07.05.2024
07.05.2024

Начныя забавы фламастэраў (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


У адных гаспадароў была дзяўчынка. Яна была вясёлай і разумнай. Дзяўчынка рана падымалася, апраналася і адразу бралася за справу. Звалі тую дзяўчынку-руплівіцу Ульянай, хтосьці клікаў больш ласкава Улькай. І галоўнай справай усяго яе трохгадовага жыцця было маляванне.

Сябры яе заўжды былі побач. Папера для заняткаў жыла ў сваіх тоўстых фабрычных пачках і знаходзілася пад сталешніцай парты. А вось алоўкі і фламастэры былі заўжды на стале: пачатыя і свежыя ў сваіх асобных пенальчыках. Тыя пенальчыкі былі адкрытыя, таму фламастэры бачылі ўсё наўкола.

Да таго ж каля парты Улькі было акно, таму фламастэры глядзелі на вуліцу, дрэвы і арэлі сваёй гаспадынькі, і яшчэ на блакітнае неба.

Па небе паволі плылі, калі і хутка мчаліся кучаравыя, быццам маладыя конікі, аблокі. А пад небам раслі белакорыя бярозкі, якія, як і аблокі, былі намаляваныя каляровымі фламастэрамі. Калі надыходзіў вечар, з неба знікала сонца, відаць, яго замалёўваў ужо вялікі сіні фламастэр, і ў пакоі, як і на дварэ, станавілася цёмна.  Улька толькі здзіўлена пазірала на гэта і планавала ў думках новыя сюжэты...

Раптам выскачыў вялікі чорны фламастэр і пачаў размалёўваць сцены ў пакоі, шафу, кнігі. Затым ён пафарбаваў лісты дрэў. Былі зялёныя, сталі шэрыя. Потым фіялетавы фламастэр пафарбаваў неба, а жоўты намаляваў на ёй месяц.

Маленькім фламастэрам не хацелася спаць. Яны з цікавасцю выглядвалі з сваіх пенальчыкаў, бо ўсё было такое рознакаляровае і загадкавае! Ім таксама хацелася маляваць.

Увесь дзень яны малявалі вясёлыя калякі-малякі, і яшчэ не нагуляліся. Але яны ведалі, што ноччу патрэбна спаць.

Ноч – спакуса для Ульчыных сяброў

— Давайце пойдзем пагуляем, — прапанаваў маленькі аранжавы аловак.

— Ты што? Усе спяць, — адказвалі фламастэры.

— Тады давайце маляваць! Нас ніхто не ўбачыць, — не супакойваўся маленькі жэўжык.

І ён пачаў вылазіць з пенала. Чырвоны, сіні, зялёны і жоўты фламастэры ціхенька знялі свае каўпачкі і пайшлі следам.

Напачатку яны забраліся на вялікі стол. Вялікі чорны фламастэр ужо тут гаспадарыў: ён размаляваў усё наўкола так, што нічога не было відно: адно чорнае палатно. Малыя нават ніводнага лісточка на кляёнцы не знайшлі. Але ў пошуках яны спатыкнуліся з вялікай тоўстай самапіскай.

— Вой-вой-вой!, — закрычала самапіска, — мяне разбудзілі! Убірайцеся адсюль, а тое я маму паклічу!

Маленькія фламастэры з аранжавым аловачкам кінуліся наўцёкі і сутыкнуліся з кнігай. Кніга прачнулася і таксама пачала крычаць.

— А ну хутка кладзіцеся спаць! — крычала кніга, — а тое я вас тут жа прыхлопну!

Але фламастэры паспелі збегчы. У пакоі было так цёмна, што яны заблукалі. І маленькі аранжавы аловачак пачаў хныкаць.

— Вой-вой-вой, — хныкаў ён, — я баюся.

— Чаго ты баішся? – спыталі фламастэры.

— А раптам хто уключыць святло і ўбачыць нашыя калякі-малякі? Ці жук які ўспаўзе на мяне і скініць мяне са стала?

— Ну і што? Мы ўжо сто разоў сустракаліся з жукамі. І не аднойчы валяліся са стала. Гэта зусім не страшна, наадварот – цікава.

— Вам добра, - сказаў маленькі аранжавы аловак. – А калі я звалюся са стала, у мяне адламаецца носік, і мая гаспадынька Ульянка  не зможа больш маляваць. А яна ж так любіць гэты  колер! — А вой-вой-вой – што будзе!

