21.02.2023
21.02.2023

Беларускамоўныя кнігі здольныя павялічыць слоўнікавы запас па версіі Алены Масла

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

21 лютага —  Міжнародны дзень роднай мовы. Той самы час, каб успомніць, што наша мова — самы сапраўдны скарб, пра які нам не трэба забываць. Роднае слова — гэта магчымасць дакрануцца да сваіх каранёў, адчуць прыгажосць і якасць гучання сваёй мовы.

Сёння разгледзім цікавыя асобнікі кніг, дзе родная мова прадстаўлена па-асабліваму.

Кнігі на беларускай мове

Адзін з самых кранальных музейных экспанатаў мне давялося убачыць у Музеі кнігі (Мёрская СШ №3). Гэта самаробная кніжачка «Беларускі год», створаная трэццякласнікам Янкам.

Вучыўся  ён «за польскім часам» у мясцовай школе. Убачыў у кагосьці паэму на беларускай мове — і так яму захацелася яе мець! Бо за «мову» ў школе білі, забаранялі ёю карыстацца. Выпрасіў хлопчык ва ўладальніка паэму — і сеў перапісваць. Час меў толькі ўначы: днём заняткі ў школе, пасля праца на гаспадарцы дома. Свечку бацькі яму пашкадавалі, пры лучыне працаваць не дазволілі – каб пажару не ўчыніў. Давялося хлопчыку перапісваць паэму пры святле месяца…

На маю просьбу стваральнік музея, краязнаўца Вітольд Ермалёнак падзяліўся сканамі гэтай кніжачкі, і мы таксама можам ацаніць старанні юнага летапісца.

Беларускі код 4

Беларускі код 5

На шчасце, сёння кніг на беларускай мове – чытаць не перачытаць, абы ахвота была. На маіх паліцах таксама багата прыгожых, цікавых, самабытных беларускіх кніг. Доўга давялося абіраць, пра якія з іх расказаць у Дзень роднай мовы.

Кнігі для дзяцей

Мікола Маляўка. «Сядзіба, або Хата з матчынай душой»: абразкі, вершы. Мастак Яўген Ларчанка. Мн., «Юнацтва», 2002.

Кніга Міколы Маляўкі

Гэта кніга – пра тое, як жылі, працавалі і адпачывалі нашы продкі, якімі рэчамі гаспадарчага і хатняга ўжытку карысталіся, што было на іхнім стале ў будні і ў святы.

«…родная сядзіба – гэта цэлы свет. Наперадзе, за таямнічай мяжою гарызонта, новыя дарогі, новыя людзі, новы свет. Але на ўсё астатняе жыццё застаюцца ў памяці «парог, высечаны з успамінаў; дзверы, зашклёныя вачамі блізкіх; хата, пакрытая крыламі ластавак…

Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці — у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню», — піша аўтар, цытуючы радкі з верша народнага паэта Беларусі Максіма Танка.

Сенцы, прызба, лаўка, палаці, кадаўб, кублец, жлукта, балея, варыўна, цэбар, ражка… Ці адразу сучасны чалавек скеміць, пра што гаворка? Дзеля чаго  ведаць гэтыя састарэлыя словы, калі сёння гаджэты, дэвайсы, смартфоны, анлайн трансляцыі кіруюць жыццём?

Але жыццё развіваецца па спіралі. Стомленыя імклівым гарадскім тэмпам, усё часцей людзі сем'ямі вяртаюцца ў вёскі. Расце попыт на экалагічныя прадукты, экалагічны лад жыцця – і названая кніга зноў становіцца надзвычай актуальнай!

Да таго ж, «Сядзіба…» —  цудоўны дапаможнік у падарожжах па скансэнах, падказчык —  пры неабходнасці тлумачэння не зразумелых слоў у мастацкіх тэкстах.

Выдатныя ілюстрацыі і дызайн Яўгена Ларчанкі знаёмства з кожным прадметам, апісаным у кнізе, робіць яскравым і незабыўным.

Апошнім часам з'явілася дзіўная мода: сустракаючы ў беларускамоўных кнігах не зразумелыя словы, чытачы выказваюць прэтэнзіі аўтарам! Мяне кожны раз здзіўляе гэдкі падыход: замест таго каб пашыраць свой слоўнікавы запас, лепш папікаць таго, хто мае багацейшы.

Хачу пазнаёміць з адным са сваіх любімых моўных «трэнажораў» —  кнігай загадак «Стаіць цыган на золаце» (укладальнік У. А. Васілевіч, мастак Таццяна Беразенская. «Юнацтва», 2001).

Стаіць цыган на золаце

Каб адгадаць загадкі з гэтай кнігі, не толькі добра глуздамі пакруціць трэба. Мусіш ведаць традыцыі, сялянскі побыт продкаў —  акурат усё тое, пра што расказваецца ў вышэй згаданай кнізе.

Напрыклад: «Ляцеў лютар,

Сеў на калютар,

Пытаўся ў кохтаркі:

«Дзе твае пыхтаркі?»

—  «Мае пыхтаркі ў стрыкім гарадзе», —  вось як вобразна падаецца размова каршуна з курыцай-квактухай! (Ляцеў каршун, сеў на плот, спытаў у курыцы «Дзе твае кураняты?» —  «Мае кураняты ў крапіве»).

Рассыплю гарох на сто дарог.

Ніхто не апдбярэ —  ні цар,

ні царыца, ні певень, ні курыца.  (Дождж, град).

Зара-зараніца, красна дзявіца,

Па небе хадзіла, ключы згубіла.

Як сонца ўзышло – ключы знайшло. (Раса).

Што азначае сама назва кнігі? А «…цыган на золаце» —  гэта задымлены чыгун на залатых вугалях. Як прыгожа!

Колькі назіральнасці, паэтыкі ў кожнай загадцы, якія моўныя пярлінкі занатаваныя ў іх!

Наступная кніга «Дзіцячая замова» Глеба Лабадзенкі. Цудоўны прыклад таго, як аўтар стварыў кнігу паводле свайго ўяўлення пра тое, якім павінен быць вучэбны дапаможнік. На кожнае слоўца або выраз —  уласнаручна створаны малюнак. Далоў нудотнае завучванне правілаў: чытаем — разглядаем — усміхаемся —  запамінаем.

Кніга Глеба Лабадзенкі

Чаму б не пачаць ствараць уласную кнігу, у якой занатоўваць вывучаныя альбо пачутыя новыя словы, ілюстраваць яе разам з дзецьмі? У кожнай сям'і можа з'явіцца «Дзіцячая замова» з уласнай гісторыяй стварэння, з адметным слоўнікам. Няхай кніга Глеба Лабадзенкі натхняе!

Пералічаныя кнігі можна знайсці ў бібліятэках. Кніга Міколы Маляўкі перавыдавалася (але ў іншым афармленні) і, магчыма, ёсць у продажы.

https://bel.24health.by/dzen-knigadarennya-yakiya-asobniki-litaratury-bolsh-za-usyo-zapomnyacca-vashym-blizkim/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"