11.04.2022
11.04.2022

Гульня ценяў. Як вярнуць валасам натуральны колер пасля афарбоўвання

logo
Прыгажосць і догляд
0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыйшла вясна, а разам з ёй неабходнасць зняць шапкі. Усё тое, што доўгай шэрай зімой было старанна схавана ад старонніх вачэй (ну, ці мы проста так думаем) пад глыбокімі капюшонамі і ўльтрамоднымі біні, ужо не схаваеш. Не дзіўна, што ў цырульнях і салонах прыгажосці вясна – самая гарачая пара года. Нялёгка і прадстаўніцам прыгожага полу.

У тых, хто сочыць за моднымі тэндэнцыямі ў цырульніцкім мастацтве, дзве праблемы: у які колер пафарбаваць валасы і як адгадаваць натуральныя пасля афарбоўвання. Але калі першая праблема вырашаецца даволі лёгка (палітра існуючых адценняў для валасоў задаволіць густы любой красуні), дык другая амаль заўсёды патрабуе вялізнага цярпення і самаахвяравання ў частцы знешняга выгляду і гарманічнага вобразу.

Але вярнуць натуральны колер валасоў можна і без ахвяр, перакананы Анатоль Лазараў, крэатыўны дырэктар салона прыгажосці бізнес-класа LSTUDIO і Школы стылю Лазарава. Эксперт гатовы раскрыць сакрэты перад нашымі чытачамі.

Чакаць няма калі. І няма чаго

У сярэднім валасы адрастаюць за год на 12 сантыметраў. Самы відавочны варыянт вярнуць валасам прыроднае адценне – чакаць. Аднак калі гаворка не ідзе пра кароткую стрыжку, на гэта пойдуць без перабольшання гады. І ўвесь гэты час давядзецца насіць рознакаляровую прычоску. Калі вы абсалютна ўпэўнены ў сабе чалавек, якому пляваць на меркаванне навакольных, можна не затлумляцца на іншых варыянтах і цярпліва чакаць. У адваротным выпадку трэба зразумець, што на працягу гэтага часу знешні выгляд будзе далёкі ад ахайнага. Адрослыя карані валасоў, на жаль, пазбаўленыя ўласцівасці ўпрыгожваць. Што рабіць?

Ёсць, як мінімум, тры варыянты, лічыць Анатоль Лазараў.

1. Пераходнае афарбоўванне

Анатоль Лазараў
Крэатыўны дырэктар салона прыгажосці бізнес-класа LSTUDIO і Школы стылю Лазарава
Пераходнае афарбоўванне заклікана згладзіць рэзкі кантраст паміж штучна пігментаваным воласам і натуральным колерам ля каранёў. Калі валасы былі пафарбаваныя ў колер, на 2-3 тоны цямнейшы за натуральны, па меры адрастання прычоскі кантраст будзе асабліва відавочным. Каб пазбегнуць гэтага, адрослую зону неабходна таніраваць. Пры гэтым адценне варта выбіраць на паўтона – максімум 1 тон цямнейшае за натуральнае (адпаведна, на 1-1,5 тона святлейшае за штучны пігмент). Такім чынам атрымаецца згладзіць рэзкі пераход ад аднаго колеру да другога. І так да таго часу, пакуль штучны пігмент не сыдзе зусім. Асабліва эфектыўны гэты прыём на валасах сярэдняй даўжыні і доўгіх.

Калі ж канцы валасоў асветленыя, а натуральны колер значна цямнейшы, аптымальны вынік атрымаецца пры таніраванні валасоў па ўсёй даўжыні адценнем, максімальна набліжаным да прыроднага. Працэдура толькі на першы погляд простая.

Між тым, яна патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі да пераходнага афарбоўвання – перадпігментацыі. Нельга проста ўзяць фарбавальнік і нанесці на асветленыя валасы. У сэнсе, можна, вядома, але ці будзе радаваць вынік? Фарба на асветленых валасах без папярэдняй падрыхтоўкі раскрываецца самымі нечаканымі адценнямі: ад колеру восеньскага бруду да балотнай зеляніны. Ні рамантыкі, ні радасці, ні прыгажосці.

