23.04.2024
23.04.2024

Разумны чарвячок (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


У глыбокай норцы пад зямлёй жыў маленькі чарвячок. Жыў, канечне ж, не адзін. Але гэты быў асаблівым. Вызначаўся ён кемлівасцю і праворнасцю. Хто б паверыў, што такі маленькі, а дужа разумны!

Калі ў яго пыталіся: «хто такі шчупленькі, а так шпарка крочыць падземнымі лабірынтамі», адказваў бойка – гэта я – чарвячок! Адказваў з прыўзнятай галавою. Нават з асаблівым гонарам.

Ён вельмі любіў сядзець у сваёй утульнай хатцы, калі стамляўся за гаспадарчымі клопатамі.  Але бывала і выходзіў у цудоўнае надвор'е на паверхню. Яму хацелася паслухаць ціхую песеньку ветрыка, які дзесьці далёка пралятаў. Адначасова  адпачываў на  лісціку-гойданцы. Тут яму было прыемна і весела. Бо той вецер, што быў побач, калі-нікалі але зносіў-скідваў яго з лістка.

Чарвячок

Але больш за ўсё чарвячок любіў тую пару, калі пачынаўся дробны дожджык. Тады кропелькі падалі на зямлю і ён слухаў іх песеньку: ціхенькую і такую жыватворную мелодыю «кап-кап, кап-кап».

—  Як лёгка на душы! – казаў сам сабе Чарвячок і ўсміхаўся. – Каб вось так сядзець і слухаць, слухаць!

Гэта была цудоўная музыка, калі гучалі вясёлыя ноткі. Іх гукі прымушалі сцішыцца, затаіцца, і нават не дыхаць. Бо яны, тыя гукі, то бадзёрылі, то прымушалі задумацца аб вечным.

— Здаецца, так бы сядзеў і слухаў у сваёй норцы, але пара збірацца на двор, паглядзець, як выглядае той самы дожджык, які так прыгожа ўмее граць мелодыю капяжу, разважаў чарвячок.

Трохі пасядзеўшы ён пачаў апранаць свой упадабаны зялёны дажджавічок. Той самы, што быў з зялёных лісточкаў і жоўтым капялюшыкам з дзьмухаўца, які справіла яму мама. Абавязкова браў і маленькі складны парасончык. Потым асцярожна зачыняў дзверцы ў сваю норку і поўз па доўгаму калідору. Поўз на паверхню, да дожджыка.

Чарячок быў дужа маленькім, а калідор – ду-у-у-жа доўгім. Таму, калі наш герой выпаўзаў на паверхню, дожджык заўсёды заканчваўся.

З неба ўсміхалася сонейка, усё навокал было радасным і іскрыстым. Але не ставала толькі бадзёрай песенькі дожджыка.

— Гэй, Чарвячок! – крычалі яму жучкі ды розныя букашкі, што раптам ажывалі. – Ты зноў выбраўся на прагулку? Як цікава: з парасонікам пад сонцам! – і звонка смяяліся. Іх смех каціўся далёка па наваколлі, а можа і далей, што нават пад зямлёю заўжды маўклівы крот уздрыгнуў. І ад страху таго нечаканага нават … загаварыў.

Толькі Чавячок не разумеў смеху букашак ды жучкоў, ён вельмі крыўдзіўся.

Чарвячок

Рассерджаны Крот бурчэў: «Я прасіў бы вас, суседзі, быць крыху сціпле́йшымі!  – Няўжо нельга выказваць свае думкі без крыку? Вось парушу з перапуду вашыя сцежкі, альбо мурашоў на вас натраўлю, тады па-іншаму загамоніце!»

— Усё, усё! Больш ні слова лішняга! —  адказваў разгублены чарвячок і знікаў. Яшчэ ад бацькоў ведаў, што патрапіць да крата на сняданак можна ў адно імгнене, прычым зусім неспадзявана.

І вось аднойчы, калі чарвячок сядзеў у сваёй хатцы, над галавой пачулася знаёмае «кап-кап, кап-ка». Удосталь нацешыўшыся гукамі, вырашыў: «Патрэбна хутчэй бегчы наверх» – падумаў ён і так заспяшаўся, што нават забыўся на дажджавічок ды парасон. І нават капялюшык не прыхапіў.

Хуценька выпаўз з норкі і, прайшоўшы колькі глыбокіх і заблытаных для чужакоў, а для яго такіх знаёмых хадоў-лабірынтаў, ужо выйшаў на прамую і праставаў наперад. І праз якую хвіліну аказаўся на паверхні. А там – цёплыя кропелькі барабанілі па лужынах, ствараючы белыя зваблівыя бурбалкі. Іншыя кропелькі каціліся-забаўляліся на лісточках і падалі на траўку.

