12.10.2023
12.10.2023

Калі баляць суставы... Сімптомы і лячэнне рэўматоіднага артрыту

logo
Хваробы ад А да Я
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Боль у суставах і ацёк, скаванасць пры руху, асабліва па раніцах… Калі вы заўважылі ў сябе гэтыя сімптомы і яны не праходзяць на працягу прыкладна двух тыдняў, час звярнуцца да доктара. Гэтыя прыкметы могуць паказваць на тое, што пачынаецца рэўматоідны артрыт.

Як правіла, захворванне можа развівацца паступова, нічым на ранніх этапах сябе не выяўляючы. Доўгі час чалавека нічога не турбуе, ён адчувае сябе добра. Разам з тым, у яго арганізме ўжо з'явіліся антыцелы, якія атакуюць уласныя тканкі. Назапашваючыся, яны пашкоджваюць суставы, што прыводзіць да іх запалення, разбурэння і дэфармацыі. З часам суставы губляюць свае функцыі. Пры прагрэсаванні захворвання ў паталагічны працэс уцягваюцца іншыя органы і сістэмы чалавека – сэрца, сасуды, ныркі...

Што прыводзіць да развіцця рэўматоіднага артрыту? Як лечыцца захворванне? Ці можна спыніць развіццё хваробы? На гэтыя і іншыя пытанні журналісту Слушна адказала рэўматолаг вышэйшай катэгорыі Вольга Дзегцярова.

Хваробы суставаў

Артрыт

Рэўматоідны артрыт – гэта аўтаімуннае рэўматычнае захворванне, пры якім імунная сістэма пачынае ўспрымаць уласныя тканкі арганізма як чужародныя і выпрацоўваць атакуючыя ўласныя суставы паталагічныя антыцелы (аўтаантыцелы). Хвароба пашкоджвае суставы ў выглядзе артрыту, а таксама ўнутраныя органы.

Прычыны рэўматоіднага артрыту

Вольга Дзегцярова:

– Прычыны развіцця захворвання да гэтага часу не высветленыя. Але ёсць фактары, якія ўплываюць на схільнасць да захворвання: спадчыннасць, жаночы пол, курэнне, вірусныя інфекцыі, ужыванне чырвонага мяса, кафеіну, нізкае спажыванне прадуктаў, якія змяшчаюць вітамін С, зніжэнне канцэнтрацыі мужчынскіх палавых гармонаў – андрагенаў.

Напрыклад, сярод жанчын захворванне сустракаецца ў 2-3 разы часцей, чым сярод мужчын.

Пік хваробы прыпадае на ўзрост 30-55 гадоў, але захворванне сустракаецца як у дзіцячым, так і ў сталым узросце.

Пры наяўнасці ў блізкіх сваякоў выпадкаў захворвання на рэўматоідны артрыт рызыка захварэць на яго павышаецца ў 16 разоў.

Пачатак хваробы. На што звярнуць увагу

Артрыт

Дэбют захворвання працякае ў кожнага па-рознаму. У кагосьці пачынаецца хвароба востра, калі адразу з'яўляецца боль і азызласць дробных суставаў кісцяў, ступняў, а затым могуць далучыцца і ўсе астатнія суставы.

З'яўляецца ранішняя скаванасць: чалавек, устаўшы з ложка, не можа выконваць звычайныя працэдуры з-за болю і пачуцця «цесных пальчатак і шкарпэтак».

Вольга Дзегцярова:

– Ён не можа трымаць зубную шчотку, кубак, лыжку, яму цяжка рухацца наогул. Ранішняя скаванасць пры рэўматоідным артрыце звычайна доўжыцца больш за паўгадзіны, у цяжкіх выпадках – цэлы дзень. Пры больш лёгкім цячэнні пацыент можа адчуваць боль, заўважаць невялікую азызласць суставаў, якая хутка праходзіць пры прыёме абязбольвальных і супрацьзапаленчых прэпаратаў. Могуць далучыцца і агульныя сімптомы: слабасць, хуткая стамляльнасць, нязначнае павышэнне тэмпературы (да 37,5°С). Хаця для рэўматоіднага артрыту больш характэрнае пашкоджанне дробных суставаў кісцяў і ступняў, але дэбют захворвання можа пачацца і з артрыту каленных або плечавых суставаў, што часам падаўжае шлях да пастаноўкі дыягназу.

Куды ісці па кансультацыю

Артрыт 6

Для таго, каб лячэнне было паспяховым, абавязковая ўмова – ранняя дыягностыка і своечасова пачатая тэрапія. На думку экспертаў СААЗ, «акно магчымасцяў» (найбольш эфектыўны прамежак часу ў плане «адказу» на тэрапію) складае ад 3 да 6 месяцаў з моманту дэбюту захворвання.

Вольга Дзегцярова:

– У гэты перыяд мы можам цалкам стабілізаваць працэс, калі чалавек адчувае сябе абсалютна здаровым на фоне прыёму базісных прэпаратаў. У літаратуры апісаныя нават рэдкія выпадкі поўнага вылячэння. Але, на жаль, толькі ў невялікай часткі пацыентаў выстаўляецца дыягназ у раннія тэрміны. Прычыны гэтага розныя – позні зварот пацыента да ўрача, «нетыповы» старт захворвання, пачатак лячэння на амбулаторным этапе ў траўматолагаў і хірургаў, якім бывае цяжка разабрацца ў дэбюце хваробы з рэўматалагічнай паталогіяй.

