18.05.2021
18.05.2021

«Ты альбо памёр, альбо колешся». Споведзь былога наркамана

logo
Здаровы лад жыцця
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чалавек, які размясціўся насупраць мяне, ведае, што былых наркаманаў, як і алкаголікаў альбо гульняманаў, не бывае. Ведае і лічыць, што гэта не так. 10 гадоў таму опіумны наркаман з шасцігадовым стажам знайшоў магчымасць выкараскацца. Дакладней, моцна ўхапіўся за руку дапамогі, працягнутую яму такімі ж былымі, як ён зараз.

Гэтыя дзесяць гадоў – як бездань паміж тым Сяргеем – хворым, роспачным, асуджаным, і гэтым – вясёлым, прадпрымальным, клапатлівым. Ён спакойна адказвае на пытанні і не хавае твар. Такіх, як ён, шмат. Але тых, хто зараз па іншы бок безвыходнасці, яшчэ больш. Таму і пагадзіўся на сустрэчу.

Размова – пра тое, як вылятаюць шыбы з-за растваральніка, які ўспыхнуў, пра таблеткі ад наркадыспансера і стаўленне да метадонавай праграмы, пра тое, як сыходзіць мама і чаму не ўсялякая дапамога на карысць.

Халерыкам заўсёды карціць

Наркаман. Ці можа наркаман стаць былым.

Я слухаю яго – і ўсё спрабую знайсці зачэпку: дзе, у які момант усё пакацілася пад адхон? Але ў гэтай мазаіцы занадта шмат дэталяў...

Так бывае. У інтэлігентнай сям'і (мама – інжынер, тата – галоўны канструктар буйнога дзяржаўнага аб'яднання) будні былі занятыя працай, выхадныя – дачай. Усё для дабрабыту, для дзяцей. А дзеці ўсё часцей беглі на вуліцу, дзе ў кожнага была свая кампанія.

(Далей стылістыка суразмоўцы захаваная)

– У прынцыпе, з бацькамі ў нас не было асабліва блізкіх адносінаў. Я выхаваны вуліцай, аднагодкамі, фільмамі. Трава – чаму не? Цікава, весела. Мне было 16, брат на 12 гадоў старэйшы, – узгадвае Сяргей. – Праз пару гадоў паспрабаваў унутрывенныя наркотыкі. Зноў жа – проста так: свабода, кампаніі, ніякіх аўтарытэтаў. Страшна не было.

Наркаман. Унутрывенныя наркотыкі ў кампаніі.

Неўзабаве брат атрымаў сваю першую судзімасць. Я ведаў, што бацькі вазілі яму перадачы. Чуў іх гутаркі. Многае разумеў, але не бачыў усяго малюнка цалкам, можа, таму ў галаве не ўзнікла ніякага бар'ера. У мяне такая натура – не баюся зрабіць першы крок. Халерыкам складана ў гэтым плане, заўсёды карціць. Дарэчы, большасць наркаманаў і алкаголікаў – халерыкі, бо іх рашэнні часта імпульсіўныя, прымаюцца часам за секунды.

Паступова ўсе пераходзяць на больш цяжкія рэчывы – за кампанію, дзеля цікавасці, плюс пратэст. І заўсёды думаеш, што гэта іншыя – наркаманы, а з табой нічога дрэннага не здарыцца. Спачатку так і было – то калоўся, то не калоўся. Ты са старту не робіш гэта штодня, захапляешся паступова.

Бацька памёр. Брата асудзілі, засталіся мы з мамай. Навіна пра тое, што і я калюся, сталася для яе цяжкім ударам. Але... як бы растлумачыць... калі ты наркаман, на цябе нічога не ўплывае: ні слёзы, ні ўгаворы, ні просьбы. Нават калі б і хацеў, гэта немагчыма, разумееш?

Не ведаю, як яна жыла тады...

Але ў цяжкі час знайшоўся чалавек, які падтрымаў яе, і мама не вытрымала... З'ехала. Я застаўся адзін у трохпакаёвай кватэры.

