30.09.2022
30.09.2022

Феномен Леаніда Улашчанкі. Як кнігі творцы ўплываюць на людзей?

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Леанід Аляксандравіч Улашчанка служыць у ТЮГу 57 гадоў. Больш за 120 роляў у спектаклях, здымкі ў папулярных серыялах і мастацкіх фільмах, сотні агучаных радыёперадач у яго творчай скарбонцы.

Яшчэ Леанід Аляксандравіч – таленавіты казачнік. Яго казкі выдаюцца ў вядучых выдавецтвах, навагоднюю п’есу «Шукайма Завейку» ставіў ТЮГ, а «Беларусьфільм» у 2014 годзе паводле яго казкі зняў мультфільм «Песня жаўрука».

Кнігі Леаніда Улашчанкі можна адшукаць у бібліятэках. Я ж на сваёй кніжнай паліцы маю падараваныя мне аўтарам асобнікі. Казкі з іх перачытвала, рыхтуючыся пісаць у рубрыку. Па шчырасці, шмат якія нібы ўбачыла новымі вачыма. Не дзіва: ад першай сустрэчы з імі мінула амаль пятнаццаць гадоў. За гэты час змянілася я сама, змянілася жыццё – але вось жа цуд: каштоўнасці, якія абараняе сваёй творчасцю казачнік, за гэты час сталі яшчэ даражэйшымі! Сяброўства, узаемапавага, стаўленне да працы, слугаванне сваёй справе, неабходнасць знайсці сваё месца ў жыцці, смак хлеба – сталеючы і праходзячы праз жыццёвыя выпрабаванні, ты і сам нібы дарастаеш да новага ўспрыяцця рэчаў, якія ўчора выдавалі простымі – альбо зусім не задумваўся пра іх. З гадамі – і ў гэтым моц сапраўдных казак – вучышся адкрываць у іх новыя сэнсы і знаходзіш падказку.

Казкі Леаніда Улашчанкі менавіта такія – нібы ў шмат столачак загорнутыя. Дзіця заслухаецца, бо ўсё ў іх проста і зразумела, аповед дынамічны, жывы. Разумны дарослы задумаецца: у якіх жыццёвых варунках, з якіх назіранняў, суперажыванняў нараджаліся казкі.

Напрыклад, вось гэтая.

«Жылі-былі на свеце Акуляры і Кіёк. І быў у іх гаспадар – добры чалавек. Чаму добры? Ды таму, што чалавек павінен быць добрым. На тое ён і чалавек», — так пачынаецца казка «Акуляры і Кіёк» з аўтарскага зборніка «Хто галоўны» («Мастацкая літаратура», 2008).

Казка ж – на тое і казка, каб адбываліся ў ёй цуды і ператварэнні. Таму не дзіва, што Акуляры і Кіёк спрачаюцца, высвятляюць адносіны, даводзяць адзін другому, хто важнейшы – ды ўрэшце ламаюцца…

А вось ганарысты Гузік (герой казкі з такой самай назвай) у надзеі на выключнае жыццё збягае ад сваіх братоў, прышытых на паліто, боўтаецца па свеце – каб аднойчы апынуцца ў кішэні дворніка сярод мноства іншых згубленых гузікаў.

«Гузіку раптам падумалася: кожны з іх – напэўна, як і ён сам – шкадуе аб тым, што з такой лёгкасцю адарваўся ад сваіх паліто, світак, кашуль, ад сваіх братоў-гузікаў».

Зто галоўны? Леанід Улашчанка

У казцы ж «Хто галоўны», якая і дала назву зборніку, разышліся і пачалі высвятляць, хто з іх лепшы, стравы на накрытым стале! Грэцкая Каша, Падліўка, Дранікі, Салата, Фаршыраваны Шчупак, Бульба, Цыбуля і Часнык – кожны ўважаў сябе найважнейшым! Нарэшце ля стала з’явілася Гаспадыня.

«– А мамкі мае, а зязюлькі! Гэта ж трэба – Хлеб не паставіла. Так закруцілася, што і пра галоўнае забылася!..

Хто галоўны?

Усе стравы прыціхлі.

Хлеб! Ён ніколі не прыядаецца і ніколі не лішні, колькі б яго ні было. Ён і ёсць усяму галава».

Вось так — рэчы паводзяцца зусім як людзі і падаюць жыццёвыя ўрокі. У зборнік “Хто галоўны” уключаны дваццаць казак. Асобная асалода — ілюстрацыі Марыны Лагуновай і Аляксандры Стэльмашонак. Мару, што знойдзецца выдавец, які паўторыць гэтае выданне.

У 2016 годзе, зноў у «Мастацкай літаратуры», выйшла кніга Леаніда Улашчанкі «Ножкі сараканожкі» (мастак Павел Кандрусевіч).

