Працягваем публікацыю інтэрв'ю-знаёмстваў са спікерамі, удзельнікамі эстафеты «У імя жыцця» для анкапацыентаў і іх блізкіх.
Знаёмцеся: Эвеліна Сінкявічуце, урач-псіхатэрапеўт, загадчык медыка-псіхалагічнага аддзялення, працуе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.
Псіхатэрапія пры анкалогіі
Эвеліна, чаму вы абралі прафесію ўрача?
– Мне заўсёды падабалася мець стасункі з людзьмі, падтрымліваць, дапамагаць выяўляць негатыўныя думкі і накіроўваць іх у пазітыўнае рэчышча, пераадольваць жыццёвыя перашкоды. Яшчэ са школьных гадоў я выступала гэткім медыятарам у дзіцячых канфліктах, заўсёды старалася быць побач з тым, каму цяжка. Так што прафесію выбірала душой.
Вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на медыка-псіхалагічным факультэце. Вучыцца вельмі падабалася, таму ў 2017 годзе скончыла яго з адзнакай. Універсітэт дае выдатную базу ведаў для таго, каб пачынаць прафесійную дзейнасць.
Інтэрнатуру праходзіла ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Гэта быў сапраўды добры старт для мяне. І я вельмі ўдзячная тым сваім пацыентам за давер. А таксама куратарам, загадчыкам аддзяленняў, якія падбіралі гісторыі хвароб, на прыкладзе якіх можна было вучыцца і расці далей у прафесійным плане. У жніўні 2018 года я прыйшла на працу ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.
У вас вельмі складаная спецыяльнасць, асабліва ўлічваючы, што дзяўчаты ад прыроды эмпаты. Вазьму твой боль – гэта вось якраз пра нас. Ёсць у вас такое? Ці гэта ўсё ж такі прыкмета майстэрства і прафесіяналізму: прымаць, чуць, дапамагаць, але пры гэтым у разумнай меры абстрагавацца ад чужога болю?
– У маёй прафесіі важна праходзіць асабістую тэрапію, супервізію, пастаянна навучацца і развіваць свае навыкі. Бо ва ўніверсітэце ствараецца добры падмурак, але на гэты падмурак трэба паставіць сцены, дах, аформіць вокны, дзверы... І гэта тое, да чаго я імкнуся – да прафесіяналізму, майстэрства.
Без дадатковай адукацыі і ўдасканалення псіхатэрапеўт можа быць крывым люстэркам, якое будзе проста даваць парады, рэкамендацыі. Але якраз-такі ўсё парады і рэкамендацыі змяшчаюцца ў самім чалавеку. І, па сутнасці, мая задача, каб чалавек сам прыйшоў да таго, што яму трэба, а не я яму сказала, што яму варта рабіць.
Ці можна ўжо казаць пра якіясьці вашы дасягненні і поспехі ў прафесійным плане?
– Пра глабальныя дасягненні пакуль казаць рана. Але досвед фарміруецца штодня, і кожны дзень прыносіць маленькія перамогі. У кожнага чалавека свая гісторыя, яна заўсёды кранальная і вельмі розная.
Хаця, здавалася б, тут усе гавораць пра адно, але кожны – па-свойму, з рознымі акцэнтамі, перажываннямі, мэтамі. Адпаведна, і падыход трэба розны. Калі атрымліваецца яго ўжыць і дапамагчы такім чынам чалавеку – гэта сапраўды маленькі поспех. Пакуль усё атрымліваецца.
Анкапацыент для вас звычайны чалавек ці чымсьці адрозніваецца ад іншых?
– Для мяне адрозніваецца, бо з'яўляецца маім пацыентам. Але па-за бальніцай я ніяк не вылучаю людзей з анкалагічнымі захворваннямі. Больш за тое, думаю, што дакучлівае вылучэнне нараджае супраціў і негатыў, бо гэта прадугледжвае пэўную стыгму, стэрэатып.
Калі я выпадкова даведваюся, што сярод майго акружэння хтосьці захварэў, заўсёды імкнуся далікатна падысці да гэтай тэмы і сказаць: калі патрэбна пэўная дапамога, я тут, у мяне ёсць вопыт, і я была б рада дапамагчы... Але не больш. Пытанне здароўя кожнага – гэта вельмі далікатны момант.
Што вас звязвае з грамадскім рухам «У імя жыцця»?
– Вялікае жаданне і цікавасць удзельнічаць у жыцці анкапацыентаў, аказваць ім прафесійную дапамогу і інфармацыйную падтрымку. І, вядома, наш лакаматыў – Ірына Жыхар (кіраўнік сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» – заўв.В.М.). Яна шмат чаго робіць для анкапацыентаў, хочацца раўняцца на яе, бо яна адкрыта дзеліцца не толькі сваімі арганізатарскімі здольнасцямі, але і сваім досведам анкапацыента.
Чаму для вас важны ўдзел у эстафеце і што вы хочаце данесці сваім пасланнем?
– Для мяне ўдзел азначае, перш за ўсё, быць часткай досыць унікальнага мерапрыемства. Усё, што там будзе адбывацца, важнае для любога чалавека, які так ці інакш сутыкаецца з анказахворваннямі. Важна, каб атрымаць інфармацыю і падзяліцца ёю. Так з кожным днём будзе ўсё больш праінфармаваных людзей, што анкапаталогія – не прысуд, ёсць магчымасць дапамогі і падтрымкі на ўсіх этапах захворвання і аднаўлення.
Лекцыя будзе пра эмоцыі: як яны нараджаюцца ў нашым целе, жывуць і як нас пакідаюць; што з намі адбываецца пад уздзеяннем эмоцый; ці трэба іх кантраляваць, выказваць ці, наадварот, падаўляць. Інфармацыя, спадзяюся, будзе карысная не толькі анкапацыенту, але і яго сваякам, сябрам, тым людзям, якія забяспечваюць догляд пацыента... Бо эмоцыі ёсць у кожнага.
Што для вас значыць выраз «Перамагчы рак»?
– Прызнаць, што хвароба ёсць, і навучыцца з ёй жыць. Мне здаецца, гэта і ёсць перамога.
50% поспеху ў лячэнні і рэабілітацыі залежыць ад пазітыўнага настрою. Ці так гэта?
– Настрой важны. Але ўмераная трывога, некалькі зніжаны настрой дарэчы, галоўнае, каб яны не ўплывалі на функцыянаванне чалавека. Калі ён не здольны нармальна спаць, апетыт губляе, адчужаецца ад сваякоў і блізкіх, закідвае хобі і замыкаецца ў сабе, тады гаворка, магчыма, ідзе пра дэпрэсію і ёсць неабходнасць прафесійнай дапамогі.
Вельмі важна знаходзіцца ў кантакце з рэальнасцю. А яна такая, што чалавек насамрэч працягвае жыць. І калі кантакт з навакольным светам ёсць, чалавек больш атрымлівае інфармацыі, больш узаемадзейнічае з іншымі людзьмі, а значыць, атрымлівае больш падтрымкі ва ўсіх відах.
Таму пазітыўныя думкі – гэта добра. Але пазітыў павінен быць здаровым. Нельга прымушаць сябе быць шчаслівым у любой сітуацыі. Трэба заставацца самім сабой.
Вам знаёмы сіндром эмацыянальнага выгарання або ёсць пэўны шчыт, абарона ад негатыўных эмоцый?
– Я іх не назапашваю, таму сіндрому няма.
Мая работа з пацыентам – гэта не проста гутарка, як можа падацца старонняму. Гэта больш тэхнічна, працэсуальна. У яе ёсць свае правілы, этыка і тонкасці, якім доўга навучаешся. Яна складаецца з прыёмаў і ведаў з розных псіхатэрапеўтычных дысцыплін.
Можна трымацца ў баку ад чалавека, але тады я не змагу яму дапамагчы. Можна паглыбляцца ў чалавека, але тады я таксама не змагу яму дапамагчы. Гэта штосьці паміж, калі атрымліваецца дапамагаць, не нашкодзіўшы сабе.
Але ў вас жа, напэўна, бываюць і цяжкасці, і дрэнны настрой. Што дапамагае спраўляцца з імі?
– Жыццёвая ўстойлівасць. У першую чаргу гэта сям'я і стасункі. У прафесійнай супольнасці я знаёмлюся з рознымі людзьмі, чую іх досвед (асабісты, прафесійны) і атрымліваю ад іх падтрымку. У мяне выдатная атмасфера ў калектыве, я заўсёды іду на працу з задавальненнем. Усё гэта разам і надае мне ўнутраную ўстойлівасць.
У вас ёсць любімы аўтар, кніга?
– Я шмат чытаю, прафесія такая. Але калі казаць пра любімага аўтара... Яшчэ падчас вучобы, на 2 ці 3 курсе ўніверсітэта, я захаплялася Ірвінам Яломам, перачытала ўсе яго кнігі. Гэта псіхатэрапеўт, які піша ў папулярызаваным ключы. Перачытваючы яго, штораз знаходжу штосьці новае і каштоўнае для сябе.
А час на хобі застаецца?
– Я гуляю ў інтэлектуальныя камандныя гульні, так званыя квізы. Яны праходзяць у афлайн-рэжыме. Каманды складаюцца з людзей розных прафесій, 2-3 разы на тыдзень па вечарах мы збіраемся ў якой-небудзь з устаноў Мінска і адказваем на цікавыя пытанні, атрымліваем балы, сапернічаем.
Нягледзячы на тое, што ў мяне дастаткова інтэлектуальная і эмацыянальная праца, падчас гульні я расслабляюся. Пытанні датычацца розных сфер і галін ведаў. Гэта штосьці накшталт «Што? Дзе? Калі?», «Брэйн-рынг», «Адгадай мелодыю», «Свая гульня» адначасова. Заўсёды атрымлівала задавальненне ад такіх тэлеперадач.
Ваш герой з рэальнага жыцця, на якога раўняецеся?
– Мая мама. Яна анкапацыент. У яе рак малочнай залозы. І ў яе быў рэцыдыў. Але пасля хваробы з'явілася кропка апоры. Ведаеце, як кажуць: дайце мне кропку апоры, і я перавярну зямлю. Дакладна гэтак жа: дайце мне кропку апоры, і я перавярну сваё жыццё. Гэта якраз пра маю маму.
Бо пасля таго, як яна захварэла, яна зрабіла тое, пра што марыла ўсё жыццё: пачала пісаць карціны і атрымлівае ад гэтага велізарную асалоду. Я вельмі люблю сваю маму і ганаруся ёй.
Але не магу сказаць, што гэта яе хвароба паўплывала на тое, што я працую з анкапацыентамі. Гэта мой асабісты выбар. І ўсё ж дакладна многае ў працы будую на тым досведзе, які атрымала, з'яўляючыся дачкой анкапацыенткі. І гэта якраз не тое, чаму мяне вучылі ва ўніверсітэце. А тое, чаму мяне навучыла жыццё.
Фота – Віталь Гіль.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by