06.03.2020
06.03.2020

Дзякуем – і ловім… шчасце! :)

logo
Думкі ўслых
0 94
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як часта мы камусьці дзякуем? Не за штосьці такое… маштабнае, а за абсалютна звычайныя, будзённыя нават справы, толькі зробленыя кімсьці для нас? За смачна прыгатаваную ежу? Папрасаваную кашулю? За вечаровую гарбату, пададзеную ў той момант, калі пасля працоўнага дня зусім без сіл?

Прыемныя думкі

А як часта мы ўспрымаем праяўленні дабрыні і шчодрасці душы як тое, што належыць нам па праву? І камусьці нават у галаву не прыйдзе за гэта падзякаваць…

Як колішняя настаўніца (ў тым ліку і пачатковых класаў, не толькі беларускай мовы і літаратуры) магу сказаць дакладна: пачуццё ўдзячнасці сапраўды фарміруецца ў дзяцей пераважна ў сям’і. Школа, вядома ж, удзельнічае таксама, але калі дома «дзякую!» гучыць дужа рэдка… Адкуль гэтая прывычка возьмецца ў дзіцяці?!

З уласнага вопыту таксама магу сказаць. Сябе я памятаю гадоў з 4-5. Не магу прыгадаць дакладна, якім чынам бацькі выхоўвалі нас са старэйшым братам, але падзякаваць, пачаставаць і падзяліцца – гэта мы засвоілі з самага ранняга дзяцінства. І карыстаемся ўсё жыццё.

Дзеці разам ядуць цукеркі

А чаму я ўвогуле пра ўменне дзякаваць раптам прыгадала? Ды, аказваецца, існуюць навукова пацверджаныя факты, якія сведчаць: пачуццё ўдзячнасці дапамагае ўсвядоміць добрае ва ўласным жыцці, пераадолець дэпрэсію, а значыць, адчуць сябе больш здаровым, і… шчаслівым! На 25 % – больш!

Праўда, не ведаю, якім чынам шчасце вымяраецца ў працэнтах. Але паверу, што хтосьці можа гэта падлічыць.

Памятаю, як у сваёй журналісцкай практыцы падчас правядзення інтэрв’ю даволі часта задавала пытанне: «А вы шчаслівы чалавек?!» І найбольш атрымлівала станоўчых адказаў. Але калі прасіла расшыфраваць, што ўваходзіць у паняцце шчасця… Людзі часцяком губляліся.

 пытанне пра шчасце

З цягам часу гэтае пытанне практычна знікла з майго апытальнага ліста. Чаму? Бо я ўсвядоміла, што сама не змагла б пэўна адказаць на яго.

А што для вас шчасце, шаноўныя сябры? Калі, у які момант вы адчуваеце сябе шчаслівымі? А можаце вызначыць сілу свайго адчування? Шчасце ў вас –  на 5%, 25% ці 100%?

Памятаеце добры савецкі фільм «Закаханы па ўласным жаданні» з Алегам Янкоўскім? Там яго героі даказваюць, што закахацца па ўласным жаданні можна, калі працаваць над гэтым. А ці можна такім жа чынам зрабіцца больш шчаслівым? Выклікаць для сябе адчуванне шчасця? Наконт усяго гэтага – не ведаю, а вось пра тое, як часцей дзякаваць – прачытала.

А вы шчаслівы чалавек?!

Па-першае, трэба знайсці час, каб падумаць хаця б некалькі хвілін пра таго, хто дапамагае вам у штодзённым жыцці. Часцяком, як казала ўжо, робячы быццам бы дробязямі ваша жыццё больш прыемным і камфортным.

Хто гэта? Мама ці тата? Муж ці жонка? Дзеці ці ўнукі? Сусед, які ніколі не забудзецца сказаць ранішні камплімент, пасля чаго вы адчуваеце сябе «самай абаяльнай і прывабнай»? Незнаёмец, што проста так дапаможа на дарозе, калі машына заглохла? Чалавек, які прытрымае дзеры ў метро, а не прыб’е імі?

Вось за прытрымліванне дзвярэй вы дзякуеце?! Ці лічыце, што калі на дзвярах вісіць таблічка з просьбай іх прытрымліваць, дык гэта ўсе проста абавязаныя рабіць і дзякаваць тут няма за што?! А робяць?! Ну, вядома ж, не.

 Клапатлівыя паводзіны.

А зараз, калі вакол віруюць самыя неверагодныя чуткі пра каранавірус, некаторыя альбо робяць гэта локцем, альбо запясцем, абароненым вопраткай, толькі не голай рукой. Альбо… не робяць зусім. І ляцяць тыя дзверы проста ў твар! Толькі паспявай падставіць сваю руку… У пальчатцы.

Я заўсёды дзякую, калі мне ў метро прытрымліваюць дзверы. І калі чакаюць некалькі секунд, пакуль пераадолееш адлегласць у пяць-сем крокаў. І мне дзякуюць таксама, калі раблю гэтак жа. Не ведаю, ці ёсць у гэтым хаця б 1% шчасця, але… Прыемна!

Што яшчэ дапаможа быць больш удзячным?! Спецыялісты сцвярджаюць: прагулкі на прыродзе. Асабліва, калі застаешся з ёй сам-насам. Ідзеш па лесе, удыхаеш гаючы хваёвы водар. А-а-а-а-а!!! Вось яно – адчуванне шчасця! Калі і не на 100%, дык на 80% – дакладна. Прыродзе таксама ёсць за што падзякаваць, праўда?!

Шчасце. Лес. Яднанне з прыродай.

А ці чулі вы меркаванне, што падарункі, бывае, рабіць нават больш прыемна, чым атрымліваць самому? А што папяровыя лісты (ў тыя часы, калі іх было мора і без альтэрнатывы) таксама прыемней пісаць, чым атрымліваць? Ведаю з уласнага вопыту. Бо я – той чалавек, які любіць рабіць штосьці добрае для іншых. Але атрымліваць, вядома ж, таксама вельмі прыемна. Толькі першага часцяком – больш.

І, нарэшце, нам часцей трэба дзякаваць... Богу, Сусвету, якойсьці вышэйшай сіле – гэта ўжо хто што ці каго для сябе выбірае. За тое, што мы проста –  ёсць. Штодня.

Шчасце

А вы сёння падзякавалі ўжо камусьці?! Шчасця вам! Плюс 25%! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 94

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".