Сям'я – важны элемент грамадства. Менавіта ў сям'і дзіця атрымлівае першыя навыкі: вучыцца адказнасці і нормам паводзін, любві і павазе, салідарнасці і прыхільнасці. Шмат у чым ад таго, якія адносіны пераважаюць у сям'і, залежыць будучыня маленькага чалавека.
Сям'я была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і пераемнасці пакаленняў. Ва ўсе часы пра развіццё краіны меркавалі па становішчы сям'і ў грамадстве і па адносінах да яе дзяржавы.
Напярэдадні Сусветнага дня сем'яў прадстаўнікі розных міністэрстваў, грамадскіх арганізацый і СМІ сабраліся за круглым сталом «Дзяржаўная палітыка ў галіне сацыяльнай абароны сем'яў і папулярызацыя сямейных каштоўнасцей», каб абмеркаваць тыя праблемы, што сёння актуальныя для беларускага грамадства.
Па словах кансультанта ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святланы Белаш, менавіта сям'я выступае ў якасці асновы захавання і развіцця беларускай нацыі. І ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні надаюць увагу пытанням падтрымкі сем'яў. Асноўнымі мэтамі дзяржаўнай сямейнай палітыкі, падкрэсліла эксперт, з'яўляюцца забеспячэнне паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў жыццядзейнасці сям'і, выкананне ёю рэпрадуктыўнай, эканамічнай і выхаваўчай функцый, а таксама ўмацаванне маральнай асновы сям'і, павышэнне яе прэстыжу ў грамадстве.
Дзяржаўная дапамога накіравана на падтрымку ўсіх тыпаў сем'яў і ўзмацняецца з нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці, пачынаючы з моманту яго з'яўлення на свет да дасягнення ім 18-гадовага ўзросту. Гарантыі і льготы прадугледжаны ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, у тым ліку ў адукацыі і ахове здароўя, пры паляпшэнні жыллёвых умоў і аплаце камунальных паслуг.
Разам з тым, спецыяліст выказала занепакоенасць, што застаецца няпростай сітуацыя са станам інстытута сям'і.
Умацаванне сямейных адносін, папулярызацыя ў грамадзтве духоўна-маральных адносін, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі маладых людзей да сямейнага жыцця, паляпшэнне даступнасці кансультацыйных паслуг для сем'яў, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі, развіццё сямейнай медыяцыі – такім бачыць вырашэнне праблемы Святлана Белаш.
У сваю чаргу галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова адзначыла, што натуральным асяроддзем для развіцця дзіцяці павінна быць родная сям'я, якая стварае для яго нармальныя ўмовы для пражывання і развіцця.
Безумоўна, установы адукацыі надаюць шмат увагі выхаванню будучага грамадзяніна. На гэта накіраваны праграмы выхавання і развіцця, а таксама навучальныя прадметы. Павялічваецца і колькасць факультатыўных заняткаў, якія накіраваны на падрыхтоўку маладых людзей, пачынаючы ўжо з падлеткавага ўзросту, да ўсвядомленага стварэння паўнавартаснай сям'і ў будучым.
На жаль, не ўсе бацькі выконваюць свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей. Штогод дзеці застаюцца без апекі бацькоў, у тым ліку і па аб'ектыўных прычынах (смерць бацькоў і іншыя). У такіх выпадках гаворка ідзе пра тое, каб дзіця выхоўвалася ў замяшчальных або апякунскіх сем'ях. Сёння ў краіне налічваецца каля 15 тыс. замяшчальных сем'яў, з іх – 7 тыс. – гэта сем'і-ўсынавіцелі.
Усынаўленне – прыярытэтная форма выхавання дзяцей, падкрэсліла Алена Сімакова, паколькі дае магчымасць дзіцяці набыць тыя сваяцкія сувязі, якія ўзнікаюць у сям'і. Варта адзначыць, што сёння да ўсынаўлення прыходзяць не толькі людзі, якія не маюць сваіх дзяцей, але і тыя, хто ўжо выхаваў ці яшчэ выхоўвае родных дзяцей, у тым ліку і шматдзетныя.
Ніякая дзяржаўная ўстанова, дом-інтэрнат, прытулак або дзіцячы дом не здольныя стварыць дзіцяці ўмовы для выхавання, сацыялізацыі і разумення, што такое сям'я, упэўненая прадстаўнік Мінадукацыі. Менавіта пражыванне ў сям'і дае магчымасць маленькаму чалавеку адчуць сябе самастойным, даведацца, што такое адказнасць за свае ўчынкі. Бо сям'я вучыць, у тым ліку, і абавязкам: па доме, дапамозе малодшым дзецям, лічыць Алена Сімакова.
З тым, што ў сучасным свеце існуе праблема інстытута сям'і, згодна і дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, член Беларускага саюза жанчын Ганна Яшчук. Таму, упэўненая яна, ёсць неабходнасць больш актыўнай прапаганды сямейных каштоўнасцей. Разам з тым, стаіць складаная задача: як ненавязліва і акуратна растлумачыць моладзі, наколькі важная ў жыцці паўнавартасная сям'я.
На думку Ганны Яшчук, у грамадстве, асабліва сярод моладзі, трэба дакладна фарміраваць разуменне таго, што сям'я – аснова, і ад таго, наколькі поўныя і шчаслівыя сем'і, залежыць дабрабыт і развіццё грамадства ў цэлым. Сям'я – гэта крыніца любові, клопату, павагі, салідарнасці і адказнасці. Гэта тое, на чым грунтуецца любое цывілізаванае грамадства, без гэтага не можа існаваць чалавек, упэўнена эксперт.
Міжнародны дзень сем'яў быў зацверджаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН у 1993 годзе. Штогод у гэты дзень праводзяцца розныя мерапрыемствы. Гэта і канцэрты, і сустрэчы шлюбных пар, дабрачынныя акцыі для апякунскіх сем'яў з дзецьмі і для дзяцей з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Арганізуюцца трэнінгі для маладых сем'яў.
Штогод выбіраецца пэўная тэма. Напрыклад, у розны час дэвізам Міжнароднага дня сем'яў былі: «Рашэнне праблем маламаёмных сем'яў і праблем сацыяльнай ізаляцыі», «Сем'і і інваліды», «Сем'і і старэнне – магчымасці і задачы», «Мужчыны – галоўныя? Гендарная роўнасць і правы дзяцей у сучасных сем'ях», «Сям'я, здаровы лад жыцця і ўстойлівая будучыня», «Сям'я, адукацыя і дабрабыт» і іншыя.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by