Дуб — самае шанаванае дрэва ў міфалагічнай і культурнай спадчыне беларускага народу. Ён сімвалізаваў моц, мужнасць і стойкасць, таму ўяўляўся нашым продкам своеасаблівай сусветнай воссю, вакол якой рухаецца не толькі Зямля, але і ўвесь Сусвет, стаўся сімвалам неўміручасці і даўгалецця.
Дзе Каралеўская дубрава?
Нашыя продкі заўсёды ўшаноўвалі дубы. Відаць з-за таго, што гэтыя дрэвы жывуць вельмі доўга і з’яўляюцца галоўнымі асілкамі ў лесе, дуб лічылі сімвалам вечнага жыцця. Паводле міфалагічных уяўленняў, ён звычайна звязваўся з нейкім мужчынскім боствам. У асноўным, з богам навальніцы і маланкі Перуном. Каля дубоў і ў дубовых гаях здзяйснялі розныя рэлігійныя абрады, складалі ахвяры. Асабліва шанавалі дрэвы, спаленыя маланкай: на іх месцах узводзілі капішчы, дзе гарэў "вечны" агонь з дубовага дрэва — “зніч”. “Жывы” рытуальны агонь таксама здабывалі з дуба шляхам трэння кавалкаў драўніны. Асабліва шанаваліся дубы каля крыніц, валуноў і пры зліцці рэк.
На тэрыторыі Беларусі захаваліся такія назвы дубоў, як Дуб-Волат, Цар-дуб, Святы дуб, Дуб Вітаўта. Каля пасёлка Першамайскі ў Шчучынскім раёне Гродзеншчыны ёсць Каралеўская дубрава, каля Турава — Княжая дубрава, каля г.п. Васілевічы ў Рэчыцкім раёне Гомельшчыны — Залатая дубрава і інш.

Мужчынскі пачатак
Дуб сімвалізаваў сілу, моц і мужчынскі пачатак. Каб нованароджаны хлопчык быў моцным як дуб, яго пупавіну адразалі на дубовай дошцы або на тапарышчы, каб моцна трымаў сякеру і быў спрытным працаўніком. Ваду пасля купання нованароджанага хлопчыка вылівалі пад дуб. Малому тлумачылі яго з'яўленне на свет так: “Ты на дубочку сядзеў”. Таму жыццё дзіцяці залежала ад жыццёвай сілы пасаджанага дуба — на Палессі часта пры нараджэнні дзіцяці саджалі ў лесе малады дубок. Але толькі не каля дома, бо паводле павер’я дрэва “выжывала” з дому мужчын.
Гаючыя і ахоўныя ўласцівасці
Дуб ушаноўваюць не толькі за моц і прыгажосць, але і за гаючыя ўласцівасці. Напрыклад, кару дуба нашы продкі прыкладалі да хворага месца. Сёння гэтая кара ўваходзіць у склад розных лячэбных збораў і дапамагае ў тэрапіі розных захворванняў скуры і ўнутраных органаў. У ёй знойдзена мноства ўнікальных біялагічна актыўных рэчываў: флаваноідаў, бялкоў, крухмалу, што стымулюць працэс рэгенерацыі клетак і тканак. Яна валодае гаючым эфектам, стымулюе працэсы аднаўлення слізістых і зніжае запаленчы працэс.
І сам дуб — магутны донар лячэбнай энергіі, таму невыпадкова яго шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Каб пазбавіць дзіця ад такіх цяжкіх хвароб, як эпілепсія, рахіт, малярыя, бессань, яго “прапускалі праз дуб” — адтуліну ў дрэве, якая ўтварылася пасля ўдару маланкі. Потым расколатае дрэва моцна звязвалі. Дуб паступова зрастаўся — дзіця дзень за днём набірала сілу. Так, каля вёскі Упірэвічы Барысаўскага раёна Мінскай вобласці праз дупло дуба працягвалі хворых дзяцей. Пры гэтым іх распраналі, адзенне спальвалі, а потым апраналі ва ўсё новае.

Але так лячылі не толькі дзяцей, але і дарослых. Хворага распраналі, працягвалі праз дупло і апраналі ў новае, ці проста ў чыстае адзенне. Да нашых дзён у шматлікіх месцах захавалася традыцыя вешаць на галіны дубоў ручнікі і стужкі, а побач з дрэвам пакідаць кавалачкі хлеба. Гэтак нашы продкі дзякавалі за пазбаўленне ад хвароб. Прыкладам, каля вёскі Паромец Вілейскага раёна Мінскай вобласці, каля ракі Нарачанка, яшчэ нядаўна на дуб вешалі ручнікі, стужкі, а побач клалі хлеб. Раней каля дуба стаяў крыж і праходзілі маленні.
У другой палове 19 стагоддзя на Палессі быў шырока вядомы Яўгенін Дуб, які рос на кургане пры ўпадзенні ракі Ствігі ў Прыпяць. Паводле падання, у гэтым кургане была пахаваная княгіня Яўгенія. Лічылася, што пакуль расце дуб, то не будзе эпідэміі на скаціну. А на захадзе Беларусі раней, калі набліжалася пошасць ці сухмень, то ў лесе высякалі малады дубок, упрагалі ў яго хлопца і такім чынам абворвалі вёску, а потым з дуба рабілі ахоўны крыж і ставілі пры ўездзе ў вёску.
Ахвяраванні ў падзяку
Ахвяры клалі і ў дупло. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў глухім лесе на беразе ракі Поні на тэрыторыі былога Барысаўскага павета ў дупле старога дуба сяляне знайшлі два невялікія паганскія ідалы — адзін са срэбра, а другі бронзавы. Крыху пазней на гары паблізу в. Лук'янаўка Добрушскага р-на Гомельшчыны пад старым дубовым пнём знайшлі злітак срэбра вагой 2 кг.
У 1945 годзе ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны у вёсцы Дзяржынск, якая раней мела назву Радзілавічы, здарылася эпідэмія тыфу. Туды з Турава накіравалі групу медыкаў. Каля вёскі быў вялікі стары дуб, абвешаны стужкамі і ручнікамі. Ён лічыўся ахоўнікам вёскі. Жыхары не пускалі медыкаў у вёску і патрабавалі, каб тыя пакланіліся дрэву і паднеслі яму ахвяраванні. Інакш пагражалі гвалтам. Прыйшлося, нават і партыйным, пакланіцца народнаму ахоўніку.

Пабрацца шлюбам і зацяжарыць
У многіх месцах лічылі, што дастаткова схіліцца перад дубам, крыху пастаяць каля яго і сказаць: «Дуб! Дубочак! Дай мне сілы!». Каб спіна была моцнай, існаваў звычай пры першым громе або пры з’яўленні першай вясновай птушкі церціся спінай аб дуб. А каб спіна не балела падчас жніва, затыкалі за пояс дубовую галінку. Таксама каля дубоў загадвалі жаданні. Зусім нядаўна ў вёсцы Чаша Клецкага раёна Мінскай вобласці лічылі, што ад іх дуба (на жаль, ён загінуў у 2016 годзе) можна было наталіцца станоўчай энергіяй. Для гэтага варта было босым пастаяць каля дрэва. Калі дзяўчына хацела хутчэй пабрацца шлюбам, то павінна была дакрануцца да кары дуба і на працягу года ён выдаваў яе замуж. Многія маладыя людзі менавіта каля гэтага дуба імкнуліся зрабіць дзяўчыне прапанову. А калі жанчына хацела мець шмат дзяцей, то дастаткова было толькі дакрануцца да дрэва.
Дарэчы, на ўскрайку вёсцы Каменка, што за чатырнаццаць кіламетраў ад Навагрудка, на лузе расце дуб, які “дае” дзяцей. Побач з ім пашарпаны часам шэры драўляны крыж. Так мясцовыя жыхары абазначылі святое месца. Адметнасць дрэва ў тым, што ў яго ёсць наросты на кары, якія паўтараюць пэўныя мужчынскія формы. Жанчына, якая хоча мець дзяцей, або не можа па нейкай прычыне зацяжарыць, павінна пацерці адростак рукамі. І ў хуткім часе, як кажуць мясцовыя, у яе сям’ю прыйдзе папаўненне.

Дуб Волат на Мінскім капішчы
Яшчэ на пачатку 20 стагоддзя ў Мінску на беразе Свіслачы, насупраць сённяшняга стадыёна Дынама, на Лодачнай вуліцы існавала язычніцкае капішча, дзе рос дуб Волат. Людзі з малітвамі хадзілі ў храмы, але лячыцца ішлі на капішча, якое ў сярэдзіне 19 стагоддзя яшчэ дакладна функцыянавала. Святарамі на гэтым святым месцы былі бацька і сын, абодва Савасцеі. Дубу ахвяравалі ручнікі, вышытыя сваімі рукамі. Для лячэння бясплоддзя ручнікі вешалі на дуб на 33 дні.

Лекавым быў не толькі сам дуб, але і жалуды з яго. Адзін жолуд каштаваў у бацькі і сына Севасцеяў адно курынае яйка. Жыхары Лодачнай вуліцы ўспаміналі, што аднойчы Савасцей Старэйшы замест жалудоў са Святога дуба, даў жалуды з іншага дуба, які рос за агароджай малельні, і людзі нават пабілі святара. Такой вялікай была вера ў лекавую сілу жалудоў з дуба на мінскім капішчы.
Таму не здзіўляюць і некаторыя павер’і, звязаныя ўвогуле з жалудамі. Напрыклад, калі бясплодная пара знайшла здвоены жолуд, то хутка ў сям'і чакаецца папаўненне. А калі выпадкова выявіць плод дуба каля дома — гэта да здабыцця сямейнага шчасця і дабрабыту, раздушыць каля ўваходу — да страт і смутку.
Святыя дубы ў наш час
Шмат звестак пра тое, што пакланенне дубам працягваецца па сёння. Так, Святы дуб паміж вёскамі Гнезна і Касцевічы ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці і сёння "лечыць" розныя хваробы. Паводле легенды, некалі на дрэве аб'явіўся абраз. Каля дрэва стаіць металічны крыж. З дуба саскрабаюць кару і ўжываюць у якасці лекаў.
Гэта і Заручальны дуб у Лошыцкім парку на паўднёвай ускраіне Мінска.

Ён знаходзіцца на крутым беразе пры ўпадзенні ракі Лошыцы ў раку Свіслач. Паводле легенды, князь Друцкі ў 1580 годзе ў гонар заручын сваёй дачкі пасадзіў тры дубы: адзін, каб маладыя любілі адзін аднаго, другі, каб былі здаровымі яны і іх нашчадкі, а трэці, каб ва ўсім спадарожнічаў поспех. Да нашых дзён захаваўся адзін дуб, які нібыта валодае магічнай сілай. Ён дае людзям каханне, здароўе і натхняе на творчасць. Для гэтага да дуба трэба падысці басанож і пакланіцца да самай зямлі. Толькі, на жаль, у 2010 годзе маланка дабіла апошняга з волатаў. Дуб страціў вонкавую прыгажосць, але, як кажуць, не пазбавіўся сілы — можна прыязджаць і прасіць здзяйснення жаданняў…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by
