Летніх вакацый дзеці чакаюць з асаблівай нецярплівасцю, а дарослыя – з такой жа асаблівай насцярожанасцю. Не абцяжараныя школьнымі ўрокамі і дадатковай вучэбнай нагрузкай тры летнія месяцы па статыстыцы – самы траўманебяспечны для дзяцей перыяд. Іх гульні на свежым паветры і вольнае баўленне часу нярэдка заканчваюцца пераломамі, расцяжэннямі і ранамі. Падлічана, што менавіта ўлетку траўмуецца кожнае 10-е дзіця. 80% няшчасных выпадкаў адбываецца падчас гульняў дома або на вуліцы.
Прафілактыка дзіцячага траўматызму
Небяспечныя гульні
Мы папрасілі нашага эксперта, дзіцячага хірурга, траўматолага-артапеда 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска Сяргея Емяльянава-Янкоўскага скласці, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, антырэйтынг самых распаўсюджаных траўмаў, а заадно небяспечных летніх гульняў і забаў. Спіс атрымаўся вельмі ўражлівым.
1. Удары пальцаў ступні і кісці. Самая распаўсюджаная траўма, у якой, як правіла, заўсёды прысутнічаюць два складнікі: вуліца і мяч. Не разлічыў сілу, не сканцэнтраваўся, удар прайшоў міма... Прыкладна траціна такіх траўмаў абцяжарваюцца пераломамі пальцаў рук і ног. На шчасце, ніякіх сур'ёзных наступстваў для здароўя гэтыя траўмы не нясуць, але ўсё роўна вельмі балюча.
2. Пераломы. Дзеці ламаюць усё, што можна зламаць у прынцыпе. Не спецыяльна, вядома ж, а дакладна, як у рэкламным слогане: яны не шукаюць небяспеку, проста гуляюць. Напрыклад, падзенне пры катанні на самакаце ці скейтбордзе нярэдка адбываецца наперад, на прамыя рукі, і заканчваецца пераломам прамянёвай косці або абедзвюх касцей перадплечча. А вось вынік падзення назад («локцямі ў зямлю») прыводзіць да пералому пляча. Гэтая траўма апошнім часам сустракаецца ўсё часцей і бывае выкліканая няўдалым падзеннем з гіраскутара.
Нават старыя добрыя арэлі не заўсёды аказваюцца такімі ўжо і добрымі, асабліва калі яны старыя. Засоўванне рук паміж крапежнымі часткамі арэляў, закручванне рухомых элементаў ланцугоў толькі павялічвае рызыку траўматызацыі. Таму замест асалоды бестурботнасць на арэлях можа абярнуцца пераломам са зрушэннем. І літаральна біч апошніх гадоў – кампрэсійны пералом пазваночніка, як вынік працяглых скачкоў на батуце і няўдалых падзенняў на ягадзіцы.
3. Глыбокія ранкі. З прыходам лета колькасць такіх траўмаў прырастае з кожным днём. І гаворка не пра садраныя каленкі. Часцей за ўсё ў гэтую катэгорыю трапляюць дзеці, якіх перавозяць на роварах у крэслах, не аснашчаных жорсткай фіксацыяй ног. Дзіця можа выпадкова сунуць нагу ў кола на хаду. Вынік – здзёртая з галенастопа скура, глыбокія ранкі, якія па ступені траўматызацыі падобныя да апёку 3-й ступені – гояцца вельмі доўга і на месцы раны застаецца рубец. Калі пры такой траўме ёсць і пашкоджанне звязак (нават без пералому), даводзіцца накладваць гіпс. Перыяд гаення можа працягвацца да 4-х тыдняў. А ў маленькіх дзяцей дашкольнага ўзросту, па словах эксперта, потым доўга захоўваецца псіхалагічны страх карыстацца траўмаванай нагой.
4. Апёкі – класіка жанру. З прыходам лета бытавыя апёкі (калі дзеці перакульваюць на сябе посуд з гарачай гарбатай або супам і атрымліваюць апёкі сцёгнаў, грудзей, жывата) плаўна перамяшчаюцца на прыроду. Крыніцамі небяспекі часцей выступаюць вогнішчы, мангалы, вуглі, пашыраецца ўзроставы дыяпазон ахвяраў бестурботных паводзінаў...
Бацькі, дбайце!
Зразумела, гэта далёка не поўны пералік траўмаў і патэнцыяльных крыніцаў небяспекі для дзяцей. З надыходам лета рэзка ўзрастае колькасць ДТЗ і няшчасных выпадкаў на вадзе з удзелам непаўналетніх. Нягледзячы на тое, што кожны год у летні перыяд на дзяржаўным узроўні рэалізуецца шэраг дадатковых прафілактычных мераў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі дзяцей, станоўчыя зрухі ідуць вельмі павольна.
Напрыклад, колькасць выпадкаў траўматызацыі непаўналетніх за 2018 і 2019 гады адрозніваецца ўсяго на дзясятыя долі. Прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых службаў і ведамстваў, якія павінны забяспечваць грамадскую бяспеку жыццёвай прасторы для дзяцей, сыходзяцца ў меркаванні: віна за кожны няшчасны або трагічны выпадак, дзе ахвярай сталі дзеці, так ці інакш ляжыць на дарослых.
Гэтым летам, як і ў папярэднія гады, з 25 мая па 5 чэрвеня МУС традыцыйна праводзіць спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Увага – дзеці!». Асаблівую ўвагу супрацоўнікі ДАІ нададуць выкананню хуткаснага рэжыму, правілаў праезду пешаходных пераходаў, бяспечнай перавозкі дзяцей. У гэты перыяд кіроўцы абавязаны нават днём ездзіць з уключаным блізкім святлом фараў.
Разам з тым, па словах начальніка аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, падпалкоўніка міліцыі Станіслава Салаўя, у 80% ДТЗ, у якіх пацярпелі дзеці, вінаватыя менавіта дарослыя. У астатніх выпадках іх віна ўскосная. І гаворка тут пра бацькоў: менавіта яны павінны ў першую чаргу навучыць дзіця правілам дарожнага руху, распавесці пра магчымыя небяспекі, на асабістым прыкладзе паказаць бяспечныя маршруты і спосабы перамяшчэння.
Такога ж меркавання пра асноўную ролю бацькоў у захаванні здароўя і жыцця дзяцей прытрымліваецца і галоўны пазаштатны дзіцячы траўматолаг-артапед камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Станіслаў Траццяк.
Банальны прыклад з катаннем на роварах і ролікавых каньках. Актыўнае баўленне часу дзяцей – гэта добра. Але ці многія з іх маюць ахоўныя шлемы, шчыткі? Між тым, пераважнай большасці траўмаў пры падзенні можна было б пазбегнуць, калі б у дзяцей мелася неабходная абарона. На жаль, калі адбываецца няшчасны выпадак, шкадаваць пра гэта позна.
Такім чынам, сёння першы дзень лета. У школьнікаў афіцыйна скончыўся напружаны перыяд. У дарослых толькі пачаўся. Вы ўпэўненыя, што добра да яго падрыхтаваліся?
⚡️ Што яшчэ карысна ведаць:
Дэрматаскапія: не прапусціце меланому на ранняй стадыі
Сонцаахоўны крэм для дзяцей: правілы выкарыстання
Бяспечны ўльтрафіялет. Як правільна карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by