Якія ў вас асацыяцыі са словамі «музычная школа»? Хтосьці ўсміхнецца і ўспомніць, як карпеў над гамамі, а хтосьці – як зводзіла сківіцы ад адной толькі назвы «сальфеджыо». А я раскажу, чаму балалайку асвоіць цяжэй за гітару, наколькі ўнікальны гэты інструмент і чым прыма адрозніваецца ад секунды ці альта. А яшчэ – як вучні мінскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў №13 раз за разам бралі Гран-пры на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах музычнага мастацтва.
Салістка
… Аднойчы дачка прыбегла з радаснай навіной: да іх, першакласнікаў, прыходзіла настаўніца музыкі і запрашала ў школьны хор. Для дзіцёнка, які спяваць пачаў ледзь не раней, чым добра размаўляць, гэта была цэлая падзея! І назаўтра яна, задаволеная, пабегла на заняткі хору.
Настаўніца паставіла ўперадзе салістаў, астатнім загадала спяваць разам з ёй па камандзе: спачатку салісты, потым далучаецца хор. Уключыла магнітафонны запіс – асвяжыць песню ў памяці. Але мая зорачка прапусціла ўводную міма вушэй, адразу запомніла словы і мелодыю і старанна, на поўныя грудзі, загаласіла… І з хорам, і з салістамі, і без…
Кіраўніца спыніла рэпетыцыю і паклікала яе да сябе. Спужалася малая, зразумела, што нешта не тое зрабіла. Спускаецца з прыступак і думае: «Ну усё, зараз выганіць!» А тая агледзела худое бялявае дзяўчо і кажа: «Станавіся тут, з салістамі. Відаць, будзе з цябе толк».
Так стала Карынка салісткай школьнага хору з першага ж занятку. І потым што яна толькі ні выконвала сваім першым сапрана – ледзь не ўсе мерапрыемствы праходзілі з яе ўдзелам, як унутрышкольныя, так і на гарадскіх пляцоўках.
Няпросты выбар
Ну, а што ж за спявачка без інструмента? Падаліся мы ў музычную школу, а там сказалі прыходзіць у наступным годзе – набор скончаны, мы спазніліся… То ўжо вясной дачка ляцела туды ўзрушаная, літаральна цягнула бацькоў за руку.
І тут чакала неспадзяванка: на клавішныя бяруць з шасці гадоў, таму мы ў свае сем з хвосцікам пралятаем, хоць і прайшлі праслухоўванне выдатна… Стаіць няшчасны дзіцёнак, апусціўшы галаву, і ледзь не плача.
Завуч паспрабавала прымераць ёй баян, але танюткія ручкі ледзьве змаглі ўтрымаць цяжкі інструмент. Тады выйшла да нас настаўніца па класу балалайкі і кажа: «Чаму ж вы не разглядаеце народныя інструменты? Я запрашаю вас да сябе ў клас, а другім інструментам зможаце ўзяць фартэпіяна».
Так і зрабілі. Падумалі: балалайка – гэта не цымбалы ці акардэон, месца многа не зойме, у любы момант яе за плечы – і панёс. Да таго ж, потым будзе лягчэй асвоіць гітару…
Рарытэт
Першы сюрпрыз чакаў, калі паспрабавалі набыць балалайку ў музычнай краме. Абышлі мо тры ці чатыры, пакуль патрапілі на патрэбны (даволі дарагі) інструмент. Патэлефанавалі настаўніцы, а яна, выслухаўшы, што мы знайшлі, сказала не браць – гучаць не будзе, такія прылады выконваюць хутчэй дэкаратыўную функцыю!
Дзе ж яе ўзяць? Пачалі разглядаць прыватныя аб’явы, распытваць знаёмых. І раптам успомнілася, што ў бабулі на шафе калісьці даўно вісела на цвіку балалайка. Патэлефанавалі, прыехалі — вось яна, родненькая, трохвугольная, на гары ляжала. Растрэсканая, без струн і падстаўкі (кабылкі), з пашчэрбленымі ладамі… Абняць і плакаць.