Анатоль Лазараў
Крэатыўны дырэктар салона прыгажосці бізнес-класа LSTUDIO і Школы стылю Лазарава
Асабліва важна для пераходнага таніравання выкарыстоўваць фарбавальнік без аміяку. Ён не мяняе структуру валасоў і не пашкоджвае іх, толькі надае тон, «размывае» рэзкі кантраст паміж штучным колерам і натуральнымі. Безаміячны фарбавальнік, у адрозненне ад стойкай фарбы, мае ўласцівасць вымывацца. Таму таніраваць валасы ў адценне, максімальна блізкае да прыроднага, давядзецца прыкладна 1 раз у паўтара месяца па меры адрастання валасоў.

Яшчэ адзін плюс на карысць фарбы без ўтрымання аміяку: яна лёгка здымаецца пры дапамозе адпаведнай салоннай працэдуры. Гэтую ўласцівасць вы асабліва ацэніце, калі праз нейкі час перадумаеце вяртаць валасам натуральнае адценне і вырашыце пайсці на новае каляровае пераўтварэнне.

2. Маскіроўка

Трэба прызнацца, назву гэтаму варыянту мы прыдумалі самі. Але яна ідэальна падыходзіць да варыянту беспраблемнага вяртання натуральнага колеру валасам, прапанаванага Анатолем Лазаравым. І яшчэ больш ідэальна – калі вы, вырашыўшы аднойчы пайсці на фарбаванне валасоў, пакінулі сабе крок да адступлення. Гэта значыць, асвяжылі прычоску, скарыстаўшыся тэхнікамі балаяж альбо амбрэ.

Балаяжам лічыцца кантраснае афарбоўванне пасмаў валасоў у стылі меліраванння з плаўным перацяканнем каляровых адценняў ад каранёў да кончыкаў валасоў. Галоўная вартасць балаяжу – наданне рэльефу прычосцы за кошт гульні адценняў.

Амбрэ звычайна робіцца па ўсёй паверхні валасоў на ўсёй плошчы прычоскі, але таксама з плаўным перацяканнем колеру ад каранёў да кончыкаў валасоў.

Анатоль Лазараў
Крэатыўны дырэктар салона прыгажосці бізнес-класа LSTUDIO і Школы стылю Лазарава
Калі казаць вельмі ўтрыравана, балаяж – тое ж меліраванне, але ў чыстым выглядзе яно сёння не ў трэндзе. Абавязкова таніруюцца карані валасоў (прыкладна на 2 сантыметры) у колер, блізкі да натуральнага. Добры майстар будзе імкнуцца зрабіць так, каб перацяканне колеру ад каранёў да меліраваных кончыкаў было плаўным. Тады нават пры адрастанні валасоў не будзе рэзкага кантрасту, і вярнуцца да натуральнага колеру прасцей.

3. Працэдура зняцця фарбы

Да гэтага часу існуе памылковае меркаванне, што «зняць фарбу» – гэта значыць вярнуць валасам іх натуральны колер.

Анатоль Лазараў
Крэатыўны дырэктар салона прыгажосці бізнес-класа LSTUDIO і Школы стылю Лазарава
На жаль, гэта немагчыма. Працэдура зняцця фарбы мае на ўвазе ліквідацыю з пафарбаванага воласа штучнага пігмента. Для гэтага пафарбаваныя валасы асвятляюць (гэта другая назва працэдуры). Пасля асвятлення іх можна затаніраваць у колер, блізкі да натуральнага. Яна ідэальна падыходзіць для валасоў, пафарбаваных у цёмных колер. І для тых, каму натуральны колер валасоў неабходна вярнуць тут і зараз. Трэба сказаць, што нават для дасведчанага майстра суперчыстае афарбоўванне з ідэальным трапленнем у адценне натуральнага воласа – тонкая, амаль ювелірная праца.

…А ў хатніх умовах – зусім чыстай вады шанцаванне. І калі меркаваць па тым, колькі выдатных дзяўчат і дам валодаюць прычоскамі са «шматступеньчатым» афарбоўваннем у адной каляровай гаме, але розных адценняў, шанцуе далёка не ўсім. Так што лепей даверыцца вопытнаму майстру, які зможа зрабіць ваша вясновае пераўтварэнне сапраўды выдатным, а не як атрымаецца.

Кажуць, валасы – не зубы, адрастуць. Анатоль Лазараў з гэтым у корані не згодны. Да валасоў, лічыць майстар, ставіцца трэба, як і да зубоў: уважліва, педантычна і беражліва. Балець у выпадку чаго яны, вядома, не будуць, але і настрой, і знешні выгляд могуць сапсаваць надоўга.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 49

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».