На працягу года ў чалавека абнаўляецца каля 98 % складу клетак цела з дапамогай ежы, вады, паветра. Харчаванне мае доўгатэрміновы ўплыў на арганізм і збой у ім можа прыводзіць да аліментарна-залежных захворванняў (абумоўленых недастатковым ці залішнім паступленнем харчовых рэчываў).
Да такіх адносяць атэрасклероз, гіпертанію, гіперліпідэмію, атлусценне, цукровы дыябет, астэапароз, падагру і нават некаторыя віды раку. Што рабіць, каб пазбегнуць развіцця такіх сур'ёзных паталогій, расказала дацэнт кафедры агульнай гігіены БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Надзея Рабава.
Якія хваробы могуць узнікнуць з-за ежы?
На фарміраванне паталагічных працэсаў у арганізме на 50 % уплывае лад жыцця (у тым ліку харчаванне), на 20 % — генетыка, яшчэ на 20 % — экалогія і на 10 % — даступнасць кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.
Уплыў харчавання на арганізм вельмі кропкавы. У склад клетак уваходзяць розныя мікраэлементы, вітаміны, макранутрыенты, бялкі, тлушчы, вугляводы. І пры дэфіцыце ці лішку тых ці іншых кампанентаў харчавання павялічваецца верагоднасць узнікнення розных захворванняў у доўгатэрміновай перспектыве.
Эндакрынная сістэма, напрыклад, для нармальнага функцыянавання шчытападобнай залозы мае патрэбу ў ёдзе, а пры яго дэфіцыце павышаецца верагоднасць гіпатырэёзу. Пры недахопе жалеза развіваецца анемія, а недахоп фоліевай кіслаты можа паспрыяць атлусценню.
Аматары тлустага мяса рызыкуюць захварэць на рака тоўстай кішкі, а лішак солі можа стаць адной з прычын раку прамой кішкі.
Існуюць крытычныя перыяды антагенезу (індывідуальнага развіцця арганізма), у якія здаровы лад жыцця, у прыватнасці, харчаванне, мае вызначальнае значэнне для забеспячэння здароўя і даўгалецця.
Так, вельмі важныя перыяды — гэта цяжарнасць, першыя тры гады жыцця і падлеткавы ўзрост. Мноства праблем са здароўем абумоўлена раннімі ўзроставымі парушэннямі абменных працэсаў. На працягу жыцця абменныя кампенсаторныя магчымасці арганізма вычэрпваюцца, і з'яўляюцца хваробы, якія «стартавалі» шмат гадоў таму.
Няправільнае харчаванне дзяцей
Шматлікія даследаванні паказваюць, што дэфіцыт масы цела пры нараджэнні, лішак солі і бялку ў ежы павялічваюць шанцы сардэчна-сасудзістай паталогіі і метабалічнага сіндрому ў будучыні.
Функцыянальныя парушэнні страўнікава-кішачнага тракту прыводзяць да хвароб гэтай сістэмы.
Нерацыянальнае харчаванне малых можа спрыяць частым ВРВІ, хвароб органаў дыхання ў дарослым узросце.
Непрацяглае грудное выкормліванне можа стаць адной з прычын парушэння імуннага статусу і нервова-псіхічных парушэнняў, асацыяльных паводзін.
Няправільнае харчаванне дарослых
Асноўныя парушэнні ў дарослых — гэта незбалансаванае і нерацыянальнае харчаванне з дэфіцытам якаснага жывёльнага бялку, поліненасычаных тлустых кіслот, вітамінаў, макра- і мікраэлементаў, харчовых валокнаў. І ў той жа час — з лішкам жывёльных тлушчаў, цукру, солі.
Гэты дэфіцыт назіраецца практычна ва ўсіх узроставых і сацыяльных групах з рознай масай цела круглы год.
Сярэднестатыстычны жыхар развітой краіны становіцца хранічна хворым ужо з 30-35 гадоў, а то і раней. Гэта выяўляецца ў такіх праблемах, як:
- атлусценне, немагчымасць схуднець пры дыетах,
- галаўныя болі, мігрэні,
- парушэнні паставы, ацёкі,
- адсутнасць эфекту ад фізічнай нагрузкі, фітнесу,
- праблемная скура (сухая, друзлая, маршчыністая, целюліт, вугравы сып),
- дэпрэсіі, страхі, раздражняльнасць,
- зніжэнне палавой цягі,
- парушэнне цыклу ў жанчын,
- парушэнне сну, бессань,
- зніжэнне імунітэту.
Безумоўна, аліментарна-залежныя захворванні бываюць выкліканы некалькімі прычынамі, але роля харчавання тут высокая.
Лекары адзначаюць, што павялічылася колькасць пацыентаў з метабалічным сіндромам:
- Так, калі ахоп таліі ў жанчын > 88 см, а ў мужчын > 102 см, то ў наяўнасці чэраўное атлусценне.
- Артэрыяльная гіпертэнзія — гэта артэрыяльны ціск > 130/85 мм рт. сл.
