05.06.2020
05.06.2020

Дзяды ці Бабы… Зноў – Дзяды… І Тройца

logo
Беларускі код
0 101
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дзе ў пятніцу, дзе – у суботу, а дзе і два дні запар перад Тройцай (у некаторых мясцовасцях – і на яе) прыгадваюць памерлых продкаў. Па народным календары сёння, у пятніцу перад Тройцай (рухомае свята, сёлета прыпадае на 7 чэрвеня), адзначаюцца Сёмушныя (Сёмушныя Сярэднія, Траецкія) Дзяды. Субота перад Тройцай носіць назоў Духавая (Зялёная) субота, у праваслаўных – Траецкая Бацькоўская субота. Як і восеньскія, гэтыя Дзяды маюць у народзе асаблівае, сакральнае значэнне.

Траецкія Дзяды. Звычаі і абрады.

І хаця «дзядамі» на Беларусі называюць усіх памерлых продкаў, у некаторых мясцовасцях адзначаюцца не толькі Траецкія Дзяды, але і Бабы. Якраз у пятніцу. Але ў які б дзень мы ні сабралася наведаць і памянуць нашых дарагіх памерлых, галоўнае – зрабіць гэта. Каб захаваць і працягнуць памяць роду. Альбо проста аплакаць тых, каго нядаўна страцілі…

Увесь цыкл святкаванняў на Тройцу (Сёмуху) ў народзе лічыцца жаночым. А яшчэ ён атаясамліваецца з культам зеляніны і пераклікаецца з паганствам (язычніцтвам).

Але калі на Тройцу ўпрыгожвалі храмы, хаты, гаспадарчыя пабудовы зелёнымі галінкамі, дык падчас наведвання продкаў існаваў звычай месці магілы бярозавымі венікамі.

Паколькі Тройца можа адзначацца як у маі, так і ў чэрвені, яна лічылася ў нашых продкаў своеасаблівай сувяззю паміж вясновым і летнім цыкламі, гаспадарчымі сезонамі ў земляробчым календары. А яшчэ даўней верылі, што з вясной ажываюць і душы памерлых, выходзяць на белы свет…

Траецкія Дзяды. Магілы абмятаюць бярозавым венікам.

Вось таму і абмяталі магілы на Тройцу бярозавымі галінкамі – у знак таго, што вясна прыйшла ўжо. Час абуджацца. І яшчэ гэта тлумачылася як просьба аб дапамозе жывым, у тым ліку і ў вырошчванні добрага ўраджаю. І было своеасаблівай сувяззю паміж светам жывых і спачылых.

А ў іншым традыцыі святкавання Траецкіх Дзядоў не адрозніваліся ад восеньскіх. Гатавалі абрадавую ежу, спецыяльнымі словамі-заклікамі-зваротамі запрашалі і праводзілі продкаў, пакідалі ім на ноч частаванне на стале…  Прыгадвалі добрым словам, прасілі абараніць і паспрыяць… Размова за сталом павінна была весціся толькі аб памерлых. Калі праваслаўныя паміналі іх у пятніцу (жанчын, «бабаў»), дык гатавалі посныя стравы. А ў суботу ўжо – скаромныя. У слыннага беларускага творцы Рыгора Барадуліна ёсць верш «Траецкія Дзяды».

Траецкія Дзяды. Рыгор Барадулін.

У хаце дыхае аерам, маем.

Схаваўшы цень свой пад крысо,

Дзяды

Траецкія прыйшлі.

Мы іх прымаем,

Чым маем:

– Хоць спачніце ад хады!

Маўчаць Дзяды,

Маўчаць, як аблачыны,

Што мусілі праліцца цішынёй.

I прыцемкаў забытых

Пух качыны

Змятаецца нябеснай даланёй.

Траецкі дождж

Паволі любіць ліцца,

Чакаў,

Калі прыйшла пара касіць.

Стараецца дарэмна бліскавіца

Сама сябе за локаць укусіць...

Даўно ўжо гісторыяй сталася мая сустрэча з дзядзькам Рыгорам у нашым Чэрвені… І інтэрв’ю-не інтэрв’ю – сапраўдная нязмушаная сяброўская гутарка. Гэта ён навучыў мяне не пужацца супадзення – пятніца, 13-га… І Рыгора Іванавіча я таксама прыгадваю часта з вялікай удзячнасцю за стасункі…  Ну, а наперадзе ў нас – сама зялёная Тройца (Сёмуха). Але пра яе – наступным разам. Назапашвайце сёння-заўтра зялёныя галінкі, сябры, каб упрыгожыць сваё жытло «маем»…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 101

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".