Наркаман. Былы наркаман. 10 гадоў без наркотыкаў.

Выбар без выбару

Аднойчы, калі яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце і падпрацоўваў, я прачнуўся і адчуў недамаганне: было млосна, ногі ламала, грыпозны такі стан. Я тады першы раз зрабіў выбар... хаця не, тады ў мяне выбару ўжо не было. І замест таго, каб паехаць на пары, накіраваўся да барыгі па наркотык.

Дастаць было нескладана – едзеш на рынак і на працягу гадзіны набываеш неабходныя прэкурсоры. У суседнім з шаурмой павільёне, памятаю, заўсёды прадаваўся мак. З раніцы ўжо стаяла чарга чалавек дзесяць... Астатняе купляў у аптэцы і будаўнічай краме.

Ужываць пачаў часцей і часцей, амаль штодня. Адкуль грошы? Першы час працаваў, плюс заўсёды ёсць штосьці каштоўнае дома, што можна аднесці ў ламбард. Некаторыя крадуць у крамах, прадаюць і атрымліваюць грошы на дозу.

З універа сышоў сам, пасля двух курсаў (вучыўся завочна на інжынера-праграміста). Потым сышоў і з працы – знаёмыя не працавалі і знаходзілі грошы на наркотыкі, навошта ж мне штодня хадзіць на будоўлю? Тым больш, калі дрэнна сябе адчуваеш, ломіць...

Наркаман. Ломка.

Пачаў працаваць на сябе (за плячыма – прафесія электрыка, атрыманая ў вучылішчы). Некаторыя заказчыкі, убачыўшы такога майстра, адразу адмаўляліся ад паслуг, а іншым было ўсё роўна.

У мяне была адна куртачка (і тая з чужога пляча), ірваныя джынсы (не таму, што модныя, а проста заношаныя). Грошай, бывала, на ежу не хапала, не тое каб на адзенне. Калі стаяў выбар паесці альбо ўкалоцца – натуральна, калоўся.

Часам знаёмы прыносіў пратэрмінаваныя ёгурты, спісаныя ў краме, гэта была добрая падтрымка.

Вогненны феерверк

Прыгатаванне наркотыкаў пажаранебяспечнае: мы кіпяцілі растваральнік на паравой лазні на газавай пліце. Той самы растваральнік, якім фарбу адмываюць. Уявіце пах! Паверхам вышэй якраз новая сям'я купіла кватэру, нарадзілася дзіця... І яны штодня выклікалі міліцыю. Калі прыходзілі вартавыя парадку, я выкідваў усё ва ўнітаз, рэзаў шпрыцы, змываў туды ж. Лаяліся моцна, надакучыў я ім. Потым сказалі: яшчэ раз атрымаем сюды выклік – знойдзем магчымасць цябе пасадзіць.

Пасля гэтага я пачаў хітраваць: браў электраплітку, зачыняўся ў далёкім пакоі і там гатаваў. Потым праветрываў. На кухні выцяжка, пах разносіцца па суседзях, а з другога пакоя не так моцна. Варыў і на гарышчах – варыянтаў шмат. У кухні даўно была чорная абвугленая столь, ды і ўся кватэра ўяўляла сабой сумнае відовішча...

Наркаман. Кватэра наркамана.

Варыва перыядычна ўспыхвала. Аднойчы гэта здарылася пад Новы год: усё загарэлася, агонь перакінуўся на фіранкі, і з аконнай рамы вылецела адзінае шкло. Калі ясі шмат таблетак, ды яшчэ і колешся, дык, бывае, што выключаешся са свядомасці... У мяне атрымалася патушыць пажар, а на акно я сяк-так прыбіў пакрывала. І потым усю зіму так жыў. Пажарным сказаў, што раблю рамонт, і яны з'ехалі.

Я быў малады і толькі адзін раз сур'ёзна захварэў. Падхапіў грып і некалькі дзён ляжаў, не мог галавы ўзняць. А так прыхварэеш злёгку – і нічога. Калі арганізм настолькі насычаны хіміяй, дык прастуда ўжо, мабыць, не бярэ.

Усе наркаманы хочуць кінуць

Я ўсё спрабаваў знайсці выйсце. Прыходзіў у наркадыспансер, казаў, што наркаман, здаваў аналізы. На падставе іх вынікаў атрымліваў рэцэпт на псіхатропны апіоідны анальгетык, каб зняць абстынентны сіндром, і на снатворнае. Дыспансераў некалькі, агульнай базы пацыентаў тады не было, і я хадзіў то ў адзін, то ў другі, усюды атрымліваючы рэцэпты.

Бывала, з'язджаеш на дачу, бярэш з сабой кучу таблетак. Думаеш: зараз зачынюся, адключу тэлефон – і спраўлюся з усім гэтым. Але праз 3-4 дні прыязджаеш і колешся...

Наркаман. Былы наркаман.

Аднаму знаёмаму псіхолаг дапамог справіцца з гульнявой залежнасцю, і я вырашыў таксама схадзіць да псіхолага. Першая спроба не атрымалася: схадзіў, паслухаў яе і сышоў – не паразумеліся. У дыспансерах шмат буклетаў ад розных грамадскіх арганізацый, і там я ўбачыў буклет сацыяльна-дабрачыннай установы «Рэфармацыя асобы», дзе было напісана: бясплатны псіхолаг. Астатнія былі платнымі, так што я ўзяў гэты буклет.

Патэлефанаваў, прыйшоў на сустрэчу (стан мой пры гэтым быў не самым лепшым). Псіхолаг параспытвалася трохі і сказала, што яе паслугі мне, падобна, не моцна патрэбныя. Але ёсць былыя наркаманы, якія самі кінулі і цяпер дапамагаюць іншым. Дала кантакты.

Мяне гэта моцна зацікавіла. Нішто сабе! Наркаман, які сам кінуў, ды яшчэ і камусьці дапамагае?! Наркаманы звычайна ўсім перашкаджаюць, псуюць жыццё навакольным, прыносяць гора родным... У мяне не было прэцэдэнтаў у асяроддзі, каб хтосьці сам кінуў. Ты альбо памёр, альбо колешся.

Кніга прынцыпаў

Патэлефанаваў. На тым баку спыталіся: ты цвярозы? Так, кажу. Я тады быў незадаволены сабою – выпіў усяго літр піва, для мяне гэта азначала цвярозы. Але голас з трубкі сказаў заўтра зусім не піць і прыходзіць.

Я прыйшоў паслязаўтра, а там якраз сабраліся хлопцы, якія праходзілі рэабілітацыю. Пазнаёміліся, разгаварыліся. Мне распавялі пра 10-крокавую праграму, заснаваную на біблейскіх прынцыпах, і прапанавалі прачытаць простую малітву. Я падумаў: гэтыя людзі відавочна ведаюць, што робяць. Горш не будзе, да таго ж, гэта не складана...

Наркаман. Як былыя наркаманы дапамагаюць адзін аднаму.

Добра памятаю наступную раніцу. Такой ціхамірнасці я даўно не адчуваў: як у дзяцінстве, калі ні за што не перажываеш, а ўнутры так добра... Вонкава нічога не памянялася, жыццё гэткае ж разбуранае, але... мяне быццам ахоўным каўпаком накрылі.

Пачаў хадзіць на заняткі рэабілітацыйнага цэнтра і працаваць (займаліся будаўніцтвам платоў). Паступова ўцягнуўся. Цэлы дзень – на працы, а ўвечары – заняткі па рэабілітацыі. Там я першы раз прачытаў Біблію. Раней думаў, што зразумець яе могуць толькі святары. У мяне была калісьці дзіцячая Біблія з малюнкамі, але я ніяк яе не асацыяваў з гэтай тоўстай кнігай.

Аказваецца, там напісана шмат гісторый, усё чытабельнае. Адкрыў яе для сябе як кнігу прынцыпаў, дзе закладзеныя правілы на ўсе сферы жыцця. Гэта як інструкцыя для чалавека, падобная да ПДР: ездзіш па правілах – не трапляеш у аварыі. Парушаеш – з'яўляюцца праблемы.

Праз церні – да свабоды

Вядома, было няпроста. Доўгі час я глядзеў на іншых і ўсё роўна думаў, што я так не змагу. Не таму, што слабейшы альбо яны такія класныя, а таму, што гэта ў прынцыпе немагчыма. Быццам ідзеш па лязе, а з абодвух бакоў прорва...

Колькі разоў прыходзілі думкі ўкалоцца! Але як бы цяжка ні было, разумеў, што гэта апошняя інстанцыя, адзіны варыянт выжыць, і ўчапіўся ў гэтую магчымасць з усіх сіл. Я да таго часу калоўся 6 гадоў, пад вачыма былі жоўтыя кругі (гепатыт С), на трэці паверх падымаўся і задыхаўся. Шмат паліў.

Фізічная ломка падобная да грыпу, калі моцна хварэеш. Перажыўшы яе, з падтрымкай новых знаёмых я атрымаў стымул, зарад, каб штосьці мяняць. На гэтым адрэналіне, можа, і справіўся. Праз пару месяцаў мог ужо свядома сказаць не – паступова выпрацоўваўся стрыжань, мяняліся прыярытэты. Працягваючы жыць дома, змяніў нумар тэлефона, каб абарваць старыя сувязі (сяброў не было – іх у тым жыцці ў прынцыпе няма, хутчэй, ёсць прыяцелі, пакуль гэта выгадна).

Наркаман. Былы наркаман. Як атрымалася справіцца.

Вось з цыгарэтамі было цяжка, іх кінуць змог пазней. Бо на наркотыкі трэба знайсці грошы, паехаць купіць, потым дзесьці прыгатаваць... А цыгарэты на кожным кроку: выходзіш на прыпынак – тут паляць, галаву апускаеш – там бычок вялікі дыміцца, можна дакурыць.

Мама не адразу паверыла, што я змяніўся – занадта шмат перажыла. Але потым таксама пачала хадзіць у групу для сузалежных.

Ужо 10 гадоў як я ў свабодзе. Сустрэў выдатную дзяўчыну, якая стала маёй жонкай. Выхоўваем дачку. Ёсць невялікі бізнэс, цяпер развіваю новы напрамак.

Удалося вылечыць гепатыт пару гадоў таму, аналізы пацвердзілі, што я здаровы!

А вось брат, на жаль, пакуль не змог справіцца...

Пра метадон

Да замяшчальнай тэрапіі асабіста я стаўлюся адмоўна: лічу, што гэта горш, чым наркотыкі... Наркаманам зручна легальна атрымліваць метадон, але ён вельмі жорсткі. Вядома, яны пры гэтым не занясуць сабе інфекцыю, не пойдуць на злачынства дзеля дозы, калі яе можна атрымаць у медустанове. Але гэта як канібалу даць у медыцынскіх мэтах чалавечыны, каб не забіў каго-небудзь яшчэ.

Наркаман. Замяшчальная тэрапія метадонам.

І потым, людзі, якія прайшлі праз гэтую праграму, распавядалі, што ўпадалі ў вельмі жорсткія дэпрэсіі... Наркотык і так разбурае асобу, а тут ніякія довады не працуюць, наступствы могуць быць сумнымі.

Залежным і іх родным хачу сказаць: шукайце дапамогу. Звяртайцеся ў хрысціянскія арганізацыі, якія дапамогуць перабудаваць сябе знутры, падтрымаюць у пошуку каштоўнасцяў, дзеля якіх варта жыць, запусцяць працэс сацыялізацыі. Выйсце ёсць.

Фота – Андрэй Васкрасенскі і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.
Глядзіце таксама