Падчас актыўнага лячэння цяжкай хваробы (у прыватнасці, злаякасных пухлінаў) і ў постшпітальным рэабілітацыйным перыядзе ежа з'яўляецца не столькі базавай патрэбай пацыента, колькі важным элементам комплекснай тэрапіі. Навукова даказана, што забеспячэнне адэкватнай аліментацыі (задавальнення запатрабаванняў у макра- і мікранутрыентах) павышае эфектыўнасць лячэння і паскарае выздараўленне.
Аднак пры пэўных станах карміць пацыента звычайнай ежай альбо недастаткова, альбо немагчыма. У гэтым выпадку можа быць паказаная гастрастамія – як адзін з эфектыўных спосабаў забяспечыць адэкватнае харчаванне. Тым не менш, і ў пацыента, і ў людзей з яго блізкага наваколля, якія будуць забяспечваць яго догляд у аднаўленчым перыядзе, гастрастамія, як правіла, выклікае страх і непрыманне.
Пацыенты і іх блізкія не заўсёды валодаюць поўнай і зразумелай інфармацыяй пра тое, як правільна выкарыстоўваць гастрастому, наколькі, на які тэрмін і як яна зменіць іх лад жыцця. Пры гэтым ёсць боязь не справіцца ў хатніх умовах, бо пастаянная падтрымка ў асобе ўрача або медсястры будзе адсутнічаць.
Гэтыя праблемы агучыла Алена Палевічэнка, прафесар кафедры анкалогіі, гематалогіі і прамянёвай тэрапіі педыятрычнага факультэта Расійскага навукова-даследчага медыцынскага ўніверсітэта імя М.І.Пірагова (С-Пецярбург), доктар медыцынскіх навук
Дзелячыся з беларускімі калегамі з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі вопытам нутрытыўнай падтрымкі цяжкахворых пацыентаў, эксперт дала шэраг рэкамендацый, як дапамагчы справіцца са страхам пацыенту і яго асяроддзю перад гастрастамічным харчаваннем, як даглядаць гастрастому ў хатніх умовах пасля выпіскі са стацыянара.
Трубка выратавання
Гастрастома – гэта спецыяльная сістэма харчавання з дапамогай трубкі, усталяванай праз адтуліну ў пярэдняй брушной сценцы ў страўнік. Празскурная эндаскапічная гастрастамія – нескладаная аперацыя, якая праводзіцца на працягу паўгадзіны. Пры дапамозе гастрастомы можна гарантавана забяспечваць паўнавартасную нутрытыўную падтрымку пацыенту на працягу доўгага часу.
Паказаннямі для ўстаноўкі гастрастомы з'яўляюцца:
- немагчымасць глытаць з прычыны злаякасных новаўтварэнняў у вобласці ротавай поласці, глоткі, стрававода, кардыяльнага аддзела страўніка;
- высокая рызыка млоснасці/ванітаў/муказіту падчас курсаў інтэнсіўнай хіміятэрапіі;
- правядзенне прамянёвай тэрапіі на вобласць галавы і шыі;
- неабходнасць у доўгатэрміновым зондавым харчаванні (больш 6-8 тыдняў).
Тым не менш, у свядомасці большасці абывацеляў гастрастамія ўспрымаецца, як нефізіялагічная працэдура, якая калечыць. Адпаведна, устаноўка і наяўнасць гастрастомы суправаджаюцца велізарным стрэсам. І ў большай ступені – з боку блізкіх пацыента. Асабліва ярка гэта праяўляецца ў сферы дзіцячай анкалогіі.
Разуменне эфектыўнасці гастрастамічнага спосабу кармлення ў стацыянары і на хатнім этапе прыходзіць значна пазней, калі робяцца відавочнымі зрухі ў самаадчуванні дзіцяці, калі мама разумее, што час, які вызваліўся ад выматвальных угаворванняў з'есці яшчэ хаця б лыжачку, яна можа больш рэсурсна выкарыстоўваць для іншых задач (напрыклад, дадатковых заняткаў з дзіцем, ЛФК і г.д.).
Ад страху да жыцця на новай хуткасці
У 2017 годзе было праведзенае даследаванне, як змяняецца ўспрыманне гастрастамічнага харчавання з боку сям'і пацыента.