А бабуля ўсміхалася: «Што ж вы хацелі? Я яшчэ дзеўкаю на ёй іграла. Так хацела навучыцца, упрасіла бацькоў купіць. Збяромся, бывала, з сяброўкамі вечарам і як зайграем! Шмат песень ведалі».
Настаўніца наша, Валянціна Іванаўна, пачуўшы пра рарытэт, загадала прынесці паказаць: мауляў, аддамо на рэстаўрацыю. І хто ведае, ці не выдасць гэтая 70-гадовая шасціструнка найчысцейшы гук…
І адбыўся цуд! У таго рэстаўратара, напэўна, былі залатыя рукі.
Валянціна Стрэмінская, загадчык аддзялення народных інструментаў ДМШМ №13 г.Мінска:
– Вызначыць якасць балалайкі можна па гуку. Так, у 1980-я гады было выпушчана шмат танных інструментаў з надпісам «Алімпіяда-80». Многія і зараз, спакусіўшыся коштам, купляюць дзецям, каб вучыліся на іх. Але там мала ладоў, вельмі тоўсты грыф, яна жорсткая, там шмат пластмасы. Ну, і гучанне адпаведнае.
Майстры кажуць, што для добрай канцэртнай балалайкі дрэва сохне па 10 гадоў. А ёсць балалайкі, кошт якіх раўняецца кошту мэрсэдэса! Грыф там тоненькі, струны мяккія, гук выдаюць дзівосны. Але ж, напэўна, нават на самай выдатнай балалайцы трэба ўмець граць…
Увогуле, балалайка мае тры струны. Калі ў стандартнай гітары шэсць струнаў, і ўсе розныя (нават першая і апошняя мі адрозніваюцца актавамі), то ў балалайцы дзве з трох струнаў абсалютна аднолькавыя! У прымы і альт-балалайкі гэта ля-мі-мі, у секунды — ля-рэ-рэ. Ёсць яшчэ бас- і кантрабас-балалайкі.
Дарэчы, прыма хоць і канцэртная, але можа граць і сола. Пачынаюць вучыцца дзеці менавіта на прыме. А секунда і альт – толькі аркестровыя. Яны большыя, з іншым строем і струнамі: у адрозненне ад маленькіх балалаек з тонкімі металічнымі струнамі, тут струны з абмоткай, і ўпраўляцца з імі цяжэй. Таму ў аркестры на іх граюць старэйшыя вучні ці нават выкладчыкі.
Навошта піяністу доўгія пальцы
Як выкладчыкі дапамагаюць малым і іх бацькам вызначыцца з інструментам? На ўступных экзаменах (яны праходзяць вясной) правяраюць слых, памяць, рытм. Трэба спець падрыхтаваную песню, хаця б куплет. Паўтарыць папеўкі за выкладчыкам. І на падставе атрыманых балаў прапануюць запісацца ў той ці іншы клас.
Скрыпачам патрэбны ідэальны слых, а піяністам, насуперак міфам, зусім неабавязкова мець доўгія пальцы. Ды й ці магчыма прадбачыць, як будзе мяняцца ручка ў шасцігодкі? Іншая справа – баян, акардэон, куды паступаюць трох-чатырохкласнікі.
Будучым балалаечнікам пажадана мець круглыя падушачкі пальцаў, бо імі (першай фалангай) заціскаюцца струны. Занадта худымі, кашчавымі пальцамі, як і вельмі маленькай далонню, іграць складана: трэба ж абхапіць грыф. А засваенне акордавай тэхнікі немагчыма без з’яўлення «прафесійных» мазалёў. Не варта цікавіцца шчыпковым інструментам і тым, хто мае пэўныя скураныя захворванні, ранкі на руках.
Але ў навічкоў усё роўна напачатку баляць пальчыкі. Балалайка трохструнная, струна «ля» металічная, астатнія дзве нейлонавыя. Пакуль падушачкі прывыкнуць да іх, пакуль утворацца зацвярдзенні… Таму педагогі просяць бацькоў: сачыце, каб дома дзіця іграла не больш за 10 хвілін у дзень. Праз пару месяцаў пальчыкі адаптуюцца – і будзе лягчэй, практыкавацца можна будзе і гадзіну, і болей.
