15.05.2018
15.05.2018

Дэпрэсія: хвароба або хандра?

logo
Хваробы ад А да Я
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мабыць, кожны з нас у пэўны момант адчуваў безвыходнасць. Калі ўсё літаральна валіцца з рук і нават яркія падзеі не прыносяць радасці і задавальнення, а дні набываюць шэрае адценне. Такі стан называецца дэпрэсіяй. Яшчэ Гіпакрат апісваў яго пад назвай «меланхолія».   

Той, хто хоць аднойчы сутыкнуўся з гэтай хваробай, не на словах ведае, наколькі каварнай яна можа быць. Перакананне, што дэпрэсія – гэта толькі сум, смутак і адсутнасць станоўчых эмоцый, абсалютна не дакладна. На самай справе дэпрэсія – гэта псіхічнае захворванне. Яно забірае сілы, душыць волю, крадзе жыццёвую энергію. Хвароба «сама» не пройдзе, і з часам усё глыбей будзе зацягваць у бездань. Чым даўжэй заплюшчваць вочы на праблему, тым менш шанцаў выйсці з дэпрэсіі без страт.

Як не прапусціць першыя сігналы дэпрэсіі? Як адрозніць дэпрэсію ад звычайнай хандры? Што рабіць людзям, якія трапілі ў «сеткі» хваробы і іх блізкім? Па дапамогу журналіст інфармацыйнага партала Слушна звярнулася да Ірыны Залескай.

Дэпрэсія – эпідэмія 21 стагоддзя?

Ірына Залеская:

— Зараз дэпрэсію лічаць адным з самых распаўсюджаных псіхічных расстройстваў. Паводле ацэнак спецыялістаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ад гэтай хваробы пакутуе каля 350 млн. чалавек ва ўсім свеце і іх колькасць павялічвацца. Па прагнозах экспертаў, да 2020 года дэпрэсія можа стаць другой пасля ішэмічнай хваробы сэрца прычынай інваліднасці ў свеце.

Распаўсюджаная памылка, што дэпрэсія – гэта проста дрэнны настрой і песімістычны погляд на жыццё, памылкова.

Пры адсутнасці лячэння дэпрэсія можа перайсці ў цяжкую форму, а самае горшае – прывесці да самагубства.

Дэпрэсія – доля не толькі слабавольных людзей. Яна можа напаткаць кожнага, незалежна ад полу, узросту ці матэрыяльнага дабрабыту. Разам з тым, узаемасувязі паміж распаўсюджанасцю захворвання і сацыяльным статусам, адукацыяй, узроўнем даходаў і расавай прыналежнасцю не выяўлена.

 Прычыны развіцця дэпрэсіі

Спецыялісты да гэтага часу не прыйшлі да адзінай думкі, якія фактары з'яўляюцца ключавымі і могуць стаць менавіта «той» прычынай, што правакуе дэпрэсію. Даказана роля наступных фактараў: 

  • генетычныя фактары;
  • парушэнне абмену нейрамедыятараў у галаўным мозгу (сератаніна і/або норадрэналіну);
  • парушэнні механізмаў нейраэндакрыннай рэгуляцыі;
  • жыццёвыя падзеі, якія траўміруюць.

Дыягностыка дэпрэсіі

Ацаніць уласную рызыку развіцця дэпрэсіі можна і самастойна. Напрыклад, з дапамогай апытальніка дэпрэсіі Бека.

Шкала дэпрэсіі Бека

Інструкцыя:

Апытанне складаецца з 21 групы сцвярджэнняў. Прачытайце ўважліва і абярыце нумар (0, 1, 2 ці 3) сцвярджэння, якое найлепшым чынам адлюстроўвае ваша самаадчуванне на працягу апошняга тыдня, у тым ліку сённяшні дзень. Калі  вам падыходзяць некалькі сцвярджэнняў у групе, пазначце кожнае з іх. Пераканайцеся, што вы прачыталі ўсе сцвярджэнні ў кожнай групе перш, чым зрабіць выбар.