Ён так моцна плакаў, што фламастэры вырашылі вярнуцца дахаты. Хутка малеча задрамаў, і яны панеслі яго на ручках. Фламастэрам таксама хацелася спаць, яны пазяхалі і закрывалі вочкі. Але калі ім выпадкова сустрэўся не размаляваны лісток, яны дужа ўзрадаваліся. І талакою намалявалі на ім колькі каляк-маляк.

Потым ціхенька залезлі ў свой пенальчык, уздзелі на носікі каўпачкі і моцна паснулі. І прысніліся ім сны…

Жоўтаму фламастэру прыснілася чырвоная моркаўка. Чырвонаму – жоўты дзьмухавец, сіняму – зялёная траўка, а зялёнаму – сіняе неба.

Але калі яны прачнуліся, то ўбачылі, што ў поцемках пераблыталі каўпачкі. Сіні фламастэр пераблытаў каўпачок з зялёным. Чырвоны пераблытаў каўпачок з жоўтым.

Улька толькі ўзялася маляваць як заўважыла, што каўпачкі на яе фламастэрах пераблытаны. Добра, што яна дзяўчынка ўдумлівая – не спяшалася крыўдзіць чысты аркуш паперы, хаця зрабіць гэта лёгка магла. Чаму? Вельмі проста  — каўпачкі ж былі пераблытаны. І сонейка магло быць сінім, а не жоўтым. А яна ўзяла і пераставіла каўпачкі на свае месцы. Вось толькі  паўсчувала сваіх сяброў:

— І дзе гэта вы ноччу забаўляліся, распуснікі? Добра памятаю, што ўчора, калі зачыняла пенальчыкі, ўсе на месцах былі!

Фламастэры ціха ляжалі ў сваіх пенальчыках і нават у вус не дулі. Ведалі, што Ульянцы без іх, сваіх верных сяброў, ніяк не абысціся.

Як фламастэры стварылі папяровую дзяўчынку Яну

Аднойчы фламастэрам надакучыла маляваць калякі-малякі і яны вырашылі стварыць партрэт сваёй гаспадынькі Ульянкі. Жоўты фламастэр намаляваў носік. Чырвоны фламастэр намаляваў ручкі і ножкі. Сіні фламастэр намаляваў жывоцік. А зялёны ўсю гэту прыгажосць размаляваў  у свой колер. Але тут пайшло нешта не так і замест Ульянкі атрымалася дзяўчынка Яна, і на іх Ульянку тая была зусім непадобная.

— Як прыгожа! – прамовілі фламастэры, — цяпер засталося навучыць яе хадзіць. І яны пайшлі да гадзінніка.

— Гадзіннік, гадзіннік, цябе ж наша Уля кліча па-сяброўску – ходзікі, ці не так?

— Ну, так!

— Тады навучы, калі ласка, нашу новую сяброўку хадзіць.

— Добра, — адказаў гадзіннік, — я навучу вашу дзяўчынку хадзіць. Але вы павінны ведаць, што яна, будзе не проста моўчкі хадзіць, а прамаўляць: “цік-так, цік-так”.

— Цік-так, ходзікі, мне чатыры годзікі, — дружна рассмяяліся фламастэры.

— Ніякія не «годзікі»! – запярэчыў гадзіннік. – Проста – цік-так, цік-так.

Фламастэры пагадзіліся. І ўжо праз лічаныя гадзіны Яна  хадзіла кругамі і прамаўляла: цік-так, цік-так, цік-так.

— Ну як пачуваешся? – пыталіся фламастэры.

— Цік-так, цік-так – адказала Яна.

— А чаму цік-так? – пасміхаліся рознакаляровыя.

— Цік-так, – зноў пачуўся адказ.

— А ты дзяўчынка паслухмяная ці не вельмі? – спыталі фламастэры.

— Цік-так, – адказала Яна.

— Ах, якая ты паслухмяная! – пасміхаліся яны.

— Цік-так, – прамаўляла дзяўчынка.

Яна вучыцца размаўляць

Яна навучылася хадзіць. Цяпер патрэбна было навучыць яе размаўляць, бо пакуль што яна паўтарала толькі голас гадзінніка.— Гэта няправільна, – адказвалі фламастэры, – трэба правільна навучыць цябе размаўляць.

— Пойдзем папросім радыё.

І яны ўзялі Яну і пайшлі прасіць радыё. Радыё і размаўляла, і смяялася на ўсю моц. А яшчэ яно вельмі любіла спяваць песенькі. І так часта з радыёпрыёмніка даносіліся розныя мелодыі, што, здавалася, на тым канцы толькі і ведаюць што весяліцца ды танчыць.