На этапе стацыянарнага лячэння ўстаноўка гастрастомы ўспрымаецца, як выратавальны круг. Калі па-іншаму накарміць пацыента ніяк, дык трубка ў жываце, якая вядзе ў страўнік, – сродак падтрымання жыцця.
Паніка пачынаецца перад выпіскай. Як правіла, гастрастома ўстанаўліваецца на працяглы час – месяцы і нават гады. Таму верагоднасць апынуцца дома з пацыентам, у якога «дзірка ў жываце», больш чым высокая. А побач ні ўрача, ні медсястры. Адсюль страх невядомасці, боязь памыліцца, зрабіць штосьці не так.
З часам сітуацыя выраўноўваецца. Бацькі або тыя блізкія людзі, хто забяспечвае догляд пацыента, пачынаюць прымаць сітуацыю такой, якая яна ёсць, вучацца жыць па новых правілах, у новых умовах.
Апошняй фазай успрымання (гэта доўгі працэс, могуць сысці тыдні і нават месяцы) з'яўляецца жыццё на абмежаванай хуткасці: не ўсюды пойдзеш, не ўсюды пакажашся, але жыць з гэтым можна, і жыццё працягваецца.
Навучаннем, на думку эксперта, павінна займацца каманда нутрытыўнай падтрымкі. А пастаянны асабісты кантакт добра б, каб забяспечвалі кампетэнтныя медработнікі паліклінік. Праблема ў тым, што ў Беларусі нутрытыўная падтрымка як навука яшчэ толькі развіваецца, а паліклінічныя спецыялісты не ў поўнай меры валодаюць спецыяльнай інфармацыяй.
Гастрастома. Рэкамендацыі бацькам і тым, хто забяспечвае догляд
Тым, хто даглядае пацыента з гастрастомай у хатніх умовах, важна памятаць: гэта штодзённая праца. Пры гэтым якіх-небудзь спецыяльных навыкаў і празмерных намаганняў яна не патрабуе.
- Да і пасля апрацоўкі гастрастамічнай трубкі абавязкова трэба мыць рукі з мылам!
- Скуру вакол гастрастомы дастаткова прамываць гатаванай вадой з мылам, апрацоўваць спрэем антысептыку без спірту. Не трэба ні ёду, ні зялёнкі, ні марганцоўкі.
- Скуру выціраць насуха стэрыльнымі нятканымі сурвэткамі (не бінтам або ватай!).
- Не варта накладваць сурвэткі, павязкі, пластыр паверх гастрастомы. Гэта можа прывесці да ўтварэння пролежняў.
- Гастрастамічную трубку неабходна пракручваць хаця б раз у дзень поўным абаротам на 360 градусаў.
- Карміць трэба ў пальчатках. Абавязкова варта правяраць тэмпературу ежы тыльным бокам запясця. Ежа павінна быць цёплай (не гарачай і не халоднай!).
- Пасля кожнага кармлення варта прамываць гастрастому вадой з дапамогай шпрыца.
- Прынцыпова важна забяспечваць пільны догляд за поласцю рота і зубамі: двойчы ў дзень чысціць зубы, пры сухасці ў роце выкарыстоўваць штучную сліну або рассмоктваць кавалачкі лёду.
- Калі ўстаноўлена балонная гастрастамічная трубка, дык неабходная штотыднёвая замена вады ў балоне шпрыцамі.
- Вельмі важна, каб пры ўстаноўленай гастрастоме пацыент не адчуваў дыскамфорту і тым больш болю (такіх адчуванняў быць не павінна!). Ежа павінна праходзіць па трубцы свабодна, без перашкодаў.
- Калі вы корміце пацыента праз гастрастому звычайнай хатняй ежай, яе варта старанна здрабняць у блэндары да аднастайнай масы кансістэнцыі вадкай смятаны.
Жыццё з гастрастомай не такое складанае і абмежаванае, як можа падацца на першы погляд. Пры такой сістэме харчавання можна прымаць душ, шпацыраваць, займацца фізічнай актыўнасцю і ў прынцыпе, калі дазваляе самаадчуванне, весці звыклы лад жыцця. Але самае галоўнае – гэта даказаны эфектыўны спосаб забяспечыць паўнавартаснае харчаванне чалавеку ў працэсе лячэння або аднаўлення, пакуль іншыя метады нутрытыўнай падтрымкі немагчымыя.
Фота эксперта – Віталь Гіль.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by