З гэтай прычыны, раіць эксперт, пры ўзнікненні праблемаў з суставамі і адсутнасці траўмы ў анамнэзе пачынаць абследаванне і лячэнне лепей у тэрапеўта/урача агульнай практыкі па месцы жыхарства. Пасля агляду, высвятлення гісторыі захворвання ўрач прызначыць аптымальнае абследаванне, а пры падазрэнні на рэўматоідны артрыт накіруе на кансультацыю да вузкага спецыяліста – рэўматолага.

Менавіта спецыялісты гэтага профілю затым вядуць пацыентаў з рэўматоідным артрытам. Разам з тым, у бягучых праблемах і назіранні ім дапамагае тэрапеўт/урач агульнай практыкі па месцы жыхарства, які таксама можа ў выпадку неабходнасці выпісаць рэцэпты.

Пры праблемах, што ўзнікаюць пры лячэнні пацыента амбулаторна, рэўматолаг можа даць накірунак на стацыянарнае лячэнне ў рэўматалагічнае аддзяленне ў стацыянар. Акрамя гэтага, на базе Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі функцыянуе Рэспубліканскі рэўматалагічны цэнтр, дзе кансультуюць і лечаць пацыентаў з усёй Беларусі.

Вольга Дзегцярова:

– Існуе і санаторна-курортнае лячэнне, але атрымліваць яго могуць пацыенты толькі са стойкай рэмісіяй захворвання. Калі ёсць хаця б адзін прыпухлы сустаў або запаленчыя змены ў аналізах, у санаторый лепей не ехаць.

Абследаванні пры падазрэнні на рэўматоідны артрыт

Артрыт

Які мінімум даследаванняў неабходны для пастаноўкі дыягназу?

  • агульны аналіз крыві;
  • агульны аналіз мачы;
  • біяхімічны аналіз крыві (С-рэактыўны бялок, узровень мачавой кіслаты, рэўматоідны фактар + агульнаклінічны мінімум);
  • антыцелы да цыклічнага цытруліняванага пептыду, або АЦЦП;
  • рэнтгенаграфія кісцяў і ступняў у прамой праекцыі.

Усе астатнія даследаванні будуць праведзеныя пры пытаннях, калі яны ўзнікнуць, у кожным асобным выпадку індывідуальна.

Лячэнне рэўматоіднага артрыту

Артрыт 5

Метадаў лячэння рэўматоіднага артрыту шмат, але падыход да прызначэння прэпаратаў строга індывідуальны. Разам з тым, ёсць шэраг агульных правілаў, выконваць якія павінен кожны пацыент.

Выкананне практыкаванняў лячэбнай фізкультуры (ЛФК). Толькі адна гімнастыка для суставаў, у тым ліку дробных – кісцяў, ступняў – адсоўвае інвалідызацыю пацыентаў на 7-10 гадоў.

Спецыяльнай дыеты для пацыентаў з рэўматоідным артрытам няма. У любым выпадку, прытрымлівацца «залатой сярэдзіны» і ўмеранасці ва ўсім будзе разумна.

Для лячэння рэўматоіднага артрыту выкарыстоўваюцца прэпараты, якія прадухіляюць прагрэсаванне дэструктыўных змяненняў у суставах або тармозяць іх развіццё (сульфасалазін, метатраксат, лефлюнамід, генна-інжынерныя біялагічныя прэпараты). Гэта так званая базісная тэрапія. Гэтыя лекавыя сродкі пацыенты з пацверджаным дыягназам «рэўматоідны артрыт» атрымліваюць бясплатна.

Для паляпшэння якасці жыцця і купіравання запалення прызначаюць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты або гарманальныя сродкі. Зрэшты, неабходна памятаць, што яны добра прыбіраюць сімптомы, але не ўплываюць на цячэнне працэсу і не кантралююць яго.

Артрыт 7

Вольга Дзегцярова:

– Многія, прачытаўшы інструкцыю да лекаў, баяцца прымаць іх, улічваючы вялікую колькасць цяжкіх пабочных з'яў. Гэтыя страхі не абгрунтаваныя. У нас велізарны, больш за 50 гадоў, вопыт прымянення метатраксату, сульфасалазіну, глюкакартыкастэроідаў. Урач ведае, каму, у якой дозе і які прэпарат прызначыць. Дакладна кантралююцца магчымыя пабочныя эфекты прэпаратаў па аналізах: на этапе падбору 1 раз у 2-4 тыдні, пры падабраных прэпараце і дозе – 1 раз у квартал. Пры своечасовай адмене лекаў усе непажаданыя пабочныя з'явы праходзяць бясследна. Але калі пацыент не выконвае рэкамендацыі, не прымае базісную тэрапію, дык захворванне хутка прагрэсуе, суставы разбураюцца аўтаімунным працэсам, з'яўляюцца незваротныя дэфармацыі, якія хутка інвалідызуюць чалавека. На гэтым этапе мы не можам што-небудзь змяніць.

Таму ўзаемадзеянне пацыента з рэўматалагам, давер яму павінны быць поўнымі. Толькі сумеснымі намаганнямі можна ўзяць хваробу пад кантроль, упэўненая Вольга Дзегцярова.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».