Якой гаспадыні не хочацца парадаваць гасцей не толькі смачнымі, але яшчэ і карыснымі стравамі?
Журналіст Слушна даведалася пра рэцэпт святочнай карыснай стравы ў загадчыцы гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталлі Шульгі.
Як прызналася спецыяліст, традыцыйныя салаты «аліўе» і «селядзец пад футрам» у святочным сямейным меню будуць прысутнічаць, але ў меру і толькі ў самым пачатку трапезы. Галоўнай жа стравай стане фарэль, запечаная ў фользе.
Карысць фарэлі
Фарэль змяшчае ўнікальны па сваім складзе вітамінна-мінеральны комплекс: незаменныя поліненасычаныя Амега-3 тлустыя кіслоты, а таксама карысныя для арганізма вітаміны і мікраэлементы, у тым ліку ёд, цынк, фосфар, калій і іншыя.
Ужыванне ў ежу гэтай рыбы спрыяе паляпшэнню працы галаўнога мозгу, зніжае рызыку развіцця атэрасклерозу, павышае настрой і працаздольнасць, дапамагае змагацца са стомленасцю.
Асабліва карысная фарэль тым, хто пакутуе на захворванні сэрца і сасудаў. А яшчэ ўжыванне ў ежу гэтай рыбы:
- паляпшае засваенне глюкозы;
- паскарае абмен халестэрыну;
- спрыяе ўтварэнню эрытрацытаў.
Разам з тым, з асцярожнасцю ўжываць у ежу фарэль трэба людзям, якія пакутуюць ад алергіі на рыбу. Яе не рэкамендуецца есці таксама тым, у каго дыягнаставаны захворванні страўнікава-кішэчнага тракту, печані, язва страўніка ці 12-перснай кішкі, альбо калі прызначана дыета з паніжаным утрыманнем тлушчу.
Рэцэпт запечанай фарэлі
Інгрэдыенты
- фарэль – 1 шт.
- соль – 1 ч.л.
- спецыі для рыбы або чорны молаты перац
- фольга
- зеляніна (напрыклад, кроп) – 1 пучок
Прыгатаванне
Рыбу нацерці соллю і спецыямі, дадаць зеляніны. Па жаданні можна апырскаць яе сокам лімона. Загарнуць рыбу ў фольгу і паставіць у папярэдне разагрэтую духоўку прыкладна на 15-20 хвілін.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by