13.05.2020
13.05.2020

Больш станоўчых эмоцый. Эксперты пра тое, як пераадолець стрэс

logo
Здароўе дарослых
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Стрэс – рэакцыя арганізма на розныя знешнія фактары. Стрэсавыя сітуацыі могуць прыводзіць як да станоўчых зменаў, так і спрыяць негатыўным наступствам. Калі чалавек пастаянна жыве ў стане стрэсу, яго арганізм актыўна губляе свае сілы і энергію, што робіцца прычынай хуткага знясілення.

Прычынаў стрэсу можа быць мноства, як і рэакцый кожнага чалавека. Адзін і той жа фактар на кагосьці, можа, зусім не паўплывае альбо зробіць нязначнае ўздзеянне, у той час як іншы чалавек робіцца хворым.

Пра тое, як стрэс уплывае на чалавека, калі трэба звяртацца па дапамогу да спецыялістаў і ці паўплывала пандэмія каранавіруса на псіхічнае здароўе беларусаў, у грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы разважалі прадстаўнікі Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г.Мінска, РНПЦ псіхічнага здароўя, БелМАПА і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

Пандэмія – стрэсавая сітуацыя

Стрэс. Розныя рэакцыі розных людзей.

Па словах загадчыцы псіхалагічнага аддзялення Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г.Мінска, псіхолага Таццяны Ушакевіч, чалавек увесь час у той ці іншай ступені знаходзіцца ў стане стрэсу. Прычым няма розніцы, станоўчая гэта навіна ці падзея альбо адмоўная. Чалавек усё роўна адчувае ўзбуджэнне. У кожнага свае адаптыўныя механізмы, дзякуючы якім чалавек спраўляецца са стрэсам. У пэўных сітуацыях яму патрэбная дапамога кваліфікаванага спецыяліста.

Да ўрачоў людзі звяртаюцца з рознымі праблемамі і пытаннямі: як наладзіць адносіны з блізкімі, мужам, дзецьмі, вырашыць праблему з родзічамі, што п'юць, як пазбавіцца ад адзіноты або дэпрэсіі. Свой адбітак наклала і пандэмія. Не часта (у сярэднім 2 тэлефанаванні ў суткі), але на тэлефоны даверу звяртаюцца людзі па дапамогу з-за боязі заразіцца каранавірусам ці страху памерці ў выніку гэтай інфекцыі.

Але гэта норма ў дадзенай сітуацыі, адзначыла эксперт. Бо стрэс – гэта нармальная рэакцыя арганізма на ненармальныя абставіны. А цяпер склалася такая сітуацыя, і яна сапраўды ўплывае на людзей, падкрэсліла яна.

Стрэс. Куды рухацца далей.

Падчас ізаляцыі з-за COVID-19 многія адзначаюць, што ў іх значна пагоршыліся адносіны ў сям'і, з'явілася больш часу для стасункаў і больш канфліктаў.

Таццяна Ушакевіч, псіхолаг:

– Пандэмія – чарговая стрэсавая сітуацыя. Але яна магла быць іншай, з іншымі знешнімі ўздзеяннямі. Так, умовы мяняюцца, а людзі адаптуюцца па-рознаму. Калі мяняюцца абставіны, ёсць перыяд, калі нам здаецца, што сітуацыя пагаршаецца. Але нашы адаптыўныя механізмы дазваляюць нам прайсці праз гэтыя абставіны і працягваць жыць.

Важна ведаць, куды рухацца далей

Дацэнт кафедры псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей Давідоўскі дадаў, што вельмі важна, калі чалавек разумее, у якім кірунку яму рухацца. Карысная наяўнасць інфармацыі, якая б дапамагала справіцца з сітуацыяй. А вось негатыўны фон неспрыяльна адбіваецца на адаптыўнасці да стрэсавай сітуацыі і пагаршае яе праходжанне.

