08.05.2019
08.05.2019

Дзень памяці, дзень слёз, дзень успамінаў...

logo
Думкі ўслых
0 80
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У далёкім савецкім дзяцінстве Дзень Перамогі асабіста для мяне быў урачыстасцю. Сапраўдным святам. Бестурботным, цікавым, светлым. Не абцяжараным ніякімі разважаннямі, хто вінаваты ў той вайне, хто правы і чаму такія ахвяры. Тагачасных школьнікаў вучылі радавацца блакітнаму небу, сонцу, якое для нас заваявалі цаною сваіх жыццяў продкі... І мы радаваліся...

Дзень Перамогі. Дзень памяці. Святкаванні.

Пасталеўшы, я больш глыбока пачала цікавіцца гісторыяй, якую многія падаюць так неадназначна... І свята ўжо змяніла сваё адценне, сваю танальнасць для мяне. Яшчэ не мінорнае, але ўжо і не мажорнае...

А літаральна гадоў 9-10 таму яно набыло настолькі асабістае гучанне! І зараз для мяне яно сапраўды са слязьмі на вачах. Штогод. Плачу па ўсіх загінулых і па майму дзеду Івану, якога я ніколі не бачыла... Толькі на адным маленечкім фотаздымку, які цудам захаваўся ў сям’і.

А ён ніколі не бачыў сваю дачушку Ніначку, маю маму, якая нарадзілася пасля яго адыходу на фронт. І яна ніколі не бачыла свайго тату...

Здаецца, столькі дзесяцігоддзяў прайшло з таго часу, як наш дарагі чалавек пайшоў у нябыт. Але з кожным годам я прыгадваю яго ўсё часцей і часцей. Мабыць, з узростам голас крыві, сувязь з продкамі сапраўды ўзмацняюцца. Асабліва ў гэтыя майскія дні.

У аўторак была Радаўніца. Пад праліўным дажджом мы наведалі пахаванне бабулі і яе старэйшага сына Васіля. Паставілі ля іх помнікаў жывыя цюльпаны. Сапраўды, не захацелася сёлета штучных кветак. Можа, таму, што так шмат пра гэта апошнім часам пішуць. А можа, проста надакучыла бачыць іх вакол ужо колькі тыдняў запар. У Мінску іх прадаюць, здаецца, усюды! І штодня па дарозе на працу і дахаты ты бачыш гэтыя кветкі. Нежывыя...

Мы ішлі да могілак, а ў мяне перад вачыма ўвесь час стаяць іншыя. Вось ужо 8 з паловай гадоў. Вайсковыя могілкі ў літоўскай Седзе, дзе ў адной з брацкіх магіл знайшоў супакаенне і мой дзед Іван – 29.10.1944 года.

Дзень Перамогі. Дзень памяці.

Як доўга і беспаспяхова 10 гадоў таму я шукала яго магілу з дапамогай сеціва і неабыякавых людзей усіх нацыянальнасцяў! Бо пахаванка, як і ліст дзеда са шпіталя, была страчаная... І праз амаль год напружаных пошукаў я практычна змірылася з думкай, што дзед Іван дзесьці, безыменны, ніколі не дачакаецца родзічаў. Але цуды сапраўды здараюцца. І ўвосень 2010-га я прыехала ў Седу...

Якое шчасце, што магілы захаваліся! Што там замянілі надмагільныя пліты. Што могілкі не руйнуюць, а даглядаюць, прыбіраюць, высаджваюць кветкі.

Я не магу нават апісаць словамі, што адчула, калі ўкленчыла ля месца апошняга супакаення дарагога чалавека. Паспела толькі сказаць: «Прывітанне, дзед! Ну вось мы і сустрэліся...» І зайшлася ў плачы...

Дзень Перамогі. Дзень памяці. Могілкі ў літоўскай Седзе.

Літоўцы Альгірдас і Рымантас Калакаўскасы, якія дапамагалі мне ў гэтай вандроўцы памяці, далікатна адышліся і не заміналі гараваць. І я вельмі ім удзячна за ўсё! Гэтак жа, як і мужу іх сястры Аляксандру Навічэнку, які, уласна кажучы, і быў тым даследчыкам, хто першым адгукнуўся ў сеціве на адным з форумаў і дапамагаў мне ў пошуках увесь час. Як завочна, так і з выездам на месцы, з роспытам старажылаў...

Як і жыхару Вільнюса Уладзілену Мардвінаву, з якім проста цудам перасякліся на тым форуме. І ён сказаў, дзе знаходзіцца магіла майго дзеда Івана. Бо некалькі гадоў таму... сваімі рукамі набіваў яго прозвішча на надмагіллі!!! Ну, хіба гэта не цуд?! Удзячна я і іншым удзельнікам форуму пошукавых рухаў, якія таксама дапамагалі мне па меры сіл... Якую справу робяць усе гэтыя людзі, вяртаючы імёны з небыцця і даючы магчымасць блізкім даведацца пра месцы пахаванняў іх родзічаў! Паклон ім нізкі!!!

Дзень памяці. Пахаванне савецкіх салдат у літоўскай Седзе.

У тую вандроўку я брала крыху зямлі з магілы бабулі. Пасыпала яе на магіле дзеда Івана. А адтуль узяла крыху зямлі для магіл яго жонкі і старэйшага сына... Няхай хаця б у нябыце яны паяднаюцца...

Вядома, у многіх, вельмі многіх сваё ўспрыманне Дня Перамогі. Але якім бы чынам мы да яго ні ставіліся, яднаюць нас усіх памяць, удзячнасць, успаміны. Таму – са святам! З Днём Перамогі!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 80

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".