—Ура-а-а! — чарвячок узрадаваўся і стаў поўзаць па галінках, а потым саслізнуў на травінку і выкупаўся ў лужынцы. Калі выпаўзаў непадалёку заўважыў намоклую пчолку, якая таксама патрапіла ў дажджавую лужыну. Бедная пчолка марна старалася вызваліцца. Увесь час старалася прыпаўзці на краёчак лісточка, але крылцы і лапкі яе былі наскрозь мокрымі. Убачыўшы гэта, Чарвячок жвава падбег да Пчолкі, ускуліў на сваю дужую і гнуткую спінку і вызваліў паланянку. Пакуль ён яе вёз на сабе, крыльцы яе высахлі на сонейку. Пчолка ўзмахнула імі, узляцела ў паветра і крыкнула:

— Дзякуй табе, смелы Чарвячок! Можа калі небудзь і я табе спатрэблюся!

Яму было так весела! І толькі калі дожджык скончыўся, ён заўважыў, што так і не надзеў свае вопраткі.

З тае пары, як толькі пачынаецца знаёмая для яго музыка «кап-кап, кап-кап» чарвячок спяшаецца на вуліцу і весяліцца пад яго вясёлую мелодыю. А каптурык, дажджавічок і нават парасонік ён падараваў кузуркам: няхай радуюцца.

Але аднойчы здарылася тое, чаго ён не толькі не чакаў, нават падумаць не мог. У адзін такі ж цудоўны дзень, калі ўдалося застаць цудоўную музыку дажджавога капяжу і, ўсцешаны добрым адпачынкам, вяртаўся ў сваю  хатку. Толькі падпоўз да сваёй норкі, а яе і няма: разбурана.

Усе хады-выхады былі засыпаны не толькі зямлёй, але і камянямі. Чарвячок не ведаў што рабіць. Доўга бегаў па тым месцы, дзе, здавалася, раней быў уваход у яго норку, але так і не змог яе адшукаць. Схаваўся ён пад лісток і засумаваў. Ажно слёзы не можа стрымаць.

Як пчолка выратавала чарвячка

Пчолка

Доўга сумаваў чарвячок. Прайшло цэлых пяць дзён. Ён пачаў ужо траціць надзею, калі раптам убачыў пчолку, якую ўратаваў з дажджавой лужыны:

— Што здарылася, чарвячок? Чаго плачаш?

— Чаго ж мне не плакаць. Была ў мяне норка: ціхая, утульная. А цяпер няма мне дзе жыць.

— Не плач, малыш! Не сумуй! Здаецца, я ведаю як табе дапамагчы. Ты ўратаваў мне жыццё, — прагудзела пчолка, — і я абяцала, што таксама табе прыдамся. Вось і прыляцела табе на дапамогу. Бо, калі ты яшчэ трохі застнешся на гэтым месцы, Крот з’есць цябе. Паглядзі ўвысь. Што там ты бачыш?

Чарвячок перастаў плакаць, зірнуў на дрэва і прамовіў:

— Дрэва. А далей – сінеча бяскрайная.

— Далячынь табе не патрэбная. Зірні на дрэва. Што бачыш?

— Яблыкі.

— Так. Ты ўважлівей прыгледзься, якія яны вялікія і прыгожыя! Выбірай самы лепшы – і жыві: чым кепская хатка?

— І сапраўды! – узрадаваўся чарвячок. – Дзякуй, табе, пчолка! Сам бы я ні за што не здагадаўся!

— Сядай на мяне!

Пчолка

Сказаўшы гэта, Пчолка ўзняла яго на дрэва, а сама далей паляцела. Толькі крыкнула на развітанне:

— Бывай, Чарвячок! Ніколі не страчвай надзеі!

— Дзяку-у-й! – адказваў узрадаваны Чарвячок.

Сустрэча з мурашамі

Не паспеў Чарвячок ускараскацца на яблык, як з усіх бакоў пачулася незадаволеная чыясьці гутарка.

— Поўзаюць тут розныя… Няма дзе прысесьці. Шу-шу-шу…

Прыгледзеўся навічок. Ажно чорныя мурашы так і снуюць па ствале дрэва. Так і снуюць.

— Прабачце, спадары мурашы, але што вы, земляныя жыхары, тут робіце? – спытаў Чарвячок.

— Тое, што і ты!

— Каб ведалі вы: я часова тут, — адказваў Чарвячок. – Пачакаю  пакуль вільгаць адыйдзе, сцежкі да маёй хаткі з’явяцца, а то пакуль размытыя вялікім дажджом. Тады і вярнуся дадому. Няўжо не ведаеце, пустамелі, што пасля вялікіх дажджоў на нейкі час мы выпаўзаем на паверхню. У лясах і палях гэта не мае для нас небяспекі. Маё месца – у глебе.

— Мы ж – дажджавыя чарвячкі – самыя карысныя з усіх глебавых жывёл, — данеслася з зямлі. – Чым больш нас у зямлі, тым багацейшая глеба. Гэта мы рыхлім глебу і дастаўляем у яе кісларод. А хто, калі не мы зацягваем у свае норы велізарную колькасць рэшткаў расліннасці, з якой атрымліваецца цудоўны перагной. А значыць, на тых месцах усё расце як на дражджах.

— Мы таксама карысныя.

