15.09.2017
15.09.2017

Гаджэты і зрок дзяцей

logo
Здароўе дзяцей
0 102
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сучасны свет дыктуе свае ўмовы, і сёння кожны, хто не мае мабільнага тэлефона, лічыцца, як мінімум, дзіваком. Што ўжо казаць пра дзяцей і падлеткаў, якія мала таго што не помняць сябе ад гаджэтаў, дык яшчэ і хочуць быць не горш за аднагодкаў. Але за імкненнем мець тэлефон, планшэт, камп’ютар, электронную кнігу мы забываемся на тое, як гэта ўсё можа адбіцца на зроку. Асабліва на няспелым зрокавым апараце дзіцяці.

Паводле даследаванняў ЮНІСЕФ, 40% дзяцей ва ўзросце 8-10 гадоў пастаянна прысутнічаюць у інтэрнэце. Ва ўзросце 14-16 гадоў такіх дзяцей ужо 68%.

У чым небяспека гаджэтаў для зроку дзіцяці, Слушна спыталі ў Алены Чайко, урача-афтальмолага Мазырскай гарадской дзіцячай бальніцы, удзельніка дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі velcom «Я бачу!», які праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Увага, небяспека!

Мабільныя тэлефоны палягчаюць нам жыццё, дазваляючы пастаянна знаходзіцца на сувязі, кантраляваць сваё дзіця, дапамагчы яму ў экстранай сітуацыі. Аднак ці можна лічыць нормай пастаяннае шматгадзіннае сядзенне малога ў сацыяльных сетках, за камп’ютарнымі і мабільнымі гульнямі? Бо гэта не толькі прыводзіць да страты навыкаў зносін, асацыяльнасці дзяцей, раскаардынаванасці іх дзеянняў, але і да значнага пагаршэння зроку.

Алена Чайко:

– Экранная выява адрозніваецца ад папяровай тым, што яна сама свеціцца, складаецца з асобных кропак (пікселяў), не мае выразных межаў і мае адносна невысокую кантраснасць. Падчас працы за камп’ютарам нашы вочы знаходзяцца блізка да манітора. Недастатковае асвятленне працоўнага месца і неабходнасць пастаянна перамяшчаць погляд з экрана на клавіятуру і назад толькі пагаршаюць сітуацыю.

Таму штодзённая працяглая праца за камп’ютарам можа прывесці да затуманьвання зроку, болі ў вобласці вачніц, ілба, вачэй, калі яны рухаюцца, і рэзі ў іх, сіндрому «сухога вока», спазму акамадацыі і развіццю пасля міапіі (блізарукасці), прагрэсіраванні ўжо наяўнай блізарукасці. Асабліва адчувальныя да такой зрокавай нагрузкі дзеці і людзі з блізарукасцю, астыгматызмам і дальназоркасцю.

Як паказалі даследаванні амерыканскіх навукоўцаў, рызыка ўзнікнення праблем са зрокам у людзей, якія за камп’ютарам бавяць больш за 3 гадзіны ў дзень, складае 90%!

Як мінімізаваць шкоднае ўздзеянне гаджэтаў на зрок дзяцей?

Самы дзейсны спосаб захаваць здароўе дзіцяці – абмежаваць час, што ён праводзіць перад маніторам.

Алена Чайко:

– Часавы рэжым працы дзіця за камп’ютарам, згодна з гігіенічным нарматывам, складае для 5-6 гадовых 2 разы на тыдзень па 10 хвілін, але не рэкамендуецца выкарыстоўваць ноўтбукі, планшэты, электронныя кнігі і інш.

Рэжым працы школьніка за камп’ютарам: 1-ы клас – 10 хвілін у дзень, 2-4 класы – 15 хвілін, 5-7 класы – 20 хв, 8-9 класы – 25 хв, 10-11 класы – 30 хв, пасля перапынку можна працягнуць занятак яшчэ на 20 хв.

З якога ўзросту можна даваць у рукі дзецям мабільны тэлефон, планшэт?

Малых да 3 гадоў не варта прывучаць да гульняў на мабільным тэлефоне, камп’ютары, планшэце альбо карыстацца відэадысплэйными тэрміналамі (гнуткія прылады для ўводу / вываду інфармацыі і кіравання ёю). Мультфільмы і фільмы ім лепш глядзець на вялікім экране тэлевізара, а не на дробных экранах гаджэтаў.

Дзіцяці школьнага ўзросту ўжо можна карыстацца планшэтам, але ўсё ж лепш аддаваць перавагу камп’ютару.

Прычым стацыянарнаму, а не ноўтбуку, у якім клавіятура сумяшчаецца з экранам, што не дае магчымасці рэгуляваць адлегласць ад экрана да вачэй. Памятайце, што праца на занадта блізкай адлегласці ад экрана правакуе спазм акамадацыі – сачыце за адлегласцю паміж вачамі і экранам тэлефона, планшэта.

Пажадана, каб дзіця школьнага ўзросту карысталася мабільным тэлефонам толькі пры неабходнасці: напрыклад, для сувязі з бацькамі, калі яно самастойна наведвае гурткі, трэніроўкі і іншыя заняткі.

Электронныя кнігі: карысць ці шкода?

