«Маё дзіця адсадзілі на заднюю парту і не звяртаюць на яго ўвагі на занятках», «Сына выганяюць за дзверы падчас урокаў ні за што». «Кожную раніцу ў дзіцяці істэрыка перад школай, ён не хоча туды ісці», «У маёй дачкі зусім няма сяброў, яна замкнулася ў сабе, сэрца баліць глядзець на гэта»... Такімі гісторыямі беларускіх бацькоў мільгаюць каментары пад допісамі пра дыслексію. Для таго, каб школьнае жыццё маленькага чалавечка не пераўтварылася ў пекла, бацькам неабходна рыхтавацца да школьных будняў загадзя, старанна падбіраючы настаўніка (на вакацыях – самы час). Як гэта зрабіць, распавяла Ганна Давідовіч, клінічны псіхолаг, спецыяліст у галіне нейрапсіхалогіі, кандыдат псіхалагічных навук. Анлайн-лекцыю арганізавала ініцыятыва Dyslexia Belarus.
Што такое дыслексія?
Дыслексія – распаўсюджаная праблема навучання, у свеце ад яе пакутуе ў той ці іншай форме кожны 10-ы чалавек. Выяўляецца яна спецыфічным расстройствам чытання, пры якім церпіць і ўспрыманне інфармацыі. 90% дзяцей пры ранняй дыягностыцы і своечасовай карэкцыі могуць працягваць навучанне ў звычайным асяроддзі.
Дыслексія і падобныя дыягназы не звязаныя з узроўнем інтэлекту, гэта асаблівасць нейрафізіялагічнага развіцця. Дзеці-дыслексікі апісваюць, што літары перад імі літаральна «скачуць» на радках, куляюцца, раскладваюцца ў розныя камбінацыі. Зразумець напісанае надзвычай складана. Менавіта таму дыслексік не можа хутка чытаць і зразумець прачытанае. Гэта выклікае кпіны ў аднакласнікаў, прыводзіць да сацыяльнай ізаляцыі дзіцяці...
Акрамя таго, дыслексікі часта дрэнна арыентуюцца ў прасторы, у іх парушаная каардынацыя рухаў (няўклюдныя), маюць праблемы з падтрыманнем увагі. «Лунае ў аблоках» на ўроку – гэта пра іх.
Нягледзячы на такія відавочныя цяжкасці, дыслексікаў часта адрознівае нестандартны падыход да вырашэння сітуацый. А сярод людзей, якія пакутавалі ад такой праблемы, шмат па-сапраўднаму таленавітых. Уолт Дысней, Агата Крысці, Том Круз, Квенцін Таранціна, Ганс Хрысціян Андэрсан, Біл Гейтс. Усе гэтыя людзі дасягнулі поспеху насуперак складанасцям з навучаннем!
Як наладзіць школьнае жыццё дзіцяці з дыслексіяй?
Шмат у чым лёс такіх дзяцей залежыць ад стаўлення і паводзінаў бацькоў. Што ж раіць мамам і татам такіх дзяцей псіхолаг?
- Прыняць сваё дзіця.
- Адмовіцца ад грамадскіх стэрэатыпаў.
- Знайсці свайго настаўніка.
- Быць актыўнымі бацькамі.
- Знайсці моцны бок дзіцяці.
- Дапамагчы дзіцяці завесці сяброў.
- Быць у супрацоўніцтве са школай.
- Падключыць тату.
- Не ціснуць на настаўніка крытыкай і парадамі.
- Ствараць дзіцяці камфортную абстаноўку дома.
Дыслексія робіцца частай праблемай ва ўсім свеце. Распаўсюджванне інфармацыі пра асаблівасці навучання і ўзаемадзеяння з такімі дзецьмі – важны крок дапамогі і бацькам, і педагогам. А галоўнае – самім дзецям, якія атрымліваюць шанц на шчаслівае дзяцінства без ярлыкоў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by