Галоўным абаронцам арганізма ад вірусаў з'яўляецца імунітэт. Прыкладна на 50% яго сіла залежыць ад ладу жыцця, у тым ліку харчавання. Што рабіць, каб умацаваць імунітэт і супрацьстаяць хваробам?
- Захоўваць пітны рэжым, бо першы бар'ер на шляху віруса – увільготненыя слізістыя. Неабходна не менш за 25 мл/кг масы цела ў суткі.
- Ужываць больш багатых на клятчатку прадуктаў. Яны падтрымаюць нармальную мікрафлору кішэчніка, у якім знаходзіцца 80% імунітэту. Гародніна, садавіна, ягады – мінімум 400 г у дзень, 2/3 з якіх – гародніна, лепей не менш за пяць відаў і рознага колеру. Дапушчальныя 2 фрукты ў дзень, пажадана тыя, якія растуць у нашай краіне (дарэчы, замарожаныя не губляюць сваіх карысных уласцівасцяў). Багатыя на клятчатку суцэльназерневыя крупы, а таксама сухафрукты (не больш за 20 г у дзень), арэхі і семачкі (не больш за 30 г у дзень).
- Уключыць у рацыён зялёны і жоўты перцы, спаржу, вішню. У іх утрымліваецца кверцэтын, актыўны ў дачыненні да вірусаў.
- Звярнуць увагу на чорныя парэчкі, журавіны, кіслую капусту – лідараў па ўтрыманні вітаміну С. Багаты на яго адвар з шыпшыны.
- 2-3 разы на тыдзень есці рыбу (порцыя 100-120 г), а менавіта – палтус, ласось, селядзец, тунец, макрэль, сардзіны. Багатая амега-3 на тлустыя кіслоты, якія забяспечваюць будаўнічыя блокі для вытворчасці супрацьзапаленчых гармонаў – эйказаноідаў, дабратворна ўплываюць на імунную сістэму. Шмат амега-3 у ільняным алеі.
- Штодня можна з'ядаць адно яйка. Яйкі ўтрымліваюць цынк, які павялічвае выпрацоўку лімфацытаў, падаўляе размнажэнне вірусаў і скарачае працягласць iнфекцыi, валодае супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі.
- Мяса, птушка, рыба, малочныя прадукты і яйкі з'яўляюцца крыніцай імунных бялкоў – антыцелаў, якія адыгрываюць важную ролю ў абароне арганізма ад бактэрый, вірусаў і паразітаў. Порцыя мяса ці птушкі павінна быць памерам з вашу далонь. Малочныя прадукты – да 500 г у дзень.
- Выключыць вэнджаніну, кансервы, марынады, рафінаваныя прадукты з перавагай насычаных тлушчаў або транстлушчаў, цукру і солі, фастфуд. Гэтыя прадукты зніжаюць натуральную абарону арганізма.
- Пажадана прадыягнаставаць утрыманне ў арганізме імунамадулюючага вітаміну D. Яго можна піць у прэпаратах альбо дадатках, каб атрымліваць не менш за 3-5 тысяч МЕ ў дзень. Крыніцы вітаміну D: рыбін тлушч, ялавічная печань, ласось, селядзец, скумбрыя, ікра, тунец, яйкі, вяршкі, смятана.
- Каб умацаваць лёгкія, асабліва ў перыяд пандэміі, карысна з'ядаць 15-20 г сметанковага масла штодня (лёгкія тлушчазалежныя – і без паўнавартаснага паступлення ў арганізм з ежай тлушчаў іх праца парушаецца. У такім выпадку любая інфекцыя, у тым ліку каранавірусная, пранікае ў іх значна лягчэй). Таксама дабратворна на лёгкія ўплываюць курыныя яйкі, нерафінаваны раслінны алей і топленае масла, малочныя прадукты, ікра, тлустая рыба, мяса, субпрадукты, птушка.
Чым карысныя імбір, лімон, часнок і куркума?
Часнок і цыбуля ўтрымліваюць аліін, які пры разразанні ці расцісканні пераўтворыцца ў аліцын – прыродны антыбіётык, высока актыўны супраць бактэрый. Аднак яго ўзаемадзеянне з вірусамі вывучанае недастаткова.
Імбір з-за вялікага ўтрымання аскарбінавай кіслаты, вітамінаў групы В, А, цынку, кальцыю, ёду, прыродных антыбіётыкаў і антыгрыбковых элементаў умацоўвае арганізм і павышае супраціўляльнасць да захворванняў. Актыўнае рэчыва гінгерол змякчае запаленчыя працэсы і хранічны боль. Імбір дапамагае арганізму ачысціцца амаль ад усіх відаў таксінаў.
Дзеючае актыўнае рэчыва куркумы – куркумін – магутны імунны стымулятар і прыродны антыбіётык, які перашкаджае бактэрыяльным ускладненням пры вірусных інфекцыях. Куркуму можна дадаваць у мясныя і рыбныя стравы, макароны, кашу, амлет.
Карысць лімонаў звязаная з утрыманнем у іх аскарбінавай кіслаты ў асаблівай форме. Яна здольная аднаўляць жалеза, якое знаходзіцца ў акісленым стане. Адноўленае жалеза можа ўступаць у рэакцыі, у выніку якіх утвараюцца вольныя радыкалы. Яны дапамогуць справіцца з інфекцыяй, бо забіваюць вірусы і бактэрыі. Ужываюць лімоны з лупінай.
Калі ўсё ж захварэлі
- Харчуйцеся часта (3 асноўныя прыёмы ежы і 2 перакусы), дробава.
- Ежу рыхтуйце на пары або ў духоўцы, каб максімальна захаваць яе карысныя ўласцівасці і павялічыць біядаступнасць нутрыентаў.
- Ужывайце больш вадкасці – 30-40 мг/кг масы цела ў суткі, улічваючы іншую вадкасць у рацыёне. Лепей піць чыстую ваду, можна з даданнем сокаў, морсы, гарбату з мятай, шалфеем, шыпшынай, ліпай, мёдам. Нельга занадта халодныя, занадта гарачыя і газаваныя напоі.
У перыяд вострай інтаксікацыі забаронены алкаголь. Супрацьпаказаныя вэнджаніна, вострыя прыправы, вострыя і смажаныя стравы, грубая клятчатка. Пагоршыць самаадчуванне могуць прадукты, якія выклікаюць закісанне ў кішэчніку (бабовыя, чорны хлеб, сырая капуста).
Фота эксперта – Аксана Жураўлёва.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by