— Радыё – ты такое разумнае! Навучы, калі ласка, нашу Яну правільна размаўляць, – папрасілі фламастэры.

— Дамовіліся, навучу я вашу дзяўчынку размаўляць, - прыходзьце праз дзве гадзіны.

І радыё заспявала песеньку: ля-ля-ля, тра-ля-ля.

Праз дзве гадзіны фламастэры прыйшлі і забралі сваю дзяўчынку.

— Ну што, ты навучылася размаўляць? – спыталі яны.

— Ля-ля-ля, тра-ля-ля, – адказала Яна.

— А што яшчэ ўмееш?

— Ля-ля-ля, тра-ля-ля, - тое ж самае паўтарыла.

Фламастэры ўжо пачалі сварыцца між сабою, вышукваючы  хто з іх больш у тым вінаваты. Напачатку галоўным віноўнікам прызналі чырвоны колер, якім былі разфарбаваны ручкі і ножкі. Пазней – зялёны атрымаў спаўна. Але ўрэшце вінаватым за ўсіх застаўся жоўты, які размаляваў твар дзяўчыны ў свой колер.

— Вось каб мяне ўзялі з сабою я б вам такое намаляваў, што зараз не сварыліся б, – азваўся чорны фламастэр.

Урэшце малявальнікі супакоіліся і вырашылі: “Чаго б гэта не каштавала, а навучыць дзяўчынку размаўляць яны абавязаны”.

Яны сабраліся і пайшлі да кніжнай палічкі.

Кніжкі-кніжкі, навучыце нашу Яну размаўляць.

— Добра. Мы навучым вашу дзяўчынку размаўляць, - адказала адразу некалькі кніжак, – але на нашых старонках адныя вершыкі. Астаўляйце яе ў нас, а заўтра заберыце.

На наступны дзень фламастэры прыйшлі і спыталі ў кніжак:

— Ну як, прайшла вучоба?

— Цудоўна! – у адзін голас адказалі кніжкі.

— Калі Яна навучылася размаўляць ці застанецца такой жа паслухмянай дзяўчынкай?

— Так, застанецца! І разумнай да таго ж! – адказалі кніжкі.

І тады Яна адкрыла раток і сказала:

— Беларуска, беларуска

Па сцяжынцы крочу вузкай

Між азёраў і бароў –

На сустрэчу да сяброў.

Так маленькая Яна навучылася размаўляць. Праўда, размаўляла дзяўчынка толькі вершаванымі радкамі.

Пасля такіх прыгод іх сяброўства стала яшчэ мацнейшым.

Яна вучыцца спаць

Калі дзяўчынка Яна навучылася хадзіць і размаўляць, фламастэры вырашылі навучыць яе спаць. Зараз Яна дужа актыўнай стала і не заўсёды давала адпачываць іншым.

Спачатку чырвоны фламастэр заспяваў ёй калыханку, гушкаючы на ручках, але дзяўчынка не заснула. Уважліва глядзела яму ў вочкі і пасміхалася:

— А ты цікаўны такі, чырвонашчокі! І голас нішто сабе, мяккі. Дай я цябе памацаю, вой! – забаўлялася дзяўчынка. — Але я не хачу спаць.

Потым сіні фламастэр пагушкаў, аднак Яна не заснула. Далей за справу ўзяўся зялёны. Ён не толькі сам закрываў вочкі, але прыдумаў свой метад: гушкаў  моўчкі. Толькі гушкаў і ўсё. Ды ўсё дарэмна.

Даўжэй за ўсіх і гушкаў, і спяваў, і нават танчыў перад ёй жоўты фламастэр. Займаў, пакуль не ўзмакрэў. Але нічога не атрымлівалася. Яна слухала  калыханку-забаўлянку кожнага і здзекліва смяялася.

Пасля гуртам вырашылі расказваць ёй казкі. Расказвалі па чарзе. Затым пыталіся ў дзяўчынкі, каторы з іх цікавей за ўсіх апавядае, той працягваў забаўляць далей. Здаецца, былі прыкладзены ўсе дыктарскія прыёмы з воклічамі, паўзамі… Але Яна не засынала. Толькі насмешліва лыпала вочкамі ды, калі падабаўся які герой казкі, хлопала ў ладкі. Толькі ні адно вочка яе спаць не хацела.

Фламастэрам надакучылі гэтыя забавы і яны згаварыліся пасарамаціць Яну. Толькі сказалі, што яна самая непаслухмяная дзяўчынка, пачаліся слёзы. З лёгкіх, здавалася, жартаўлівых усхліпванняў перайшла на сур’ёзны  плач.

Пакрыўджаны голас разбудзіў усе аловачкі, усе кніжкі і ўсе сшыткі Ульяны. Прачнуліся нават яе карціны, што малявала раней, а зараз акуратна ляжалі ў празрыстай папачцы. Ульяна сама вырашыла іх захаваць, каб праз многа гадоў зазірнуць у сваё мінулае і ўсміхнуцца. Можа, нават паразважаць.

— А ну спыніце гэтае бязладдзе! – закрычалі аловачкі, кніжкі і сшыткі. Толькі прамаўчалі адныя карціны, ведалі, што лепш нікога не турбаваць. Маўляў, самі разберуцца.

І нават Ульянін камп’ютар прачнуўся, зашумеў і заміргаў агеньчыкамі.

Тады фламастэры пачалі напаўголасу напяваць Яне песенькі. Сіні фламастэр спеў песеньку пра сінія вочкі. Чырвоны -  заліваўся кампліментамі ўзыходзячаму сонейку. А вось жоўты, як заўжды, быў самы арыгінальны: ён праспяваў вясёленькую мелодыю пра дзьмухаўцоў. Так, пра тыя самыя жоўтыя кветачкі, якія бабуля ўсё ніяк вынішчыць з агарода не можа. Толькі зялёнаму не ўдалося вызначыцца, адказаў, што вельмі стаміўся. І адразу ж заснуў.

Аднак і гэта не ўлагодзіла Яну, бо па-ранейшаму смяялася і забаўлялася.

Што было далей, фламастэры не памятаюць. А раніцою вырашылі працягнуць здзяйснення сваёй задумы: навучыць сваё дзіцятка спаць. І павялі Яну да коткі Златы, якая заўжды спала на печы.

— Злата, будзь сябрам! Навучы, калі ласка, нашу новую і вельмі рухавую, а таксама даволі забаўную сяброўку Яну, спаць.
— Што-што, а гэта прасцей за ўсё, - муррр, пацягнуўшыся, адказала котка.

Фламастэры ўзрадаваліся такому адказу і адразу ж збеглі. Надзелі на свае носікі каляровыя каўпачкі, залезлі  ў пенал і адразу ж заснулі.

— Муррр, - звярнулася котка Злата да сваёй новай госці, - а што з імі адбылося: яны так хутка зніклі?

І Яна расказала.

Я прачнулася між ночы.

Усё! Дзіцёнак спаць не хоча.

На руках мяне люляць, бо я зноў пачну крычаць!

Управа-улева, управа-улева, я ляжу як каралева

Так люлялі аж да ранку.

— Муррр, - прамовіла Злата, - зараз усё зразумела.

Котка расцягнулася на цёплых цаглінках і моцна прытуліла да сябе Яну. Ды так абняла, што тая і варухнуцца не магла. І дзяўчынка хутка заснула.

Цяпер кожны вечар Яна залазіла на печ і ўкладвалася на цёплы кажушок коткі Златы. А тая заўжды моцна абдымала сваімі дужымі лапамі, хінула да сябе. І абедзьве смачна спалі.

Ульяна толькі пазірала на сваіх сяброў і прыязна ўсміхалася.

Яна вучыцца маляваць

Калі фламастэры выспаліся, яны вырашылі навучыць Яну маляваць. Жоўты фламастэр намаляваў спелы бананчык. Сіні намаляваў ставок з вадою. Чырвоны пахваліўся такога ж колеру машынкай. А зялёны размахваў агурочкам. А якога колеру банан, вада і агурок, упэўнены, што ты, мой юны дружа, добра ведаеш.

Малюнкі атрымаліся даволі прыгожымі.

— Ура! Сапраўднае мастацтва! Не горш, як у нашай Ульяны!

— Яна, а цяпер ты паспрабуй намаляваць бананчык, - казаў жоўты фламастэр,  - у цябе ўсё атрымаецца.

Яна ўзяла фламастэр і намалявала сонейка. Сонейка атрымалася такім прыгожым і вясёлым, што Яна захлопала ў ладкі. Фламастэр узяў ды зваліўся са стала, закаціўся пад канапу.

— Не правільна, - прамовіў сіні фламастэр. – Лепш бяры мяне і намалюй вадзічку.

Яна ўзяла сіні фламастэр і намалявала зэдлік. Зэдлік быў такі прыгожы, што Яна нават пачала скакаць і махаць ручкамі ад радасці. Сіні фламастэр таксама зваліўся са стала і закаціўся пад канапу.

Наперад выйшаў самы горды чырвоны фламастэр.

— Бяры мяне, наша прыгажунька, ды паспрабуй намаляваць вось такую ж чырвоную машынку.

Яна ўзяла фламастэр і пачала маляваць машынку. Малявала і малявала, пакуль не размалявала ўвесь белы аркушык паперы. Лісток быў такі прыгожы, як сцяг, што Яна пачала танчыць. Чырвоны фламастэр вельмі стаміўся і, нічога не кажучы, палез у  пенал адпачыць.

— Ай-яй-яй, - прамовіў зялёны фламастэр. – Што гэта за мастацтва? Ці ж можна так рабіць? Лепш  бяры ды малюй зялёны агурочак.

Яна ўзяла зялёны фламастэр і прымалявала сіняму зэдліку вочка.

Вочка ёй вельмі спадабалася і Яна выдала:

На стале ляжыць фламастэр.

Па мастацтву я тут майстра.

Намалюю вам любое: хочаш – мурку на абоях,

Хочаш – літару на кніжках, а на літары – манішку, хочаш – хітрую лісу, нават кляксу занясу.

Так маленькая Яна навучылася маляваць.

Сябры малююць сабе дамок

Пакуль маленькая Яна навучылася хадзіць, размаўляць, спаць і маляваць , фламастэры моцна ўмарыліся. Але ўсё ж вырашылі зрабіць яшчэ адну карысную справу: намаляваць сабе дамок.

— Намалюем сабе дамок і ўсе будзем у ім жыць, - казаў жоўты фламастэр. – У кожнага павінна быць уласная прастора. Кожнаму - па асобным пакоі. Абавязкова там паставім вялікі камп'ютар. Я буду бабулькай і буду сядзець у крэсле і глядзець сусветныя цікавосткі.

— А я буду дзядулем, - узрадаваўся чырвоны фламастэр. – Я буду сядзець у шыкоўным крэсле-качалцы гушкацца і адначасова чытаць газеты.

— Тады я буду татам, - аб'явіў сіні фламастэр, - я таксама хачу мець пакой. Але, загадзя папярэджваю ўсіх, зрэдку, гэта гадзінкі па дзве на дзень, буду сядзець на кухні і смакаваць  розныя кухарскія стравы.

— А я буду мамай, - сказаў зялёны фламастэр, - мяне будуць любіць больш за ўсіх за тое, што я буду гатаваць гэтыя смачныя стравы.

Так і дамовіліся. Работа закіпела. Пакуль Яна спала, яны намалявалі сабе файны дамок. У ім – акенцы з карункавай ліштвой, у вільчыку – пятушок круціцца, ад злога вока засцерагае. А ў пакоях – усё тое, пра што марылі – канапы, крэсла-качалка, вялікі камп'ютар і прасторная кухня, адкуль даносіўся манячы пах нечага смачненькага.

— Ах, прытаміліся! – казалі мастакі.

І толькі яны намерваліся адпачыць, як прачнулася Яна.

— Вой! – усклікнулі жоўты з чырвоным фламастэры, - мы дзядуля з бабуляй, выйдзем на хвілінку на двор, адпачнем. А вы, тата з мамай, пазабаўляйце дзетак!

Яны хуценька саскочылі са стала, закаціліся пад канапу і там схаваліся. Там яны адпачывалі цэлы дзень. А калі надакучыла без гаманкой кампаніі, вярнуліся да яе.

У пакоях, як на дзіва, стаяла цішыня.

— Чуеш, мусіць штосьці здарылася! – здзівіўся жоўты фламастэр.

Чырвоны толькі паціснуў плячыма.

Тады яны пабеглі па пакоях. Сіні і зялёны фламастэры ляжалі на падлозе і не дыхалі. Побач з імі ляжала маленькая  Яна і  таксама не шавялілася.

— Во бяда, дык бяда! – спужаўся чырвоны фламастэр.

І тады ўскочыла Яна і супакоіла іх.

Узмакрэлі мама з татам, не падымеш іх з канапы.

Не заставіш іх скакаць, бегаць і куляцца,

Кажуць, што знямелі ножкі, адняліся нават ручкі

Вочкі, носікі і вушкі.

Усе зваліліся, ляжым.

Вось такі ў нас рэжым!

— Чаму не! Заўтра мы таксама збяжым! – дадалі мама з татам.

Толькі адна Ульяна нічога не цуралася: з запалам малявала свае цудоўныя карціны і шчыра размаўляла са сваімі каляровымі сябрамі.

Папяровая дзяўчынка Яна спала цяпер спакойна, бо асноўныя жыццёвыя навукі ёю былі засвоены.

Разумны чарвячок (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама