Вясна, кветкі і шчасце… Гэта і ёсць асноўныя тэматычныя кампаненты новай выстаўкі «Схаваныя ў кветках» у мастацкай галерэі «Арт-фабрыка», якая аб’яднала работы чатырох беларускіх мастачак — Таццяны Грыневіч, Вольгі Бычко, Дзіяны Шолк, Марыны Хадаровіч.
На выстаўцы прадстаўлены работы, якія апяваюць межы адлюстравання жаноцкасці ў жывапісе. Так, увабраўшы прыгажосць праз вочы, магчыма, кожны глядач зможа наблізіцца да разгадкі магічнай і неверагоднай жаночай прыроды. Калі гэта ўвогуле магчыма…
Прыгажосць, музыка, жыццё і каханне — што агульнага ў гэтых слоў? Усе яны жаночага роду. Непераходныя паняцці аб тым, дзеля чаго наогул варта жыць, невыпадкова замацаваны ў мове менавіта ў жаночым родзе. Жанчына - і маці, якая дае жыццё, і каханая муза, якая даруе азарэнні, і яна ж - мудрая асоба, якая разумее цыклы жыцця і смерці. На палотнах мастачак гэтая тэма рагледжана ў дробязях. Так цікава назіраць, як кожная з аўтараў спрабуе вобраз жаноцкасці зрабіць непаўторным, моцным і ў той жа час утульным.
У кожнай з мастачак свой акадэмічны і творчы шляхі, творцы прадстаўляюць розныя пакаленні, маюць розны асабісты і прафесійны досведы, у кожнай — свой стыль і мастацкая мова. Пры гэтым тэма прыгажосці, жаноцкасці, вытанчанасці і далікатнасці раскрываецца ва ўсіх сабраных работах.
— У вобразах мастачак вы можаце назіраць відавочную эксперсію, — адзначыла на адкрыцці куратар выстаўкі Ганна Вярынская. — Тут можна прасачыць тэму глабальных пытанняў, якія перажываюць і пражываюць жанчыны. Што да мастачак, я старалася знайсці баланс, каб у кожнай з аўтараў была прадстаўлена свая мастацкая мова, вобразнасць і каларыстыка.
Таццяна Грыневіч — жывапісец, які належыць да пакалення маладых мастакоў. Ярка выяўленае жаноцкае, пачуццёвы пачатак творчасці Таццяны знаходзіць адлюстраванне ў яе ўласным унікальным стылі. Арыгінальную жывапісную манеру творцы адрозніваюць пластычнасць і мяккасць ліній, каларыстычная гармонія, натуральнасць святла. Яе палотны, якія ствараюцца ў традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу, пазбаўлены шчыльнасці і матэрыяльнасці, характэрнай для гэтай тэхнікі. Яе кампазіцыям уласціва такая празрыстасць і бязважкасць, як быццам самі стыхіі жыцця — паветра і вада — не толькі прысутнічаюць тут у якасці сімвалічных матываў, але і выкарыстоўваюцца непасрэдна ў стварэнні карціны як тэхнічныя сродкі.
У стылі Вольгі Бычко адлюстравана пяшчотнасць і адначасова экспрэсія. Мастачка здольная выаесці гледача за межы рэальнасці і прыцягнуць у свет фантазіі, разважанняў, ідэй. Яе работы нібы самастойна дыхаюць і заклікаюуць нас натхніцца іх свежым паветрам.
Кожны штрых пэндзля або алоўка Дзіяны Шолк па палатне, кожны колер, які яна змешвае, і кожны цень, які стварае, — гэта вынік яе пачуццяў. У сваёй творчасці яна стварае сімфонію адчуванняў, якая напаўняе натхненнем і адначасова тугой. Яе мастацтва — гэта не толькі прадукт розуму, але і адлюстраванне душы. Што такое мастацтва без сенсацый? Проста безжыццёвае палатно або чысты ліст паперы. Магія творчасці ажывае толькі праз органы пачуццяў
Работы Марыны Хадаровіч таксама ўражваюць дэтальнасцю і глыбінёй. Адчуваецца, што ў мастачкі развіта ўважлівасць, і яна спрабуе знайсці ў сваіх персанажах самае важнае, цікавае і асаблівае. Стыль аўтара, безумоўна, жаноцкі і ў тую ж чаргу вельмі асэнсаваны, моцны. Цікава назіраць, як Марына ўмее праз творчасць запрашаць гледача да камунікацыі.
У кожнага мастака свае погляды і ўяўленні аб прыгажосці. Для высаўкі аўтары напісалі шмат вобразаў: тут і партрэты, і сюжэтныя карціны, і жаночыя вобразы на фоне краявідаў. Усе яны пастараліся паказаць у экспазіцыі жанчыну закаханай і апантанай. Бо менавіта ў гэтым яе галоўная сіла.
Эфектная пластыка. Чым работы Вольгі Сямашка і Ганны Амбросавай здольныя зачапіць гледача?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by