка

Цярэшка

Гэты танец заключаецца ў тым, што дзяўчыны з хлопцамі дзеляцца на пары і становяцца ў два шэрагі: дзяўчыны па адзін бок, а хлопцы па іншым. Першая пара, хлопец з дзяўчынай, скачуць бычка і потым развітваюцца, дзяўчына сыходзіць ад хлопца, які ўслед за тым кідаецца яе лавіць і, злавіўшы, зноў становіцца з ёй у шэраг. Тое ж самае робяць усе астатнія пары. Падчас гэтага танца спяваюць прыпеўкі. Танец «Цярэшка» цікавы тым, што яго выкананне прадугледжвае праяву творчых магчымасцяў выканаўцаў.

https://bel.24health.by/zdarovyya-pryvychki-lyubou-da-kultury-vandrouki-razmova-sa-spyavachkaj-nastassyaj-shvyadko/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.