07.05.2021
07.05.2021

Энергетычныя напоі. Бомба запаволенага дзеяння

logo
Здаровы лад жыцця
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У аўтобусе размаўляе пара падлеткаў. Хлопчыку дзяўчынка відавочна падабаецца: модная, самаўпэўненая, прыгожая. Ён ківае на бляшанку энергетычнага напою ў яе руцэ: «Табе гэта даспадобы? Хаця ты ж з Масквы прыехала, там гэта прынятае». У адказ яна запэўнівае, што ўсё пад кантролем, ёй мама дазваляе піць энергетыкі, але не больш за дзве бляшанкі на дзень...

Энрегетыкі. Шкоднасць для падлеткаў.

Рэклама заклікае на кожным кроку: бяры ад жыцця максімум! Жыві тут і цяпер! Весяліся, будзь крутым! Пад гэтыя слоганы прадаецца ўсё – ад жаночых пракладак да аўтамабіляў. Лагічна, што стомлены ад вучобы малады чалавек спяшаецца набыць бляшанку недарагога, але шматабяцальнага напою. Бо з цыгарэтай ужо не модна. А з энергетыкам – у самы раз...

Як з'явіліся энергетыкі

Чалавецтва ўвесь час знаходзіцца ў пошуках прыгодаў: то вечны рухавік спрабуе вынайсці, то эліксір маладосці. Дадумаліся да антыседатыўных кактэйляў. У 1929 годзе ў той жа Вялікабрытаніі энергетычным напоем на аснове глюкозы ў шпіталях паілі пацыентаў, чакаючы паскоранага выздараўлення. А ў 1938-м яго выпрабавалі на спартсменах. Часовы прыліў бадзёрасці атлеты атрымалі, але былі шпіталізаваныя з харчовым атручваннем.

Вытворцы заняліся ўдасканаленнем саставу прадукту. У 60-х гадах ХХ стагоддзя ў Японіі наладзілі масавую вытворчасць падобных напояў з лімітаваным утрыманнем кафеіну. А яшчэ праз тры дзесяцігоддзі энергетыкі распаўсюдзіліся па Еўропе і сёння прадаюцца ў больш чым 160 краінах свету.

Састаў энергетычных напояў

Энергетыкі. Што ў саставе.

Энергетычныя напоі можна падзяліць на безалкагольныя і алкагольныя. У апошніх можа ўтрымлівацца да 20% алкаголю.

Безалкагольныя, у сваю чаргу, дзеляцца на:

  • Стымулюючыя
  • Спартыўныя
  • Вітамінізаваныя.

У стымулюючых (сёння размова пра іх) утрымліваецца кафеін.

Наталля Шыбека, загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела РНПЦ «Кардыялогія»:

– Вялікае значэнне адыгрывае доза кафеіну. Гэтае рэчыва – вядомы псіхастымулятар: танізуе нервовую сістэму, павышае вынослівасць, прытупляе пачуццё стомы, надае бадзёрасці і сіл. Але яго працы хапае на 2-3 гадзіны. Затым эфект знікае. Спрабуючы атрымаць новы зарад бадзёрасці, чалавек цягнецца па наступную бляшанку, а гэта цягне за сабой некантралюемае спажыванне кафеіну. Між тым, утрымлівацца гэтага рэчыва ў энергетычных напоях можа 150-320 мг/л пры максімальнай дозе 300 мг у суткі.

Таўрын – гэта амінакіслата, якая змяшчаецца ў тканках і мышцах. Чалавечы арганізм самастойна выпрацоўвае таўрын і атрымлівае яго з ежай жывёльнага паходжання. У бляшанцы энергетыка можа быць да 1000 мг таўрыну, хаця сутачная норма – 400 мг.

Энергетыкі. Формула таўрыну.

Гуарана – амерыканская ліяна з высокім утрыманнем кафеіну ў пладах. Уласцівасці гуараны падобныя да кавы, але эфектыўнасць значна вышэйшая: 1 г гуараны супастаўны з 40 г кафеіну. Камбінацыя гэтых рэчываў узмацняе дзеянне напою.

Глюкураналактон – гэтае рэчыва выпрацоўваецца ў злучальных тканках чалавека. Метабаліт глюкозы, рэгулюе ўтварэнне глікагену. Яго ўтрыманне ў энергетычных кактэйлях перавышае сутачную выпрацоўку ў 250-500 разоў, і наступствы такой перадазіроўкі цалкам не вывучаныя.

Вітаміны групы B: нікацінавая і фоліевая кіслата, рыбафлавін альбо цыянілкабаламін. Гэтыя вітаміны, і праўда, важныя для энергетычнага абмену, яны неабходныя для нармальнай працы нервовай сістэмы і галаўнога мозгу. Але падвох у тым, што іх колькасць можа перавышаць дзённую норму на 360-2000%, і для чалавека, які не пакутуе ад недахопу вітаміну В, такая перагрузка наўрад ці апраўданая.

Энергетыкі. Перадазіроўка вітаміну В.

L-карнітын – арганічная амінакіслата, сінтэзуецца ў тканках нырак і печані, спрыяе павышэнню трываласці і зніжэнню стамляльнасці. Пры гэтым утрыманне L-карнітыну ў энергатоніках вельмі нязначнае, каб аказаць хаця б пэўны станоўчы эфект.

Жэньшэнь. Экстракт гэтай расліны звычайна выкарыстоўваюць у гарбаце і настоях для ўмацавання імунітэту. Адносіцца да агульнатанізуючых прэпаратаў.

Мелатанін. Гармон, выпрацоўваецца арганізмам чалавека, мае антыаксідантнае дзеянне, адказвае за сутачны рытм.

Матэін. Гэта кампанент парагвайскай гарбаты матэ. Экстракт матэіну дапамагае справіцца з голадам, што часта выкарыстоўваюць для зніжэння вагі.

Энергетыкі. Экстракт матэіну для зніжэння вагі.

Тэабрамін – горкія крышталі з бабоў какавы, па хімічным складзе нагадваюць кафеін. Тэабрамін выклікае ўзбуджэнне сардэчнай мышцы, аказвае мачагоннае ўздзеянне.

Наталля Шыбека, загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела РНПЦ «Кардыялогія»:

– Калі паасобку гэтыя рэчывы медыцыне добра вядомыя, дык іх сумесны ўплыў разам з кафеінам не даследаваны і зараз не вывучаецца. Мы можам толькі меркаваць пра іх шкоду для арганізма. Тым не менш, вось факты. Асобна таўрын карысны, але ў вялікай колькасці можа выклікаць пераўзбуджэнне нервовай сістэмы, яе знясіленне, а ў спалучэнні з алкаголем узмацняе свой уплыў і прыводзіць да сур'ёзных збояў у працы сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэмаў. Тое ж датычыцца і глюкозы. У напоях сустракаюцца вялікія дозы, а гэта дрэнна для людзей з праблемамі ўтылізацыі глюкозы (напрыклад, з цукровым дыябетам).

Дарэчы, непасрэдныя носьбіты энергіі ў такіх напоях – вугляводы (глюкоза, цукроза), і больш у іх нічога энергетычнага няма! Наадварот, калі чалавек выпівае такі напой, дык арганізм мабілізуе свае ўнутраныя рэсурсы. Узнікае адчуванне, што больш сiлы, але гэтыя сілы не прыйшлі звонку, яны ўзятыя ў арганізма ў крэдыт. Потым, каб аднавіць выдаткаваную энергію, патрэбны адпачынак і сон.

Энергетыкі. Сон пасля энергетыкаў.

Чым пагражае перадазіроўка?

У красавіку 2021 у англійскім часопісе BMJ Case Reports апублікаваная гісторыя 21-гадовага брытанца, які звярнуўся па медыцынскую дапамогу з-за страты вагі, задышкі і ўздуцці жывата. Абследаванне выявіла праблемы з сэрцам (кардыяміяпатыя, сляды ішэмічнага інфаркту), з ныркамі (двухбаковы гідранефроз у цяжкай форме, які запатрабаваў дрэнажавання нырак), а таксама парушэнні працы мозгу.

Два месяцы спатрэбілася медыкам, каб палепшыць стан сэрца пацыента, ныркі ж аднавіць не змаглі. Мяркуецца, што спатрэбіцца трансплантацыя.

Высветлілася, што вось ужо два гады малады чалавек выпіваў каля двух літраў энергетычнага напою ў дзень. Яго і раней турбавала пачашчанае сэрцабіцце, дрыгаценне рук, нястраўнасць, але ён ігнараваў гэтыя сімптомы.

Вядомыя і трагічныя выпадкі. Так, у 2000 годзе ірландцаў уразіла смерць 18-гадовага баскетбаліста Роса Куні. Перад гульнёй ён выпіў тры бляшанкі энергетыку, і арганізм не справіўся з нагрузкай, сэрца спынілася прама падчас матчу.

