Лепшы сябар сучаснага дзіцяці – гаджэты. Гэта не безапеляцыйнае сцвярджэнне. Гэта канстатацыя факта. Сёння з гаджэтамі непарыўна звязаныя вучоба, вольны час, стасункі, нават, калі хочаце, сяброўства сучасных дзяцей. Прычым цесныя сувязі з электроннымі дэвайсамі ўсталёўваюцца з усё больш ранняга ўзросту.
Зусім нядаўна мы падрабязна пісалі пра гэта.
Адназначна сказаць, што гэта дрэнна, нельга: за інфарматызацыяй сучаснасць і будучыня цывілізацыі. Таму задача бацькоў – навучыць дзяцей электроннай гігіене, каб знізіць рызыкі, звязаныя з выкарыстаннем гаджэтаў. У прыватнасці, да негатыўных фактараў адносяцца зрокавая стомленасць з наступным зніжэннем вастрыні зроку.
Як пазбегнуць зрокавай стомленасці і прадухіліць праблемы са зрокам, журналісту Слушна распавяла малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталля Карповіч.
Праблема ў полі зроку
Нагадаем, па выніках анкетавання беларускіх школьнікаў, якое было праведзенае супрацоўнікамі НПЦ гігіены, высветлілася: штодня больш за тры гадзіны праводзяць ля экранаў і манітораў электронных гаджэтаў 5,7% першакласнікаў і амаль утрая больш вучняў чацвёртых класаў – 15%.
У сярэдніх і старэйшых класах частата і працягласць выкарыстання электронных прыладаў працягваюць заканамерна ўзрастаць.
Траціна апытаных навучэнцаў 5-11 класаў адзначылі, што электронныя прылады для іх з'яўляюцца ўпадабанай формай баўлення вольнага часу (пра гэта заявілі 26,5% пяцікласнікаў і амаль кожны другі вучань старэйшых класаў – 47%).
Разам з тым, шмат хто з дзяцей адзначае балючасць, сухасць вачэй, расплывістасць зроку пасля доўгіх «стасункаў» з гаджэтамі. Усё гэта прыкметы стомленасці, перанапружання вачэй, звязаныя з інтэнсіўнай зрокавай нагрузкай. Для дзяцей такое перанапружанне можа быць адным з фактараў рызыкі ўзнікнення парушэнняў зроку.
Гігіена зроку. 4 правілы
Каб знізіць рызыку негатыўных наступстваў для вачэй пры выкарыстанні электронных прыладаў, неабходна памятаць пра гігіену зроку і выконваць шэраг рэкамендацый, падкрэслівае Наталля Карповіч. Адказнасць у гэтым пытанні, у першую чаргу, ляжыць на бацьках.
- Арганізацыя працоўнага месца дзіцяці. Акрамя агульных правілаў па захаванні аптымальнай працоўнай паставы седзячы, неабходна надаць увагу адлегласці ад вачэй да экрана альбо манітора (50-60 см і больш, у залежнасці ад памераў экрана і аб'ектаў адрознівання). Экран павінен быць размешчаны крыху ніжэй за ўзровень вачэй. Найлепшыя ўмовы можна стварыць пры працы за стацыянарным камп'ютарам, а вось смартфоны і планшэты з'яўляюцца найбольш «праблемнымі»: памеры экрана і партатыўнасць прадугледжваюць выкарыстанне на невялікай адлегласці ад вачэй, у тым ліку ў позе лежачы.
- Кантроль над адлюстраваннем. Гэта значыць – яркасць, кантраст, блікі. Адрэгулюйце яркасць экрана ў адпаведнасці з асветленасцю пакоя. Занадта яркі экран у параўнанні з навакольным асяроддзем выклікае хуткую стомленасць вачэй. Катэгарычна не рэкамендуецца карыстацца гаджэтамі ў поўнай цемры. Рэгулёўка кантраснасці таксама дапаможа знізіць нагрузку на вочы. Пры размяшчэнні экрана і крыніцаў святла ў пакоі звяртайце ўвагу на тое, каб пазбегнуць ўзнікнення блікаў.
- Мірганне неабходнае для ачышчэння і прадухілення высыхання паверхні рагавіцы. Даследаванні паказваюць, што падчас выкарыстання электронных прыладаў людзі міргаюць ў 2-3 разы радзей, чым звычайна. Растлумачце дзіцяці, што пры неабходнасці працяглай працы з экранамі карысна памятаць пра гэта і свядома міргаць часцей.
- Рэжым і працягласць выкарыстання, перапынкі ў працы. Бацькам варта ўвесці разумныя абмежаванні працягласці выкарыстання электронных прыладаў дзецьмі, пажадана пазбягаць працы з экранамі ўвечары за некалькі гадзін да сну. Дзецям бывае складана кантраляваць час, праведзены ў віртуальнай рэальнасці, дапамажыце ім пераключыцца на іншыя віды дзейнасці.
Больш падрабязна пра тое, як правільна абуладкаваць працоўнае месца школьніка дома, можна прачытаць у гэтым матэрыяле.
Важнае значэнне мае арганізацыя дня дзіцяці ў цэлым, час адыходу да сну, працягласць знаходжання на свежым паветры. Даследаванні паказваюць, што ў дзяцей, якія рэгулярна праводзяць на вуліцы па 14 гадзін у тыдзень, істотна зніжаецца верагоднасць развіцця міяпіі.
Прагулкі на свежым паветры, дзякуючы комплексу фактараў (высокая асветленасць, ультрафіялетавае выпраменьванне, магчымасць глядзець удалячынь, рухальная актыўнасць), зніжаюць рызыку ўзнікнення і прагрэсавання міяпіі ў дзяцей, а таксама спрыяюць гарманічнаму развіццю іншых сістэмаў арганізма (касцёва-мышачнай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, нервовай ). Між тым, па выніках анкетавання 37% апытаных навучэнцаў малодшых класаў праводзяць на вуліцы меней за 2 гадзіны ў дзень, пры гэтым 14% навучэнцаў 3-4 класаў адказалі, што зусім не шпацыруюць па вуліцы на працягу дня.
Гімнастыка для вачэй
Гульні, відэаролікі, стасункі ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках настолькі цікавыя, што дзеці забываюцца рабіць перапынкі і не заўважаюць прыкметаў зрокавай стомленасці.
Таму бацькам неабходна сачыць за працягласцю выкарыстання электронных прыладаў, нагадваць пра неабходнасць паўзаў.
Асаблівае значэнне мае гімнастыка для вачэй. Яна ўключае наступныя практыкаванні:
- плаўна пераводзіць позірк уверх-уніз, налева-направа;
- «намаляваць» вачыма кола, знак бясконцасці, спіралі ў абодвух напрамках;
- часта памiргаць на працягу 10-15 секунд;
- некалькі разоў зажмурыцца і шырока расплюшчыць вочы;
- заплюшчыць вочы на некаторы час і пастарацца расслабіцца.
Простая размінка і практыкаванні для вачэй дапамагаюць зняць залішняе напружанне, пазбегнуць ператамлення і павысіць працаздольнасць.
Электронныя прылады даюць дзецям шмат магчымасцяў для стасункаў, навучання, забаў, аднак бацькам неабходна памятаць пра верагодныя негатыўныя наступствы для здароўя арганізма, які расце, і навучыць дзяцей правілам бяспечнага выкарыстання гаджэтаў, дапамагчы арганізаваць рэжым дня.
https://bel.24health.by/kampyutarny-zrokavy-sindrom-simptomy-i-prafilaktyka/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by