Ножкі-сарпаканожкі

…Малая Кацярынка збiраецца ў дзiцячы садок. Толькі куды падзеліся яе панчошкi. Мо, казачная сараканожка прыхавала іх для сябе? Дзед Лявон распавядае ўнучцы гiсторыю, як Сараканожка была Бязножкай. Яна не хадзiла, а кулялася з хваста на галаву. Не тое што слiмакі, смаўжы і чарвякі – у іх ногі былі.

«Смешна чарвякi хадзiлi: пярэднiя ножкi — тэп–тэп, а задняя — скок, пярэднiя — тэп–тэп, а задняя — скок». Калі ж яны набегалiся да стомы ды адкiнулi свае ножкi, каб адпачыць, Бязножка выпадкова iх i прысабечыла...

Ножкі-сараканожкі 2

Казка пра Завейку, гiсторыя пра Страказу-падманшчыцу і Жабу — самыя сапраўдныя ўрокі жыцця. Глыбокія, мудрыя, бо ў казках Леаніда Улашчанкі дзівосы не дзеля дзівосаў. Яны дапамагаюць пагаварыць пра вельмі важныя жыццёвыя сітуацыі, тлумачаць важныя рэчы.

Казачніку ўдаецца расказваць, гуляючы. Не здарма ж ён – прафесійны акцёр! Больш чым паўстагоддзя служэння ТЮГу навучыла казачніка разумець дзяцей, іх рэакцыі, сакрэты ўтрымання ўвагі. Казкі Леаніда Улашчанкі чытаюцца як баяцца. Асабліва гэта адчувальна, калі чытаеш іх менавіта ўголас.

Ножкі-сараканожкі 3

Зусім нядаўна мая паліца пабагацела яшчэ на адну кнігу «Леанід Улашчанка. Жыццё ў яве і на сцэне» («Адукацыя і выхаванне», серыя «Асобы»).  Аснова яе – расказ Леаніда Улашчанкі пра сваё жыццё, шлях у прафесію, сям’ю, служэнне тэатру. Расказваюць пра артыста і яго сябры, дзеці, унукі.

Адрасавана кніга даросламу чытачу. Але ж колькі там цікавага, што можна пераказаць і дзецям. Я ўзяла кнігу – і не выпусціла з рук, пакуль не прачытала. Усім раю – не прапусціце! Даведаецеся не толькі пра тое, як вядомага артыста і цудоўнага казачніка жыццё песціць-галубіць, але і пра тое – чаму яму так шчасціць. Упэўнена: рэцэпты гэтага шанцавання кожнаму спатрэбяцца.

Леанід Улашчанка. Факты з біяграфіі

Падзялюся толькі дробачкам фактаў зорнай біяграфіі артыста.

  1. Ён нарадзіўся ў Самахвалавічах пад Мінскам у жніўні 1941 года, быў шостым дзіцяці ў сям’і. Бацькі пайшоў на фронт за два месяцы да нараджэння сына — і загінуў.
  2. Перш чым паступіць вучыцца на артыста, Леанід Улашчанка вывучыўся на чыгуначніка, працаваў сталяварам.
  3. На праслухоўванні ў Студыі кінаакцёра яго прапусцілі адразу на трэці тур. Пасля Леанід Улашчанка вучыўся на акцёрскім факультэце Тэатральна-мастацкага інстытута.
  4. За час вучобы юнак падрос амаль на трыццаць сантыметраў: дзіця ваеннага часу, ён доўгі час быў невысокім, усяго метр пяцьдзесят росту.
  5. Калі Леанід Улашчанка ўжо быў артыстам, зрабіўся будаўніком — сам будаваў дом. Калі ж склаў печ у гэтым доме, атрымалася так удала, што яго пачалі зваць за печніка. Кладучы печы іншым, ён зарабляў і на тое, каб будаўніцтва ўласнага дома завершыць…

Толькі пяць «зорных» фактаў, а іх у кнізе – на кожнай старонцы. Для мяне яны сталіся моцнай падтрымкай і жывым сведчаннем, што сумленне і талент упрыгожваюць любую працу, а ўпарты рух па шляху паклікання дае на ўсё сілы і дорыць магчымасці.

Перакананая, што кожны атрымае сваю порцыю пазітыву ад сустрэч з творчасцю Леаніда Улашчанкі. Што б ні ствараў гэты светлы чалавек – усё ў яго атрымліваецца са знакам якасці, бо робіцца з любоўю. Нібыта Казка вядзе Леаніда Аляксандравіча за руку – а ён крочыць за ёй і сваёй сонечнай усмешкай асвятляе шлях, які вядзе ў свет дабрыні.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"