Энергетыкі. Да чаго прыводзіць перадазіроўка ў спарстменаў.

У 2011 годзе студэнтка расійскага медкаледжа на дні нараджэння сяброўкі піла энергатонік, і гэта прывяло да фатальнага зыходу. Колькасць кафеіну ў яе арганізме атрымалася занадта вялікай...

Шкода энергетыкаў

У 2014 годзе СААЗ апублікавала даклад, дзе пералічаныя 13 негатыўных наступстваў празмернага ўжывання энергетычных напояў.

  1. Абязводжванне (кафеін – дыўрэтык. Нездарма рэкамендуецца пасля кавы піць ваду).
  2. Трывожнасць (да панічных атак), узбуджэнне, пачашчанае сэрцабіцце, безуважлівасць.
  3. Расстройства сну.
  4. Мігрэні, галаўны боль.
  5. Павышаны артэрыяльны ціск.
  6. Праблемы са страўнікам, у тым ліку млоснасць, ваніты.
  7. Пры схільнасці – рызыка дыябету 2-га тыпу.
  8. Алергічныя рэакцыі, карыес і інш. Праблемы з зубамі.
  9. Непрадказальныя наступствы спалучэння з лекавымі сродкамі.
  10. Абвастраюцца паводніцкія рызыкі (паніжаны самакантроль можа прыводзіць да правапарушэнняў).
  11. Перадазіроўкі вітаміну В3 цягнуць за сабой павышанае потавыдзяленне, трэмар, пачашчэнне пульсу, млоснасць, дыярэю. Пад пагрозай печань і ЦНС.
  12. У цяжарных магчымыя выкідышы і паталогіі плоду, бо кафеін лёгка пранікае праз плацэнту.
  13. Прывыканне, а пры спыненні ўжывання магчымы кафеінавы абстынентны сіндром.

Першыя прыкметы перадазіроўкі:

Энергетыкі. Перадазіроўка. Прыкметы.

  • Дыспепсічныя расстройствы з боку СКТ (млоснасць, галавакружэнне, ваніты, цяжар у страўніку)
  • З боку сардэчна-сасудзістай сістэмы – тахікардыя, пачашчанае сэрцабіцце, недахоп паветра, могуць быць адчуванні нераўнамернай працы сэрца (перабоі).

Наталля Шыбека, загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела РНПЦ «Кардыялогія»:

– Безалкагольныя энергетычныя напоі – адна праблема, але калі ў іх дададзены алкаголь, дык ён патэнцуе дзеянне ўсіх змешчаных рэчываў. З аднаго боку, ён блакуе дзеянне кафеіну, а з другога – дзеянне алкаголю выходзіць на першы план. Так, энергетыкі стымулююць нервовую сістэму, а алкаголь прыгнятае. Небяспека такога тандэму ў тым, што энергатонік маскіруе ўплыў алкаголю, і чалавек аслабляе кантроль за колькасцю выпітага.

Уплыў энергетыкаў на падлеткаў

У некаторых еўрапейскіх краінах энергетычныя напоі забароненыя. У Беларусі ж яны прадаюцца без абмежаванняў, у тым ліку непаўналетнім. А ў маладога арганізма няма стабільнасці функцыянавання ўсіх сістэмаў, таму ў падлеткаў перадазіроўкі вядуць да знясілення ЦНС, што выклікае псіхічныя расстройствы, дэпрэсіі, агрэсію, раздражняльнасць.

Энергетыкі. Агрэсія ў падлеткаў.

Галандскія псіхолагі сумесна з бацькамі 509 падлеткаў даследавалі паказчыкі фізічнага і інтэлектуальнага развіцця школьнікаў 11-16 гадоў, вывучалі залежнасць якасці сну і ступені самакантролю ад колькасці выпітых энергетыкаў і кавы. Высветлілася, што цяжкасці з самакантролем і ўсвядомленасцю паводзінаў у падлеткаў пачынаюцца з адной банкі энергетычнага напою альбо двух кубкаў кавы ў дзень (вынікі апублікаваныя ў 2014 годзе ў часопісе Frontiers Psychology).

Выснова: лепей выпіць кубак кавы ці правільна прыгатаванай гарбаты, бо там няма дадаткаў, вугляводаў у вялікай колькасці. А эфект бадзёрасці той жа. Вазьміце на экзамен шакалад – тая ж самая энергія. Горкі адназначна лепшы, але калі не любіце, дык бярыце малочны – усё роўна гэта больш карысна, чым бляшанка энергетыку.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.