Любімы педагог
Нашай Карыне пашчасціла трапіць у клас да Валянціны Стрэмінскай, якая змагла не толькі навучыць дзяўчынку тэхнічным прыёмам ігры, а прывіць цікавасць да інструмента, захапіць народнай творчасцю.
Валянціна Іванаўна — педагог з 46-гадовым стажам (на сёння), у 13-й дзіцячай музычнай школе працуе з 1986 года.
– Праграма падбіраецца пад кожнага вучня індывідуальна,– тлумачыць выкладчык. – Іграем і эстрадныя творы: «Пад музыку Вівальдзі», «Балалайка» (якую Пугачова спявала), джазавыя п’есы. Дзеці іх любяць. Але паралельна вывучаем і Баха, Бетховена, Моцарта, гэта абавязкова. Да заканчэння навучання дзеці выконваюць даволі складаныя творы: «Іспанскі танец» Дзярбенкі, «Кантраданс» Бетховена. Сёлета на балалайку быў конкурс, нават у падрыхтоўчую групу не ўсе жадаючыя трапілі. Інтарэс да народных інструментаў заўважна вырас.
Валянціна Іванаўна ўзгадала сваіх вучняў, якія станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў, працягвалі музычную адукацыю ў Беларусі і за мяжой (напрыклад, у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных). Ёсць выпускнікі, якія потым прыводзілі да яе ў клас сваіх дзяцей. І ёсць дзеці, якія, гледзячы, як асвойваюць балалайку іх старэйшыя браты і сёстры, выказалі жаданне вучыцца граць менавіта на гэтым інструменце.
Аркестр і яго Гран-пры
З падачы кіраўніцтва ДМШМ №13, упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска забяспечыла школу ўсімі неабходнымі інструментамі высокай якасці і кошту.
У 2015 годзе ў школе з’явіўся аркестр народных інструментаў «Лявоніха», якім сёння кіруе завуч Алеся Нікалаева. Праўда, акрамя народных цымбалаў, баянаў, акардэонаў ды шэрагу балалаек (секунды, альты і прымы), у яго ўваходзяць яшчэ флейты і скрыпкі, барабаны і бас-гітара.
Напрыканцы лістапада 2015 года юныя аркестранты (9-14 гадоў) пад кіраўніцтвам дырэктара (ДМШМ узначальваў Аляксей Чарапко) упершыню паспрабавалі свае сілы за межамі школы – узялі ўдзел у II адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў «Беларускiя таленты» (рэспубліканскі ўзровень). І нечакана атрымалі… Гран-пры!
Гэтая неверагодная перамога надала натхнення і веры ў свае сілы. Працягвалі старанна рэпеціраваць і замахнуліся на міжнародны ўзровень…
У сакавіку 2016-га ў Мінску праходзіў I Міжнародны конкурс-фестываль мастацтваў «Музыкі святло». Памятаю, як адпраўляла на яго дачку, супакойвала, прасіла не хвалявацца: перажывала, каб не прыйшло расчараванне, калі не перамогуць. Але… зноў Гран-пры!!!
У дзіцёнка нібыта крылы выраслі! Узрушаная, яна ўсё расказвала і расказвала, як яны рыхтаваліся выходзіць на сцэну, як баяліся, каб не збіцца, не забыць чаго. А я думала: вось гэткія моманты – сапраўды бясцэнныя. Падтрымка педагогаў, вопыт перамог і вера ў свае сілы даюць імпульс пераадольваць любыя цяжкасці.
Аркестр пачаў збірацца ў дарогу: усяго праз месяц у Эстоніі пачынаўся V Міжнародны творчы конкурс-фестываль «Нарвская вясна». Старанна працавалі на рэпетыцыях, рыхтавалі касцюмы, вырашалі арганізацыйныя пытанні.
Правялі мы сваю Карынку да аўтобуса, памахалі ўслед, а на сэрцы неспакойна: два разы атрымалася найвышэйшае месца заняць, зразумела ж, што заўсёды так не будзе… Хоць бы не апусціліся рукі потым!
Ідзе час, тэлефануе дачка. Усхваляваная, расказвае, што яны там, аказваецца, самыя малодшыя выступоўцы. І што тыя, хто ўжо адыграў, вельмі крутыя. Я суцяшала як магла, тлумачыла, што гэта добры вопыт, і галоўная задача – выступіць як мага лепш...
Міналі гадзіна за гадзінай, дзіця не тэлефануе. Я нервуюся. Толькі ўвечары пачуўся званок…
Як аказалася, дзеці на адрэналіне адыгралі ўсе творы выразна, дакладна, без адзінай памылкі. З хваляваннем пачалі чакаць абвяшчэння вынікаў. Аб’яўляюць прызавыя месцы з канца: адзін калектыў назвалі, другі, трэці. Нашы вучні сабе месца ўжо не знаходзяць, дарослыя іх падбадзёрваюць, але таксама хвалююцца... Вось і першае месца назвалі – зноў не іх. Значыць, усё, вырашылі малыя… І толькі падумалі, што засталіся без месца, як чуюць: «А цяпер – Гран-пры!»
Што? І тут Гран-пры ёсць?
– А Гран-пры прысуджаецца маладому беларускаму калектыву «Лявоніха»!
Вось дык справа! На эмоцыях дзеці нават не адразу зразумелі, што гэта ж яны – «Лявоніха». Аркестру ўсяго паўгода, да назвы яшчэ не паспелі прывыкнуць.
Трэці Гран-пры запар!!! Гэта быў грандыёзны поспех. А ўверцюра-фантазія «Лявоніха», напісаная Львом Карпенкам у аранжыроўцы Алесі Нікалаевай, з таго часу стала візітнай карткай калектыву.
Алеся Нікалаева, завуч ДМШ №13, кіраўнік аркестра:
– Паездкі на конкурс-фестываль у Таліне сталі штогадовымі і вельмі чаканымі для ўсіх удзельнікаў аркестра (а іх склад паступова мяняецца – месца выпускнікоў займаюць новыя вучні). У актыве – перамогі і прызавыя месцы, атрыманыя на розных музычных пляцоўках. Так, у 2018 годзе наша выступленне не засталося незаўважаным на I Конкурсе-фестывалі дзіцячых аркестраў «Аркестрына», дзе атрыманы спецыяльны Дыплом.
У бягучым годзе на VI адкрытым Рэспубліканскім конкурсе музычнага мастацтва Беларусі «Спадчына» калектыў стаў лаўрэатам III ступені. 22 мая бралі ўдзел у вялікім канцэрце творчых калектываў сталіцы на тэрыторыі Верхняга горада.
У педагогаў і вучняў шмат ідэй і планаў: атрымаць званне ўзорнага аркестра, узяць удзел у новых міжнародных конкурсах і фестывалях, праводзіць канцэрты ў школе і на гарадскіх пляцоўках.
***
Музычная школа не абавязкова зробіць з дзіцяці знакамітага кампазітара ці выканаўцу (хаця – хто ведае?). Але адчыніць перад ім неверагодны свет прыгажосці.
Наталля Шэйбак, псіхолаг:
– Заняткі музыкай развіваюць абодва паўшарыі мозгу, як і заняткі ментальнай арыфметыкай. Развіваюцца памяць, канцэнтрацыя ўвагі, шматзадачнасць, вобразнае мысленне. А гэта, у сваю чаргу, уплывае на ўспрыманне свету, робячы яго больш яркім і эмацыйным.
Кожны раз, паднімаючыся па прыступках ДМШМ №13, я звяртала ўвагу на выказванні знакамітасцяў у рамках на сценах. Адно з іх асабліва запомнілася: «Музыка – вышэйшае ў свеце мастацтва. Л.Талстой». Усё думала пра гэта, спрабавала знайсці хоць адзін аргумент супраць, ды так і не знайшла – з класікам не паспрачаешся…
Фота – з архіваў музычнай школы, герояў публікацыі і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by