20.08.2022
20.08.2022

«Больш не патрэбны». Чатыры міфы пра сэкс у перыяд менапаўзы

logo
Здароўе дарослых
0 59
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сталая сэксуальнасць жанчыны больш не ставіцца пад сумнеў. У сучасным свеце цудоўныя дамы ў любым узросце застаюцца не толькі прывабнымі, але і сэксуальна актыўнымі. 

Аднак, як ні круці, нават слава і багацце не могуць адмяніць натуральныя ўзроставыя змены арганізма. А значыць, менапаўза чакае нават галівудскіх зорак. Гэты перыяд жыцця выклікае ў жанчын мноства страхаў і пытанняў. Ці азначае спыненне менструацый адсутнасць палавога жыцця? Ці праўда, што палавы акт больш не прыносіць задавальнення, а звязаны толькі з хваравітымі адчуваннямі? Ці можна забыцца пра засцярогу ад цяжарнасці?

Пра гэта журналіст партала Слушна паразмаўляла са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.

Міф 1. Менапаўза робіць жанчыну «нябачнай» для мужчын.

Менапаўза азначае канец рэпрадуктыўнага перыяду, але не нармальнага жыцця, у тым ліку і сэксуальнага. У сучасным свеце стаўленне да сэксуальнасці ў сталым узросце змяняецца.

Рэгулярнае інтымнае жыццё ў перыяд менапаўзы можа палепшыць здароўе жанчыны. У першую чаргу, псіхалагічнае. Сэксуальная актыўнасць перашкаджае і пагаршэнню такіх найважнейшых функцый галаўнога мозгу, як памяць, увага і здольнасць успрымаць новую інфармацыю.

Здольнасць да задавальнення ад блізкасці нікуды не знікае, а адчуваць аргазм прадстаўніцы слабага полу могуць нават ва ўзросце за 80 гадоў. Насуперак усім гэтым фактам, самі жанчыны схільныя вельмі негатыўна ацэньваць гэты перыяд у сваім жыцці. Нярэдка даводзіцца чуць пра тое, што яны лічаць сябе непрывабнымі, «нябачнымі» для мужчын з-за падзення ўзроўню эстрагенаў.

 

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Канцэнтрацыя жаночых палавых гармонаў напрамую ўплывае на структуру калагену. Калі іх дастатковая колькасць, дык гэта гарантуе пругкую скуру, добрае самаадчуванне. Калі жанчына сутыкаецца з цяжкімі сімптомамі менапаўзальнага пераходу, яна сябе горш адчувае і маральна, і фізічна. Груба кажучы, ёй не да інтымнай блізкасці. Адсюль і псіхалагічная закрытасць, якая ўплывае на тое, што кантакт з мужчынам выбудоўваць больш складана. Дарэчы, прасачыць гэта можна не толькі ў перыяд менапаўзы, але і наогул у жанчын на працягу менструальнага цыклу. Найбольш прывабныя дамы для мужчын падчас перыявулятарнага перыяду, г.зн., калі найбольш высокі ўзровень эстрагенаў. А перад менструацыяй наадварот. Эстраген падае, а вось узровень прагестэрону ўзрастае, што выклікае частыя ваганні настрою. І жанчыне часам не надта хочацца какетнічаць і мець стасункі.

Міф 2. Сэксуальная цяга знікае.

Падчас менапаўзы ў жанчыны зніжаецца не толькі ўзровень жаночых палавых гармонаў (эстрагенаў), але і мужчынскіх (тэстастэрону). А менавіта апошнія адказваюць за сэксуальную цягу і актыўнасць. Аднак, як правіла, жаданне не сыходзіць зусім, а толькі робіцца больш выбіральным. У постменапаўзальны перыяд сітуацыя зноў наладжваецца.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Гэта складаны момант. У свеце для карэкцыі такога стану спраў ужываюць прэпараты тэстастэрону. У нас у краіне яны не атрымалі распаўсюджвання з-за пабочных эфектаў. У прыватнасці, вірылізацыі, калі жаночы арганізм пачынае паводзіць сябе, як мужчынскі: з'яўляецца залішняе аваласенне, тлушчавыя адклады па мужчынскім тыпе, можа ўзнікаць агрэсіўнасць. Калі ў якасці лячэння жанчыне падыходзіць гарманальная тэрапія эстрагенамі, палавая цяга таксама захоўваецца.

Міф 3. Сэкс падчас менапаўзы – балюча.

Тут таксама ўсё завязана на ўзроўні эстрагенаў. Паколькі іх становіцца меней, дык і змазкі ў похве часцей за ўсё недастаткова. Сэкс у гэты перыяд сапраўды робіцца мастацтвам, якое патрабуе няспешнасці і часу. Яшчэ вялікую ролю адыгрываюць папярэднія ласкі.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
У гэты час магчымае развіццё вульвавагінальнай атрафіі. Слізістая вытанчаецца, робіцца вельмі ўразлівай для любых мікратраўмаў. Таму пры палавым кантакце можа ўзнікаць боль. Дапамагчы тут могуць трансдэрмальныя формы эстрагенаў, якія выкарыстоўваюцца мясцова (проста наносяцца на слізістую) альбо звычайныя лубрыканты, якія можна набыць у аптэцы і нават у краме.

Міф 4. Падчас менапаўзы цяжарнасць надысці не можа.

Гэта не зусім так. З надыходам менапаўзы верагоднасць апладнення значна зніжаецца, але поўнай гарантыі не зацяжарыць няма. Прымяненне кантрацэптываў рэкамендуецца яшчэ як мінімум два гады пасля спынення цыклу, паколькі ў гэты час усё яшчэ захоўваецца магчымасць непажаданай цяжарнасці.

Час менапаўзальнага пераходу – не падстава ставіць на сабе крыж і жыць у палоне маркотных стэрэатыпаў. Падчас перабудовы арганізма як ніколі важна прыслухоўвацца да патрэбаў свайго цела і рабіць акцэнт на тых рэчах, якія прыносяць задавальненне. Інтымная блізкасць у гэты момант не толькі не шкодзіць, але і дапамагае прайсці гэты перыяд лягчэй. Аднак працэс гэты патрабуе падрыхтоўкі і асабліва беражлівага стаўлення да сябе.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 59

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.