У стагоддзе лічбавых тэхналогій папяровую кнігу ўсё часцей замяняюць электроннай. Нават у школах у парадку эксперыменту пачынаюць выкарыстоўваць яе як альтэрнатыву падручнікам альбо грувасткім творам класікаў.

З аднаго боку – зручна, у адным дэвайсе можна змясціць усе падручнікі, што робіць партфель значна лягчэйшым. Але з іншага – негатыўны ўплыў на зрок.

Алена Чайко:

– Калі выбіраць паміж папяровай і электроннай кнігамі, то лепш аддаць перавагу першай. І пасля кожных 45 хвілін чытання рабіць адпачынак на 15 хв – рухомыя гульні альбо зарадку.

Пры выбары рыдара аддавайце перавагу мадэлям, у якіх выкарыстоўваюцца «электронныя чарнілы» і няма падсвятлення. Аднак, нават тэхналогія E-ink не можа цалкам засцерагчы зрок дзіцяці, паколькі малюнак усё гэтак жа складаецца з мноства кропак і не з'яўляецца бесперапынным.

Пры доўгай працы з электроннай кнігай і камп’ютарам у дзіцяці ўзмацняецца канцэнтрацыя ўвагі, з-за гэтага памяншаецца колькасць міргальных рухаў павек, што прыводзіць да недастатковага ўвільгатнення вачэй і развіваецца сіндром «сухога вока». У гэтым выпадку дапамогуць кроплі для вачэй, што замяшчаюць слёзную вадкасць.

Як вытрымаць баланс паміж выкарыстаннем гаджэтаў і захаваннем зроку дзіцяці? Меркаванне эксперта

  • Працоўнае месца: камп’ютарны стол з рэгуляванай платформай для клавіятуры і крэсла з рэгуляваннем вышыні і вугла нахілу спінкі. Важна, каб дзіця правільна сядзела за сталом: ногі сагнутыя пад прамым вуглом і абапіраюцца на падлогу, галава трымаецца прама, спінка крэсла падтрымлівае ніжнюю частку спіны, верхні край манітора знаходзіцца на ўзроўні вачэй і аддалены ад іх на 60-80 см, рукі вольна ляжаць на стале, а кісць знаходзіцца на адной лініі з перадплеччам.
  • Калі дзіця мае анамальную рэфракцыю і пастаянна выкарыстоўвае акуляры, то заняткі на камп’ютары трэба праводзіць у іх.
  • Не працаваць за камп’ютарам у прыцемках. Асветленасць памяшкання павінна складаць 300-500 лк.

Для таго, каб разабрацца, колькі лямпачак трэба змясціць у пакоі для дасягнення мэтавага паказчыка асветленасці, можна звярнуцца да простага разліку.

За аснову возьмем ступень асветленасці, выяўленую ў магутнасці на адзінку плошчы (Р, Вт / м2). Гэты паказчык можа змяняцца ад 9 да 40 Вт / м2, у сярэднім – 20 Вт / м2.

Для таго, каб ацаніць магутнасць асвятлення асобнага пакоя Pr (Вт), трэба яе плошчу (S, м2) памножыць на велічыню магутнасці Р (Вт / м2).

Плошча, м2 Агульная магутнасць асвятлення, Вт
Вельмі яркае святло (500 лк) Яркае святло (300 лк) Мяккае святло (150 лк)
Менш 6 150 100 60
6-8 200 140 80
8-10 250 175 100
10-12 300 210 120
12-16 400 280 160
16-20 500 350 200
20-25 600 420 240
25-30 700 490 280

Такім чынам, кіруючыся данымі табліцы можна падзяліць агульную магутнасць асвятлення на колькасць лямпачак у пакоі і даведацца, якая павінна быць магутнасць кожнай з іх.

Памятайце пра тое, што не павінна быць вялікіх перападаў паміж агульным асвятленнем пакоя і асвятленнем працоўнага месца.

  • Лямпачка ў настольнай лямпе павінна мець магутнасць не больш за 60 Ват і лепш, калі яна будзе цёплага колеру (напрыклад, жоўтага).
  • Сачыць за адсутнасцю на экране светлавых блікаў, што слепяць.
  • Праз кожныя 20-30 хв працы рабіць размінку: адводзіць вочы ад экрана і на працягу 20-30 с глядзець удалячынь.
  • Лепш абраць камп’ютар з вадкакрысталічным маніторам з дыяганаллю ў 17-19 цаляў. У планшэтаў і смартфонаў маленькі экран.
  • Пасля заняткаў за камп’ютарам і ў перапынках варта рабіць гімнастыку для вачэй.

І самае галоўнае – служыце прыкладам свайму дзіцяці. Бо як вы прымусіце яго адмовіцца ад планшэта, калі самі не выпускаеце з рук гаджэт і жыць не можаце без сацыяльных сетак? Магчыма, прыйшоў час адкласці іх у бок і выйсці на вуліцу разам з дзіцёнкам, прагуляцца альбо заняцца спортам? Важна быць разам оф-лайн, а не паасобку он-лайн.

Што яшчэ карысна ведаць:

Даць вачам адпачынак. Прафілактыка зрокавай стомленасці ў дзяцей

Камп’ютарны зрокавы сіндром і сіндром сухога вока

Касавокасць і фізічная актыўнасць у дзяцей з парушэннем зроку

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 102