- Лішак тлушчу ў крыві: халестэрын крыві > 5,2 ммоль / л, трыгліцерыдаў крыві > 1,7 ммоль / л.
- Няздольнасць клетак атрымліваць з крыві глюкозу (інсулінарэзістэнтнасць — цукровы дыябет 2 тыпу).
Калі такім людзям не аптымізаваць харчаванне, то працягласць іх жыцця будзе не больш за 15 гадоў.
Кожны 4-ты беларус мае атлусценне
На першым месцы сярод фактараў, якія ўплываюць на павелічэнне агульнай захваральнасці і смяротнасці насельніцтва — залішняя маса цела з прычыны назапашвання тлушчавай тканіны. Атлусценне небяспечна яшчэ і тым, што садзейнічае з'яўленню спадарожных захворванняў.
Статыстыка насцярожвае: з года ў год расце колькасць поўных людзей.
Сусветная арганізацыя здароўя адзначае, што з 1990 г. паказчыкі атлусцення сярод дарослых павялічыліся больш чым удвая, а сярод падлеткаў — у 4 разы.
У 2022 г. залішнюю масу цела мелі 43 % дарослых, а 16 % пакутавалі ад атлусцення (кожны восьмы чалавек у свеце).
Калі ў 1990 г. атлусценне было толькі ў 2 % дзяцей і падлеткаў ва ўзросце 5-19 гадоў (31 млн. чалавек), то да 2022 г. гэты паказчык вырас да 8 % (160 млн. чалавек).
У Беларусі залішняя маса цела сустракаецца ў 60 % дарослага насельніцтва, 25 % маюць атлусценне. Сярод дзяцей і падлеткаў сітуацыя не лепшая: 20-25 % пакутуюць на атлусценне.
Наступствы атлусцення
У 2019 г. перавышэнне аптымальных значэнняў індэкса масы цела стала прычынай 5 млн. выпадкаў смерці ад неінфекцыйных захворванняў: сардэчна-сасудзістых, дыябету, раку, неўралагічных расстройстваў, хранічных рэспіраторных захворванняў, расстройстваў стрававання.
Асабліва трывожыць медыкаў рост атлусцення сярод непаўналетніх, таму што культура харчавання закладваецца з дзяцінства, з сям'і, і ў далейшым такіх пацыентаў дастаткова складана лячыць у дарослым узросце.
Наступствы дзіцячага і падлеткавага атлусцення:
- павышэнне рызыкі і больш ранняе развіццё розных неінфекцыйных захворванняў: цукровы дыябет 2 тыпу, сардэчна-сасудзістыя паталогіі,
- неспрыяльныя псіхасацыяльныя наступствы,
- зніжэнне паспяховасці ў школе і якасці жыцця, што пагаршаецца негатыўным стаўленнем, дыскрымінацыяй і булінгам з боку навакольных (пасля гэта прыводзіць да парушэння харчовых паводзінаў).
Эпідэмія атлусцення таксама спараджае сур'ёзныя эканамічныя наступствы ў краінах.
Прафілактыка і лячэнне аліментарна-залежных захворванняў
Кожны можа паспрабаваць скараціць рызыкі, змяніўшы харчаванне і павялічыўшы фізічную актыўнасць. Але фактары, закладзеныя ў дзяцінстве, у любым выпадку будуць уплываць на здароўе.
Калі ж вы плануеце нараджэнне дзіцяці, то прыслухайцеся да гэтых простых парад, каб першапачаткова закласці ў ім прыхільнасць да здаровага ладу жыцця:
- Выконвайце нормы набору вагі падчас цяжарнасці.
- Прытрымвайцеся выключна груднога гадавання ў першыя паўгода пасля нараджэння дзіцяці і працягвайце да ўзросту 2 гадоў ці даўжэй.
- Прывучайце дзіця да здаровага харчавання, фізічнай актыўнасці і паўнавартаснага сну незалежна ад яго цяперашняй масы цела.
- Абмяжуйце час перад экранам кампутара і за гаджэтамі.
- Не купляйце салодкія напоі і абмяжуйце высокакаларыйныя прадукты харчавання, заахвочвайце здаровыя харчовыя звычкі.
- Важны здаровы лад жыцця ўсёй сям'і: правільнае харчаванне, фізічная актыўнасць, працягласць і якасць сну, адмова ад тытуню і алкаголю, эмацыйная самарэгуляцыя.
- Абмяжуйце спажыванне калорый, крыніцай якіх з'яўляецца агульнае ўтрыманне тлушчаў і цукроў у рацыёне, і павялічце долю садавіны і гародніны, а таксама бабовых, цэльназерневых і арэхаў.
*Інфармацыя агучана ў рамках XXIX Міжнароднага медыцынскага форуму "Ахова здароўя Беларусі - 2024"
⚡️ Чытайце таксама:
Тры «кіты» здаровага харчавання
Салёныя агуркі. Карысць ці шкода для правільнага харчавання?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by