Веданне асноў колератэрапіі дапаможа лепш адчуваць сябе ў паўсядзённым жыцці. А больш глыбокае ўздзеянне колеру пад кантролем спецыялістаў здольнае істотна дапамагчы ў лячэнні такіх сур'ёзных захворванняў, як алкагалізм, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, артэрыяльная гіпертэнзія і эпілепсія.
Здавалася б, што прасцей – упусці колер у сваё жыццё. Аднак тут важныя тонкасці і нюансы. Пра іх нам распавяла Дзіна Панятоўская-Замышляева, сямейны псіхолаг, арт-тэрапеўт, вядучая навучальных і тэрапеўтычных груп і семінараў у Інстытуце Інтэгратыўнай Псіхадрамы, псіхолаг-кансультант у «Дзіцячай вёсцы - SOS» (прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, суправаджэнне крызісных сем'яў).
Колератэрапія (хроматэрапія) – уздзеянне на эмацыйны, псіхічны і фізічны стан чалавека з дапамогай колеру. Сутнасць у тым, што кожны колер мае сваю даўжыню хвалі. І кожная з іх аказвае пэўнае ўздзеянне на арганізм.
Вядомая гэтая навука са старажытнасці, яе родапачынальнікамі сталі Індыя і Кітай яшчэ ў IV-III тысячагоддзі да н. э. Аўтарытэтныя спецыялісты таго часу – Авіцэна, Парацэльс, Гіпакрат ведалі пра ўплыў колеру на арганізм чалавека і актыўна выкарыстоўвалі гэтую методыку. Напрыклад, прапаноўвалася выпіць адвар, падфарбаваны травой пэўнага колеру, прыняць ванну з каляровай вадой, прыкласці да хворых месцаў пафарбаваныя камяні ...
Ва ўсім свеце цяпер ёсць прыхільнікі нашэння чырвонай ніткі на запясці. Лічыцца, што яна сама мусіць аберагаць ад сурокаў. Такую нітачку завязваюць нават немаўлятам. У Расіі здаўна прыкладвалі чырвоныя абрэзкі тканіны да запалёных участкаў скуры пры інфекцыях, а хвораму на гепатыт апраналі каралі з жоўтых камянёў.
Спрыяльнае ўздзеянне колеру выкарыстоўваюць і сёння. Балазе, што паказанні для хроматэрапіі вельмі шырокія.
Калі дапаможа колер
- псіхасаматычныя хваробы (бранхіяльная астма, гіпертанічная хвароба, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі і інш.) на пачатковых этапах;
- пачатковыя стадыі алкагалізму;
- псіхозы;
- эпілепсіі з нячастымі прыпадкамі і без выяўленых змен свядомасці;
- неўрозы;
- сэнсарна-эмацыйная дэпрывацыя дзяцей і дарослых (сітуацыі, калі чалавек адчувае моцны «голад» з-за адсутнасці разнастайнай каляровай палітры ў блізкім асяроддзі ці пакутуе ад няправільнай каляровай гамы, што можа быць слушнай для чалавека толькі ў індывідуальным кантэксце);
- як адзін са складнікаў у тэрапіі дзяцей са складанымі шматлікімі парушэннямі развіцця.
Найбольш ярка праяўляецца ўздзеянне колерам у спецыяльных сэнсарных пакоях – снузлінах. Гэта памяшканне, у якім ствараецца асаблівая атмасфера вызваленасці ад побыту і шэрасці. Чалавек як быццам трапляе ў іншы свет. Тут і каляровыя трубкі, і светлавыя, гукавыя панэлі, генератары пахаў, адмысловая музыка. У такіх умовах чалавек можа максімальна расслабіцца, даверыцца спецыялісту.
Калі лячыцца колерам нельга
Супрацьпаказанняў няшмат. Яны часцей за ўсё звязаныя з псіхічным станам чалавека, калі колераўспрыманне скажонае.
- стан алкагольнага ці наркатычнага ап'янення, ці абстыненцыі;
- стан парушанай свядомасці (зацямнення ці выключэнне);
- глыбокая прыдуркаватасць ці дэградацыя асобы;
- стан псіхаматорнага ўзбуджэння пры любых відах псіхозаў;
- частыя эпілептычныя прыпадкі (прыкметы падвышанай сутаргавай гатоўнасці на энцэфалаграме);
- ужыванне вялікіх доз нейралептыкаў ці снатворных прэпаратаў;
- некаторыя віды дэпрэсіі і галюцынаторна-параноідныя сіндромы;
- цяжарнасць з выяўленай паталогіяй.
Упускаем колер у сваё жыццё
Атрымлівайце асалоду ад натуральных колераў
Не варта пачынаць знаёмства дзіцяці з колерам з вельмі яркіх адценняў. Звычайна цацкі і сцены дзіцячага пакою фарбуюць ў адценні колеру «вырві вока». Насамрэч у прыродзе такая насычанасць практычна не сустракаюцца. Воку лягчэй практыкавацца на мяккіх адценнях празрыстых фарбаў, а не на інтэнсіўных і шчыльных. Такім чынам мы павышаем ўспрымальнасць маленькага чалавечка да натуральных колераў свету.
Эксперыментуйце
Не бойцеся самастойна знаходзіць уласныя спосабы колератэрапіі ў паўсядзённым жыцці. Мяняйце каляровую гаму памяшкання, тады, калі вас нешта не задавальняе ў ёй. Знаходзьце адзенне прыгожых для сябе колераў, а не тых, што адпавядаюць модзе. Ужывайце ежу, напрыклад, жоўтага колеру, калі ў пахмурныя дні недастаткова сонечнага святла. Атрымлівайце асалоду ад выбару камянёў пэўнай каляровай гамы ў ювелірных крамах. Запісвайцеся на курсы малявання і жывапісу, малюйце дома, прыходзьце ў групы арт-тэрапіі.
Камбінуйце
Пры выкарыстанні хроматэрапіі дзе заўгодна, трэба памятаць: адзін колер роўны яго адсутнасці. Па-сапраўднаму адчуць колер можна толькі, калі глядзіш на яго спалучэнні з іншымі. Нават дробныя змены могуць паўплываць на ўспрыняцце.
Улічвайце сваю індывідуальнасць
Успрыняцце колеру індывідуальна. З гэтай нагоды існуе мноства міфаў. Няма правільных ці няправільных каляровых палітраў. Не бывае памылак у колеры, бываюць толькі розныя спосабы самавыяўлення. За кожным адценнем стаіць эмоцыя ці пачуццё. А за імі – пэўны чалавек альбо жыццёвая сітуацыя, індывідуальны спосаб яе пражывання. А значыць – самавыяўлення.
Колеры, якія гавораць
Значэнні асноўных колераў вельмі падобныя ў розных культурах і ва ўсе часы. Асабліва гэта тычыцца «каляровай трыяды» – белага, чырвонага, чорнага.
На ўзроўні падсвядомага ў чалавечай псіхіцы сфарміраваліся ўстойлівыя асацыяцыі з нагоды колераў:
Колер | Значэнне |
Белы | холад, яснасць |
Чорны | таямніца, страх |
Чырвоны | забарона, небяспека |
Зялёны | спакой, бяспека |
Сіні | глыбіня, далечыня |
Жоўты | аптымізм, радасць |
Уздзеянне колеру на чалавечы арганізм даўно вядома і шырока выкарыстоўваецца з даўніх часоў. Важна разумець, што ўплыў любога адцення павінен быць комплексным, ён індывідуальны для кожнага чалавека і можа мяняцца з узростам і з рознымі жыццёвымі этапамі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by