— Але не ў садзе ды агародзе, — не вытрымаў чарвячок. – У лесе – так,  мурашкі – абаронцы. Але толькі чырвоныя. Там вашыя суродзічы знішчаюць шкоднікаў лесу – розных насякомых. Абараняюць ад шкоднікаў цэлыя дубравы. Канкурыраваць з санітарамі лесу не можа нават усемагутная хімія. А вы, чорныя  мурашкі – шкоднікі для чалавека! Не паспее той грады ўладкаваць – вы тут як тут! Перапрацуеце настолькі, што сухія карэньчыкі на паверхні адразу з’яўляюццаю. Прэч адсюль!

Муравейка

— Ой-ёй-ёй! Якія мы карысныя! – дразніліся мурашы. – Мы таксама немалую ролю адыгрываем ў працэсе ўтварэння глебы. А можа гэта мы знаходзімся ў пастаянным руху? А можа і мы няспынна перарывем глебу, зацягваем у яе рэшткі раслін, перагрызаем, здрабняем іх? І тым самым паляпшаем урадлівасць. Ну што, малышок-чарвячок, слабо?

— Як бы не так! Мае прашчуры падлічылі, што чарвякі могуць нацягаць у свае норкі да ста тон раслінных рэшткаў. І гэта толькі на адзін гектар, — не без гонару Чарвячок агучыў статыстыку. – А вось, што не менш цікавае: калі мы цягаем у свае норы тыя самыя рэшткі раслін, то робім адтуліны на глыбіню да двух метраў. Чулі, да двух метраў!

— Вось дык здзівіў!

— Яшчэ як здзівіў, бачу па вашых фізіяноміях. Бо па тых адтулінах у глебу пранікаюць дажджавая вада, паветра.

Пчолка

— Гэта так! – падцвердзіла кучаравая з чырвонымі галоўкамі канюшына. – Вось мае карані! А як прыйшлі на гэты палетак дажджавыя чарвякі даволі лёгка праніклі па норах чарвякоў.  Сонца, вада, цяпло, расліны і жывёлы ўтвараюць найбольш урадлівыя глебы. І зараз гаспадар не мае клопату з кармамі для цэлай чарады пародзістых трусоў.

Пятрок падтрымлівае чарвячка

Сад

 

 

У сад завітаў дзядуля з праўнукам Пятраком. Яны прыйшлі палюбавацца на прыгожы сад. Побач з яблынькай Пятрок убачыў процьму чарвячкоў, што выпаўзлі на паверхню пасля вялікага дажджу.

— Шкада мне вас, чарвячкі, — прамовіў хлопчык. – У горадзе пасля дажджу на чорным бліскучым асфальце можна ўбачыць  чырвонавата-ружовых дажджавых чарвякоў. Іх цэлыя зграі! Там яны часта гінуць пад нагамі прахожых.

— Дзякуй, Пятрок! Толькі іншым разам не будзь абыякавым, — азваўся Чарвячок. – Дажджавым чарвякам трэба і можна дапамагчы.

— Як жа гэта зрабіць?

— А хаця б сабраць іх з асфальту і занесьці ў глыбіню школьнага або ўласнага газона ці сквера. Чарвячкі зноў могуць пайсці ў зямлю і  займацца сваёй штодзённай працай. Як вось гэтыя – перадыхнуць і зноў – за працу!

— Гэта праўда! – падтрымаў Чарвячка дзядуля. – Вунь, у мяне загончык жытам засеяны. Дык там чарвякоў, калі скародзіў зямельку, процьма была. І буслы, і галубы – следам за бараною крочылі. Ну, ведаеш, і жыта вымахала: колас да коласа. Пад неба снапоў жанчыны звязалі. Ураджай быў як не ў тры разы вышэйшы за другі, падзолісты палетак, дзе ніводнага чарвячка не бачыў. Хай бы пацукі ці вераб’і, дык думаў бы якой рады даць, а так, не датумкаю.  На падзолістых землях чарвяк не хоча працаваць, кіслая і цяжкая глеба. А тут, дзе і птушкам хапае чарвякоў, і глебе для яе рыхлення.

— Дзядуля, — нагадалі пра сябе чорныя мурашы, — а паспрабуйце патравіць той загончык. Можа і ўраджай палепшыцца.

— Як некалі замежнікі зрабілі? Дзякуй за параду.

— Цікава, а што ж такое яны вырабілі, тыя замежнікі? – спытаў  Пятрок.

— А тое, праўнучак, што там праводзілася барацьба з «чатырма ліхамі»: мухамі, камарамі, пацукамі і вераб’ямі. Вераб’і знішчаліся, за тое, што яны з’ядаюць шмат збожжа. І знішчылі. А хутка загінула ўся шаўковая прамысловасць той краіны. На экспарт за мяжу не было чаго прадаваць. А чаму так адбылося?

Таму што, хаця вераб’і і зернеядныя птушкі, але птушанят кормяць выключна вусенямі, якія паразітуюць на тутоўніку, шаўкоўніцы. Калі зніклі вераб’і, вусені размножыліся  і нанеслі непапраўную шкоду плантацыям шаўкоўніцы. Знік харч для шаўкавічных чарвякоў.

— Чулі, мурашы? Так што жывіце! Але не шкодзьце чалавеку!

Прырода – наш агульны дом.

Чароўны пярсцёнак (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"