№ пункта № адказа Сцвярджэнні
1. 0 Я не адчуваю сябе засмучаным, сумным.
1 Я засмучаны.
2 Я ўвесь час расстроены і не магу ад гэтага адключыцца.
3 Я настолькі расстроены і нешчаслівы, што не магу гэта вытрымаць.
2. 0 Я турбуюся пра сваю будучыню.
1 Я адчуваю, што збянтэжаны будучыняй.
2 Я адчуваю, што мяне нічога не чакае ў будучыні.
3 Мая будучыня безнадзейна, і нішто не можа змяніцца да лепшага.
3. 0 Я не адчуваю сябе няўдачнікам.
1 Я адчуваю, што цярпеў больш няўдач, чым іншыя людзі.
2 Калі я азіраюся на сваё жыццё, я бачу ў ім шмат няўдач.
3 Я адчуваю, што як асоба - я поўны няўдачнік.
4. 0 Я атрымліваю столькі ж задавальнення ад жыцця, як раней.
1 Я не атрымліваю столькі ж задавальнення ад жыцця, як раней.
2 Я больш не атрымліваю задавальнення ні ад чаго.
3 Я цалкам не задаволены жыццём, і мне ўсё надакучыла.
5. 0 Я не адчуваю сябе ў чым-небудзь вінаватым.
1 Досыць часта я адчуваю сябе вінаватым.
2 Большую частку часу я адчуваю сябе вінаватым.
3 Я ўвесь час адчуваю віну.
6. 0 Я не адчуваю, што магу быць пакараным за нешта.
1 Я адчуваю, што магу быць пакараны.
2 Я чакаю, што магу быць пакараны.
3 Я адчуваю сябе ўжо пакараным.
7. 0 Я не расчараваўся ў сабе.
1 Я расчараваўся ў сабе.
2 Я сабе агідны.
3 Я сябе ненавіджу.
8. 0 Я ведаю, што я не горш за іншых.
1 Я крытыкую сябе за памылкі і слабасці.
2 Я ўвесь час абвінавачваю сябе за свае ўчынкі.
3 Я вінавачу сябе ва ўсім дрэнным, што адбываецца.
9 0 Я ніколі не думаў скончыць жыццё самагубствам.
1 Да мяне прыходзяць думкі скончыць жыццё самагубствам, але я не буду іх ажыццяўляць.
2 Я хацеў бы скончыць жыццё самагубствам.
3 Я б забіў сябе, калі б прадставіўся выпадак.
10. 0 Я плачу не болей, чым звычайна.
1 Зараз я плачу часцей, чым раней.
2 Цяпер я ўвесь час плачу.
3 Раней я мог плакаць, а цяпер не магу, нават калі мне хочацца.
11. 0 Зараз я раздражняльны не больш, чым звычайна.
1 Я больш лёгка раздражняюся, чым раней.
2 Цяпер я ўвесь час адчуваю, што раздражнёны.
3 Я стаў абыякавы да рэчаў, якія мяне раней раздражнялі.
12. 0 Я не страціў цікавасці да іншых людзей.
1 Я менш цікаўлюся іншымі людзьмі, чым раней.
2 Я амаль страціў цікавасць да іншых людзей.
3 Я цалкам страціў цікавасць да іншых людзей.
13. 0 Я  часам адкладаю прыняцце рашэння, як і раней.
1 Я часцей, чым раней, адкладаю прыняцце рашэння.
2 Мне цяжэй прымаць рашэнні, чым раней.
3 Я больш не магу прымаць рашэнні.
14. 0 Я не адчуваю, што выглядаю горш, чым звычайна.
1 Мяне трывожыць, што я выглядаю старым і непрывабным.
2 Я ведаю, што ў маёй знешнасці адбыліся істотныя змены, якія робяць мяне непрывабным.
3 Я ведаю, што выглядаю пачварна.
15. 0 Я магу працаваць так жа добра, як і раней.
1 Мне неабходна зрабіць дадатковае намаганне, каб пачаць рабіць што-небудзь.
2 Я з цяжкасцю прымушаю сябе рабіць што-небудзь.
3 Я зусім не магу выканаць ніякую працу.
16. 0 Я сплю так жа добра, як і раней.
1 Зараз я сплю горш, чым раней.
2 Я прачынаюся на 1-2 гадзіны раней, і мне цяжка заснуць зноў.
3 Я прачынаюся на некалькі гадзін раней, чым звычайна і больш не магу заснуць.
17. 0 Я стамляюся не болей, чым звычайна.
1 Цяпер я стамляюся хутчэй, чым раней.
2 Я стамляюся амаль ад усяго, што я раблю.
3 Я не магу нічога рабіць з-за стомы.
18. 0 Мой апетыт не горшы, чым звычайна.
1 Мой апетыт стаў горшы, чым раней.
2 Мой апетыт цяпер значна горшы.
3 У мяне наогул няма апетыту.
19. 0 У апошні час я не схуднеў або страта вагі была нязначнай.
1 За апошні час я страціў больш за 2 кг.
2 Я страціў больш за 5 кг.
3 Я страціў больш за 7 кг.
20. 0 Я турбуюся пра сваё здароўе не больш, чым звычайна.
1 Мяне трывожаць праблемы майго фізічнага здароўя, такія, як болі, расстройствы страўніка, завалы і г.д.
2 Я вельмі занепакоены сваім фізічным станам, і мне цяжка думаць пра што-небудзь іншае.
3 Я настолькі заклапочаны сваім фізічным станам, што больш ні пра што не магу думаць.
21. 0 У апошні час я не заўважаў змены сваёй цікавасці да сэксу.
1 Мяне менш займаюць праблемы сэксу, чым раней.
2 Зараз я значна менш цікаўлюся сэксуальнымі праблемамі, чым раней.
3 Я цалкам страціў сэксуальную цікавасць.

Ацэнка вынікаў

Агульны вынік вышэй за 19 балаў сведчыць аб клінічна значнай дэпрэсіі - варта пракансультавацца ў спецыяліста.

Вынік вышэйшы за 24 балы кажа пра неабходнасць тэрапіі, у тым ліку антыдэпрэсантаў.

Дэпрэсія – хвароба жанчын?

Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва больш схільныя да дэпрэсіі, чым мужчыны, і адчуваюць сімптомы гэтай хваробы ў два разы часцей.

Пераносяць дэпрэсію мужчыны і жанчыны па-рознаму. У жанчын больш выяўленыя эмацыйныя прыкметы дэпрэсіі, у мужчын – змены ў паводзінах. Яны становяцца замкнёнымі, раздражняльнымі, запальчывымі, для памяншэння сімптомаў дэпрэсіі могуць ужываць псіхаактыўныя рэчывы. Мужчынам цяжэй прызнаць тое, што ім неабходна дапамога, бо няздольнасць справіцца самастойна ўспрымаецца імі як слабасць.

Небяспечны сігнал

Дэпрэсія – гэта хвароба, якую абавязкова трэба лячыць.

Асноўныя яе сімптомы: зніжаны настрой, немагчымасць атрымліваць задавальненне, зніжэнне актыўнасці. Бывае цяжка засяродзіцца, хутка надыходзіць стомленасць нават пры нязначных намаганнях, зніжаецца самаацэнка, узнікаюць ідэі вінаватасці, парушаецца сон і апетыт.

Сімптомы дэпрэсіі

Эмацыйны бок:

  • туга, пакуты, сніжаны настрой, адчай;
  • трывога, пачуццё ўнутранага напружання;
  • раздражняльнасць, чаканне бяды, пачуццё віны, самабічаванне, незадаволенасць сабой, нізкая самаацэнка і няўпэўненасць у сваіх сілах;
  • раней любімыя заняткі не прыносяць радасці і задавальнення, няма цікавасці да таго, што адбываецца навокал.

Агульны фізіялагічны стан:

  • парушэнне сну (бессань або празмерная дрымотнасць), змена апетыту (поўная страта яго або пераяданне);
  • парушэнне функцый кішэчніка;
  • зніжэнне сэксуальнай цягі;
  • боль і разнастайныя непрыемныя адчуванні (у вобласці сэрца, страўніка, цягліцах).

Разумовая дзейнасць: 

  • цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, немагчымасць засяродзіцца, складанасць у прыняцці рашэнняў;
  • негатыўныя, змрочныя думкі пра сябе, жыццё і свет у цэлым;
  • частыя думкі пра бессэнсоўнасць усяго таго, што адбываецца вакол, песімізм, у цяжкіх выпадках – думкі пра самагубства;
  • разважанні пра ўласную бездапаможнасць і непатрэбнасць, няздольнасць хутка рэагаваць на сітуацыі, запаволенасць мыслення.

Паводзіны:

  • пасіўнасць, нежаданне мець зносіны з іншымі, адмаўленне ад забаў;
  • у некаторых выпадках – празмернае ўжыванне алкаголю, наркатычных сродкаў.

Ірына Залеская:

— Часта кажуць: «я ў дэпрэсіі». Гэта не зусім дакладна. Адрозненне «дэпрэсіі» у псіхічна здаровага чалавека ў тым, што смутак узнікае па псіхалагічна зразумелай прычыне, самаацэнка захоўваецца ранейшай, не змяняецца ўспрыманне мінулага і будучыні. Працягласць такога стану не перавышае двух тыдняў.

Дрэнны настрой пры дэпрэсіі не залежыць ад знешніх абставінаў. Чалавек з гэтай хваробай становіцца марудным або празмерна ўстрывожаным, пазбягае зносін, прапускае прыёмы ежы, губляе вагу, з цяжкасцю засынае і прачынаецца за некалькі гадзін да званка будзільніка.

Ірына Залеская:

— Інфармацыя нібы фільтруецца праз нейкае сіта і да пацыента даходзіць толькі негатыўная частка. У размове высвятляецца, што папярэдняе жыццё пражыта дрэнна і няправільна, цяпер усё непакоіць і ў будучыні чакаецца толькі горшае. У чалавека можа быць усё добра і ў сям'і, і на працы, а на душы сумна і любімыя раней заняткі не здольныя развеяць смутак.

Збоку можа быць зусім незразумела, чым выклікана такое самаадчуванне. Таму іншыя людзі часта кажуць: «Вазьмі сябе ў рукі», «Нешта ты зусім расклеіўся», а часам і ў больш жорсткай форме «Не будзь ты размазнёй». Гэтыя словы не прыносяць дапамогі або падтрымкі, а толькі кідаюць у яшчэ большы адчай: «Я не магу. Я не спраўляюся».

Ірына Залеская:

— Блізкія могуць сыграць значную ролю ў аказанні дапамогі. Важна спрыяць больш хуткаму звароту да псіхатэрапеўта або псіхіятра-нарколага. Выказвайце разуменне і спачуванне.Пазбаўце хворага ад неабходнасці прымаць важныя рашэнні, але ў той жа час даручайце яму пасільную побытавую дзейнасць. Дапамажыце падтрымліваць рацыянальны распарадак дня і паўнавартаснае харчаванне, правільна прымаць прызначаныя ўрачом лекі. Будзьце цярплівыя і гатовыя выслухаць. І, вядома, пастаянна нагадвайце, што дэпрэсія – часовы стан і абавязкова наступіць дзень, калі хвароба адступіць і радасць вернецца.

Ці можна пазбавіцца ад дэпрэсіі?

Дэпрэсія не пройдзе самастойна. Зрэшты, хвароба добра паддаецца тэрапіі. Высокі эфект дасягаецца ў 75% пацыентаў. Своечасовы зварот па дапамогу да псіхатэрапеўта або псіхіятра скарачае перыяд пакут і не дае пагаршацца сімптомам дэпрэсіі.

Ірына Залеская:

— Для лячэння дэпрэсіі выкарыстоўваюцца антыдэпрэсанты. Гэтыя лекавыя прэпараты ліквідуюць праявы дэпрэсіі з дапамогай нармалізацыі ўзроўню ўтрымання нейрамедыятараў. Усе антыдэпрэсанты падбіраюцца індывідуальна з улікам клінічнай карціны, цялеснага здароўя, узросту, ладу жыцця пацыента.

Дзеянне антыдэпрэсантаў развіваецца паступова:  

  • першыя прыкметы паляпшэння пры лячэнні гэтымі прэпаратамі з'яўляюцца не раней канца 2-га - пачатку 3-га тыдня прыёму лекавага сродку;
  • памяншэнне выяўленасці сімптомаў напалову ўзнікае да 4-6-га тыдня;
  • поўны эфект надыходзіць да 10-га тыдня прыёму.

Для замацавання эфекту неабходна прадоўжыць прыём антыдэпрэсантаў на працягу 6 месяцаў. Далей па рэкамендацыі ўрача (на падставе ацэнкі ходу захворвання пацыента) можа праводзіцца падтрымліваючае лячэнне.

Ірына Залеская:

— Роля псіхатэрапіі ў лячэнні дэпрэсіі залежыць ад ступені цяжкасці дэпрэсіўнага расстройства: чым яно лягчэйшае, тым больш мэтазгоднай і больш эфектыўнай будзе псіхатэрапія. Лепшы тэрапеўтычны эфект дае спалучэнне медыкаментознага лячэння і псіхатэрапіі.

Несумненна, свой значны ўклад у лячэнне дэпрэсіі ўносіць і сам пацыент. Спецыялісты раяць падрабязна распавядаць урачу аб сваім стане, фіксаваць змены цялеснага і духоўнага стану ў дзённіку, уключаць у распарадак фізічную актыўнасць, скіроўваць сябе на пазітыў, карыстацца падтрымкай сям'і і сяброў. Важна строга прытрымлівацца падабранага ўрачом лячэння і хвароба адступіць. 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».