Давайце дазволім сабе, шаноўныя спадарыні, атрымаць асалоду ад гэтага дня – Дня ЖАНЧЫН, 8 Сакавіка! Нягледзячы на рознае яго ўспрыманне (свята – не свята), магчымыя крыўды на другую палову ці сябра (сяброўку), вялікія праблемы і турботы, не дужа добрае самаадчуванне... Так, гэта няпроста. Так, гэта нялёгка. Але ж паспрабаваць – можна?!
Яшчэ адзін раз на год – плюс да ўласнага Дня народзінаў, Новага года, Калядаў, Дня Перамогі (патрэбнае падкрэсліць) – проста атрымліваць асалоду ад усяго!
Ад таго, што выхадны... Што абяцаюць хаця і ветранае, а месцамі і дажджлівае, але даволі цёплае для гэтай пары надвор’е. Ад магчымасці пабыць у адзіноце ці ў коле вялікай і шумлівай сям’і. Ад усведамлення таго, што мы – памятаеце?! – самыя абаяльныя, чароўныя, дарагія, каханыя...
Ну і няхай сабе, што часцяком столькі прыемнага ад каханых, сяброў, калег чуем толькі раз на год! Але ж адзін дзень – лепей, чым ніводнага, праўда?! Так, хацелася б часцей. Толькі тут жа і ад нас саміх многае залежыць...
Таму няхай гэты дзень для вас станецца прыемным. Няхай атрымаецца правесці яго так, як хочацца. У салоне прыгажосці ці масажным, басейне ці на прыродзе з шашлыкамі, на канапе з кнігай ці з любімым гаджэтам, у тэатры ці рэстаране... З талеркай з піцай альбо кавалкам торціка, цукеркамі з кавай, за праглядам серыялаў... З якімісьці цікавосткамі альбо проста знаёмымі прыемнымі рэчамі...
Кажуць, што калі нічога не чакаць, дык і не расчаруешся. Магчыма, гэтым прынцыпам таксама варта скарыстацца, каб настрой быў на узроўні?! Не чакаць залішняга, тады і нагод для крыўдаў не будзе. Бо часцяком жа так: сама прыдумала – сама пакрыўдзілася. Радавацца дробязям – гэта адмысловае ўменне. Але чаму б яму і не павучыцца?!
...Вяртаючыся ўчора з працы, едучы і шпацыруючы па вуліцах Мінска, я любавалася дзяўчатамі і жанчынамі са святочнымі пакункамі і кветкамі. Здаецца, вельмі мала было тых, у каго б у руках ці ў пакеце не было б пяшчотных цюльпанаў, архідэй, заваблівай мімозы (нашы калегі-мужчыны падаравалі нам цюльпаны белага колеру).
Кветкі, кветкі, кветкі... Яны ўчора панавалі паўсюль! Думаю, што яшчэ і сёння працягваюць. А можа, нават і заўтра. І гэта так прыемна – любавацца на веснавую прыгажосць! І штосьці адразу прыгадваецца, як у адной з серый «Сватоў» Іван з Міцяем раздавалі вялізныя букеты цюльпанаў без грошай! А цэлая машына, загружаная імі?! Во гэта відовішча было для дзяўчыны-інспектара ДАІ ў фільме!
Не шкадуйце для жанчын кветак, мужчыны! Прынамсі, для тых, хто любіць атрымліваць іх у падарунак, як знак увагі і прызнання. Вядома ж, ёсць пэўны працэнт, які хуценька падлічыць кошт букета і вырашыць, што лепей грашыма... Але ў пераважнай большасці мы сапраўды іх любім! І – так! Не толькі на 8 Сакавіка! А яшчэ вельмі прыемна атрымліваць кветкі без напаміну...
Самае цікавае, што ўвесну тых цюльпанаў на ўласных дачах, агародах, кветніках – мора! І прыгожыя, і падабаюцца... Але чаму яны так кранаюць душу менавіта 8 Сакавіка? Бо не ў пару? Асабліва, калі вакол яшчэ дзе-нідзе снег не растаў...
А мімозы?! Гэтыя жоўтыя пушыстыя шарыкі... У чым іх асаблівая прыцягальнасць? Чаму менавіта яны асабіста ў мяне выклікаюць асацыяцыі толькі з 8 Сакавіка?! Не ведаю... Але так хочацца працягнуць адчуванне сонечнага свята ў душы...
Таму, бывае, і стаяць засохлыя, але ўсё такія ж чароўныя галінкі ажно... да Дня Перамогі! Прымаючы ў анекдотах эстафету ад навагодняй ёлкі, што просяць вынесці да 8 Сакавіка, каб саступіць месца мімозе.
Няма каму падараваць кветкі?! Дык можна і самім сабе набыць іх – для настрою. Сорамна?! А ніколькі! Памятаеце гераіню фільма «Масква слязам не верыць», якая набывала для сябе гваздзікі?! А як Людміле Пракопаўне з фільма «Службовы раман» упершыню на працы падаравалі іх жа?!
А вось і чарговая ідэя – паглядзець сёння штосьці з добрых старых савецкіх фільмаў, якія і праз дзесяцігоддзі магічным чынам уплываюць на нас... Тым больш, што зусім не трэба гартаць праграму тэлеперадач і глядзець, па якой праграме паказваюць штосьці цікавае. Да нашых паслуг – сеціва!
Ну, а хто запланаваў сямейнае ці сяброўскае святкаванне за сталом, рамантычную вячэру – памятайце пра захаванне меры ў напоях ды закусках. Каб не было пасля пакутліва... А калі раптам пераелі, шукайце на нашым інфармацыйным партале матэрыялы са слушнымі парадамі ад спецыялістаў.
Сонечнага, бязвоблачнага ў прамым і пераносным сэнсе вам дня, мілыя спадарыні! А святочнага ці несвяточнага – вырашаць толькі вам. І ўсё ж давайце дазволім сабе святкаваць! Тых жа, хто адназначна абірае першы варыянт, ВІН-ШУ-ЕМ!!!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by