06.02.2019
06.02.2019

Еш сваё, альбо Нашы буракі ў высокай кухні

logo
Думкі ўслых
0 77
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну вось жа дзіва дзіўнае! Звычайная гародніна, якую вырошчваем на дачы як штосьці даўно звыклае і простае, аказваецца, не Папялушка, а самая сапраўдная Каралева! Знаёмцеся: Яго Вялікасць… Бурак! Скажаце, даўно знаёмыя?! Па вінегрэту, селядцу пад шубай ды баршчу?! А панна коту з бурака каштавалі?!

Я пакуль таксама не… Але ўжо зацікавілася самой магчымасцю прыгатавання такога экзатычнага дэсерту з нашай простай гародніны.

Сапраўды, чаго толькі на свеце не бывае… А тым больш – у высокай кухні. І рэцэптаў з буракоў вядома  больш за 500…

Перафразуючы крылатае пра бульбу з легендарнага фільма «Дзяўчаты»: буракі смажаныя, буракі печаныя, буракі адварныя…

І працягнуўшы: боршч халодны з рыбай, бурак з тварагом, салата з буракоў з казіным сырам… І нават пудзінгі, пірагі, пірожныя, гаспача, карпача…

Вось пра апошнюю страву мне не так даўно ўзгадалі. Чаму, уласна кажучы, і зацікавілася гэтай тэмай.

карпача з печанага бурака

Маўляў, карпача з буракоў падавалі на адным рэстаранным мерапрыемстве. І каштавала гэтая страва зусім не танна. З буракоў!!! Якія вырасціць любому аматару працы на зямлі, лічыце, нічога не каштуе. Пару пакецікаў насення за капейкі пасеяць улюбёным спосабам  – ці асобна на градцы, ці па перыметру. Плюс паліваць своечасова, у тым ліку і вадой з соллю, каб былі салодкімі (такі вось парадокс!). Прарэдзіць, падрыхліць… І сабраць ураджай. А тады… Хоць карпача з гаспача гатуй, хоць панна коту…

Але карпача з печанага бурака, па шчырасці, мяне не дужа зацікавіла пасля знаёмства з рэцэптам: падалося дужа рэзкім. Затое афармленне так запала ў душу (галоўнае фота)! Сапраўды, гэта ж яшчэ прыдумай, як падаць, каб здзівіць і ўразіць!

А вось гаспача – халодны суп родам з Андалузіі – прыцягнуў увагу менавіта саставам… Толькі не традыцыйны – з памідораў у аснове, а з буракоў. Хаця памідоры тут таксама прысутнічаюць. Вырашыла пацікавіцца, чаму ж і гэта – рэстаранная страва. Не толькі ж з-за прывабнай назвы?!

Ага… А тут вам і алей аліўкавы, і каперсы, і сыр фета, і яйкі перапяліныя… Дык дзіва што! Вядома ж, ёсць-ёсць рэцэпты прасцейшыя. Толькі ж гэта будзе ўжо а-ля гаспача… Зрэшты, дома можна прыгатаваць любы варыянт. Было б жаданне…

Таму калі вы, сябры, таксама не аматары рэстаранаў, гатуем стравы з высокай кухні з буракоў  дома. Тым больш рэцэптаў у інтэрнэце – процьма. А яшчэ, паўтаруся, калі гародніну вырошчваеце самі… Дык якая эканомія! А задавальнення… Быццам той жа рэстаран наведаў! А якія ж буракі карысныя!

Я ўжо таксама мяркую заняцца прыгатаваннем чаго цікавага. Праўда, гаспача, паколькі суп той халодны, пакінем да летняй гарачыні. Як і борш халодны з рыбай. Так-так! З бялугай і судаком, між іншым! Нечакана, праўда?! А вось бурачковую панна коту… Па-а-а-ехалі!

Бурачковая Панна кота

Бурачковая Панна кота

Нам спатрэбяцца

  • 6 грамаў жэлаціну
  • 5 грамаў ванільнага цукру
  • 50 грамаў соку з бурака, 150 грамаў вяршкоў
  • 50 грамаў малака, 30 грамаў – цукру ці мёду

Прыгатаванне

Бурак варым, дзяром на тарцы і адціскаем сок.

Хм, са зваранага бурака, па шчырасці, ні для якой патрэбы сок не адціскала, але ж паспрабую. Хаця ў іншым рэцэпце – кавалачкі зваранага бурака ў вяршках здрабняюць ручным блэндэрам. Гэтак больш рэальна.

Жэлацін замачваем у 30 грамах вады. Злучаем малако, вяршкі і цукар ці мёд плюс бурачковы сок. Даводзім да кіпення, але не кіпяцім.

Дадаем жэлацін, добра размешваем, высыпаем ванільны цукар.

Выліваем у прыгожую шклянку і ахалоджваем.

Ну што, хутчэй бы выхадныя, каб паспрабаваць выканаць прачытанае і занатаванае на практыцы! А калі мяне хто з вас апярэдзіць, сябры, дзяліцеся, калі ласка, уражаннямі. Ну, і ўласнымі знаходкамі страў высокай кухні са звычайных буракоў – таксама.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 77

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама