02.12.2020
02.12.2020

Аўдзей-заступнік: гонім з хаты нячыстую сілу!

logo
Беларускі код
0 68
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Народны каляндар

2 снежня – Аўдзей. Абарона жытла ад нячыстай сілы. Абрадавыя дзеянні з сякерай. 

Ну вось і надышоў першы месяц каляндарнай зімы. І пакуль атрымліваецца ён больш-менш падобным да класічнага. А да зімы ж трэба як след падрыхтавацца. У тым ліку і абараніць сваё жытло ад нячыстай сілы, якая пад снежаньскія скуголенні ветру ды завірухаў можа так распанець… Але на варце хатняй гаспадаркі стаіць Аўдзей, якога нашыя продкі ўшаноўвалі акурат 2-га снежня. А яшчэ сёння – Сусветны дзень камп’ютарнай пісьменнасці, які прыдумалі ў Індыі. А ў Амерыцы і ўвогуле 2-га снежня – Нацыянальны дзень аладак! Пераймаем?! 🙂

Аўдзей. Сусветны дзень камп'ютарнай пісьменнасці.

І напачатку – самае галоўнае! – абараняем сваё жытло ад нячыстай сілы. Ці, больш дакладна, – закрываем. Гэта нескладана. Трэба толькі паўтараць за Аўдзеем.

Узяць сякеру… Так-так! Ну, не ведаю, дзе вы яе возьмеце ў супермадэрнавай гарадской кватэры. У нашай, прасцейшай, яна ёсць… 🙂 І прайсціся па ўсяму жытлу, злёгку пастукваючы абухом сякеры па дзвярных касяках і аконных рамах. Ну і што, калі рамы-касякі не драўляныя?! Справа не ў матэрыяле, а ў абрадзе.

Што, з сякерай – ніяк?! Ну-у-у-у-у-у… Нашыя продкі сцвярджалі, што для гэтых мэтаў можна ўзяць і… серп! 🙂 Не, я не здзекваюся. Так, усміхаюся злёгку.

Дык вось гэтыя простыя дзеянні даўней мелі на мэце абараніць не толькі жытло, але і ўсіх, хто ў ім, ад свавольства нячыстай сілы. Зрэшты, калі Хатніка свайго вы час ад часу частуеце, дык і ён павінен уставаць на абарону…

Значыць, хто ў вашай сям’і гэтым зоймецца? Зрэшты, няважна. Прайшліся па хаце-доме-кватэры-катэджы – ды і разышліся. Хтосьці – да камп’ютара, камп’ютарнай пісьменнасцю далей авалодваць, а хтосьці – на кухню, аладкі пячы. А можна разам. Туды і туды… 🙂

А мы куды?! А давайце напачатку да камп’ютара.

Папулярныя ў апошнія гады ўніверсітэты трэцяга ўзросту, а таксама іншыя арганізацыі ставяць на мэце (акурат як калісьці на пачатку 20-га стагоддзя – авалоданне пісьменнасцю ўвогуле) навучыць валодаць камп’ютарам людзей узросту «60+».

Аўдзей. Сусветны дзень камп'ютаннай пісьменнасці.

Атрымліваецца няблага. І ўвогуле, бывае, чалавек у пенсійным узросце валодае камп’ютарнай пісьменнасцю яшчэ і лепей за якога трыццаці-саракагадовага. Якому ўсе гэтыя сацыяльныя сеткі, месэнджары і нават электронная пошта (!), паводле яго меркавання, – без патрэбы. Думаеце, такіх «абыякавых» няшмат?! Памыляецеся! Асабіста ведаю, і даволі блізка, не аднаго, не пяць і нават не дзесяць…

Па майму меркаванню (памятаеце, як калісьці машына са сродку раскошы ператварылася ў сродак перасоўвання?!), магчымасць звязацца з чалавекам у сеціве павінна быць абавязкова – хаця б адна… Ніхто ж не кажа пра завісанне ў інтэрнэце гадзінамі. Зрэшты, няўжо хтосьці яшчэ завісае?! Ну, хіба моладзь. А таксама аматары «танчыкаў» ды іншых гульняў. І яшчэ… Хм… Ну, ёсць такія людзі. І іх сапраўды нямала.

А што тычыцца людзей сталага веку… Няблага асвойваюцца ў сеціве і самі – з дапамогай дзяцей, унукаў ды праўнукаў. І хаця колішні лозунг «Камп’ютар у кожны дом!» ужо, шчыра кажучы, не дужа-то актуальны, бо смартфоны тыя камп’ютары з поспехам замяняюць…

Аўдзей. Сусветны дзень камп'ютарнай пісьменнасці. Смартфоны супраць камп'ютараў.

І ўсё ж будзем спадзявацца, што як калісьці ліквідавалі ўсеагульную непісьменнасць, так у хуткім часе ліквідуюць і камп’ютарную. А пакуль далучаемся да святкаванняў Сусветнага дня камп’ютарнай пісьменнасці!

І… павольна (альбо шпарка) перамяшчаемся на кухню. Пазіраючы адным вокам у бок Амерыкі, дзе – памятаеце?! – сёння аладкі пякуць.

Вось вам што прыгадваецца пры слове «аладкі»?! Мне найперш – наша школьная сталовая за савецкім часам, дзе адной з самых смачных страў былі аладкі з павідлам. Здаецца, да гэтага часу памятаю той смак… Яшчэ прыгадваю аладкі, а таксама бліны, блінчыкі, сырнікі, якія гатавала мая мамачка…

Ну, а ўлічваючы, колькі ў нас сёлета яблыкаў было на зімовай яблыні… І што нават салату «а-ля венегрэт» я цяпер гатую толькі з імі… Буду асвойваць аўсяна-яблычныя аладкі! Дыетычныя! Хто са мной?! 🙂 А рэцэпт на прасторах сеціва во гэты выбрала. І ведаеце, з-за чаго?! Бо ён – без мукі… Ну, і прыкідваем колькасць порцый. Калі трэба меней – змяншаем пакрысе ўсё… Мне дык сапраўды меней трэба.

Аўдзей. Нацыянальны дзень аладак у Амерыцы.

Інгрэдыенты:

  • 250 г аўсяных шматкоў хуткага прыгатавання без дадаткаў;
  • 500 мл малака;
  • 2 яйкі;
  • 100-150 г яблыкаў;
  • соль і цукар – па смаку;
  • алей для абсмажвання.

Прыгатаванне:

  1. Аўсяныя шматкі заліваем цёплым малаком і пакідаем на 20-30 хвілін.
  2. Дадаем яйкі, соль, цукар, перамешваем.
  3. Дадаем яблыкі, пазбаўленыя скуркі і сярэдзіны, нарэзаныя невялікімі кавалачкамі.
  4. Перамешваем.

Цеста гатовае! Далей абсмажваем так, як прывыклі.

Аўдзей. Гатуем аладкі.

Вось такія парады на сёння. З сякерай (сярпом) – па хаце (мэблю не чапаем!), да камп’ютара – па рэцэпт. І на кухню. А тады – да стала. І – смачна есці! 🙂 А калі хтосьці з талеркай з аладкамі ды да камп’ютара… Ну-у-у… Таксама – можна… Але лепей – не трэба. Пашкадуйце «клаву»! Яна дакладна не любіць павідла! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 68

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама