25.11.2019
25.11.2019

Баяцца трэба не прышчэпак, а неабдуманых рашэнняў

logo
Здароўе дарослых
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Існуе ходкі выраз: не памыляецца той, хто нічога не робіць. Ёсць мноства прыкладаў, калі гэты прынцып служыў рухавіком навуковай думкі і эфектыўным механізмам на шляху важных адкрыццяў і вынаходніцтваў. Але часам памылкі абыходзяцца занадта дорага. Асабліва тыя, для якіх няма ні падставы, ні разумнага тлумачэння.

У апошнія гады, напрыклад, ледзь не на кожным вуглу прасторы сеціва дамарослымі гуру ад медыцыны папулярызуюцца ідэі антыпрышчэпкавага руху. Маўляў, і прышчапляцца няма чаго, калі здароўе ў парадку, і пабочак ад вакцынаў ледзь не больш, чым карысці, і наогул, імунітэт сам сябе сфарміруе. Інтэрнэту што? Ён усё сцерпіць. А вось для чалавецтва ў глабальным маштабе такія ідэі могуць стацца фатальнымі. Асабліва калі ўлічыць, што вакцынацыя – гэта другое найвялікшае вынаходніцтва, якое аказала каласальны ўплыў на здароўе і працягласць жыцця людзей. Першым была чыстая вада.

Мы даведаліся, што думаюць пра прышчэпкі вядучыя айчынныя і замежныя эксперты, урачы, якія практыкуюць. Тыя, хто бачыць наступствы антыпрышчэпкавых ідэй у глабальным маштабе, а не скрозь прызму ўласнага эга.

Калі б не было вакцынаў

Што думаюць пра прышчэпкі вядучыя айчынныя і замежныя эксперты

На пачатку ХХ стагоддзя зямлю насяляла каля паўтара мільярда чалавек. Да цяперашняга моманту колькасць людзей на планеце павялічылася ў 5 разоў! Высокая шчыльнасць насельніцтва, «цесната» з'яўляецца магутным фактарам развіцця смяротных захворванняў і пандэмій, якія забіраюць мільёны жыццяў. Але чалавецтва не толькі не вымерла. Наадварот. Мінулае стагоддзе пакуль адзінае ў гісторыі чалавецтва, якое было адзначанае гэткім імклівым прыростам. Чаму? Бо людзі вынайшлі вакцыну.

Выступаючы з дакладам на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Чалавек. Здароўе. Навакольнае асяроддзе», загадчыца кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Наталля Каламіец прывяла пераканаўчыя прыклады таго, як вакцынацыя ратуе жыцці.

 
Наталля Каламіец
Загадчыца кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Сёння вакцыны дапамагаюць папярэдзіць больш за 2,5 мільёна дзіцячых смерцяў штогод. Яны спрыяюць умацаванню здароўя і ў адрозненне ад іншых відаў медыцынскай дапамогі дапамагаюць здаровым людзям заставацца здаровымі. Пры гэтым вакцыны валодаюць не толькі прафілактычным эфектам адносна патагенаў, але і апасродкавана ці напрамую зніжаюць колькасць шпіталізацыі ад інсультаў, інфарктаў і іншых паталогій, спалучаных з высокай рызыкай смяротнага зыходу. Тым самым ухіляецца перашкода да развіцця чалавецтва.

Так, вакцынацыя супраць гепатыту В больш чым на 60% зніжае рызыку гепатацэлюлярнага раку і на 92% – рызыку смяротнага зыходу ад хранічнага захворвання печані.

Прышчэпка супраць грыпу на 19% памяншае колькасць шпіталізацый ад інсультаў, на 23% – ад інфарктаў.

Няма сумненняў і ў прафілактычных уласцівасцях вакцыны супраць вірусу папіломы чалавека, здольнай папярэдзіць развіццё раку шыйкі маткі.

Нарэшце, сапраўдным прарывам у вакцыналогіі можна назваць з'яўленне пяцівалентных вакцынаў, якія ўтрымліваюць адразу некалькі антыгенаў мікраарганізмаў.

А таксама лячэбныя вакцыны, напрыклад, супрацьпухлінныя, якія сёння паспяхова прымяняюцца ў комплекснай тэрапіі анкалагічных захворванняў.

Граблі, якія заўсёды з сабой?

Эканамісты падлічылі, што пашыраная імунізацыя і вакцынацыя дзяцей займае 4 месца ў спісе 30 найбольш эканамічна важных спосабаў прафілактыкі захворванняў. Пры 10-працэнтных эканамічных укладаннях і 100-працэнтным ахопе мэтавай аўдыторыі эфект першаснай прафілактыкі дасягае 60%. Параўнайце: лячэнне захворванняў дае аддачу ўсяго ў 30%, пры гэтым да 60% узрастае доля фінансавых выдаткаў.

Але добра, калі б справа была толькі ў грошах. Ёсць аргументы і больш сур'ёзныя.

Сярод глабальных пагрозаў чалавецтву, вызначаных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, на першым месцы была і застаецца адмова ад прышчэпак.

Парадокс у тым, што наступныя месцы ў дзесятцы адведзеныя інфекцыям, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі.

Характэрна, што за апошнія 100 з невялікім гадоў чалавецтва ўжо не раз мела вынікі сваіх зменлівых адносінаў да вакцынацыі.

 
Наталля Каламіец
Загадчыца кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
На фоне высокага захворвання ахоп вакцынацыяй адпавядае зададзенаму ўзроўню. Затое калі колькасць выпадкаў захворванняў памяншаецца, людзі пачынаюць больш звяртаць увагу на любыя пабочныя з'явы і непажаданыя рэакцыі вакцынаў. Далей ідзе страта даверу да вакцынацыі: навошта прышчапляцца, калі пабочныя эфекты ёсць, а хваробы няма? І вось тут адбываецца такая з'ява, як паўторная ўспышка захворвання, за якой давер да вакцынацыі зноў аднаўляецца. Падобныя ваганні ўжо здараліся. Зараз мы назіраем іх на тых падзеях, якія звязаныя са з'яўленнем адзёру, у тым ліку ў нас у краіне. Таму важна супакоіцца і не губляць давер да імунізацыі, якая праводзіцца.

Двух меркаванняў быць не можа!

Вакцынацыя: за і супраць

Катэгарычныя ў сваім стаўленні да вакцынацыі замежныя эксперты: дацэнт кафедры неадкладнай медыцыны Піцбурскага медыцынскага ўніверсітэта (ЗША) Сяргей Слінько і кіраўнік Вільнюскага неанаталагічнага цэнтра Дзіцячай бальніцы пры Вільнюскім універсітэце (Літва) Арунас Любшыс. Ім слова.

– Ну, давайце прыгадаем, як чума ў свой час «выкасіла» траціну Еўропы, – прапаноўвае Сяргей Слінько. – Так што ў пытанні вакцынацыі нават двух меркаванняў быць не можа: адназначна – за. Тыя, хто выступае супраць і нясе гэта ў масы, – проста шарлатаны. Так, рызыкі, якія выклікае вакцынацыя, маюцца. Але тут справа ўрачоў растлумачыць, што тыя долі працэнта, якія існуюць у асацыяцыі вакцынаў з пэўнымі ўскладненнямі, у адносінах да іх карысці – нікчэмныя.

У мяне быў выпадак, калі я праходзіў ардынатуру ў клініцы Цынцынаці. Прывезлі дзіця, 5 гадоў, ратавалі ад бактэрыяльнага менінгіту. Пры аналізах выявілі ў яго бактэрыю інфлюэнца, якая была «прыбітая» яшчэ ў 80-х гадах. Гэтая бактэрыя, між іншым, адказная за 90% бактэрыяльных менінгітаў. Аказалася, што ў дзіцяці ёсць старэйшы брат з аўтызмам. Мама, наслухаўшыся тэлевізара і начытаўшыся інтэрнэту пра тое, што аўтызм магчыма звязаны з вакцынацыяй, адмовілася прышчапляць малодшага. Дзіця згарэла за лічаныя гадзіны, нягледзячы на дапамогу, што аказвалася. Інфекцыі не было 30 гадоў! Непрышчэплены малыш проста апынуўся мішэнню, па якім яна стрэліла, як з буйнакалібернага кулямёта.

Цяпер шмат «разумных самародкаў», якія вядуць блогі, запошчваюць розную адсябеціну, а па сутнасці адказнасці за гэта не нясуць. І рэлігійныя кампаненты маюць месца. Амерыка вельмі рэлігійная краіна, так што ўсё залежыць ад таго, наколькі «ўсё ў руках бога». Калі сапраўды  ўсё, дык справа пускаецца на самацёк. Так што «антыпрышчэпшчыкі» – гэта велізарная праблема і для Амерыкі. Тым больш, цяпер чакаюцца ўспышкі адзёру ва ўсім свеце.

Даводзіцца змагацца. У некаторых штатах такія кансерватыўныя законы, што без прышчэпак не пусцяць у школу. Непрышчэпленыя дзеці вучацца дома.

Што тычыцца прышчэпкі ад грыпу. Ёсць катэгорыя дзяцей, якім дакладна дапамагае вакцынацыя супраць грыпу: гэта дзеці з хранічнымі рэспіраторнымі захворваннямі, астматыкі... Ім адназначна паказана. Я таксама вакцынуюся ўжо шмат гадоў, паколькі працую ў бальніцы, дзе вялікі паток людзей. І не памятаю, калі хварэў апошні раз.

– Вядома, свядомая адмова ад вакцынацыі – гэта проста каменнае стагоддзе, – зазначае Арунас Любшыс. – Мушу канстатаваць, на жаль, што ў Літве за мінулы год была зафіксаваная рэкордная за апошнія 50 гадоў колькасць дзяцей, хворых на адзёр. Гэта сталася следствам колькасці адмоваў ад прышчэпак, якая расце.

Урад спрабуе прымаць розныя меры, у тым ліку разглядаючы пытанне пра забарону наведвання невакцынаванымі дзецьмі дзіцячых садоў і школ.

Калі казаць пра вакцынацыю ад грыпу, дык і тут я на баку прышчэпкі. Грып дае вялікую колькасць ускладненняў, якія прыводзяць ажно да інваліднасці і смяротнага зыходу.

Пабочныя эфекты (пры наяўнасці), звязаныя з вакцынацыяй, не ідуць ні ў якое параўнанне з тымі ўскладненнямі, якія ўзнікаюць у непрышчэпленых людзей, няхай гэта будуць дарослыя або дзеці. Так што дыскусій з гэтай нагоды нават быць не павінна. Вядома, нам, урачам, трэба адукоўваць грамадства, пераконваць у тым, што рабіць прышчэпкі неабходна. Але ў першую чаргу свядомасць павінен праявіць сам чалавек, рэальна ацэньваючы наступствы неабдуманых рашэнняў не толькі для сябе, але і для навакольных.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».