Неабходна памятаць, што пры ўзнікненні ў дзіцяці сімптомаў віруснай інфекцыі бацькі павінны абавязкова выклікаць урача дахаты.
Фактары рызыкі цяжкага цячэння захворвання ў дзяцей:
- неспрыяльны прэмарбідны фон (захворванні лёгкіх, прыроджаныя парокі сэрца, бронхалёгачная дысплазія, хвароба Кавасакі);
- імунадэфіцытныя станы любой прыроды;
- спалучэнне з рэспіраторна-сінціцыяльнай інфекцыяй.
Рызыка заражэння новай каранавіруснай інфекцыяй і яе цячэнне ў дзіцяці з цукровым дыябетам 1-га тыпу такія ж, як у астатніх дзяцей. Асноўнае заражэнне дзяцей адбываецца ў сямейных ачагах або арганізаваных дзіцячых установах.
Як прадухіліць інфекцыю:
- асабістая гігіена: частае мыццё рук з мылам і вадой не менш за 20 секунд або выкарыстанне спіртавых сурвэтак;
- захаванне сацыяльнай дыстанцыі ў 1,5 метра;
- абавязкова выкарыстоўваць сурвэтку пры кашлі і чханні;
- пазбягаць кантакту з хворымі людзьмі і не чапаць іх рэчы;
- не дакранацца рукамі да свайго твару (рота, носа, вачэй);
- частая дэзінфекцыя паверхняў, у т.л. старанная апрацоўка сродкаў самакантролю і ўвядзення інсуліну (глюкометр, ланцэт, тэст-палоскі, шпрыц-ручкі, шпрыцы інсулінавыя) антысептыкамі.
Ці варта дзіцяці з цукровым дыябетам наведваць школу?
Пытанне неадназначнае, і вырашацца яно павінна канкрэтна для кожнага пацыента. З аднаго боку, неабходна прытрымлівацца агульных рэкамендацый для дзяцей. З іншага – неабходны індывідуальны падыход з улікам ступені кампенсацыі асноўнага захворвання ў дзіцяці. І, пры неабходнасці, лепей арганізаваць дыстанцыйнае навучанне.
Зараз дадзеных пра ўплыў COVID-19 на цячэнне дзіцячага цукровага дыябету недастаткова. З улікам вялікай долі бессімптомнага або лёгкага цячэння захворвання дзеці разглядаюцца як магчымыя крыніцы інфекцыі. З іншага боку, цукровы дыябет 1-га тыпу вызначаны як фактар рызыкі больш цяжкага цячэння захворвання і неабходнасці інтэнсіўнай тэрапіі. Тканка падстраўнікавай залозы ў дзіцяці з’яўляецца патэнцыяльнай мішэнню віруснай інфекцыі, якая прыводзіць да парушэнняў метабалізму глюкозы.
Дадзеныя шэрагу эксперыментальных работ паказалі, што павышаны ўзровень глюкозы крыві можа ўзмацняць рэплікацыю віруса ў арганізме і з’яўляцца фактарам падаўлення супрацьвіруснага імуннага адказу. Працяглая гіперглікемія ўплывае на функцыю лёгкіх з развіццём рэспіраторнай дысфункцыі і можа выклікаць вострыя ўскладненні дыябету (дыябетычны кетаацыдоз, гіперасмалярная кома).
Як кантраляваць у дзіцяці цукровы дыябет пры COVID-19
1.Пры наяўнасці прыкметаў прастуды абавязкова выклікаць урача дахаты.
2.Неабходнае захаванне пасцельнага рэжыму. Спажыванне дастатковай колькасці вадкасці.
3.Для зніжэння тэмпературы можна выкарыстоўваць парацэтамол (прэпарат выбару) у дозе 10-15 мг/кг (не больш за 60 мг/суткі).
4.Самакантроль глюкозы крыві на фоне прыёму парацэтамолу варта праводзіць з выкарыстаннем капілярных метадаў (глюкометры) з-за магчымых хібнасцяў пры ўжыванні сістэмаў працяглага маніторынгу глікеміі.
5.Павялічыць частату вызначэння глюкозы ў крыві і кетонаў (крыві або мачы). Варта кантраляваць глюкозу крыві кожныя 3-4 гадзіны, уключаючы начны час, часам кожныя 1-2 гадзіны.
6.Мэтавыя ўзроўні глюкозы крыві рэкамендуюцца ў дыяпазоне ад 4 да 10 ммоль/л, а кетонаў у крыві – ніжэй за 0,6 ммоль/л.
7.Ніколі не спыняць увядзенне інсуліну! Рэгуляванне дозы інсуліну (дадатковыя дозы падчас хваробы) і іншыя змены ў прыёме інсуліну павінны праводзіцца ў залежнасці ад вынікаў кантролю ўзроўняў глюкозы крыві.
8.Нярэдка на працягу некалькіх дзён перад развіццём захворвання (інкубацыйны перыяд) і пасля выздараўлення можа павышацца патрэба ў дозе інсуліну з прычыны інсулінарэзістэнтнасці (зніжэнні адчувальнасці да інсуліну).
9.Тэрміновая кансультацыя спецыяліста (эндакрынолага) з абавязковай шпіталізацыяй неабходная пры працяглай ліхаманцы або ванітах і/або пры страце масы цела, што кажа пра абязводжванне; паху ацэтону і захаванні або павышэнні кетонаў крыві, нягледзячы на ўвядзенне дадатковых дозаў інсуліну і вадкасці; парушэнні свядомасці; абцяжараным дыханні; пры выяўленым болю ў жываце.
Іншыя рэкамендацыі
1.Калі рэкамендавалі ізалявацца, трэба абавязкова застацца дома. Гэта можа папярэдзіць і спыніць распаўсюджанне віруса.
2.Заўсёды старайцеся трымаць глюкозу крыві ў дзіцяці ў мэтавым дыяпазоне.
3.Пераканайцеся, што ў дзіцяці ёсць у дастатковай колькасці хуткія вугляводы для гіпаглікеміі і ўсё неабходнае для лячэння (інсуліны) і кантролю цукровага дыябету (тэст-палоскі, сэнсары, ланцэты, іголкі, расходныя матэрыялы да помпы і г.д.), хаця б на бліжэйшы месяц.
4.Старайцеся, каб дзіця правільна і паўнавартасна харчавалася.
5.Забяспечце дзіцяці штодзённыя заняткі фізічнымі практыкаваннямі ў хатніх умовах і кантралюйце іх выкананне.
6.Сачыце за псіхалагічным станам дзіцяці і ўсіх членаў сям’і. Старайцеся думаць пазітыўна!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by