Сяргей Давідоўскі, псіхатэрапеўт:

– Стрэс – гэта рэакцыя арганізма на сённяшнюю сітуацыю. У дадзеным выпадку – пандэмію. Каб чалавек мог справіцца са стрэсам, ён не павінен увесь час знаходзіцца ў напрузе, якую стварае ў тым ліку і наяўнасць негатыўнай інфармацыі. У сваю чаргу, пастаяннае напружанне можа стаць прычынай развіцця дэпрэсіі, якая зніжае імунітэт.

Спецыяліст растлумачыў, што любая стрэсавая рэакцыя звязаная як з напружаннем, так і з наступным паслабленнем. У адказ на стрэсавую рэакцыю ўзнікае напружанне, якое можа расцэньвацца чалавекам як адчуванне дыскамфорту. На фоне гэтага з'яўляюцца трывога, неспакой, можа развіцца дэпрэсія. Каб нейкім чынам пазбавіцца ад пачуцця напружання, у чалавека ўзнікаюць розныя паводніцкія рэакцыі. Калі гэтага не адбываецца, дык стан, як правіла, пагаршаецца і прыводзіць да развіцця тых ці іншых парушэнняў.

Стрэс. Калі стан пагаршаецца.

Апошнім часам, распавёў Сяргей Давідоўскі, вялікая ўвага надаецца не толькі доўгатэрміновым наступствам рэакцыі на стрэс, але і кароткатэрміновым. Даследуюцца пытанні, як найбольш эфектыўна і з найменшымі наступствамі для арганізма выпрацаваць рэакцыі, якія дапамагаюць спраўляцца з тымі сітуацыямі, у якіх аказваецца чалавек.

Як адзначыла загадчыца кафедры клінічнай і кансультатыўнай псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт Аксана Шульга, мацней ад стрэсу пакутуюць не тыя людзі, якія часта падвяргаюцца стрэсавым фактарам, а тыя, якія негатыўна ставяцца да іх. Калі змяніць устаноўку да стрэсу і разглядаць яго як магчымасць атрымаць або набыць новы досвед, тады і негатыўныя наступствы будуць нашмат меншымі.

Стрэс. Медытацыя.

Думаць пра прыемнае і пазітыўнае

Напрыканцы на просьбу журналістаў даць параду, як усё ж такі перажыць пандэмію і захаваць сваё псіхалагічнае здароўе, Сяргей Давідоўскі сказаў, што трэба захоўваць стан унутранага спакою, пазбягаць негатыўнай інфармацыі, думак і перажыванняў.

Сяргей Давідоўскі, псіхатэрапеўт:

– Важная наяўнасць пазітыўнай інфармацыі. Калі яе няма, значыць, трэба знаходзіць на сваіх унутраных рэсурсах. У кожнага з нас заўсёды ёсць пра што ўспомніць – прыемнае і пазітыўнае. Выкарыстоўвайце рэлаксацыю, медытацыі, прагулкі на свежым паветры, заняткі фізкультурай і спортам, адным словам, усё, што дапамагае сабрацца і меней думаць пра негатыў.

Тэлефоны даверу і экстранай псіхалагічнай дапамогі

Стрэс. Каранавірус. Зварот на тэлефон даверу.

Як даведацца, што патрэбная дапамога спецыялістаў? Адказваючы на гэтае пытанне, спецыялісты аднадушныя ў меркаванні: калі чалавек не спраўляецца з сітуацыяй і яму патрабуецца дапамога звонку – гэта ўжо матыў.

У Мінску атрымаць кваліфікаваную дапамогу ці першасную кансультацыю ў кругласутачным рэжыме можна, патэлефанаваўшы на нумары:

  • для дарослых: 8017-352-44-44
  • для дзяцей і падлеткаў: 8017-263-03-03
  • для непаўналетніх, якія трапілі ў крызісную сітуацыю, таксама існуе тэлефон даверу: 8 801-100-16-11

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».